Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

ЯНІХА
Аерам усланы падворак.
Вечар... Мігценне зорак...
І Яніха на падворку
З Богам вядзе гаворку.

Сёмуха!

У вышыванцы Яніха.
Дастала з матчынай скрыні.
Даўно ў вачах згасла раніца,
Сяброўкі даўно ў дамавіне.

«Селішча от уквеціла —
Бога прывеціла...

Жывое няхай не зводзіцца...»
Ікона у ручніку.
Ёй сама Багародзіца,
Здалося, дае руку.

Хрысціцца ў бліках святла:
«У Божай ласцы жыла!»

Дагледжана ўсё, уходжана.
Далоні на стол ляглі.
І кажа ёй Матка Божая:
— Пабудзь на зямлі...

КАСЦЕЛЬНЫ ХОР
Красы высокай чараванне,
Парыў над вечнасцю жывы.
Нібыта Божае дыханне,
Распеў пад зводам харавы.
Вядзе святое прычашчэнне
У храме музыка Імшы,
Ідзе таемна ачышчэнне
Збалелай, змучанай душы.

Тут год каторы, век каторы —
Ва ўсе айчынныя часы —
Яднаюцца натхнёна ў хоры
Пяўцоў касцельных галасы.

Разгорне ноты перад імі
Рука зялёнае вясны —
І ўжо нямоглымі старымі
Сябе не чуюць больш яны.

Пад гукі спеўнага аргана
Паўнюткі светлае тугі
Плыве чысцютка, раскавана
Жыцця жывога вечны гімн.

Магутны Бог, харалаў выша
Цяплом любові топіць лёд,
Чаруе сілаю, калыша
Душу, узносячы пад звод.

* * *
Шыпшыны куст над крутаярам
Даспеліць верасень у сонцы.
Плады палаюць буйным жарам,
Нібыта царскія чырвонцы.

Крамяным рыжыкам у травах
Зачырванела кметна восень.
Вятры палынны дух гаркавы
З пакошы позняе прыносяць.

І сонца, поўнае спакою,
Вядзе праменна чараванне:
Цячэ, разлітае, ракою,
У гэтых травах жарка вяне.
Дзесь бульба грукнула аб донца,
Віхурна пыл на сотках кружыць.
Тут толькі верасень і сонца.
Ў святле іх шчасце вочы мружыць.

ЁЎГА
Помню яе такой:
З боханам пад рукой,
З віламі на плячы
Вуліцай бегла Ёўга.
Як жа задышна доўга
З чорнай бяжыць начы.

Бачу каторы год
(Моцы дай цётцы, Божа):
Зоны калючы дрот
Ёўга мінуць не можа.

З боханам пад рукой,
З віламі на плячы.
Будзе павек такой,
Лёс свой, як крыж, несучы.

* * *
Агурочнік на градах зрудзеў —
Туманы прытапталі дасветныя.
Сонца позняга дзённы сугрэў.
Поле голае. Вусцішна. Ветрана.

Чорны грак, як манах, па глыжах
На іржышчы узвораным дыбае.
У зняменні вужы на лаўжах,
Твань балотная дыхае рыбаю.

Прырасло да узлеска сяльцо,
Бляскам шыб слепіць цішу убогую.
І гушкаецца-едзе сянцо
На вазах палявою дарогаю.

Бор дрымотны паляны імшыць,
Совы зрынуцца ўслед шызакрылыя.
І не здатна падраць-асушыць
Памяць гэтыя вобразы мілыя.

* * *
«Маладзік малады,
Ў цябе рог залаты...» —
Шэпт бабулі Антосі.
Поле. Сцежка. Клады.
Вецер стогне-галосіць.

Несуцешна пусты
Кут дзядоўскі радзінны.
Ззяе рог залаты
Пад крылом жахаты,
Сведка шчасця адзіны.

З даўняй казкі маёй
Маладзік выплывае
І самотнай старой
Белым рогам ківае:

«Нахадзілася ты,
Адпачні легкакрыла.
Згоніць цень нематы
Жаркім вокам Ярыла...»

* * *
Басавіты голас грому
Шчэ з пары тварэння свету
Гнеўна, ўзрушліва чытае
Неба грознага прысуды,
Бо жыву здавён пад небам
Не па Божых запаветах,
Бо не знік з душы жадлівай
Богаздрайны грэх Іуды.

На пуціне чалавечай
Кроў і пот вякамі секлі
Хадакам бяспомным вочы,
Нескароным у юдолі.
І жывём у Божым свеце,
Як сівыя чэрці ў пекле,
Не жадаем знаць, не хочам
Лепшай славы, лепшай долі.

Зуд драпежніцкі, разбойны
Баль у сэрцах нашых правіць,
Ў неба вышы пасылае
Стогалосыя праклёны.
Учыніўшы сечы-войны,
Смерць палёгшых гучна славіць.
А зара гарыць-палае
Фарбай вечнае іконы.

ЧАРНОБЫЛЬСКІ СКАРБ
Ладавала куфар Доля:
Лёну белага тры сценкі.
Гралі кветкі у прыполе
Вышыванае сукенкі.

Зачыняла куфар ціха,
Вечка ззяла ў ліст кляновы.
Адчыніла куфар Ліха,
Хвацка мерае абновы.

Здань бядоты ў хмызе поля
Сыдзе з воч людскіх не скора.
Ладавала куфар Доля.
Адняло пажыткі Гора.

БАБАНЫ
І хлеба й цукру у дастатак
І для сябе, і для гасцей.
Глядзелі ўцешна вочы матак
На нас, капрызлівых дзяцей.

Даўно нішчымніца пустая
Прыстала з торбай у хадзе.
А мама бульбіну каўтае —
Надкусіць, моўчкі пакладзе:

Віруе памяць горкім болем...
І ўжо малога па вясне
З-пад снегу вызваленым полем
Па бабаны вядзе мяне.

Ля верб на ўзмежжы замірае,
І ў лужах мутных, на вадзе,
Гнілухі бульбін падбірае,
Ў вядро працёртае кладзе.

А зайчыкі ў калюгах скачуць,
Сінеча небная ўгары.
І бабаны над сцежкай плачуць,
Умлеўшы лежачы ў вядры.

І вось рудое шалупінне
Рука матуліна зняла:
Крухмалу бледнае начынне
Зірнула з міскі са стала.

І на патэльні — анігадкі —
Сквірчаць у полымным агні
Зямлёй прапахлыя аладкі
І скачуць з печы на ручнік.

...Гады калодзежнай вадою
Сплылі — падняў увыш асвер.
За той нязвычнаю ядою
Я помню маму і цяпер.

Слязой стуманеныя вочы
Адкрылі мне жыцця цану.
Не зглух той шэпт:
— Спрабуй, сыночак,
Што ела з маткай у вайну.

КЛАВА
Кірзачы на босую нагу,
Торапка з патэльні хопіць скварку.
Выгукне малечы: — Ўжэ бягу!
Не ўшчынайце бойку тут ці сварку!

Бразне клямка ледзяная ўслед,
І душа уздрыгне схаладзела.
На бягу зашпіліць свой жакет —
Недаспала зноў і недаела.

Сатрасе «папутка» дрогкі сон,
Сонца шчокі казытне ласкава.
Вымавяць суседкі: — У райвон!
Пра калгас і чуць не хоча Клава!

А яна шторань, у снег і ў золь,
Галасуе моўчкі на прыпынку.
І каўтае адзіноты боль,
Укусіўшы на хаду скарынку.

Прыбывае ў свой фабрычны цэх,
За машынкай адгарбаціць змену,
Маючы адзіную з уцех:
Выйсці ў клубе вечарам на сцэну.

Насупроць самотлівай начы —
Лёткая, жывая, незямная —
Брудныя, цяжкія кірзачы
На бліскоту лодачак мяняе.

МАСЯ
Бязмоўнай сведкай засталася
Старая ліпа ля жытла,
Дзе, склаўшы рукі, бабка Мася
Спачын павечны свой знайшла.

Хаціна — дзён мінулых помнік —
Асунулася нейк праз год.
І пад лясгасаўскі пітомнік
Забралі Масін агарод.

Тапыршчыўся ён шчэццю, колкі,
На промнях шчодрае вясны —
Сасонак кволыя іголкі,
Лістком калышуцца кляны.

У свет дарогаю знаёмай
Адсюль імкнуліся вазы,
Каб узнімаліся на стромах
Шапотка юныя лясы.

Даўно, узнесеныя ў часе,
Гудуць смалістыя камлі,
Гавораць мне: жывая Масі
Душа пад сонцам на зямлі!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY