Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(38)/2006
Галерэя

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Пераклады

УГО ФОСКАЛА

ПАХАВАННІ
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
З архіваў часу

ЗА СПЕВЫ Ў КАСЦЁЛЕ
Мастацтва

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

Папа ЯН ПАВЕЛ ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Супрацоўніцтва з законамі

Я заўсёды вельмі добра жыў з законамі і супрацоўнічаў з імі. У Кракаве, хіба, больш, чым дзе ў Польшчы, законаў, мужчынскіх і жаночых. Многія з іх там узніклі, многія знайшлі прыстанак, як, напрыклад, феліцыянкі, якія прывандравалі з тагачаснага Каралеўства. Тут трэба прыгадаць благаславёнага Ганарата Казмінскага, які заснаваў шмат жаночых безгабітавых супольнасцяў — плён яго самаадданай працы ў канфесіянале. У гэтым сэнсе ён быў геніем. Благаславёная маці Ангэля Трушкоўская, заснавальніца феліцыянак, якая спачывае ў іх у Кракаве, таксама дзейнічала пад яго кіраўніцтвам. Варта падкрэсліць, што ў Кракаве ёсць найбольш даўніх, сярэднявечных законных сем’яў, такіх як францішкане і дамінікане, альбо з пазнейшага часу — езуіты ці капуцыны. Законнікі з гэтых супольнасцяў вядомыя як вялікія спаведнікі, таксама як спаведнікі святароў (у Кракаве святары ахвотна спавядаюцца ў капуцынаў). Шмат законаў у часы падзелаў апынулася ў архідыяцэзіі, бо не могучы развівацца ў Каралеўстве, яны прыбывалі на тэрыторыю тагачаснай Кракаўскай Рэчы Паспалітай, дзе маглі пачувацца адносна свабодна. Найлепшым доказам таго, што мае кантакты з законамі былі добрыя, з’яўляецца біскуп Альбін Малысяк з кангрэгацыі ксяндзоў місіянераў. Ён быў самаадданым пробашчам у Кракаве — Новай вёсцы, а пасля стаў біскупам. Гэта я вылучыў іх кандыдатуры — яго і Станіслава Смаленскага. Абодвух таксама кансэкраваў.

Законы не ўскладнялі мне жыцця. З усімі ў мяне былі добрыя кантакты, бо я бачыў у іх вялікую дапамогу ў выкананні місіі біскупа. Тут маю на ўвазе таксама той вялікі духоўны багаж, якім з’яўляюцца кантэмпляцыйныя манаскія супольнасці. У Кракаве ёсць два Кармэлі, на вуліцы Каперніка і на вуліцы Лабзоўскай, ёсць кларыскі, дамініканкі, візіткі і бэнэдыктынкі ў Станёнтках. Гэта вялікія цэнтры малітвы: малітва і пакаянне, а таксама катэхізацыя. Памятаю, што калісьці я казаў кляўзуровым манашкам: «Няхай гэтыя краты яднаюць вас са светам, а не дзеляць, ахініце плашчом малітвы зямны шар». Я перакананы, што пастаянна, на ўсім зямным шары, гэтыя дарагія сёстры ўсведамляюць сваё існаванне для свету і не перастаюць служыць паўсюднаму Касцёлу сваёю адданасцю, маўчаннем і глыбокаю малітваю.

Вялікую падтрымку ў іх можа знайсці кожны біскуп. Я неаднаразова гэта адчуў, калі ў мяне ўзнікалі складаныя праблемы, і я прасіў у паасобных кантэмпляцыйных супольнасцяў малітоўнай падтрымкі. Я адчуваў сілу гэтага заступніцтва і не раз дзякаваў гэтым асобам, засяроджаным у вячэрніках малітвы, за тое, што дапамаглі мне вырашыць безнадзейныя з чалавечага пункту погляду справы.

Уршулянкі мелі ў Кракаве інтэрнат. Маці Ангэля Курпіш заўсёды запрашала мяне на рэкалекцыі для студэнтак. Я часта бываў у шэрых уршулянак на Яшчуроўцы. Штогод карыстаўся іх гасціннасцю. Сфармавалася такая традыцыя, што на Новы год апоўначы я адпраўляў св. Імшу ў францішканцаў у Кракаве, а рана ехаў да уршулянак у Закапанэ і ішоў катацца на лыжах. У гэты час звычайна быў снег. Таму я заставаўся ў іх ажно да 6 студзеня. У гэты дзень па палудні выязджаў ад іх, каб паспець на вечар у кракаўскую катэдру на св. Імшу а 18-й. Пасля адбывалася каляднае спатканне на Вавелі. Памятаю, што аднаго разу, ходзячы на лыжах, хіба, з ксяндзом Юзафам Развадоўскім (пазнейшым лодзкім біскупам), мы заблудзіліся недзе ў ваколіцы Хахалоўскай даліны. Пасля павінны былі гнаць, як кажуць, што шалёныя, каб не спазніцца.

Часта таксама я хадзіў да сясцёр альбертынак на Чырвоны Пронднік на дні законных сустрэчаў. Мне было вельмі добра ў іх. Таксама бываў у Жонсцы пад Кракавам. Сябраваў з малымі сёстрамі Шарля дэ Фуко, ведаў іх і супрацоўнічаў з імі.

Шмат часу я правёў у Тыньцы. Адправіў там свае рэкалекцыі. Добра ведаў айца Пятра Раствароўскага, у якога не раз спавядаўся. Ведаю таксама айца Аўгустына Янкоўскага, бібліста, які быў маім калегам як прафесар. Ён заўсёды прысылае мне свае новыя кнігі. У Тынец альбо да айцоў камедулаў на Бяляны я ездзіў на дні манаскіх сустрэчаў. Як малады ксёндз я праводзіў на Бялянах рэкалекцыі для студэнтаў ад касцёла св. Фларыяна і памятаю, як аднаго разу ноччу пайшоў у касцёл. Быў здзіўлены, бо застаў там студэнтаў і ведаў, што яны намерваліся трываць там бесперапынна, змяняючыся ўсю ноч.

Законы служаць Касцёлу і біскупу таксама. Цяжка недаацэньваць іх сведчання веры, угрунтаванага на шлюбах убоства, чыстасці і паслухмянасці, і іх стылю жыцця паводле рэгулы, укладзенай заснавальнікам ці заснавальніцаю: дзякуючы гэтай вернасці розныя законныя сем’і могуць рэалізаваць першасную харызму і ўчыніць, каб яна прыносіла плён у будучых пакаленнях. Нельга таксама забываць аб прыкладах братняй любові, якая ляжыць у аснове кожнай законнай супольнасці. Гэта людское, што час ад часу можа з’явіцца нейкая праблема, але яе заўсёды можна вырашыць, калі біскуп здолее ўслухацца ў тое, што мае сказаць супольнасць, шануючы яе аўтаномію, і калі супольнасць, са свайго боку, будзе здольная фактычна прызнаць у біскупу канчаткова адказнага за душпастырства на тэрыторыі дыяцэзіі.

 
Прэзбітэрый

У Кракаўскай архідыяцэзіі было даволі шмат пакліканняў, а некаторыя гады былі на іх асабліва багатыя. Напрыклад, пасля кастрычніка 1956 года просьбаў аб прыняцці ў семінарыі было асабліва шмат. Гэтаксама было ў часе Тысячагоддзя хрышчэння Польшчы. Гэта, хіба, такая заканамерначць, што пасля вялікіх падзеяў з’яўляецца больш пакліканняў. Бо яны ўзнікаюць на аснове канкрэтнага жыцця Божага люду. Кардынал Сапега казаў, што семінарыя — гэта pupilla oculi — зрэнка біскупскага вока, гэтаксама як навіцыят для кіраўніка закону. Гэта лёгка зразумець: пакліканні з’яўляюцца будучыняю дыяцэзіі, закону, а ў выніку — будучыняю Касцёла. Асабіста я асаблива клапаціўся пра семінарыі. Таксама й цяпер штодзённа малюся за Рымскую семінарыю і наогул за ўсе семінарыі на тэрыторыі Рыма, ва ўсёй Італіі, у Польшчы і на свеце.

Асабліва малюся за семінарыю ў Кракаве. Адтуль я выйшаў і, прынамсі, такім чынам хачу аддаць даніну ўдзячнасці. Калі я быў кракаўскім біскупам, то імкнуўся асаблівым чынам клапаціцца пра пакліканні. Калі наступаў канец чэрвеня, я заўсёды пытаў, колькі кандыдатаў падало заявы на наступны год. Пасля, калі яны ўжо былі ў семінарыі, сустракаўся з кожным асабіста, размаўляў, цікавіўся сям’ёю і разам мы ацэньвалі сапраўднасць паклікання. Таксама запрашаў клерыкаў на ранішнюю св. Імшу ў сваю капліцу, пасля — на сняданак. Гэта была вельмі добрая магчымасць знаёмства з імі. Таксама вігілію Божага нараджэння я праводзіў у семінарыі альбо запрашаў клерыкаў да сябе на Францішканскую. Яны не выязджалі на святы да родных і мне хацелася нейкім чынам кампенсаваць гэты недахоп. Усё гэта было магчыма, калі я быў у Кракаве. У Рыме цяжэй, бо семінарыяў тут шмат. Аднак я наведаў іх усе асабіста, і калі надаралася адпаведная магчымасць, таксама запрашаў у Ватыкан рэктараў.

Біскуп павінен дбаць пра абавязак паказваць маладым вялікі ідэал святарства. Маладое сэрца здольнае зразумець такую «шалёную любоў», якая патрабуе абсалютнай адданасці. Няма любові па-над Любоўю, той, якая пішацца з вялікай літары! У часе апошняй пілігрымкі ў Іспанію я прызнаўся моладзі: «Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 26 гадоў. Мінула 56. Вяртаючыся памяццю да гэтых гадоў, магу вас запэўніць, што варта прысвяціць сябе справе Хрыста і праз любоў да Яго прысвяціць сябе службе чалавеку. Варта аддаць жыццё за Евангелле і за братоў!» (Мадрыд, 3 мая 2003 г.). Маладыя зразумелі пасланне і адказалі на мае словы хорам, скандуючы як рэфрэн: «Варта! Варта!»

Клопат пра пакліканні праяўляецца таксама праз адпаведны выбар кандыдатаў да святарства. Біскуп давярае шмат звязаных з гэтым заданняў сваім супрацоўнікам, семінарыстам, выхавацелям, але сам нясе найбольшую адказнасць за фармацыю святароў. Гэта біскуп выбірае і заклікае ад імя Хрыста, канчаткова тады, калі ў часе пасвячэння кажа: «З дапамогаю Пана Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста выбіраем гэтых нашых братоў у прэзбітэры» (Рымскі пантыфікал, Пасвячэнне прэзбітэраў). Вялікая адказнасць. Святы Павел перасцерагае Цімафея: «Не ўскладай паспешліва рук не на кога» (1 Цім 5, 22). Тут не ідзе гаворка пра нейкую асаблівую суровасць, але пра звычайнае пачуццё адказнасці ў імя найвялікшай справы, даверанай нашым рукам. У імя дару і таямніцы збаўлення была ўстаноўленая высокая патрабавальнасць, звязаная са святарствам.

Хачу тут згадаць св. Юзафа Себасцьяна Пэльчара (1842–1924), біскупа Пшэмыскай дыяцэзіі, якога я меў гонар кананізаваць у дзень мае восемдзесят трэцяй гадавіны разам з ужо згаданаю св. Уршуляю Ледухоўскаю. Святы біскуп Пэльчар быў вядомы ў Польшчы таксама дзякуючы сваёй творчасці. Хачу тут прыгадаць яго кнігу «Разважанні пра святарскае жыццё альбо святарскі аскетызм». Гэты твор быў выдадзены ў Кракаве, калі аўтар быў яшчэ прафесарам Ягелонскага універсітэта (некалькі месяцаў таму з’явілася новае выданне кнігі). Гэтая кніга — плён багатага ўнутранага жыцця яе аўтара, яна глыбока паўплывала на цэлыя пакаленні польскіх святароў, асабліва ў мой час. Пэўным чынам і маё святарства сфармавалася пад уплывам гэтага аскетычнага твора.

Тарнув і суседні Пшэмысль належаць да тых дыяцэзій, якія ў сусветным маштабе даюць найбольшую колькасць пакліканняў. У Тарноўскай дыяцэзіі доўгія гады быў ардынарыем мой сябра, арцыбіскуп Ежы Аблевіч. Ён паходзіў з Пшэмысля, быў выхаваны на духоўнай спадчыне св. Юзафа Пэльчара. Гэта пастыры, якія ставілі вельмі высокія патрабаванні найперш да сябе, а пасля да сваіх святароў і клерыкаў. Мяркую, што ў гэтым заключаецца таямніца шматлікіх пакліканняў у гэтых дыяцэзіях. Маладых прывабліваюць патрабаванні і высокія ідэалы.

Мяне заўсёды хвалявала еднасць прэзбітэрыя. З гэтаю мэтаю, заўважаючы неабходнасць кантакту з ксяндзамі, я ўстанавіў у хуткім часе пасля Сабору, у 1968 годзе, Святарскую раду, якая абмяркоўвала праграму душпастырскай дзейнасці святароў. Кожны год, праз нейкі час, у розных рэгіёнах архідыяцэзіі арганізоўваліся сустрэчы, у часе якіх абмяркоўваліся канкрэтныя праблемы, якія ўзнімалі святары.

Уласным стылем жыцця біскуп паказвае, што «Хрыстовы ўзор» не састарэў, што ён заўсёды актуальны, таксама і ў сённяшніх умовах. Можна сказаць, што дыяцэзія адлюстроўвае стыль жыцця яе біскупа. Яго дабрадзейнасці — чыстасць, практыка ўбоства, прастата, яго чулае сумленне як бы запісваюцца ў сэрцах святароў. А пасля гэтыя вартасці яны перадаюць давераным ім вернікам: такім чынам маладыя людзі прыцягваюцца да велікадушнага адказу на Хрыстова пакліканне.

Гаворачы пра гэты клопат, нельга не згадаць пра тых, хто пакінуў святарства. Таксама біскуп не можа забываць пра іх — яны маюць права на месца ў сэрцы біскупа. Іх драмы часам указваюць на занядбанне святарскай фармацыі. Да святарскай фармацыі адносіцца таксама (калі ўзнікае такая патрэба) адвага зрабіць братнюю заўвагу, а таксама гатоўнасць — з боку святара — прыняць такую заўвагу. Хрыстус кажа сваім вучням: «Калі саграшыць (...) брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго» (Мц 18, 15).

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY