Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Кс. Дамінік МІЛРОЙ OSB

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ

Айцец Дамінік Мілрой OSB — бэнэдыктынскі манах абацтва Амплфорт, паблізу Ёрка (Англія). Нарадзіўся ў 1932 г. Працаваў дырэктарам каледжа пры абацтве, а таксама настаяцелем міжнароднай бэнэдыктынскай супольнасці св. Анзэльма ў Рыме пры Атэніуме св. Анзэльма (Пантыфікальным бэнэдыктынскім універсітэце). Цяпер у асноўным праводзіць рэкалекцыі ў кляштарах.
 
Святога Бэнэдыкта Нурсійскага можна назваць своеасаблівым мостам паміж дзвюма традыцыямі, таму што дзякуючы яму настаўленні і вучэнне Антонія, Пахомія, Еваргія і Базыля прынялі тую адпаведнасць форме манаскага жыцця, якая стала неад’емнай і прыцягальнай для заходняга грамадства ў вельмі няпросты час, напоўнены палітычнымі ўзрушэннямі і пераменамі.

Магчыма, у кагосьці, хто глядзіць на нас, заходніх манахаў, можа скласціся ўражанне, што ўсе мы занадта «прычасаныя пад адзін грэбень» і занадта давяраем аўтарытэту аднаго святога. У гэтым, апрача іншага, можна ўбачыць пэўны рымскі інстынкт, інстынкт усё уніфікаваць і кіраваць усім з цэнтра, але мы, манахі, народ загартаваны. Паглядзіце на адно толькі наша адзенне: здаецца, што яно ў нас аднолькавае, але гэта толькі на першы погляд. Так, усіх нас аб’ядноўвае бэнэдыктынская традыцыя, але кожны з нас пражывае яе па-свойму. Нягледзячы на тое, што мы ўваходзім у ордэны і кангрэгацыі, і нацыянальнага, і інтэрнацыянальнага ўзроўняў, мы да гэтай пары вельмі даражым тым, чаму даўно навучыліся ў вас, усходніх хрысціянаў: нашай незалежнасцю ад цэнтральнага кіравання або тым, што мы называем сваёй «аўтаноміяй».

Англійская кангрэгацыя бэнэдыктынскага ордэна, да якой належу і я, адна з усіх захавала стары капюшон іспанскіх манахаў, які мы празвалі «слановымі вушамі». Напэўна, вам вядома, якую добрую памяць маюць сланы, і можа таму сёння я хачу праспяваць хвалу той добрай памяці, якая вядзе нас назад, да Бэнэдыкта, і тым людзям, якія працавалі да яго, — вялікім заснавальнікам манаскай справы, за прыкладам якіх ён хацеў ісці.

Перш чым пачаць размову пра самога Бэнэдыкта, мне б хацелася задаць адно вельмі простае пытанне: «У чым жа сакрэт яго такога неверагоднага заўсёднага ўплыву на Захадзе?». Пытанне, можа быць, і простае, але яно патрабуе разгорнутага адказу.

Бэнэдыкт нарадзіўся прыблізна каля 480 г. і памёр недзе праз 60–70 гадоў. Ён жыў у той час, калі ў Заходняй Еўропе было нямала абатаў, якія засноўвалі свае кляштары, і кожны з іх пісаў для іх статут — правілы пра парадак манаскага жыцця. У аснове кожнага з іх было пераважна тое, што можна было ўзяць з вандровак па ўсходзе, і таму Статут Бэнэдыкта быў далёка не адзіным, да таго ж спатрэбілася нямала часу (100 і нават больш гадоў) перш чым ён стаў шырокавядомым і прызнаным. Тады ж у манаскае жыццё ўсімі магчымымі шляхамі пачаў пранікаць і распаўсюджвацца вялікі прыклад жыцця айцоў-пустэльнікаў: «Жыццё Антонія Вялікага», напісанае св. Атаназіем, св. Пахома, Базыля Вялікага.

На тэрыторыі Францыі расла слава Марціна Турскага, усё большую вагу набываў Лерынскі кляштар, заснаваны св. Ганаратам, які засвоіў правілы манаскага жыцця ў Грэцыі. Іншымі магутнымі крыніцамі натхнення быў вопыт рымскай Афрыкі, дзякуючы духоўнай спадчыне св. Аўгустына, а таксама вопыт Брытаніі і Ірландыі, дзякуючы жорсткай аскезе кельцкіх манахаў і іх апорным пунктам у Галіі. На працягу даволі доўгага часу Бэнэдыкт заставаўся ў ценю кельцкага святога Калумбана.

Менавіта ў гэтым неаднародным свеце манаскага быцця паступова ўзрастаў уплыў св. Бэнэдыкта, і ў выніку сама палітычная сітуацыя ў цэлым спрыяла таму, што Статут св. Бэнэдыкта зрабіўся ўдарнай сілаю заходняга манаства. Пасля стагоддзяў бязладдзя і гвалту, якія выклікалі, апрача ўсяго, разбурэнне кляштара св. Бэнэдыкта ў Монтэ-Касіна неўзабаве пасля яго смерці, Карлам Вялікім у пачатку ІХ стагоддзя была заснавана новая Святая Рымская Імперыя. Менавіта цэнтралізаванай уладай імператара і быў прыняты для ўсіх кляштараў Статут св. Бэнэдыкта.

Абсалютна відавочна, што і да гэтага палітычнага ўмяшальніцтва ўплыў св. Бэнэдыкта быў даволі значным, і адбывалася гэта па дзвюх прычынах. Першая — гэта вартасць самога Статута, другая — узросшы культ святога, жыццё якога шырока вывучалася праз сто гадоў пасля яго смерці. Два гэтыя фактары, Статут і прыклад жыцця святога, у пэўным сэнсе існавалі паасобку, але разам з тым яны і ўзаемадапаўняліся. Статут св. Бэнэдыкта адметны галоўным чынам тым, што ён з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж падзвіжніцкімі ідэаламі айцоў-пустэльнікаў і не вельмі падзвіжніцкім характарам ахвотнікаў уступіць у кляштар, якіх у той трывожны для Захаду час было вялікае мноства. Сам Бэнэдыкт пачынаў свой манаскі шлях менавіта з подзвігу пустэльніка, але яго сутыкненне з рэаліямі манаскага побыту ператварыла будучага святога ў вельмі жорсткага, цвярозага прагматыка. Яшчэ абатам ён зразумеў, што мае справу не са святымі, а з грэшнікамі, таму што кляштар быў для яго хутчэй лякарняй, чым нейкім падабенствам раю.

Бэнэдыкт ніколі не быў на Усходзе і ўвогуле нідзе не быў. Па сваёй натуры ён быў рымлянінам, але вырашальны ўплыў на яго быў зроблены найперш звонку. Згадаем у гэтай сувязі Яна Касіяна, які жыў на стагоддзе раней за Бэнэдыкта. Апошнюю частку свайго жыцця ён правёў у Галіі, дзе заснаваў недалёка ад сучаснага Марсэля два кляштары, мужчынскі і жаночы, але нарадзіўся ён на Балканах, дзе навучаўся і латыні, і грэцкай мове. Яшчэ юнаком, натхнёным манаскімі ідэаламі, ён накіраваўся спачатку ў Бэтлеем, а потым у Егіпет і Канстанцінопаль, дзе спасцігаў мудрасць вялікіх анахарэтаў і, у прыватнасці, Еваргія. Каля 400 года ён трапіў у Канстанцінопаль, дзе быў пасвечаны св. Янам Залатавусным у дыяканы. Потым ён накіруецца ў Галію, дзе створыць свае кляштары і напіша Статуты і «Гутаркі», якія вельмі моцна ўздзейнічалі на яго разам з працамі Базыля Вялікага. Адметна, што ў апошнім раздзеле свайго Статута, дзе Бэнэдыкт адсылае сваіх манахаў да крыніцаў, з якіх ён чэрпаў сваё вучэнне, Касіян увогуле не згадваецца. І тым не менш, Бэнэдыкт згадвае Базыля Вялікага, што дазваляе меркаваць пра яго перакананасць у перавагах супольнага манаскага жыцця, і гэта адпавядае традыцыі Пахома, якая была так горача ўспрынятая Базылём Вялікім. Надзвычай важнае значэнне Бэнэдыкт надаваў чытанню ўвогуле і Lectio Divina ў прыватнасці. Тое, што ён найперш акцэнтаваў увагу на Святым Пісанні і працах Святых Айцоў, хутчэй за ўсё, мела аскетычную, а не культурніцкую мэту.

Аднак у час вялікіх сацыяльных узрушэнняў важнасць чытання і навучання, якая ўсведамлялася і ўсходнім, і кельцкім манаствам, прыводзіла да таго, што кляштары паступова сталі вельмі значна ўплываць на культурнае і грамадскае жыццё Заходняй Еўропы. Адзін з італьянскіх сучаснікаў Бэнэдыкта, Касіядор, быў хутчэй бібліятэкарам, чым манахам: у эпоху сацыяльнай раз’яднанасці яму больш за ўсё хацелася стварыць не кляштар, а багаслоўскі універсітэт. Кляштары з іх бібліятэкамі былі адначасова і запаведнымі зонамі старых цывілізацый, якія захоўвалі духоўную і свецкую спадчыну, і тымі цэнтрамі, у якіх засяроджвалася ўсё новае. У краіне, дзе я жыву, мноства сучасных вялікіх гарадоў пачыналася менавіта з невялікіх паселішчаў, якія вырасталі вакол кляштараў. На Захадзе манаства развівалася даволі парадаксальна: усё пачыналася з уцёкаў з горада ў пустэльню, а заканчвалася ператварэннем пустэльні ў горад. У часы місіі Баніфацыя ў Германію там не было ні гарадоў, ні біскупаў, а манаскія паселішчы ў Фулдзе і іншых мясцінах былі сапраўды адзінымі цэнтрамі рэлігійнага і культурнага жыцця.

Св. Бэнэдыкт у сваім Статуце цалкам ананімны: гэта безыменны айцец, які звяртаецца да братоў уласнага кляштара. Ён не лічыць сябе заснавальнікам нейкага руху, ён ведае, што іншыя абаты робяць тое ж самае, і, думаючы пра будучыню, ён не выпадкова гаворыць, што прымаць рашэнні прыватнага характару «згодна з мясцовымі абставінамі», гэта справа абата. Адкуль жа прыйшла да яго пазней слава «айца заходняга манаства»?

Адказ можна знайсці ў літургіі, якая ўвесь гэты час здзяйсняецца ў дзень успаміну Бэнэдыкта і яго сястры Схаластыкі. У звычайныя дні дзённае чытанне складаюць раздзелы са Статута, якія чытаюцца штовечар. Святочная літургія звяртаецца да Vita, «Жыцця Бэнэдыкта», напісанага св. Папам Грыгорыем Вялікім (яно складае яго другую кнігу «Дыялогаў»). На хрысціянскім Усходзе Грыгорыя ведаюць як «Дваеслова» (суразмоўцу), таму што «Дыялогі» ў сярэдзіне VIII стагоддзя перакладаліся на грэцкую мову і карысталіся заслужанай любоўю сярод праваслаўнага манаства. На Захадзе Грыгорыя ведаюць як Грыгорыя Вялікага, таму што ён — адзін з самых выдатных дзеячаў Касцёла: пастыр-манах, які быў рымскім пасланнікам у Канстанцінопалі і стаў яшчэ адным сувязным звяном, на гэты раз паміж векам патрыстыкі і перыядам Сярэднявечча, чый голас гэтак жа, як голас Яна Залатавуснага і Аўгустына, праз стагоддзі красамоўна гаворыць пра ўсе цяжкасці сумяшчэння таемнага пошуку Бога ў пустэльні з клопатам аб кіраванні горадам. Яго імя непарыўна звязана з імем Бэнэдыкта. Каб пераканацца ў гэтым, звернемся да «Дыялогаў», у якіх Грыгорый, які жыў праз 100 гадоў пасля Бэнэдыкта, — рымскі манах, выкліканы з кляштара для таго, каб прыняць Апостальскі Пасад, — вядзе дыялог з дыяканам Пятром пра падзвіжніцкае жыццё вялікіх заснавальнікаў манаства. У гэтай працы шмат агульнага з «Жыццём Антонія» св. Афанасія, яна мае агіяграфічны характар і скіраванасць на тое, каб апісаць манаскі шлях да Бога і паклікаць на гэты шлях чытачоў, даючы прыклад таго высокага манаскага подзвігу, да якога імкнуўся сам Грыгорый.

Аднак сёння ёсць пэўныя сумненні наконт аўтарства «Дыялогаў», але цяпер гаворка пойдзе не пра гэта. Для нас больш важна тое, што праз 100 гадоў пасля смерці святога «Жыццё Бэнэдыкта» стала вельмі папулярным і гэта супала з хуткім распаўсюджанем Статута св. Бэнэдыкта, які меў вялікі водгук у масавай свядомасці. Дзякуючы манахам і паплечнікам феномен манаскага подзвігу перастаў быць безаблічным. Бэнэдыкт стаў увасабленнем манаскага шляху да Бога, таго шляху, па якім варта ісці не толькі ў пошуку святасці, але і проста ў пошуку грамадзянскай стабільнасці.

«Жыццё» малюе Бэнэдыкта як Vir Dei, чалавека Божага, чый жыццёвы і духоўны шлях мае ўсе класічныя рысы таго, што сам Бэнэдыкт у сваім Статуце называў «шуканнем Бога». У адпаведнасці з запатрабаваннямі часу аўтар больш імкнуўся да стварэння твора агіяграфічнага, чым гістарычнага. Многія падрабязнасці (нараджэнне Бэнэдыкта ў Нурсіі, вучоба ў Рыме, уцёкі ў Субіяка, потым у Монтэ-Касіна, яго сустрэча з заваёўнікамі готамі) з’яўляюцца цалкам рэальнымі падзеямі, але гэта не мае першаснага значэння. Галоўнае ў тым, каб авалодаць масавай свядомасцю, натхніць патэнцыяльных манахаў, ствараючы вобраз, амаль што ікону, манаскай святасці, той вобраз, які пераклікаўся б са Святым Пісаннем, асабліва з жыццём самога Хрыста і з жыццём і думкамі тых благаслаўлёных усходніх айцоў, якія былі так добра вядомыя на Захадзе.

У нейкім сэнсе Захаду на працягу двух стагоддзяў пасля смерці Бэнэдыкта, калі манаства перажывала перыяд бурнага развіцця, не хапала такой вызначальнай фігуры, як Антоні ці Базыль. Святыя сярод манахаў, несумненна, былі, многія з іх шанаваліся ў кельцкай або гальскай традыцыях, але цэнтральнай фігуры, сапраўднага маяка для вялікай хвалі манаства, чый уплыў на еўрапейскую культуру няўхільна ўзрастаў, так і не знаходзілася. Гэты недахоп быў ліквідаваны дзякуючы «Жыццю Бэнэдыкта».

З «Жыцця» мы даведваемся, што Бэнэдыкт адзін за адным праходзіў класічныя этапы на шляху свайго духоўнага станаўлення: ён пакінуў горад, пераадольваў спакусы пыхі, пажадлівасці, перажываў стан сапраўднага спакою, калі мог чыніць цуды і прароцтвы, і перажываў той апошні перыяд, калі яго жыццё змянілася бачаннем раю. У жыцці святога пасля таго часу, калі галоўным была барацьба з уласнымі спакусамі, настае той перыяд, калі ён становіцца айцом сваіх вучняў і настаяцелем кляштара. У гэтай сувязі лёгка ўбачыць уплыў на яго і Пахомія, і Антонія: з часоў Бэнэдыкта Захад перакананы ў тым, што самай зручнай і правільнай формай збаўлення з’яўляецца менавіта манаства.

Аповеды пра спакусы і цуды святога, якой бы ні была іх гістарычная канва, найперш закліканы звяртаць думкі чытача да Святога Пісання і «Жыцця Антонія» св. Афанасія. Спакусы святога можна параўнаць са спакусамі і самога Хрыста, і Антонія ў пустэльні. Гэтак жа, як Майсей, Бэнэдыкт здабывае ваду са скалы, гэтак жа, як Елісей, ён вяртае сякеру, якая ўпала ў ваду, гэтак жа, як Пётр, яго вучань Маўр ходзіць па вадзе.

Ёсць многа іншых выпадкаў для прыкладу, але я хацеў бы спыніцца на адным асабліва. Яму адведзена значнае месца ў літургіі Вялікіх бэнэдыктынскіх святаў, і ў нейкай ступені ім вызначаецца мэта напісання «Жыцця Бэнэдыкта». Гэта аповед пра Бэнэдыкта і яго сястру Схаластыку, які выдатны сам па сабе, таму што з’яўляецца вельмі рэдкім у гісторыі манаства ўзорам аповеду пра глыбіннае разыходжанне паміж мужчынам і жанчынаю, але пры гэтым ён мае цалкам пазітыўны характар.

У агульным і цэлым гісторыя такая: Схаластыка, якая з самага маленства была паклікана да Бога, прыйшла да Бэнэдыкта ў Монтэ-Касіна. Яны правялі разам дзень у доме за агароджаю кляштара, узносячы хвалу Богу і гаворачы пра духоўнае жыццё. Калі надышоў вечар, Бэнэдыкт збіраўся вярнуцца ў кляштар, але, пачуўшы малітвы Схаластыкі, Бог наслаў непагадзь з праліўным дажджом і маланкамі, якія перашкаджалі Бэнэдыкту пайсці. Бэнэдыкт дакарае сястру, але з-за непагоды яны мусяць правесці ноч разам. Аўтар «Жыцця» адзначае: «І нядзіўна тое, што ў гэты час больш магла зрабіць жанчына, якая даўно хацела бачыць свайго брата, таму што, паводле св. Яна, „Бог ёсць любоў“ (1 Ян 4, 16); па гэтым справядлівым вызначэнні больш магла зрабіць тая, якая мела больш любові» (Грыгорый Вялікі Дваеслоў. «Дыялогі пра жыццё італійскіх айцоў і пра несмяротнасць душы». Кніга другая, раздз. 33).

Перад намі паўстае пэўнае вельмі важнае духоўнае манаскае правіла. Чалавечыя правілы пра пустэльніцтва (увасобленыя ў абліччы мужчыны) менш важныя, чым Божы закон (увасоблены ў абліччы жанчыны). Сам па сабе дзіўны той факт, што святы ў сваім «Жыцці» можа быць выкрыты ў недахопе любові, але калі мы паглядзім на гэтую праблему больш уважліва, то зразумеем, што гэта не проста павучальны аповед, але і алегорыя, сімвалічнае адлюстраванне сапраўднага сэнсу манаскага жыцця.

Самі імёны — Бэнэдыкт і Схаластыка — даволі красамоўныя. У «Дыялогах» Грыгорыя Вялікага сустракаецца больш імёнаў сімвалічных, агульных, чым індывідуальных, уласных. Так, напрыклад, манаха з Субіяка завуць Раманам, інакш кажучы — рымлянінам. Сляпы настаяцель, які моліцца пра цуд, завецца Спесам, або Надзеяй. Апавядаецца пра дзвюх рымскіх манашак з імёнамі вельмі простымі, але выразнымі: Ромула (вытворнае жаночага рода ад імя заснавальніка Рыма) і Рэдэмпта (адкупленая). Імя Бэнэдыкт — Vir Dei Benedictus азначае ўсяго толькі бласлаўлёны або святы: згадаем, што аўтар Статута цалкам ананімны, і мы даведваемся пра яго імя толькі дзякуючы аўтару «Жыцця». Сэнс імя Схаластыка яшчэ больш цікавы. Яно мае карані ў грэцкім уяўленні пра марнаванне часу, яго баўленне, прысвечанае навучанню або культуры; у манаскім кантэксце яго можна вызначыць словамі з другой часткі «Жыцця», узятымі для апісання Бэнэдыкта: «sсienter nescius et sapienter indoctus», які не вывучаў навукі, але застаўся мудрым невукам. Схаластыка ж азначае таго, хто пакінуў свет, каб мець вольны час для сузірання.

Сыходзячы з вышэйсказанага, можна заключыць, што сустрэча Бэнэдыкта і Схаластыкі была той сустрэчай, якая выходзіла за межы ўсялякіх манаскіх правілаў (таму яна і адбывалася за сценамі кляштара), сустрэчай з самім сэнсам манаскай мудрасці: сузіраннем Боскай любові. Пра гэта гаворыцца ў вельмі важным урыўку са Статута св. Бэнэдыкта (раздз. 20), дзе гаворка ідзе пра малітву: «І ведаем пры гэтым, што не за шматслоўе пачутыя бываем, а за чысціню сэрца, скруху і слёзы. Таму малітва павінна быць кароткаю, але чыстаю і шчыраю, хіба толькі змусіць прадоўжыць яе асаблівае ўздзеянне Божай ласкі». Малітва Схаластыкі пацвярджае гэтыя радкі.

Сустрэча з сузіраннем была для Бэнэдыкта падрыхтоўкаю для яго вяртання ў кляштар і да абавязкаў па яго кіраванні. Гэта супярэчнасць, якая існуе паміж зыходам са свецкага жыцця і абвяшчэння Евангелля, з’яўляецца праяваю іх узаемаабумоўленасці, што складае сутнасць манаскага супольнага жыцця. Пацверджанне гэтага мы знаходзім не толькі ў Арыгена або Пахомія, але таксама, і перш за ўсё, у жыцці Хрыста, у якім відавочнае тое ж самае супярэчанне і тое ж самае адзінства. Езус сыходзіць у пустэльню, церпіць спакусы для таго, каб выбраць вучняў і прапаведаваць Добрую Навіну пакаяння. Так, у Евангеллі ад Мацвея (14, 13) мы чытаем: «Езус (...) адплыў у пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім... Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі і аздаравіў хворых іхніх».

Тая ж супярэчнасць займае цэнтральнае месца ў жыцці Антонія.

Такім чынам, «Жыццё Бэнэдыкта» вырашала тры задачы: першая — паказаць, што ў аснове манаскага шляху збаўлення ляжыць Біблія і жыццё самога Хрыста; другая — паказаць, што супольнае манаскае жыццё, якое развівалася на Захадзе, было сапраўдным і непасрэдным працягам традыцый вялікіх усходніх айцоў; трэцяя — стварыць для лацінскіх кляштараў такі самы пласт аповедаў, цудаў і павучанняў, якія ў той час вызначалі аблічча ўсходняй традыцыі. Да цяперашняга часу шматлікія выданні Статута св. Бэнэдыкта ілюструюцца выявамі, узятымі з «Жыцця». Тым не менш несумненна, што для заходніх манахаў бэнэдыктынскай традыцыі і ўсё ў большай і большай ступені для свецкіх (у тым ліку і тых, хто жыве ў манастве), якія будуюць сваё асабістае, сямейнае і прафесійнае жыццё на аснове той жа духоўнасці, галоўным дакументам з’яўляецца Статут св. Бэнэдыкта. Хоць ён і прасякнуты манаскай мудрасцю, узятай Бэнэдыктам з розных крыніцаў, але трэба сказаць, што гэта вельмі рымскі і лацінскі дакумент. Ён адносна лаканічны, складаецца з 73 раздзелаў, многія з якіх вельмі невялікія. У ім няма гісторыі і вельмі мала мастацкіх вобразаў, але затое ёсць выразная сістэма і ўвага да падрабязнасцяў. Гэта нешта накшталт добрасумленна складзенага канспекта для тых, хто жыве ў манастве, дзе побач з класічным манаскім вучэннем выкладаюцца падрабязныя рэкамендацыі па арганізацыі парадку штодзённага жыцця. У Бэнэдыкта няма арыгінальнага вучэння пра тое, што патрэбна манаху для паспяховага духоўнага развіцця. Яго вучэнне пра малітву ў многім апасродкавана і гаварыць пра яго можна толькі зыходзячы з таго вялікага значэння, якое ён надае lectio divina, чытанню Святога Пісання і Святых Айцоў, і з іх апісання, на гэты раз вельмі падрабязнага, пра тое, якім павінен быць абат (а ў больш шырокім сэнсе — манах увогуле).

Існуе пераклад Статута на рускую мову, зроблены Феафанам Пустэльнікам.

Спынюся на асноўных ідэях Статута. У ім вельмі важны ўступ (ён пачынаецца са слова, якое можна назваць ключом да ўсяго Статута: osculta — слухай), дзе развіваецца вельмі глыбокая думка пра тое, што манах, які жадае ісці за Богам, павінен рабіць гэта найперш праз шлях паслушэнства і што гэтае паслушэнства, такое цяжкае напачатку, потым прывядзе яго да таго, што пашырыцца яго сэрца і жыццё паводле Божых запаведзяў стане для яго невымоўнаю асалодаю любові.

Тут выкладзены найважнейшы галоўны філасофскі прынцып адносінаў паміж дысцыплінаю і сапраўднаю свабодаю.

Галоўныя ідэі выкладаюцца па парадку. Найперш падаюцца развагі пра ролю абата, які ў кляштары ўвасабляе Хрыста і павінен выкарыстаць сваю ўладу, памятаючы, што Ён апякуецца нямоглымі душамі і што ўсялякія яго рашэнні патрабуюць далікатнай і ўдумлівай размовы з братамі. Потым гаворыцца пра асноўныя манаскія дабрадзейнасці: паслушэнства, маўклівасць, пакорлівасць, сумленнасць у малітве; пра тое, як выправіць брата, які збіўся з вернага шляху, як манахі павінны пазнаваць Хрыста не толькі ў абліччы абата, але і ў бедных, нямоглых, падарожніках і гасцях; і, найперш, пра братэрскую любоў — заключную тэму Статута.

Працытуем 72-гі раздзел Статута цалкам: «Як ёсць дрэнная руплівасць, поўная горычы, якая аддаляе ад Бога і вядзе ў пекла, так ёсць і добрая руплівасць, якая аддаляе ад граху і вядзе да Бога і да вечнага жыцця. Менавіта ў гэтай руплівасці з самай палымянаю любоўю павінны практыкавацца манахі, а гэта значыць апярэджваць адзін аднаго ва ўзаемнай пашане, з найвялікшай цярплівасцю зносіць адзін у адным цялесныя і душэўныя недахопы, спаборнічаць адзін з адным у паслушэнстве; не шукаць сваёй карысці, а найперш таго, што будзе карысным іншаму, праяўляць узаемную братнюю любоў, вольную ад усялякага эгаізму, па-сыноўску баяцца Бога, шчыра і з пакораю любіць свайго абата, не ставячы нікога і нічога вышэй за Хрыста, які ўсіх нас няхай прывядзе да жыцця вечнага».

Я працытаваў увесь гэты раздзел, таму што для ўсіх гэта самая любімая частка Статута, а яшчэ працытаваў яго для таго, каб паказаць, як глыбока словы Бэнэдыкта ідуць у Святое Пісанне. Нібы другі раздзел Паслання апостала Паўла да Філіпянаў быў разгорнуты перад тым, як ён пісаў радкі, якія заклікаюць нас да таго ж, да чаго заклікаў і апостал: мець тыя ж пачуцці, што ў Хрысце Езусе, праслаўляць прыніжэнне Хрыста, прыняцце Ім вобраза раба ажно да смерці і смерці крыжовай. Мець пачуцці Хрыста, спадкаваць Яго пакорлівасць і самапрыніжэнне — вось шлях да стварэння падмурку манаскага жыцця, у якім братэрская любоў і радасць здольныя прынесці свой багаты плён.

Мноства невялікіх раздзелаў Статута прысвечана штодзённай арганізацыі малітвы і працы манахаў, але ўсе раздзелы, якія датычацца прынцыпаў уладкавання манаства, прасякнутыя духам выслоўяў з Пісання. Па стылі яны, магчыма, прагматычныя і занадта разважлівыя, але, як гаворыць сам Бэнэдыкт, у іх ёсць абсалютная ўнутраная пераемнасць тых узораў жыцця і думак, якія прыйшлі да нас з усходняй традыцыі. Мэтаю Бэнэдыкта было зрабіць так, каб святасць Антонія была дасягальнаю для такога простага шатландца, як я. Яго Статут — гэта мост паміж егіпецкай пустэльняй і заходнімі гарадамі.

Бэнэдыкт цудоўна ўсведамляў, якая складаная задача стаіць перад ім. Яго глыбокая пашана да вялікіх усходніх святых не перашкодзіла яму стварыць вучэнне і правілы манаскага жыцця, адметныя найперш сваёй умеркаванасцю. У раздзеле пра тое, ці павінны манахі піць віно, ён заўважае: «Віно, як мы лічым, ёсць рэч зусім не манаская, але паколькі ў нашы дні нельга пераканаць у гэтым манахаў, давядзецца пагадзіцца з тым, каб не піць яго празмерна, але толькі ўмеркавана». Ён, напэўна, добра разумеў, што ўзросшая прага манаскага жыцця можа быць задаволена на Захадзе толькі ў духу пэўнага кампрамісу і ўмеркаванасці. Ён быў вялікім рэалістам, і, магчыма, у гэтым сакрэт яго трывалага ўплыву. У канцы свайго Статута ён характарызуе яго як «Статут для пачаткоўцаў». Але хто мы, як не пачаткоўцы, на нашым манаскім шляху, які праз выпрабаванні і радасці вядзе нас да Бога? Сёння і тут я, бэнэдыктынскі манах з далёкага кутка заходняга манаскага свету, з вялікай радасцю выконваю свой абавязак удзячнасці Усходняй Царкве, крыніцы і калысцы традыцый, якой з’яўляецца і наша традыцыя, якую ўсе мы так любім. Дзякуй і, як казаў св. Бэнэдыкт, няхай Хрыстус прывядзе нас усіх да жыцця вечнага.

Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY