Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Папа Ян Павел ІІ

ПАМЯЦЬ І САМАСВЯДОМАСЦЬ

Размовы на пераломе тысячагоддзяў

Малюнак У. Вішнеўскага

14.
Гісторыя

«Гісторыя ўсіх народаў нясе ў сабе заклік перайсці ў гісторыю збаўлення» — у гэтым сцвярджэнні адкрываецца новае вымярэнне паняццяў «народ» і «айчына»: вымярэнне гісторыка-збаўчае. Як Святы Айцец ахарактарызаваў бы больш дакладна гэтае, несумненна істотнае, вымярэнне народа?

У шырокім значэнні можна сказаць, што ўвесь створаны космас падуладны часу, а таму мае сваю гісторыю. Асаблівым чынам адушаўлёныя істоты маюць сваю гісторыю. Тым не менш ні пра якую з гэтых істотаў, ні пра які від жывёлаў мы не можам сказаць, што яны маюць гістарычны характар, як можам сказаць пра чалавека, пра народ і пра ўсё чалавецтва. Гістарычнасць чалавека праяўляецца ў характэрнай для яго здольнасці аб’ектывізаваць гісторыю. Чалавек не толькі падуладны плыні падзеяў, не толькі пэўным чынам дзейнічае і паводзіць сябе як індывідуум і як той, хто належыць да групы, але мае здольнасць разважаць над уласнай гісторыяй, аб’ектывізаваць і апісваць яе звязаную хаду падзеяў. Такою самаю здольнасцю надзелены паасобныя людскія сем’і, як і чалавечыя грамадствы і асабліва — народы.

Гэтыя апошнія, падобна да таго, як і асобны чалавек, адораныя гістарычнаю памяццю. Зразумела, што народы імкнуцца занатаваць таксама пісьмова тое, што памятаюць. Такім чынам, гісторыя становіцца гістарыяграфіяй. Людзі пішуць пра гісторыю групы, да якой яны належаць. Часам пішуць таксама пра сваю асабістую гісторыю (маю тут на ўвазе аўтабіяграфіі знакамітых людзей), але больш важнае тое, што яны пішуць таксама пра гісторыю сваіх народаў. І гэта пісьмова заб’ектывізаваная і замацаваная гісторыя народаў — адзін з істотных элементаў культуры, які сведчыць пра самасвядомасць народаў у зямным вымярэнні. Ці можа гісторыя «паплысці супраць цячэння сумлення?» Гэтае пытанне я задаваў сабе шмат гадоў таму ў сваім творы «Калі думаю пра Айчыну». А ўзнікла яно з роздуму над паняццямі народа і патрыятызму. У тым самым творы я імкнуўся таксама даць адказ. Можа, варта тут прывесці яго фрагмент:

Волю ўвесь час трэба здабываць, нельга яе толькі мець! Яна прыходзіць як дар, а трымаецца змаганнем. Дар і змаганне запісваюцца на лістах патаемных і ўсё ж такі яўных.

Усім сабою плаціш за волю, а таму й называй гэта воляю за тое, што можаш, плацячы, увесь час нанава мець сябе.

Платаю гэтаю ў гісторыю ўваходзім і да эпох яе дакранаемся.

Дзе праходзіць мяжа пакаленняў паміж тымі, што недаплацілі, і тымі, што павінны былі пераплачваць? На якім баку мы знаходзімся?

(...)
Гісторыя пластом падзеяў укрывае барацьбу сумленняў. У гэтым пласце віруюць перамогі і ўпадкі. Гісторыя іх не хавае, а толькі падкрэслівае.

(...)
Слабы народ, калі пагаджаецца з сваёю бядою, калі забывае, што быў пасланы, каб чуваць, пакуль прыйдзе яго гадзіна. Гадзіны ўвесь час вяртаюцца на вялікім шчыце гісторыі.

Вось літургія гісторыі. Чуванне — гэта слова Пана і слова народа, якое будзе ўспрымацца ўвесь час нанава. Гадзіны пераходзяць у псальм пастаянных навяртанняў: мы йдзем удзельнічаць у Эўхарыстыі свету.

І так закончыў:

Зямля, якая не перастае быць часткаю нашага часу.

Вучымся новай надзеі і йдзем праз гэты час да новай зямлі. І ўзносім цябе, даўняя зямля, як плод любові пакаленняў, якая пераўзышла нянавісць.

Гісторыя кожнага чалавека, а праз чалавека гісторыя ўсіх народаў, нясе ў сабе асаблівы эсхаталагічны знак. Шмат на гэтую тэму сказаў Другі Ватыканскі Сабор усім сваім вучэннем і асабліва ў Канстытуцыях Lumen gentium i Gaudium et spes. Гэта прачытанне гісторыі ў святле Евангелля, якое мае высокае значэнне, бо эсхаталагічныя адносіны гавораць пра тое, што чалавечае жыццё мае сэнс і што мае сэнс гісторыя народаў. Зразумела, людзі, а не народы стануць перад судом Бога, але ж у гэтым судзе над асобнымі людзьмі нейкім чынам судзяцца таксама народы.

Ці існуе эсхаталогія народа? Народ мае сэнс выключна гістарычны. Тым часам эсхаталагічным з’яўляецца пакліканне чалавека. Аднак яно нейкім чынам уплывае на гісторыю народаў. Гэта я таксама хацеў выказаць у працытаваным творы, які, мабыць, з’яўляецца і пэўным разважаннем над вучэннем Другога Ватыканскага Сабору.

Народы фіксуюць сваю гісторыю ў навуковых працах, перадаюць у разнастайных формах дакументаў, дзякуючы якім ствараюць уласную культуру. Галоўнаю прыладаю гэтага паслядоўнага стварання з’яўляецца мова. З яе дапамогаю чалавек выказвае праўду пра свет і пра сябе самога і дазваляе іншым удзельнічаць у пладах сваіх пошукаў у розных сферах. Чалавек кантактуе з іншымі людзьмі, а гэта служыць абмену думкамі, больш глыбокаму пазнанню праўды і праз тое — таксама паглыбленню і ўмацаванню ўласнай самасвядомасці.

У святле гэтых разважанняў можна дакладней растлумачыць паняцце айчыны. У маёй прамове ў ЮНЭСКА я спаслаўся на досвед маёй радзімы, і гэта было асабліва добра зразумета прадстаўнікамі тых грамадстваў, якія знаходзяцца на этапе фармавання ўласных айчынаў і стварэння сваёй нацыянальнай самасвядомасці. На такім этапе мы, палякі, былі на пераломе Х і ХІ стагоддзяў. Гэта нагадала нам міленіум, гэта значыць тысячагоддзе хросту Польшчы. Бо гаворачы пра хрост, маем на ўвазе не толькі сакрамэнт хрысціянскага абраду пасвячэння, прынятага першым гістарычным уладаром Польшчы, але падзею, якая была вырашальнаю для ўзнікнення народа і для фармавання яго хрысціянскай самасвядомасці. У гэтым значэнні дата хрос-

ту Польшчы — пераломная. Польшча як народ выходзіць тады з уласнай гістарычнай перадгісторыі і пачынае існаваць гістарычна. Перадгісторыю стваралі паасобныя славянскія народы.

Найважнейшым для ўзнікнення гэтага народа, з этнічнага пункту погляду, было паяднанне двух вялікіх плямёнаў: палякаў на поўначы, а на поўдні — віслянаў. Аднак яны не былі выключнаю асноваю польскага народа. Аснову гэту складалі таксама такія плямёны як сілезцы, паморы ці мазаўшане. З моманту хросту гэтыя плямёны пачынаюць існаваць як польскі народ.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY