Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Валеры БУЙВАЛ

ПЭТЭР ПАЎЛЬ РУБЕНС.
ЗАРУЧЫНЫ СВЯТОЙ КАЦЯРЫНЫ

Геніяльны мастак, за які б жанр або форму мастацтва ён ні браўся, нязменна пакідае нашчадкам яркі твор, у якім напоўніцу раскрываецца ягоны дар Божы. Геній не памыляецца ва універсальнасці сваёй творчасці. Пра гэта казаў нам падчас практыкі ў пецярбургскім Эрмітажы выдатны рубенсазнаўца, прызнаны аўтарытэт на радзіме мастака Юры Кузняцоў. Багацейшую калекцыю твораў Рубенса (1577–1640) у Эрмітажы складаюць графічныя накіды, эскізы алеем і манументальныя палотны. «Любая тэма, да якой калі-небудзь звяртаўся жывапісец: ці то біблейская або гістарычная падзея, алегорыя або сцэна палявання, партрэт або краявід, — ператваралася пад ягоным пэндзлем ва ўрачыстае, святочнае відовішча, напоўненае здаровым, жыццёва важным зместам, што ўслаўляе духоўную і фізічную магутнасць і прыгажосць чалавека...»1. Гэтыя словы настаўніка ўспамінаюцца пры кожнай сустрэчы з творамі Рубенса.

Берлінскі эскіз, выкананы Рубенсам падчас працы над манументальнай алтарнай карцінай, даўно ўжо заняў у гісторыі мастацтва самастойнае месца, як і шэраг іншых эскізных работ вялікага фламандца. Больш за тое, вельмі часта віртуозны эскіз у сваёй «незавершанасці» захоўвае жывы подых творцы, які захапляецца свабодным пошукам і эксперыментам, не хвалюючыся за вынік і ацэнкі заказчыкаў. Але ці пасуе гэты тэзіс да мастацтва Пэтэра Паўля Рубенса? Усе ягоныя творы выкананы ў свабоднай і тэмпераментнай манеры. Папулярнасць ягоных твораў ніколі не слабела, і на працягу стагоддзяў да нашых дзён не было аніводнага перыяду «забыцця» Рубенса. І ў гэтым сэнсе ён з’яўляецца рэдкім у гісторыі мастацтва шчаслівым творцам. Рубенс, як і кожны чалавек, перажыў удары лёсу, страту блізкіх і каханых людзей. Але на працягу ўсяго жыцця яму спадарожнічаў поспех, здзяйсняліся задумы, сучаснікі захапляліся ягонымі творамі, манархі і Касцёл высока цанілі ягоную творчасць, ён выхаваў таленавітых і адданых яму вучняў. Даследчыкі часта параўноўваюць вялікага фламандца з ягоным сучаснікам — вялікім нідэрландцам Рэмбрандтам, трагічнае жыццё якога, непрызнанне публікай і калегамі кантрастуюць з лёсам Рубенса на старонках гісторыі мастацтва.

Будучы мастак нарадзіўся ў сям’і антверпенскага юрыста Яна Рубенса ў нямецкім горадзе Зіген. Сям’я жыла ў эміграцыі, бо ў гэты час ішла вайна за вызваленне нідэрландскіх правінцый ад іспанскага іга. Не выпадкова, што праз дзесяцігоддзі Пэтэр Паўль Рубенс прызнаваўся сябрам у сваіх лістах, каментуючы сваю дыпламатычную кар’еру: «Галоўнай мэтай маёй дзейнасці ёсць мір, усталяванне міру паміж народамі...» З дыпламатычнымі місіямі ён выпраўляўся ў Мадрыд, Амстэрдам, Лондан. Дарэчы, існуюць грунтоўныя манаграфіі, прысвечаныя выключна дзейнасці Рубенса-дыпламата. Універсалізм, уласцівы толькі генію.

Пасля смерці бацькі ў 1587 годзе малы Рубенс вяртаецца з сям’ёй у Антверпен, дзе вучыцца жывапісу ў майстэрнях мясцовых мастакоў і ўжо ў 22-гадовым узросце становіцца вольным майстрам гільдыі св. Лукаша (гільдыі жывапісцаў). Паводле тагачаснай традыцыі, ён выязджае на некалькі гадоў у Італію, з захапленнем вывучае антычнае мастацтва, барока, стварае шэраг самастойных выдатных карцін. Знаходзячыся ў Іспаніі, Францыі, Англіі, Рубенс заўсёды знаёміцца з мастацтвам гэтых краін, але ў выніку стварае карціны і рысункі, якія на працягу стагоддзяў успрымаюцца людзьмі як найбольш поўнае і яскравае выяўленне фламандскага нацыянальнага духу, народнай традыцыі і светапогляду.

Пасля трагічнага расколу нідэрландскіх правінцый у выніку шматгадовай вайны на кальвінісцкую Галандыю і каталіцкую Фландрыю (цяпер у складзе Бельгіі) развіццё культуры ідзе ў гэтых краінах рознымі шляхамі. Рыгарыстычнае адмаўленне выяўленчага мастацтва кальвіністамі змушае мастакоў працаваць для багатых кліентаў, звяртацца да партрэта і краявіду. А ў Фландрыі якраз наадварот назіраецца ўздым рэлігійнага мастацтва. Праграма контррэфармацыі, распрацаваная на Трыдэнцкім Саборы, надае вялікую ролю выяўленчаму мастацтву і архітэктуры ў праслаўленні Хрыста, у развіцці культу Мадонны і святых (які імкнуцца разбурыць пратэстанты), у сцвярджэнні сімвалаў веры і велічы Каталіцкага Касцёла. Рубенс быў нястомным працаўніком на гэтай ніве.

Берлінскі эскіз доўгі час насіў назву «Мадонна з Немаўляткам Хрыстом і святымі». Праект манументальнай размалёўкі так і не быў рэалізаваны мастаком, эскіз застаўся эскізам. Пазнейшыя даследчыкі па-новаму ідэнтыфікавалі сюжэт работы. Містычная сцэна заручынаў святой з Хрыстом была не новая ў сярэднявечным мастацтве, але ніколі яшчэ гэты сюжэт не адлюстраваўся з такой энергіяй, з такім размахам, з такім захапленнем. Вертыкальная кампазіцыя мае паўцыркульнае завяршэнне. Карціна (эскіз цалкам заслугоўвае такога вызначэння) — гэта толькі вялікае «акно», якое дазваляе нам убачыць нябесны свет, дакладней, ягоную частку, галоўны фрагмент. Але мастак хацеў перадаць усю неабсяжнасць гэтага свету, таму выява распаўсюджваецца за рамкі кампазіцыі, усе дынамічныя сілы нібыта вырываюцца з-пад кантролю жывапісца і імкнуцца ўшыркі. Фігурная група ў цэлым будуецца паводле прыярытэтнай кампазіцыйнай мадэлі барока — «сінусоідзе». Ад правага ніжняга краю карціны імклівы рух развіваецца вітком спіралі ў цэнтр, дзе ўзвышаецца фігура Мадонны з Немаўляткам на каленях. Пачынаецца гэты рух з трохфігурнай групы: святы Аўгустын у біскупскіх шатах, святы Лаўрэнці (трымае жалезныя краты, на якіх яго закатавалі ворагі веры) і святы Мікалай Таленцінскі ў манаскім адзенні. Далей дынамічная плынь ахоплівае наступную трохфігурную групу: святых ваяроў. Карнацыя аголенага цела святога Себасцьяна ў белай павязцы (трымае калчан са стрэламі і пальмавую галінку — сімвал пакутніцкай смерці) драматычна кантрастуе з халодным бляскам даспехаў святога Юрыя (топча забітага ім цмока) і яшчэ аднаго святога ваяра, паказанага мастаком з плячэй. На месцы, дзе кампазіцыйная лінія робіць рэзкі паварот, мы бачым трыяду святых пакутніц і праведніц. І вось ужо дасягнута вяршыня кампазіцыі, дзе на п’едэстале адбываюцца містычныя заручыны св. Кацярыны і Немаўляткі Хрыста, які схіляецца да святой і надзяе на палец яе рукі пярсцёнак.

Верхняя частка кампазіцыі нечакана набывае гарызантальны характар. Галоўную групу (Мадонна з Хрыстом, святы Юзаф за яе плячыма) фланкуюць важныя фігурныя групы. Злева, пад аркай, — апосталы Пётр (з ключом) і Павел (з вялікім мячом). Іх поўныя велічнага спакою фігуры ў прыцемках за калонай ствараюць рэзкі кантраст з выявай св. Яна, які паказаны справа ад галоўнай групы і завяршае доўгі, разгорнуты спіраллю, ланцуг фігураў. Святы Ян узмахвае рукамі, крочыць па прыступках, развярнуўшыся і нахіліўшыся наперад — гэта ўсхваляваны сведка Боскага цуду, паказаны ў яркім святле і на фоне воблакаў. За ім на другім плане чытаюцца фігуры анёлаў, якія ўтаймоўваюць льва (сімвал Яна Евангеліста). Фігура святога Яна нечакана замыкае ўсю фігурную структуру карціны: яна ў цэлым паўтарае сілуэт і пазіцыю фігуры святога Міколы Таленцінскага, што знаходзіцца непасрэдна ўнізе і пачынае імклівы рух.

Архітэктура, нібы каркас, моцна трымае ўсю фігурную кампазіцыю. П’едэстал з прыступкамі і выразнымі прафілямі завяршаецца каланадай, якая магутна і сканцэнтравана разгортваецца у адзіным сілуэце за фігурамі Марыі і Немаўляткі. Яе вертыкаль пераразаецца хвалістай гарызанталлю чырвонай драпіроўкі, цераз якую, як матылькі, апускаюцца анёлы, каб каранаваць святую Кацярыну лаўровым вянком.

Чырвань успыхвае ў карціне толькі ў двух месцах — ярка гарыць сцяг у руках святога Юрыя і маланкай ззяе, агінаючы калону, драпіроўка-балдахін уверсе. Гама карціны — урачыстае сугучча залатых, стальных, белых і чорных тонаў, узбагачанае чырвонымі дамінантамі, — улюбёная жывапісная мова Рубенса. «Спантаннасць рухаў пэндзля і празрыстасць дынамічнага фарбавага слою яшчэ і сёння стварае для нашага вока, навучанага імпрэсіяністамі, эстэтычны цуд, які не губляе сучаснасці праз стагоддзі», — так напісала пра творы Рубенса нямецкі мастацтвазнаўца Габрыэле Шпрыгат2.

Найбуйнейшы мастак фламандскага барока, Рубенс не здольны перадваць містычную цішыню, што пануе ў творах італьянскіх мастакоў на тэму Sacra Conversazione (святой размовы). І справа не толькі ў тэмпераменце паўночнага жывапісца. Мастак эпохі пераможнага каталіцызму стварае трыумфальны гімн веры, які не губляе сваёй велічы і шчырай чысціні ў вяках.
 

Пэтэр Паўль Рубенс. Заручыны святой Кацярыны.
Эскіз алтарнай карціны. Каля 1628 г. Дрэва, алей. 80,2 х 55,5 см.
Карцінная галерэя Далем, Дзяржаўныя музеі ў Берліне.

 


  1. Ю.И. Кузнецов. Рисунки Рубенса. — М., 1974. С. 3.
  2. Gabriele Sprigath. Peter Paul Rubens. — Dresden, 1980. C. 25.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY