Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

Ян Караль Хадкевіч.
Хрыстафор ЗАВІША

КАРАЛАМАХІЯ,

у якой апісваецца шчаслівая перамога, атрыманая з Божай дапамогай Каралем Хадкевічам, графам у Шклове і Быхаве, старастам Жамойці і Дэрпта, намеснікам Лівоніі і польным гетманам …
над Карлам, князем Швецыі, …
27 верасня 1605 года ў Лівоніі пад Кірхгольмам

 
[З кнігі І]
       Ратныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса.
       Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам
       Бачылі землі Барэя і места паўночнае — Рыга.
       З імем адным — ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога.
5     Той — справядлівасці вораг, а гэты — гарачы прыхільнік.
       Служыць адзін ЖЫГІМОНТУ, другі на яго нападае.
       Той — рабаўнік для Лівоніі, гэты — яе абаронца.
       Сілы ў абодвух адрозныя, гэткі ж адрозны і вынік:
       Гэты наносіць паразу таму, хоць і з меншаю сілай.
10   Воляю вашай, багі, адбываюцца ў свеце падзеі!
       З кім вы прыхільнасць сваю падарылі літоўцам? Якую
       Ласку сармацкаму вы надалі каралю, каб так часта
       Мог без паразы ён біць сваіх ворагаў? Што за эпоха
       Гэткім для нас ваяводам цябе спарадзіла, о КАРАЛЬ?
15   Мабыць, народжаны ты памагчы спрацаванай Айчыне!
       Марсавы цяжар усклаўшы на плечы, ты край той Лівонскі,
       Цалкам адданы апецы тваёй, непахісна бароніш.
       <…>
       КАРАЛЬ прасветлены погляд узвёў да нябесных вышыняў,
       Стаў на калені і рукі да Бога падняў малітоўна, —
       Гэткі ж набожны той муж, як і велічны ратнай адвагай.
60   Правіў тым часам святар ва ўрачыстым убранні малебен.
       Вось прыгадаў ён якраз перамогу славутую Пана:
       Грозны й драпежны дракон замахнуўся на Боскую веліч,
       Толькі ж уладай Яго назаўсёды быў зрынуты ў пекла.14
       Да Уладара Алімпійскага гэтак звяртаецца Караль:
65   «Хрысце, магутны ва ўсім, Ты з усіх каралёў наймацнейшы!
       Злітуйся шчыра над намі: трымае Атлантавы цяжар
       Наш валадар ЖЫГІМОНТ, хоць не мае ў набожнасці роўных.
       Войска яго навучы здабываць перамогу заўсёды!
       Боскую волю Тваю і ахвяру святую ўслаўляю —
70   Тое, чым ёсць гэты хлеб, гэты келіх, узняты высока.
       Ён — дабравест каралю, ён усё аднаўляе ў спрадвечным
       Мельхізэдэкавым чыне,15 дае за грахі адкупленне.
       Келіх — аплот для жывых, ён жыццёвым святлом напаўняе,
       Ён выяўляе нябачна прысутную Боскую волю,
75   Вартую годнай хвалы і бясконцай высокай павагі.
       Як жа належным аддаць табе, Хрысце, якую падзяку?
       Войны стамляюць цябе, хоць дае ў іх падтрымку Настаўнік.
       Бітваў суровых так шмат… І вось гэтыя рукі нярэдка
       Зброю трымалі ў вайне і не раз здабылі перамогу.
80   Шведы разбіты ў васьмі папярэдніх ваенных сутычках.16
       Страшная бітва была, бо адзін дзень не бачыў ніколі
       Столькі забітых, — яны напаўнялі лівонскія землі.
       Трупы імгненна тады засцялілі палі пад Кірхгольмам!
       Сонца над імі ўзышло, новы дзень іх пабачыў — свяшчэнным
85   Днём для сармацкага стаў святара: той быў жорстка забіты
Тытульны аркуш выдання паэмы Хрыстафора Завішы «Караламахія»,
(Вільня, 1606 г.)
       Пры алтары тваім, о Міхаіл, па загаду тырана —
       Ён ненавідзеў жывых і ўсіх тых, хто маліўся за жыцці.
       Поўніцца трупамі ўсё, разліваюцца рэкі крывёю,
       Высяцца горы забітых жаўнераў гаротнага войска.
90   Памяць баіцца пра гэта згадаць нават нам, пераможцам.
       Выгляд жахлівы такі выклікае нязменныя слёзы.
       Хто ж не заплача, убачыўшы рэкі крыві хрысціянскай?
       Прыхадзень, можа, з Каўказа, з армянскай зямлі, дзе вытокі
       Тыгра глыбокага… Іншы ж, на гэтае поле зірнуўшы,
95   Кожны, каго адкупіў Ты, наш Божа, святою крывёю,
       Слёз не стрымае сваіх. Толькі хто ж у адказе за гэта?
       Сведкі мне — гэтыя слёзы й прарочыя ў небе сузор’і:
       Ні на мяне, ні на войска маё не спадае адказнасць:
       Мужна ахоўваць Радзіму і ворагаў гнаць з яе межаў
       Бог дазваляе й прырода, ніводны закон не пярэчыць».

Пераклад з лаціны
Жанны Некрашэвіч-Кароткай.

 


    14 Успамін пра бітву арханёла Міхала і яго анёла супраць дракона і яго анёлаў, якая апісваецца ў кнізе «Адкрыццё» (XII, 7). Памяць святога арханёла Міхала адзначаецца 6 верасня і 8 лістапада. Хутчэй за ўсё, што апісаныя ў дадзеным эпізодзе «Караламахіі» падзеі прыпадалі якраз на другую дату, паколькі Кірхгольмская бітва адбылася 27 верасня.
    15 Мельхізэдэк, кароль Салімскі, святар Бога Усявышняга, пасля вяртання Абрагама з вайны выйшаў насустрач яму з хлебам і віном, такім чынам усталяваўшы з таго дня абрад святой Камуніі.
    16 Гэтыя восем папярэдніх сутычак можна прэзентаваць наступным чынам:
            1) у траўні-чэрвені 1601 года войскі вялікага гетмана Крыштафа Радзівіла і польнага гетмана Яна Хадкевіча ўзялі ў аблогу і заваявалі крэпасць Кокенгаўзен (Кокнесэ);
            2) у ліпені 1601 г. беларуска-літоўскія войскі занялі Вендэн (Кесь, Цэсіс);
            3) у кастрычніку 1601 года войскі кароннага гетмана Яна Замойскага наблізіліся да Рыгі, і шведскае войска адступіла;
            4) з восені 1601 г. да канца лета 1602 г. атрады Хадкевіча пераследавалі шведаў і блакавалі шведскія гарнізоны ў крэпасцях Вольмар (Валміера) і Везенберґ (Ракверэ), Фелін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ);
            5) у лістападзе 1602 года войска Хадкевіча пачало аблогу Дорпата (Тарту);
            6) у сакавіку 1603 года войска Хадкевіча напала на шведскае войска блізу Дорпата;
            7) у красавіку 1603 года пачалася другая аблога Дорпата;
            8) у верасні 1604 г. адбылася бітва каля Белага Камня.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY