Мікола Купава з сынам Вітаўтам і дачкой Рагнедай.

Дадатак да артыкула: Галерэя

Вольга ІПАТАВА

МАЙСТАР СВЯТЛА

Апошнія два дзесяцігоддзі ўсе, хто піша пра Міколу Купаву, так ці іначай у адносінах да яго творчасці ўжываюць слова «майстар».

Але пішуць, на жаль, няшмат, найбольш у ключы інфармацыйным: удзельнічаў (ці, часцей) арганізаваў тую ці іншую выставу, пленэр, імпрэзу.

Мікола Купава сапраўды шмат арганізоўвае: амаль усе юбілеі слынных нацыянальных дзеячаў ці значныя падзеі ён, разам са сваімі аднадумцамі, не абмінуў увагаю. Толькі летась мы былі ўдзельнікамі гісторыка-навуковай канферэнцыі і выставы да 500-годдзя славутай Клецкай бітвы, мастацкіх выставаў «За нашу і вашу волю» да 168-й гадавіны з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і «Зямля пад белымі крыламі» да 75-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Ён жа арганізаваў і першую ў юбілейным годзе выставу да 125-годдзя Я. Купалы і Я. Коласа ў вёсцы Баравое Дзяржынскага раёна.

Пра сябе ён думае найменей. Толькі ў год свайго 60-годдзя (нарадзіўся мастак 31 студзеня 1946 г.) ён зладзіў персанальныя выставы, і яны — адна пад назваю «Пры святле Радзімы» і другая — «Беларускі лёс ХХ стагоддзя» (да 100-годдзя газет «Наша Доля» і «Наша Ніва») — далі нам магчымасць убачыць больш выразна і яскрава, як вырас за гэтыя гады талент мастака.

Яго графіка набыла выразнасць і адточанасць, якія даюцца глыбокім роздумам над сутнасцю падзей, да якіх дакранаецца рука творцы.

... Вось яна, калыска беларускага Адраджэння — Вільня. На першым плане — Вострая Брама з яе спрадвечным крывіцкім сімвалам. А за ёй — камяніцы, касцёлы і гатычныя дахі сярэднявечнай архітэктуры, якую стваралі нашы продкі. Замак Гедыміна адсюль маленькі, як дзіцячая цацка — выразанка, аднак яго абрысы, падсветленыя вечаровым небам, нібы заключаюць у адно выразную панараму Вільні гістарычнай, той, пра якую пісаў Максім Багдановіч, услаўляюць сённяшнія творцы і да якой будуць звяртацца яшчэ многія пакаленні паэтаў вольнай Беларусі... Творы Міколы Купавы тут вывераныя да апошняга мазка, святлацені ствараюць аб’ём і перспектыву, і мы нібы зазіраем не толькі ў Мінулае, але і ў Будучыню. Нездарма ж у адным з інтэрв’ю мастак сказаў: «Я звяртаюся да мінуўшчыны нашага народа, бо думаю пра яго будучыню».

Сапраўды, з самых першых сваіх твораў і па сёння ён умее з незвычайнай сілай пачуцця адчуваць і адчыняць дзверы ў мінулае, тое, на якое цягам вякоў народ, прыгнечаны і занядбаны, пачаў быў забывацца. Тады, у пачатку творчага шляху Міколы Купавы, было гэта зусім няпроста, як няпроста было рабіць гэта Уладзіміру Караткевічу. Не ўсе яго разумелі — многія рабілі сабе імёны на так званых «дацкіх» творах, і былі заўсёды прыгрэтыя. Ён жа, як і ягоныя сябры — патрыёты, жыў «на скразняках», але ўпарта ішоў наперад. Мабыць, энергія тых вялікіх папярэднікаў, чые абліччы ён нібы выхопліваў з цемры, жывіла яго дух.

Люблю ягоных Цётку, Багушэвіча, Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Міндоўга, Вітаўта і яшчэ шмат каго з тых, каго ён увасобіў у мастацкіх творах. Яны заўсёды адметныя, у іх ёсць асаблівая вытанчанасць і высакароднасць, яны нібы выразаныя ў самой Вечнасці, як у вялізным дыямэнце. Яшчэ ў 1983 годзе ў часопісе «Przyjaźń» пра глыбінную сувязь мастацтва Купавы з роднымі карэннямі, з душой беларуса з захапленнем пісала Марыя Путрамант, назваўшы свой артыкул «У пошуках радаводу». Яна адзначала таксама незвычайную дакладнасць кожнай дэталі ў яго палацах, вуліцах, збудаваннях, што стала вынікам доўгіх і сур’ёзных даследаванняў, вандровак па родным краі, глыбокіх роздумаў над зігзагамі Гісторыі і яе месцам у сучаснасці. Нездарма, услед за славутымі папярэднікамі Напалеонам Ордам і Язэпам Драздовічам, Мікола Купава занатаваў беларускія краявіды, але прыярытэтам сталі для яго мясціны Янкі Купалы, што дало нам серыі яго работ «З вандровак па Беларусі» і «Шляхамі Янкі Купалы.»

Мікола Купава.
Пінск. Езуіцкі калегіум і касцёл святога Станіслава.
Калі выбіраць з яго апошніх па часе работ славутых асобаў Беларусі, то найбольш вядомым і значным мне ўяўляецца выява вялікага князя Вітаўта. Гэта несумненная ўдача мастака, і нездарма ў самых розных мясцінах Беларусі можна сустрэць каляровыя адбіткі гэтай выбітнай асобы, якія з любоўю змяшчаюць у сябе ў хатах настаўнікі і лекары, інжынеры і вучні. Выява нагадвае старажытны насценны жывапіс Егіпта, дзе заўсёды на адной плоскасці існуе некалькі перспектываў. Вітаўт пададзены як сапраўдны волат на фоне Крэўскага замка. І велічны замак нібы саступае па сваёй значнасці асобе вялікага князя, з якога, як піша гісторык А. Краўцэвіч, пачаўся «залаты век Беларусі» з яго дзяржаўнай беларускай мовай і асэнсаваннем сябе як найвялікшай у Еўропе краіны. Вобраз тут узнёсла-раманатычны, і, магчыма, гэта найлепшае вырашэнне, бо Вітаўт ужо для ягоных сучаснікаў стаў асобаю легендарнай. Што ж казаць пра нас, якія глядзяць на яго ўжо з дваццаць першага стагоддзя?

Вітаўт і перамога пад Грунвальдам; Вітаўт — і сённяшняя незалежнасць; Вітаўт — і рыцарская адданасць Радзіме — гэта і многае іншае ўкладае мастак у вобраз, над якім ён няспынна працуе і сёння, шукае, удасканальвае, параўноўвае ( у яго сабралася ўжо некалькі варыянтаў выяваў вялікага князя, пераможцы над татарамі ў бітве 1362 г. на Сініх Водах). Да некаторых сваіх герояў ён сапраўды як бы вяртаецца на працягу ўсяго жыцця, таму што яно, жыццё, дадае не толькі мудрасці, але і прафесійнага вопыту, з пункту гледжання якога пакутліва хочацца дасканаласці. Але гэта адначасова сведчыць, што мастак не хоча спыняцца на дасягнутым, і ўдумлівы глядач, які ведае і цэніць творчасць Купавы на працягу вось ужо больш як трох дзесяцігоддзяў, адчувае, што і ён нібыта крочыць за ім у вечных пошуках Недасягальнага...

Мікола Купава, на мой погляд, па складзе сваёй душы найперш сапраўды рамантык. Ягоныя творы (а гэта станковая і кніжная графіка, экслібрыс у тэхніках лінарыта, акварэлі і літаграфіі) амаль заўсёды падаюцца як бы трохі зверху, нібыта з вышыні птушынага палёту — а можа, гэта палёт яго закаханай у Радзіму душы? Асабліва гэта было заўважна на апошніх яго персанальных выставах, якія нібы ілюструюць думку сярэднявечных гасцей-іншаземцаў пра тое, што наша зямля — гэта «краіна замкаў». Сапраўды, замкі Беларусі — тыя, якіх амаль што і няма, бо ад іх засталіся пераважна руіны — ажывалі, паўставалі на яго карцінах, яны, са сваімі чырвонымі дахамі, нібы асвятлялі палотны і праз іх — выставачныя плошчы. Гэта было фантастычнае відовішча, казка, што ажыла для нас дзякуючы мастаку.

Боль ад таго, што ў дарагой яму Оршы на працягу пасляваенных гадоў бязлітасна нішчыліся выключныя па сваёй мастацкай каштоўнасці творы архітэктуры, даў яму і ўпартае жаданне аднавіць страчанае — няхай хаця б толькі на палатне. І ён ажывіў старадаўнюю казку не толькі Оршы, але і многіх іншых беларускіх гарадоў, што страцілі сваё непаўторнае аблічча ці праз войны, ці праз гістарычнае бяспамяцтва.

Дарэчы, ён не раз ажыўляў казкі як мастак-афармляльнік, у тым ліку самую вядомую «Сіняя світа налева пашыта», якую прачыталі і прагледзелі тысячы беларускіх дзяцей, а таксама іншаземцы. Казкай успрымалася і кніга Міколы Арочкі « Курганне, Крэва», якую яшчэ ў1981 годзе ілюстраваў мастак, а таксама і «Судны дзень Скарыны»(1991 г). Удала аформлена і кніга А. Ліса «Вечны вандроўнік» (1984 г.), прысвечаная Язэпу Драздовічу. Дарэчы, у 2002 годзе выйшаў і імгненна знік альбом твораў гэтага геніяльнага мастака, у афармленні якога М. Купава прымаў самы дзейсны ўдзел, але гэта быў заказ Беларускага літаратурнага фонду... Цяпер, здаецца, атрымаць дзяржаўны заказ яму, майстру-афармляльніку, не надта шанцуе, ды і беларускіх казак выдаецца няшмат, у той час як прылаўкі кнігарняў заваленыя спрэс кнігамі адно суседняй краіны, а беларусам жа так важна было б аддаваць перавагу найперш прапагандзе сваіх уласных здабыткаў культуры, як робіць гэта кожная краіна!

Сёння мастак шмат працуе ў тэхніцы акварэлі. І гэта зусім новы Мікола Купава. Гэта не толькі экспрэсіўны графік, які ўкладаў у партрэт часцінку сваёй бурлівай энергіі, ці жывапісец, які будзіў душу гледача сваімі вобразамі-сімваламі выразнай грамадскай пазіцыі. У акварэлях — тонкі, пяшчотны лірык, які ўлоўлівае імгненныя пераходы сонечнага святла на паверхні і ў глыбінях ціхага ляснога возера каля вёскі Бабруйшчына (Глыбоччына), ці ў вяршалінах соснаў на могільніку, дзе вечным сном спіць Язэп Драздовіч, ці ў спалучэнні залатога жытняга поля і вечна зялёнай травы на маўклівых узгорках напалову апусцелых вёсак. Як і ў ранейшых ягоных працах, важную частку кампазіцыі твора займае неба, ажно да траціны ўсёй плошчы (як у карціне «Двухгаловы арол»). Часам яно пагрозліва — чорнае, навісае над чалавекам, як злавесны Цмок, але найбольш выступае як сімвал заўсёднай надзеі — там, дзе Асоба (Еўфрасіння Полацкая, Вітаўт, Давыд Гарадзенскі і іншыя) галавою амаль кранаецца нябёсаў, там заўсёды святкуецца перамога. Купава — сапраўдны майстар святла, яго глыбіннай сутнасці як пераможцы цёмных сілаў.

І ў гэтых працах, як і ўва ўсім, што робіць мастак, — шчодрае ахвяраванне сябе, сваёй душы і сэрца, свайго таленту — радзіме, Беларусі. Калі так можна сказаць, ён — не «эга», а «беларуса»- цэнтрыст.

Бываў, як і многія знаныя творцы, у іншых краінах, выстаўляўся, мае там сваіх прыхільнікаў. Як пераможца конкурсу «Вечныя гарады» ўзнагароджаны паездкай у Рым, яго творы захоўваюцца ў музеях не толькі Беларусі, але і ў калекцыях Літвы, ЗША, Польшчы, Швецыі, Вялікабрытаніі. Лаўрэат прэміі Фонда Тадэвуша Касцюшкі, а за мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» яшчэ ў 1988 годзе ўзнагароджаны дыпломам і медалём Францыска Скарыны. Як многія, ён мог бы з’ехаць дзеля лепшых заробкаў у іншыя краіны, але заўсёды вабіць яго менавіта гэтая зямля, гэтыя краявіды і людзі, што належаць найперш Беларусі. Дзеля яе ён узвальвае на свае плечы шмат так званай «чорнай» — арганізацыйнай, грамадскай — працы, якая няўмольна «з’ядае» сілы і час, што з узростам пачынае набіраць і набіраць хуткасць, штурхаць у плечы. Але, мабыць, усё, што робіцца для грамадства, дае свой плён — у маладых, што прыходзяць на выставы, сёння ўжо іншае, чым якіх дваццаць гадоў таму, разуменне сваёй гісторыі, а значыць, і сваёй будучыні.

Мікола Купава годна робіць сваю справу — ствараючы свет высокіх ідэалаў і прыгажосці, уздымае душы сваіх сучаснікаў і напаўняе іх святлом. Бо ён — Майстар.