Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

Алег ПЯТРОВІЧ

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»

Максiм ГАРЭЦКІ - Рускі (апавяданне)

1. «Што такое праўда?» (Ян 18, 38) - галоўнае пытанне «апошнiх дзён»

«Што такое праўда?» - пытанне, якое адукаваны, практычны i рацыянальны ў сваiх дзеяннях рымскi пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат задаў Хрысту перад няправедным людскiм прысудам, што выдаў на ўкрыжаванне самога Божага Сына, праз якога «Бог... у апошнiя гэтыя днi прамовiў да нас..., якога паставiў за наследнiка ўсяго, праз якога й вякi стварыў» (пар. Гбр 1, 1-3).

З прыходам у зямны свет пачаўся новы, асаблiвы перыяд у лёсе i жыццi людзей, якi Бiблiя называе «апошнiмi днямi»...

«Што такое праўда?..» Нiчога не пачуў у адказ на сваё пытанне Пiлат. Не атрымалi, не захацелi людзi атрымаць адказу на гэтае пытанне, як i не атрымалi яны шчасця ў сваiм лёсе, бо не ўбачылi Пiлат i сыны Iзраiля ў вобразе Хрыста самой праўды, што была перад iмi. А не ведаючы праўды, нельга пазбегнуць падману i горычы памылак.

Дзёрзкасць i адвага - гэта два прынцыпова розныя шляхi, якiя чалавек мае права выбiраць у сваім жыцці.

Пазнанне сусвету i вызначэнне ў ім месца асобы абапiраецца толькi на чалавечы розум i яго абмежаваныя магчымаcцi. Спроба высветлiць паўнату праўды праз раскрыццё i ўсведамленне асобных пытанняў светаўладкавання заўсёды асуджана на крызiс, якi з пэўнай цыклiчнасцю абавязкова паўтараецца ў самых розных сферах жыцця i дзейнасцi чалавека. Бо спроба пазнаць праўду - гэта, у рэшце рэшт, спроба пазнаць Творцу, Таго, хто стварыў i цябе, i ўвесь свет, а для гэтага трэба мець не дзёрзкасць думкi навуковага даследчыка i прагматыка жыцця, а простую адвагу чалавечай душы, звернутай да Бога ў жаданні, каб Ён сам раскрыў табе сваю Душу. Толькi тады прагучыць адказ на спрадвечнае чалавечае пытанне: «Што такое праўда?».

Менавiта адчуванне i адлюстраванне праўды ў яе чысцiнi, без усялякага дамешку дамарослых поглядаў асабiстага гатунку, а таксама свабода ад розных стэрэатыпаў i сумнiўных тэорый сучаснага свету дазволiлi класiку беларускай лiтаратуры Максiму Гарэцкаму з вялiкай глыбiнёй i выразнасцю адлюстраваць у невялiчкiм апавяданнi «Рускi» трагiчную праўду пра чалавека сённяшнiх «апошнiх дзён». Аўтар паказаў праўду, якая сведчыць сама за сябе, раскрываючы самую аголеную сутнасць адносiнаў чалавека з Богам.

2. Праўда, якая сведчыць сама за сябе

Праўда, якая сведчыць сама за сябе, - гэта з'ява унiкальная. Яна даецца не ў выглядзе абстрактных iдэй альбо надуманых схем, у межах якiх упiсваецца рэальнае жыццё чалавека, а паказваецца i раскрываецца праз само жыццё, якое сцвярджае праўду як закон i галоўны прынцып iснавання. Уменне ўбачыць i адлюстраваць праўду так, каб яна раскрывала сутнасць i сэнс усяго сусвету i чалавечага жыцця ў iм - найвышэйшая вяршыня майстэрства. Менавiта такое раскрыццё праўды ва ўсёй яе паўнаце ўласцiва творчасцi М.Гарэцкага.

У невялiчкiм апавяданнi «Рускi» хрысцiянская iдэя перададзена грунтоўна, лаканiчна i выразна. Нельга не ўбачыць у творы мноства паралеляў з бiблейскiмi сюжэтамi, адлюстравання законаў Божых у жыццi сучаснага чалавека сённяшнiх «апошнiх дзён». Гэтыя паралелi бачныя практычна ва ўсiх дзеях i вобразах апавядання. Прычым вельмi каштоўна, што галоўныя хрысцiянскiя прынцыпы не размежаваны, не стаяць паасобку адзiн ад аднаго, а вельмi выразна падкрэслены i натуральна звязаны памiж сабой, што надае iм асаблiвую сiлу i моц гучання. Усё гэта дасягае цудоўнага вынiку, калi канцэнтрацыя хрысцiянскай iдэi, што адлюстравана фактамi з рэальнага жыцця, перабольшвае нейкае крытычнае значэнне i адбываецца выбух праўды, якi можна параўнаць з дзеяннем выбуху камулятыўнага (скiраванага) снарада, здольнага прабiць любую танкавую браню. Ударная хваля такога выбуху праўды прабiвае абалонку стэрэатыпаў чалавека, узрушае яго свядомасць i ставiць усе рэчы i паняццi на iх сапраўднае месца, выкiдвае з галавы ўсялякае непатрэбнае, шкоднае смецце i праз ачышчэнне свядомасцi адкрывае дарогу праўдзе да самога сэрца. Адбываецца эфект маланкi, якая на iмгненне асвятляе чалавеку-вандроўнiку i неба, i зямлю, i шлях яго на зямлi. Тады ён бачыць недасяжную далеч гарызонта, сваю адзiноту ў поўным варожасцi i смяротнай небяспекi зямным свеце-лабiрынце.

Карцiна праўды вельмi часта палохае, бо ў ёй паказана ўсё так, як яно ёсць на самой справе, без упрыгожвання, а рэальнасць зямнога свету i мы ў iм вельмi далёкія ад iдэалу гармонii.

Праўда, якая б балючая яна нi была, вяртае чалавека ад iлюзiй і мiражоў у рэальны свет. Але ж гэта не ўсё i нават не галоўнае, што дае праўда. Чалавек, якi бачыць праўду, не застаецца пакiнутым i адзiнокiм у небяспечным i часта вельмi жудасным зямным свеце, бо тая праўда, якая сведчыць сама за сябе, паказвае вузкую сцежку выратавання. Настолькi вузкую, наколькi вузкi i адназначны выбар чалавека памiж дабром i злом. Але гэта сцежка адначасова надзвычай надзейная i адкрытая, паколькi збудавана выключна з праўды, якая заўсёды, у супрацьлегласць падману, можа быць толькi рэальнай i шчырай. Менавiта праўда з'яўляецца надзейнай страхоўкай чалавека ад непрыемнасцяў у зямным свеце. Яе вузенькая сцежка, якая, быццам прамень святла, разрывае густы i клейкi смог падманлiва-прываблiвых драпежных мiражоў, праводзiць чалавека па-над самай безданню жахаў, абмiнаючы брудную дрыгву хлуснi i няпраўды, i вядзе яго да выратавання. Па гэтай сцежцы праўды вядзе чытача ў сваiм апавяданнi «Рускі» М.Гарэцкi.

3. «Зямны чалавек» у час «апошнiх дзён»

Даваенны лад жыцця героя апавядання ў значнай ступенi можна параўнаць з бiблейскiм жыццём першых людзей у Эдэмскiм садзе да моманту iх грэхападзення. Безумоўна, у адрозненне ад Адама i Евы, герою твора неабходна было зарабляць на жыццё сваёй працай, але ў той жа час жыццё «рускага», як i жыццё Адама (гэта iмя ў перакладзе са старажытнагабрэйскай азначае «зямны чалавек») знаходзiлася ў поўнай гармонii з прыродай i Богам. Да таго, як трапiць на вайну, герой апавядання вёў натуральны лад жыцця селянiна, якi працаваў на зямлi i карыстаўся яе пладамi, i ў гэтым сэнсе яго таксама можна назваць «зямным чалавекам».

Свет, у якiм жыў «рускi», ужо не быў такiм надзейным запаветам, якi Бог даў Адаму ў Эдэме. Асяроддзе салдата-беларуса да вайны можна назваць толькi асколкам Эдэмскага саду, з якога «сучасны Адам» быў з надзвычайнай лёгкасцю i жорсткасцю вырваны супраць сваёй волi, каб трапiць у зусiм iншы свет, галоўным законам якога быў не закон гармонii i любовi - закон Бога, таму што «Бог ёсць любоў» (Ян 4, 8), - а закон грубай сiлы i падману, закон «князя гэтага свету».

У той жа час на прыкладзе свайго галоўнага героя аўтар паказвае, што ў свеце заўсёды застаюцца людзi, сама натура якiх адмаўляецца падпарадкоўвацца грахоўным правiлам заганнага зямнога жыцця. Але ж грэх, якi пануе на зямлi (Ян 14, 3), вельмi хiтры i вераломны. Таму ў барацьбе з ім адзiн на адзiн нават чалавеку з моцным станоўчым зарадам, закладзеным першапачаткова ў яго натуры, усё роўна перамагчы нельга. Яркiм сведчаннем, узорам i напамінам чалавеку сённяшняга дня аб усёй небяспецы i складанасцi яго становiшча з'яўляецца гiсторыя, якую распавёў М.Гарэцкi.

4. «...дзела закону (Божага), у сэрцах... напiсанае» (Рым 2, 15) - асноўны i адзiны крытэрый у жыццi «зямнога чалавека»

Апісваючы свайго героя, Гарэцкі асаблiва падкрэслiвае яго вельмi здаровую фiзiчную i маральную аснову, якая iдзе ад зямных каранёў, што трывала i арганiчна злучаюць героя з прыродай, а адсюль i з гармонiяй Бога. Пачуццё гармонii для салдата-беларуса з'яўляецца галоўным крытэрыем ацэнкi самога сябе, сваiх учынкаў i ўсяго наваколля ўвогуле.

Сутнасць такога чалавека i, як здаецца, увесь невытлумачальны i заблытаны прынцып яго паводзiнаў i дзеянняў на самой справе, згодна з Бiблiяй, падпарадкоўваецца канкрэтнаму закону. Гэта тыя людзi, якiя, «не маючы закону, па прыродзе робяць законнае, бо, не маючы закону, яны самi сабе закон: яны паказваюць дзела закону, у сэрцах у iх напiсанае, аб чым сведчыць cумленне iх i думкi iх, якія то абвiнавачваюць, то апраўдваюць адна адну» (Рым 2, 14-15). Прынцып паводзiнаў героя апавядання М.Гарэцкага ў Бiблii апiсваецца вельмi дакладна, поўна i сцicла.

Асноўнай жыццёвай сiлай героя з'яўляецца тое, што запаведзi Божыя напiсаны ў сэрцы яго, яны - яго сумленне, якое кiруе ўсiмi думкамi, учынкамi i не дазваляе рабiць зла. Праз сумленне ў душы чалавека, нават калi ён не пазнаў Бога, усё роўна, неасэнсавана i незалежна ад яго розуму i свядомасцi, дзейнiчае страх Божы, якi абвiнавачвае ўсе грахоўныя думкi, што прыходзяць да чалавека.

Сiла закону Божага, якi салдат-беларус меў у сваiм сэрцы, гучала настолькi моцна, што цалкам нейтралiзавала дрэнныя схiльнасцi закону першароднага «граху, якi ёсць у членах» кожнага чалавека (пар. Рым 7, 23). Але ж адно сумленне, нават вялiкае адчуванне Страху Божага без яго разумення i ўсведамлення, не выратоўвае ад грэхападзення. Яго недастаткова, каб пазбегнуць уздзеяння на душу граху, якiм перапоўнены сучасны свет. Сумленне нiяк не вызваляе чалавека ад цяжару здзейсненага граху, якi кладзецца на яго душу непасiльным каменем.

5. «Не датарноўвайцеся да веку гэтага» (Рым 12, 2)

Паспрабуем разабрацца i зразумець, чаму ж нашае сумленне, асабiстае пачуццё сэрца не служыць абсалютнаю заслонаю ад горычы жыццёвых памылак, не з'яўляецца стопрацэнтным гарантам збаўлення ад іх.

Адначасова з голасам сумлення і закону Божага, што iдзе з сэрца, на ўсiх людзей вельмi моцна ўплываюць вонкавыя сiлы таго асяроддзя, у якiм яны знаходзяцца. I няма гарантыі, што ўвесь час, кожны момант жыцця ўнутраныя сiлы чалавечага сумлення будуць мацнейшыя за абставiны.

Абставiны, у якiх жыў салдат-беларус да таго, як апынуўся на вайне, цалкам гарманiравалi з унутраным станам яго душы i таму ўвесь час узмацнялi, падсiлкоўвалi станоўчы патэнцыял яго духоўных сiлаў. Але ж раптоўна для героя ягоны лад жыцця крута змяніўся, i ўмовы, у якiя ён трапіў, набылі ўжо iншае, непрывабнае i бесчалавечнае аблічча вайны. Яны супярэчаць унутранаму стану героя, дысануюць яму i, як бачым, разбуральна ўздзейнiчаюць на яго душу. У пачатку апавядання М.Гарэцкi кажа, што салдат-беларус своеасаблiва «прытарнаваўся» да ладу франтавога жыцця, тым не менш Бiблiя ў такiх сiтуацыях перасцерагае людзей: «не датарноўвайцеся да веку гэтага, але пераабражайцеся абнаўленнем розуму вашага, каб вам пазнаць, што ёсць Воля Божая, добрая, угодная i дасканалая» (Рым 12, 2). Гэтыя бiблейскiя словы знаходзяць поўнае пацвярджэнне ў той трагедыi, што адбываецца з героем апавядання, бо немагчыма чалавеку ў адзiноце, без духоўнай падтрымкi застацца нармальным у звар'яцелым зямным свеце, «прытарнавацца» да яго. Грэх, якi пануе на зямлi, заўсёды атакуе чалавека i б'е яго па самых слабых месцах. Салдат-беларус, па словах М.Гарэцкага, быў чалавекам цёмным, неадукаваным, таму тыя законы праўды, што знайшлi адлюстраванне ў яго душы, так i не былi свядома ўспрыняты ягоным розумам. Розум яго заставаўся тым, не запоўненым праўдаю, слабым месцам сучаснага чалавека, за якое, пачынаючы з Адама i па сённяшнi дзень, вядзецца бескампрамiсная барацьба памiж Богам i д'яблам. Бо хто авалодае розумам чалавека, той распарадзiцца i яго душою.

6. Яд падману «апошнiх дзён»

У наш час, час чалавека «апошнiх дзён», жыццё становiцца ўсё больш дынамiчным, але ж яго дынамiка, на жаль, у большай ступенi праяўляецца ў мiтуснi, якая палоніць чалавека ўсё больш i больш, часта не дае нават падумаць пра тое, што ён робiць, куды iдзе. Таму так проста ў наш час чалавек паддаецца на розны падман, якi ў рэшце рэшт яго губiць. Пра гэтую асаблiвую небяспеку не аднойчы папярэджвала Біблія: «...у апошнiя днi з`явяцца лаяльнiкi, што ходзяць водле пажаданняў сваiх» (2 П 3, 3), «...у астатнiя часы некаторыя адступяцца ад веры, слухаючы духаў спакушаючых i навук дэманавых у крывадушнасцi брахлiвых...» (1 Тым 4, 1-2).

На жаль, цяпер многiя людзi сапраўды слухаюць розных «духаў спакушаючых i навук дэманавых у крывадушнасцi брахлiвых», якiмi перапоўнены свет у свае «апошнiя днi». Падману вось такога крывадушна-брахлiвага вучэння паддаўся ў свой трагiчны момант салдат-беларус. Хлусня гэтай дэманавай навукi - навукi забiваць - заключаецца ў тым, што забiваць блiжняга свайго ён павiнен быў «у iмя Бога, цара i айчыны». На самой справе фальшывы заклiк, перад якім пастаўлена iмя Бога, - цынiчная i iлжывая спроба апраўдаць забойства чалавека толькi таму, што ён не лiчыць сябе «рускiм», не размаўляе, не разважае так, як тыя, хто прымусiў беларускага селянiна ўзяць у рукi зброю. Згодна з гэтай i многімі iншымі вар'яцкiмі фiласофiямі, трэба знiшчаць i гвалтаваць усiх, хто адмаўляецца падпарадкоўвацца д'ябальскiм сiлам граху i iх носьбiтам у свеце.

Бог праз Слова сваё выкрывае i паказвае нязменна воўчы аскал гэтых драпежнiкаў у авечых скурах, аскал, якi яны, пры ўсiх намаганнях, схаваць не могуць: «Хто кажа я пазнаў Яго (Бога), але запаведзяў Яго не выконвае, той брахун, i няма ў iм праўды» (пар 1 Ян 1, 4). Тым большы брахун той, хто заклiкае людзей у iмя Бога парушыць адну з галоўных Божых запаведзяў: «Не забiвай!» Усё гэта таксама з'яўляецца прыкметаю «апошнiх дзён», бо, як кажа Слова Божае, «...цяпер з'явiлася шмат антыхрыстаў, дык мы i пазнаем з гэтага, што настала апошняя гадзiна» (1 Ян 1, 18).

Каб авалодаць свядомасцю чалавека, падманлiвыя вучэннi iмкнуцца любымi сродкамi распалiць у ім нянавiсць да блiжняга свайго, якая асляпляе, зацьмявае розум i ў рэшце рэшт вядзе да самазнiшчэння.

Механiзм уздзеяння на чалавека знiшчальнага самападману нянавiсцi да свайго блiжняга, якi ў самых розных, знешне прывабных афарбоўках прапануюць людзям усялякiя iлжэвучэннi, Бiблiя апiсвае i выкрывае словамi: «Хто ненавiдзiць брата свайго, той у цемры знаходзiцца i ў цемры ходзiць, ды не ведае, куды йдзе, бо цемра вочы яму асляпiла» (1 Ян 1, 11).

На iмгненне аслеплены хлуснёй няпраўды, якая, падкрэслiвае М.Гарэцкi, нават не асэнсавана, а хутчэй падсвядома, быццам нейкая каманда-загад, узнiкае ў розуме салдата-беларуса i прымушае яго неабдумана зрабiць стрэл i забiць чалавека, якому ён толькi што пацiскаў руку, еў з iм хлеб, якi яны ламалi з аднаго кавалка, i пiў вiно з аднаго кубка. А хлеб i вiно належалi забiтаму «рускiм» «аўстрыяку». Сумесная вячэра ўначы двух людзей, якiх прымушаюць быць ворагамi i ненавiдзець адзiн аднаго, была як абрад iх яднання i прычашчэння да тае сапраўднай любовi, на якой i трымаецца ўвесь свет i якая супрацьстаiць разбурэнню свету сiламi зла і цемры.

7. «Пакаранне маё большае, чым вынесці можна» (пар. Быц 4, 13) - трагедыя чалавека ў тупiку «апошнiх дзён»

Грэх, якi ўвесь час шукае подступаў да чалавека, выкарыстаў адсутнасць свядомага, цвёрдага i асэнсаванага ведання праўды салдатам-беларусам у крытычны момант яго жыцця, калi падзеi разгортвалiся вельмi хутка i нечакана для героя апавядання, пакiдаючы яму мала шанцаў для таго, каб падумаць, прыслухацца да голасу свайго сэрца. Тады ў момант слабасцi замест сваiх думак i пачуццяў салдат-беларус скарыстаў правiлы i законы, што так упарта навязвалiся, нават убiвалiся яму ў галаву няправедным, грахоўным зямным светам, у якiм улады вельмi часта выконваюць не Божую волю, а волю цёмных сатанiнскiх сiлаў.

Грэх салдата-беларуса - гэта страшны Каiнаў грэх забойства свайго брата. Нягледзячы на тое, што прычыны грэхападзення Каiна i салдата-беларуса розныя (Каiн забiвае брата свайго з зайздрасцi, а салдат-беларус - у вынiку падману), сам iх грэх па сутнасцi аднолькавы. Таму пакутуюць яны аднолькава, а вячэра на лiнii фронту памiж двума варожымi акопамi аўстрыйскага жаўнера i салдата-беларуса толькi падкрэслiвае ўсю жудасць забойства, якое здзейснiў «рускi». Расплатай Каiна i салдата-беларуса за ўчыненае было раскаянне за пралiтую кроў блiжняга свайго, бо зямля прымала кроў ахвяры са стогнам i выкрыццём злачынства: «І сказаў Бог: што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго прызывае Мяне ад зямлі. І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая расчыніла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі твае» (пар. Быц 4, 10-14). Таксама, як для Каiна страшна гучалi гэтыя словы Бога, страшна гучалi для салдата-беларуса апошнiя словы памiраючага «аўстрыяка»-украiнца: «Што ж цiй москаль наробыв... Застанэцца моя жiнка i дiты...». I як потым нi стараўся апраўдацца герой апавядання словамi самападману «Я рускi!» (а ён нават i рускiм не быў i не змог iм стаць, як нi iмкнулiся яму ўнушыць гэта ўлады, што адправілi на вайну), ноша раскаяння была настолькi вялiкая, што апiсаць увесь яе цяжар можна толькi старазапаветнымi словамi Каiна: «...пакаранне маё большае, чым вынесці можна» (пар. Быц 4, 13).

8. Барацьба сумлення i граху ў душы чалавека «апошнiх дзён»

Брaтaзaбoйcтвa (Быц 4,8-13).
Дрэвaрыт Юлiуca Шнoрр фoн Kaрoльcфeльдa.
Але ж не толькi страх Божы не даваў спакою Каiну i салдату-беларусу ў iх далейшым жыццi. Не даваў спакою i сам грэх, якi праз учынкi моцна ўчапiуся за iх душы. Пасля пранiкнення граху ў душу чалавека пачынаецца барацьба за поўнае авалоданне i зняволенне самой душы, каб знiшчыць голас сумлення - голас закону Божага, запiсаны ў сэрцы чалавечым (пар. Рым 2, 14-15), каб пазбавiць чалавека абароны ад граху праз страх Божы, што iдзе ад сумлення.

Максім Гарэцкi вельмi дакладна апiсвае, як у паводзiнах салдата-беларуса адлюстроўвалася жорсткая i бескампрамiсная ўнутраная барацьба памiж дабром i злом, якая адбывалася ў душы героя ў той трагiчны момант. Спачатку «рускi» жагнаецца над забiтым iм чалавекам i, пэўна, робiць ён гэта не ў роспачы i пакаяннi за ўчыненае, а больш дзеля самазаспакаення i самаапраўдання, спрабуючы адгарадзiцца, дыстанцыявацца праз знак крыжа ад здзейсненага. Тады адначасова са страхам Божым, якi iшоў ад сумлення, у душу салдата-беларуса пачынае закрадвацца ўжо iншы, жывёльны страх - страх смерцi, якi робiць чалавека рабом граху (пар. Гбр 2, 15).

Страх смерцi вельмi часта пануе ў душах менавіта тых, хто асмельваецца ўзняць руку на жыццё iншага чалавека. Гiсторыя сведчыць, што ўсе крывавыя дыктатары на зямлi мелi такi страх (Калiгула, Iван Жахлiвы, Сталiн i iнш.), i нiякая апрычнiна, «спецназ» альбо «камандос» не ратавалi, не збаўлялi iх ад гэтага жывёльнага страху, якi пераследаваў дыктатараў-забойцаў усё жыццё.

Д'ябальская сумесь салодкай атруты самападману апраўданняў i паралiзуючага страху смерцi праз здзейснены «рускiм» грэх забойства блiжняга ўвайшла ў яго душу, запусцiла свае кіпцюры цынiчнага падману ў чалавечае сэрца, каб жыўцом здзерцi i замазаць брудам граху словы сумлення, словы закону Божага, запiсаныя ў сэрцы героя апавядання.

Барацьба памiж сумленнем i грахом у душы салдата-беларуса знешне бачная ў супярэчлiвасцi паводзiнаў над забiтым. Каб канчаткова замацаваць сваю перамогу над чалавекам, цалкам захапiць яго душу ў момант разгубленасцi, сатана спрабуе падштурхнуць «рускага» да наступнага граху - абрабаваць забiтага. У той жа час раскаянне салдата не дазваляе чарговаму граху авалодаць яго душою, яшчэ больш забрудзiць яе. У панiчным страху ад зробленага салдат бяжыць, але ж уцячы ад самога сябе, ад свайго сумлення немагчыма, i пакутны боль пакаяння, нават адчаю, здаецца, назаўсёды адбiваецца ў яго сумных вачах, - падкрэслiвае М.Гарэцкi.

Страх Божы праз моцны боль пякучага пакаяння не дае сатанiнскаму страху смерцi, якi выклiкаў грэх забойства, паралiзаваць душу героя, выпаліць у ёй тое месца, дзе павінна жыць сумленне. Ад болю пакаяння герой апавядання пакутуе значна больш, чым ад фiзiчнага болю, што ўзнiкае ў яго целе найперш як вынік душэўных пакутаў. У такой сiтуацыi чалавеку здаецца, што стан яго безнадзейны i няма выйсця з тупiку, у якiм ён апынуўся.

Адзiнота i iзаляванасць асобы, востры дэфiцыт духоўных адносiнаў памiж людзьмi з'яўляецца адною з асноўных прыкметаў жыцця чалавека «апошнiх дзён» (пар. 2 Тым 3, 1-5). Увесь час вакол «рускага» было мноства розных людзей. Тым не менш не знаходзiцца нiводнага чалавека, якi б зразумеў яго пачуццi i падтрымаў яго духоўна, бо нават i тыя, што шчыра яму спачувалi (напрыклад, доктар Квяткоўскi з Баранавiчаў), не звярталi ўвагi на гаротны стан ягонай душы.

Цi ёсць магчымасць у чалавека «апошнiх дзён» пазбегнуць страху смерцi i збавiцца ад цяжару граху?

Такi шлях ёсць! Бiблiя заклiкае людзей шчыра прыняць i пазнаць Бога, каб «...збавiць тых, што ад страху смерцi праз усё жыццё былi адданы ва ўладу рабству» (пар. Гбр 2, 15).

Cкладанае i надзвычай цяжкае становiшча чалавека ў «апошнiя днi» не безнадзейнае. Менавiта ў «апошнiя днi» чалавек атрымаў шанец збаўлення ад тых пакутаў, што праз грэх валодаюць iм, бо «...не трухлеючым серабром цi золатам адкуплены вы ад марнага жыцця... але бясцэннаю крывёю Хрыста... які з'явiўся ў апошнiя часы дзеля вас» (пар. 1 П 1, 18-20). Таму ў салдата-беларуса, як i ў любога iншага чалавека «апошнiх дзён», ёсць i заўсёды застаецца магчымасць пазбавiцца ад усiх сваiх пакутаў. Для гэтага трэба, па словах Яна Хрысцiцеля, учынiць «плады, дастойныя пакаяння» (Мц 3, 8), каб шчыра i свядома прыняць выратаванне праз Пана нашага Езуса.

9. «Зрабiце плады, дастойныя пакаяння!» (Мц 3, 8) - адзiнае выйсце з тупiку «апошнiх дзён»

На прыкладзе свайго героя Максім Гарэцкi паказвае дзеянне таго бiблейскага закону жыцця, якi кажа, што сапраўднае пакаянне ва ўчыненым граху i раскаянне за грэх - паняццi зусім не аднолькавыя: «Бо смутак па Богу нярупнае пакаянне ў збаўленне ператварае, а смутак свецкi смерць робiць» (пар. 2 Кар 7, 10).

Раскаянне салдата-беларуса не ператварылася ў смутак па Богу. Яно не было скiравана да Бога, таму што герой апавядання не здолеў пазбавiцца ад няпраўды, якая прывяла яго да граху. Падман i грэх гэтага заганнага свету заставаліся з iм, i таму раскаянне «рускага» ў здзейсненым - гэта «смутак свецкi», якi «смерць робiць». Сапраўды, ад таго зямнога смутку раскаяння, якi ахапiў яго, герой апынуўся вельмi блiзка да фiзiчнай i духоўнай смерці: хвароба пачала разбураць яго арганiзм, жыццё давала не радасць, а толькi нясцерпныя душэўныя пакуты.

Аднаго раскаяння было недастаткова, каб учынiць, згодна заклiку Яна Хрысцiцеля, «плады, дастойныя пакаяння». Замест пакаяння герой М.Гарэцкага, як i жыды, да якiх былi звернуты словы Яна Хрысцiцеля, спрабуе апраўдацца.

Фальшывы апраўдальны аргумент салдата-беларуса, што ён «рускi», застаецца для яго паняццем вельмi абстрактным, паколькi яно iлжывае i не рэальнае ў сваёй аснове. Мiфiчная сутнасць гэтага аргумента толькi падкрэслiвае ўсю абсурднасць спробы героя апраўдаць такiм чынам свой грэх. Бiблiя ў гэтым выпадку словамі Яна Хрысцiцеля папярэджвае: «Хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? ... i не думайце гаварыць у думках сваiх: бацька ў нас Абрагам...» (Мц 3, 7-9). Нi сваiм паходжаннем, нi якiм iншым апраўданнем, а толькі пакаяннем ачышчаецца чалавек ад граху!

Першы ўчынак, «дастойны пакаяння», якi вядзе да пазбаўлення ад граху, - шчырае прызнанне чалавекам свайго граху перад самім сабою i перад Богам, якi i ёсць сама Праўда. Шлях чалавека да выратавання iдзе праз праўду, веданне яе i следаванне ёй у жыццi. «Праўда зробiць вас вольнымi», - кажа Езус Хрыстус (Ян 8, 32). Бог не прызнае i не церпiць нiчога, акрамя праўды. Таму замест слоў самападману «Я - рускi» герою апавядання неабходна было сказаць i перш за ўсё самому сабе «Я - Чалавек!» Толькi праз прызнанне i ўсведамленне сябе Чалавекам, створаным на вобраз i падабенства Божае, магчыма шчырае i свядомае пакаянне, якое вызваляе душу ад граху!

Вобраз салдата-беларуса - гэта сiмвалiчны вобраз усяго беларускага народа, якому не хапае свядомасцi, каб рэальна асэнсаваць сваё месца i становiшча ў свеце, i гэтая нявызначанасць губiць i працягвае губiць наш народ па сённяшнi дзень.

Салдат-беларус у апавяданнi Максіма Гарэцкага «Рускi» не толькi вобраз чалавека «апошнiх дзён», але адначасова вобраз апошняга прадстаўнiка свайго народа ў той момант, калi ад яго залежыць, цi стануць сённяшнiя днi апошнiмi днямi на зямлі для яго i ўсяго народа Беларусi. Цi здолее ён учынiць сапраўдныя «плады, дастойныя пакаяння», каб напрыканцы ХХ стагоддзя атрымаць выратаванне, будучыню i годнае жыццё ў трэцiм тысячагоддзi ад Нараджэння Хрыстовага для сябе i свайго народа?

Максiм ГАРЭЦКІ - Рускі (апавяданне)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY