Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

ПРАДЧУВАННЕ

Штораз меншы чую ў сэрцы боль і гнеў,
Штораз больш замілаванасцю праняты...
Вее ветрык, лашчыць твар яго павеў,
І тхне водар галілейскай церпкай мяты.

Як у сне, заплюшчу вочы, пазнаю,
Як над возерам знаёмым сонца свеціць,
Льсняць чаўны лускою рыбнай, падаю
Знак рукою рыбакам, што цягнуць сеці.

Бачу ясна пахавальні нейкай схоў
І цяжкі валун над ёй, пакуль нязнанай,
Тлумны выгляд нейкіх вулак, гарадоў,
Нейкі гай і студні край ашаляванай.

Як у сне, рука няўцямна чыніць знак
Над галовамі сляпых і недалужных,
Не зважаю, што кажу пры тым і як,
Абы толькі тхненне смерці ў іх адужаць.

Штораз больш дрыжыць рука, ломячы хлеб
І чырвонае віно ліючы ў кубак.
Вочы тонуць у нябёснай той імгле,
Што заваблівае ў вечнасць гэтак люба.

Чую ў целе таямніцы нейкай дух,
Нейкі новы, важны дзень прадбачу блізка,
Нейкай думкі паўстае трывожны рух,
Мне аб’яўлены ў Крыжа крывавых пырсках.

 
У ДЗЕНЬ КАЗНІ

Калі яны мяне ўсё ж знойдуць у прадмесці
І, як злачынцу, рукі пераможна скруцяць,
Пакорна здамся ім, хай зневажаюць, бэсцяць,
На свой апошні ўздых мае гатовы грудзі.

Дарэмна бараніць мяне ад гэтай долі,
Што сказана, таму спаўна адбыцца трэба.
Спакойна я гляджу ў іх твары, і паволі
Усю маю душу ў сябе ўбірае неба.

Калі ж мяне з турмы выводзяць роўным крокам,
«Яго ўкрыжуй!»– крычыць раз’юшаная чэлядзь,
Гляджу на іх усіх тужліва-жальным зрокам:
Крывавяць тут цвікі... Там вопратку ўжо дзеляць.

І раптам рух рукі адчую над сабою,
Над галавой маёй сяйвом успыхне ззянне,
І бачу: ўсе, хто здзек чынілі нада мною,
Пападалі на дол і енчаць у зляканні.

Стаю, нібыта ў сне, над сполахам лядачым,
А небакрай дрыжыць спаўненнем запавету,
І першы раз тады над лямантам і плачам
Гучыць маё Імя праўдзівае для свету!

 
АБУДЖЭННЕ

Раптам прачнуся недзе ў стаенцы,
Ў сене духмяным, лежачы ў яслях,
Соладка побач б’е тваё сэрца,
Над галавой пярсцёнак льсніць ясны.

Цешыць Мяне цудоўнае ззянне,
Слёзы ў Язэпа: рады Дзіцятку.
Вось пастухі прыходзяць пад ранне
Песняй славіць Мяне-Немаўлятку.

Тры каралі з дальніх пасадаў
Прыйдуць сюды за зоркаю следам,
Золата ў дар і смірну, і ладан
Мне прынясуць як цару над светам.

Каб не змяніць у Слове чагосьці,
Што пра Мяне прарокі казалі,
Ад неймавернай Ірада злосці
Бацькі са Мною ўначы ўцякалі.

І не адзін эпізод не гіне,
Усё паўторыцца зноў дазвання:
Ад падарожжа таго ў Егіпет
Ажно да новага ўкрыжавання.

Зноў будзе Кана з віном-вадою,
Зноў каля студні сустрэча будзе
З самарытанкаю грэшнай тою,
Што ўраз паверыць словам аб цудзе.

Зноў прад галоднымі памнажаю
Рыбу і хлеб і праўду прарочу,
Зноў нядужых усіх ацаляю
І басанож па возеры крочу.

Зноў трыумфальна ў поўнай уладзе
Па кветак, стужак, вянкоў кіліме
Насустрач лёсу, насустрач здрадзе
З’яўлюся ўрэшце ў Ерузалеме.

А потым – смерць на крыжы ганебным
Як найвышэйшы выраз любові,
Змёртвыхпаустанне і ўшэсце ў Неба,
І на зямлю зноў вяртанне ў Слове.

З кожным, хто сэрца адчыніць, стану
Духам-ахоўнікам у трыванні.
Марку, Мацвею, Луку і Яну
Выпадзе скласці аб тым паданні.

 
МАНІЯ

Скрозь гарадскую завіруху,
Скрозь тлум карэт, што ўгрузлі ў снезе,
Скрозь цемру бачу ў зорным руху
Агніскі ў сонным Назарэце.

У бомах санак – статкаў бомы
Мне чутны, снег ад промняў ззяе,
Гірлянды лямп – натоўп пагромны,
Што нада мной кулак сціскае.

Той прысягнуў, умыў той рукі...
І знікла ўсё ў завеі снежнай.
Зноўку Ярдан, з нябёсаў гукі
І белы голуб у бязмежжы.

 
НЕСПАКОЙ

Гляджу ў люстэрка і нязведным
Сціскае неспакоем дых:
Ці за Маім абліччам бледным
Не бачна трубаў залатых?

Тых трубаў, грымнуць што ўрачыста
З-пад сумных хмар на ўвесь прастор,
Калі Маё другое прыйсце
Абвесціць арханёльскі хор?

Ды ў люстры толькі бляск халодны,
Ніякіх знакаў славы той,
Адно абрыс плячэй самотны
І твар штораз бялейшы Мой.

Адно чало ў слядах трывушчых,
Узмах рукі і вуснаў жаль,
І вочы, што глядзяць відушча
У двух тысячагоддзяў даль.

 
У ВІГІЛІЙНЫ ВЕЧАР

Як не маглі мы падзівіцца?–
Ён падышоў, у футра ўбраны,
Быў погляд поўны таямніцы,
Казаў, што блізка нейкі ранак.

З аўтамабіля выйшаў спрытна
Ў сваёй сталічнай той апраце,
Спытаўся шчыра і адкрыта:
«Пра што якое размаўляцьме?»

А гаварылі мы аб цудзе:
Аб яслях малых, поўных сена,
Аб яснай зорцы Бэтлеема...
«А зрэшты – хто такі Пан будзе?»

Тут усміхнуўся Ён мілосна,
Крысо знарочыста паправіў...
Хто скажа: то быў сон дзівосны
Ці зрок наш мыліўся на яве?

Пад футрам плашч быў пурпуровы,
След босых ног са снегам зліўся,
І арэолам каляровым
Над галавою німб свяціўся.

«Маеце зрок – ды ў засляпленні!»–
Сказаў лагодна, але строга.
Застыглі моўчкі ва ўтрапенні...
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
Аўтамабіль трубіў за рогам.

 
ДАРОГА ДА ЭМАУС

Дарогай з імі крочу,
Яны Мяне вітаюць
Гаворкаю ахвочай,
Дый ран не заўважаюць.

Не бачаць на далонях
Крыжа пакутных знакаў,
Няверныя сягоння,
Хоць вераць, небаракі.

Хоць зноў даю ім слова,
І хлеб, і рыбу, быццам
Над возерам нанова
Хачу для іх адкрыцца.

Але ні зрок, ні дотык,
Ні голас Мой не кажа
Нічога ім, сляпотным,
Што йдуць і йдуць суважна.

Паўз іх павольным крокам
Нясу крывавасць ранаў,
Прад іх замкнёным зрокам
Праходжу непазнаным.

Калі ж у смутнай хвілі
Здагадка іх асвеціць,–
Пазнаюць, хто быў з імі,
Ды ўжо Мяне не згледзяць.

 
ВЕЧАР У ПАРКУ

Уздых пяшчотаю з’яднаных,
У ставе водараць лілеі,
Скрозь шэпт гарачы закаханых
Струменіць смутак Галілеі.

Высока ўзносяцца каштаны,
Маўчыць у зорным бляску неба.
Ў баку няма ніякай раны,
Ніякага ламання хлеба.

Як вестка добрага чакання,
Даль парку льсніць завесай мглістай.
Той парк – як слова звеставання,
Той вечар ціхне нотай нізкай.

Той вечар з водарам аліўным,
Той вечар гойна-багаслаўны,
Як паварот з Ерузалему
Зноў да Яўхіма і да Ганны.

 
ПАЛЬМОВАЯ НЯДЗЕЛЯ

Сёння ўдзень, калі тлумам журботным навісне
Цень крыжовы над Новага Свету калыскай,
Сціхне смех і гамонка, і жаль сэрца сцісне,
Падбяжыць хтось і крыкне: «Ўжо блізка! Ўжо блізка!»

Сярод пешых і конных трывога трывае,
Пройдзе міг замяшання і раптам убачым:
Хтосьці ўладна спыніў і вазы, і трамваі,
Непаслушных схіліў у паклоне падзячным.

Пад’язджаю бліжэй, чутны крыкі, прыветы,
Тлум натоўпу святочнага ў радасным руху,
І кідаюць і вербы, і стужкі, і кветы
Пад капыты асліцы, што крочыць па бруку.

 
УСМІХНІСЯ

Калі ж за мною прыйдзе смерць
(Ты весела ўсміхніся),
Калі ж за мною прыйдзе смерць,
Да лба мне дакраніся.

Адчыніш вокны для вятроў
(Усмешка хай вяслуе!)
Адчыніш вокны для вятроў,
Раскажаш пра вясну мне.

Пачуўшы любы голас твой
(З усмешкай спагадаю!),
Пачуўшы любы голас твой,
Убачу, што ўзлятаю.

Што ў высі некуды лячу
(З усмешкаю, так трэба!),
Што ў высі некуды лячу –
Ў блакіт нязнаны неба

Але не плач, праз нейкі час
(Усмешка хай не сыйдзе!),
Але не плач! Праз нейкі час
Твая чарга надыдзе.

Таксама ў гэткі ж ціхі дзень
(Усмешку ўзвей над страхам!),
Таксама ў гэткі ж ціхі дзень
Маім ты пойдзеш шляхам.

Калі ж пяройдзеш ты парог
Нябёс... (Чаго ж ты плачаш?),
Там будзе трон, там будзе Бог,
Пры Ім – мяне ты ўбачыш.

Вершы з кнігі «Droga do Emaus» (1923).
Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ «ДАРОГА ДА ЭМАУС»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY