Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

Ірына ЖАРНАСЕК

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ

Аднаактовая п’еса ў адзіннаццаці карцінах

КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ

На сцэне цёмна. У правым куце чуюцца чыесьці крокі, потым звініць прыдзверны званок.
Голас брата Вінцэнтага. Княгіня! Гэткай парой?!
Голас княгіні Вішнявецкай. Выбачай, брат Вінцэнты, але я не магу адкладваць. Я павінна...
Голас брата Вінцэнтага. Чакай. Зараз паклічу айца Рамуальда.
Голас княгіні Вішнявецкай. Не трэба.
Голас брата Вінцэнтага. Не трэба?
Голас княгіні Вішнявецкай. Так, не трэба. Я прыехала памаліцца.
Паўза.
Я разумею. Позна ўжо. Але я не магу адкладваць!.. Калі ласка...
Голас брата Вінцэнтага. Добра-добра, княгіня. Калі ласка! Мы не так даўно скончылі свае малітвы, браты ўжо разышліся... Калі трэба, то што ж.
Голас княгіні Вішнявецкай. І нікога не клічце. Я сама... Адна... Мне толькі памаліцца...
Голас брата Вінцэнтага. Разумею, княгіня. Зараз во ліхтар... (У ягоных руках успыхвае ліхтар.) Прашу, княгіня. (Праходзяць да труны пакутніка Андрэя Баболі.) Толькі што браты апранулі на пакутніка пашыты княгіняй арнат. Труна, бачыш, ужо таксама засланая княгініным покрывам. Усе нашы браты моляцца за залатыя рукі і сэрца княгіні Вішнявецкай. І, вядома ж, за таго, каго так ахвярна чакае княгіня - за князя Вішнявецкага.
Вішнявецкая. Дзякуй. Нам неабходныя вашы малітвы.
Брат Вінцэнты. Пакідаю княгіню. Няхай княгіня не турбуецца, але моліцца, колькі запатрабуе душа. Буду чакаць у суседнім пакоі. Чакаць і маліцца. (Выходзіць.)
Княгіня кленчыць, закрывае твар далонямі. Ліхтар, які пакінуў брат Вінцэнты, слаба асвятляе пакой; у ягоным святле бачныя толькі труна і постаць княгіні.
Вішнявецкая. Езу! Літасці! Маці Божая! Прыйдзі яму на дапамогу! Святыя заступнікі! Памажыце яму! (Ціха моліцца.) Пакутнік Андрэй Баболя! На тваю помач спадзяюся, яе чакаю! Натхні князя Вішнявецкага! Дай яму сілы і адвагі. (Святло ліхтара гасне, у цемры чуецца шэпт.) Памажы. Натхні... Надай яму адвагі...
Раптоўна ў левым баку сцэны таксама ўспыхвае слабое святло. У ягоным святле бачны толькі князь Вішнявецкі, які стаіць на каленях у вязніцы. Ён жагнаецца, моліцца.
Вішнявецкі. Езу! Божа моцны, змілуйся нада мной! Маці Божая! Маліся за мяне! Дух Святы, дай мне розуму і адвагі! Анёл-ахоўнік! Беражы мой шлях у гэтую ноч! (Жагнаецца.) Пакутнік Андрэй Баболя! Ратуй мяне! (Закрывае твар далонямі.) Мне здавалася, я адважны, але цяпер бачу ўсю сваю слабасць. Баюся гэтай начы. Баюся гэтай дарогі. Баюся Дняпра. Божа літасцівы! Што мне рабіць? Усё гатова да пабегу. Верныя людзі чакаюць. Верны конь застаяўся... А я ўсё маруджу... Чаму?... (Зноў закрывае твар далонямі.)
І раптам у гэтай цішы чуецца гучны голас: «Адвагі, князь Вішнявецкі!» Князь адрывае рукі ад твару, азіраецца на бакі.
Вішнявецкі. Чый гэта голас? Мне здалося? Хто зычыць мне адвагі? Ці гэта я так шукаю яе, што мне пачынаюць здавацца зданкі? (Зноў закрывае твар далонямі.)
Гасне святло. І ўспыхвае ў правым баку сцэны, асвятляючы постаць княгіні пры труне святога.
Вішнявецкая. Маё сэрца чуе, штосьці павінна змяніцца ў гэтую ноч. На добрае альбо на благое... О, святыя заступнікі! Захініце яго ад небяспекі! Пакутнік Андрэй! Натхні князя Вішнявецкага! Надай яму сілы і адвагі!
Святло гасне і адначасна ўспыхвае ў левым куце, асвятляючы князя Вішнявецкага на каленях.
Вішнявецкі. Тваёй абароны клічу, святая Багародзіца...
Святло гасне і ўспыхвае з правага боку.
Вішнявецкая. Не адрынь маленняў нашых у патрэбах нашых, але ад усялякай небяспекі ратуй нас заўсёды... Панна праслаўленая і багаслаўлёная...
Святло гасне і ўспыхвае ў левым куце.
Вішнявецкі. О, Пані наша! Апякунка наша! Заступніца наша! З Сынам сваім паяднай нас! Сыну свайму даручы нас! Свайму Сыну пад апеку аддай нас! (Закрывае твар далонямі, маўчыць. Недзе здалёк гучыць скрыпка.) Пакутнік Андрэй! Да твайго заступніцтва прыбягаю!.. Цябе прашу!..
Голас аднекуль зверху: «Адвагі, князь Вішнявецкі!» Князь нейкі час стаіць, абхапіўшы галаву рукамі, затым жагнаецца, падымаецца з каленяў, ідзе да вакна, бярэцца за краты і паволі расцягвае іх на бакі...
Святло гасне і ўспыхвае ў правым куце.
Вішнявецкая. Памажы яму, пакутнік Андрэй! Да цябе ляціць маё сэрца... Па-ма-жы...
Святло гасне. Тужліва іграе скрыпка, тэмп музыкі робіцца ўсё шыбчэйшы і шыбчэйшы. Гучна іграе скрыпка. У цемры раздаецца голаснае конскае іржанне і тупат капытоў. Свіст ветру. Іграе скрыпка... Святло асвятляе правы кут.
Вішнявецкая. Памажы... Ратуй... Падтрымай... Да самай смерці, да апошняга свайго ўздыху буду маліцца за прызнанне тваёй святасці, пакутнік Андрэй Баболя! (Закрывае твар далонямі.)
Гучна іграе скрыпка.

КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Пакой княгіні Вішнявецкай. Перад абразамі на каленях стаіць княгіня і моліцца. Уваходзіць Аліцыя, у нерашучасці стаіць нейкі час за матчынай спіной, потым ціха кліча.
Аліцыя. Мама...
Княгіня моліцца. Аліцыя ўсхліпвае, княгіня азіраецца, жагнаецца і паволі падымаецца з каленяў.
Вішнявецкая (устрывожана). Што, Аліцыя?
Аліцыя. Нічога, мама... Усё па-ранейшаму.
Вішнявецкая. З Глухава ніякіх звестак?
Аліцыя. Не, мама.
Вішнявецкая. Што ж ты плачаш?
Аліцыя. Па маме плачу.
Вішнявецкая. Але чаму?
Аліцыя (адчайна). Мама! Гэта немагчыма! Так нельга! Мама трэція суткі на каленях!.. Гэта... Гэта...
Вішнявецкая. Што нельга? (Незадаволена.) Маліцца?
Аліцыя (плача). Мама! Зося з Магдай ужо не ведаюць, што рабіць - мама зусім не есць! Ну, нельга ж так! Цэлымі днямі - каля труны пакутніка, начамі - тут... Раней хоць шыла, а цяпер... Трэція суткі на каленях!
Вішнявецкая (з неспадзяванай ласкай у голасе). Ну... супакойся, дачка... Калі табе гэтак цяжка, я вып'ю гарбаты... Скажы, каб прынеслі.
Аліцыя (абдымае княгіню за плечы). Добра, мама...
Уваходзіць Магда.
Магда. Айцец Рамуальд прыехаў, княгіня.
Вішнявецкая. Прасі. І... падай нам гарбаты...
Магда выходзіць. З'яўляецца айцец Рамуальд.
Айцец Рамуальд. Пахвалёны Езус Хрыстус, княгіня!
Вішнявецкая. Навекі вечныя. Амэн. Я толькі збіралася ехаць да вас... Да пакутніка Баболі... А што айца прывяло нараніцы да нас?
Аліцыя. Няхай мне мама даруе, што я не папярэдзіла маму, але гэта я запрасіла айца Рамуальда да нас.
Вішнявецкая (здзіўлена). Я заўсёды радая бачыць айца Рамуальда, але што за пільнасць? (Углядаецца то на Аліцыю, то на айца Рамуальда.)
Айцец Рамуальд. Князёўна вельмі турбуецца за здароўе княгіні. Не выпадае мне тут штосьці ўтойваць... Князёўна прасіла мяне паразмаўляць з княгіняй. (Разгублена.) Я абяцаў... А цяпер вось нават нe ведаю, што мне казаць. Сапраўды, не казаць жа мне, каб княгіня менш малілася. (Усміхаецца і разводзіць рукамі.) Здаецца, ніколі і нікому гэтага не раіў...
Вішнявецкая. Вось ужо праўда! Ці можа ўвогуле быць такое, каб малітваў ды было зашмат?
Аліцыя. Мама!
Вішнявецкая (паварочваецца да дачкі). Што, Аліцыя?
У адказ - маўчанне. Уваходзіць Магда, расстаўляе на стале прыбор для гарбаты. Зося прыносіць пірог.
Вішнявецкая. Можа, айцец пап'е з намі гарбаты?
Айцец Рамуальд з удзячнасцю прыкладвае рукі да грудзей. Княгіня, Аліцыя і айцец Рамуальд сядаюць за стол.
Айцец Рамуальд. Брат Вінцэнты запісаў дзень 13-га снежня ў хроніку нашага кляштару. Учынак княгіні па ўшанаванню памяці пакутніка Андрэя Баболі ўвайшоў у гісторыю.
Вішнявецкая (з роздумам). 13-га снежня... А сёння ўжо 15-га... І з Глухава ніякіх звестак...
Цяжкое маўчанне.
А ты кажаш, Аліцыя... Што ж я яшчэ магу? Што ў мяне цяпер ёсць, апрача малітвы?
Айцец Рамуальд. Хіба гэтага мала?
Вішнявецкая. Так, нямала. І я гэта ведаю. (Цвёрда.) Я гэта ведаю, Аліцыя. Усю моц малітвы можа ведаць толькі той, хто моліцца. Па-сапраўднаму. А не толькі вуснамі.
Убягае Магда.
Магда. Ганец з Глухава!
Усе падхопліваюцца.
Вішнявецкая. Хутчэй яго сюды!
Магда выбягае. З'яўляецца ганец.
Ганец. Пахвалёны Езус Хрыстус!
Яму адказваюць.
Вішнявецкая (выпрастаўшыся, гатовая да ўсяго). Што? Што прывёз ты мне?
Ганец (прыкладвае рукі да грудзей і кланяецца). Князь Вішнявецкі ўцёк з казацкай фартэцыі!
Усе (наперабой). Як? Калі? Дзе ён?
Ганец. Два дні таму ўцёк. 13-га снежня.
Вішнявецкая (сядае). Дзе ён? Што з ім?
Ганец. Не ведаю. Трэба спадзявацца, усё будзе добра. Позна ўвечары 13-га снежня ён спусціўся на вяроўцы з вакна вязніцы. Верныя людзі дапамаглі яму прабрацца да Дняпра, перайсці яго, а на тым беразе чакаў ягоны конь, якога збярог для яго пан Шклярскі.
Аліцыя. А казакі?
Ганец (паспешліва, глытаючы словы). Нараніцы казакі агледзеліся і кінуліся ў пагоню. Але здарылася зусім непрадбачанае.
Усе (разам). Што? Што здарылася?
Ганец. Пайшоў цёплы дождж, і на Дняпры ўсчаўся крыгаход. У снежні месяцы - дождж! Казакі ніяк не маглі перабрацца цераз Дняпро і вымушаныя былі чакаць. А дождж учора ішоў цэлы дзень. Увесь дзень і ўсю ноч... Я вось ехаў па дажджы...
Аліцыя. Але ж дзе тата?
Ганец. Не ведаю, князёўна. Мне пан Шклярскі даручыў паведаміць княгіні пра ўцёкі, і я гэта зрабіў...
Працяглае маўчанне.
Вішнявецкая (паволі падыходзіць да ганца, зазірае яму ў твар). Дзякуй... добры чалавек...
Ганец (сумеўшыся). Рады служыць, княгіня.
Вішнявецкая. Завуць цябе як?
Ганец. Ваўжынцам.
Вішнявецкая. Дзякуй табе, добры мой слуга Ваўжынец...
Ганец схіляецца, цалуе руку княгіні. Яна паварочваецца, моўчкі ідзе да абразоў, апускаецца на калені, жагнаецца. Ганец выходзіць, Аліцыя з айцом Рамуальдам таксама.
Вішнявецкая. Езус! Марыя! Ратуйце яго! Ратуйце яго, Езус, Марыя! (Утрапёна шэпча.) Тваёй абароны клічу, святая Багародзіца! Не адрынь маленняў нашых у патрэбах нашых, але ад усялякай небяспекі ратуй нас заўсёды, Панна хвалебная і багаславёная! О, Пані наша! Апякунка наша! Заступніца наша! З Сынам сваім паяднай нас! Сыну свайму даручы нас! Свайму Сыну пад апеку аддай нас! (Паўза.) Пакутнік Андрэй Баболя!.. Падтрымай князя Вішнявецкага! (За сцяной пачынае іграць скрыпка, затым усё гучней і гучней.) Я ўжо і маліцца нe ўмею - я толькі прашу! Як нягодная служка прашу: ратуйце князя Вішнявецкага, Езус, Марыя! (Нізка схіляе галаву.)
Ціха. Толькі за сцяной пяшчотна і жаласна іграе скрыпка. Убягае Аліцыя.
Аліцыя. Мама!
Убягае айцец Рамуальд.
Айцец Рамуальд. Княгіня!
Княгіня паволі паварочвае галаву, маўчыць, толькі позіркам пытаецца: што? Затым падымаецца. Наросхрыст расчыняюцца дзверы. Увесь мокры ўбягае князь Вішнявецкі. Спыняецца пры дзвярах, скідае проста на падлогу каля ног мокрую апратку і паволі, выцягнуўшы наперад рукі, ідзе да княгіні. Яна стаіць, прыросшы да месца. Князь падыходзіць і беражліва абдымае княгіню, туліць да грудзей.
Вішнявецкая. Князь... Мой князь вярнуўся!
Іграе скрыпка.

ЗАСЛОНА.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY