Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Папа ЯН ПАВЕЛ ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Папа Павел VI з польскімі біскупамі. Злева ў цэнтры — Кракаўскі мітрапаліт Караль Вайтыла.

Айцы Сабору

У часе першай сесіі Сабору, яшчэ як дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі, я меў магчымасць падзякаваць кардыналу Джаванні Манціні за велікадушны і вялікі дар міланскай архідыяцэзіі для калегіяты св. Фларыяна ў Кракаве, якім былі тры новыя званы (сімвалічны, але які ж красамоўны дар, таксама і ў сувязі з імёнамі, што былі дадзены званам: «Панна Марыя», «Амброзій — Караль Барамей» і «Фларыян»). З просьбаю аб такім дары звярнуўся прэпазіт калегіяты св. Фларыяна. Арцыбіскуп Манціні, які заўсёды вельмі зычліва ставіўся да палякаў, надзвычай сардэчна аднёсся да гэтага праекту і вельмі зычліва да мяне, тады маладога біскупа.

Італьянскія калегі, якія (калі можна так сказаць) выконвалі абавязкі гаспадароў Сабору і наогул Ватыкана, заўсёды здзіўлялі зычлівасцю і універсальнасцю. У часе першай сесіі Сабору захапляльным досведам паўсюднасці Касцёла для мяне была вялікая колькасць біскупаў з Афрыкі. Яны сядзелі ў розных месцах базылікі св. Пятра, у якой, як вядома, праходзіла праца Сабору.

Сярод іх былі вядомыя тэолагі і адданыя душпастыры. Яны мелі шмат чаго сказаць. Сярод іншых мне найбольш запомніўся арцыбіскуп Раймонд-Марыя Чыдзімба з Канакры, які шмат выцерпеў ад камуністычнага прэзідэнта сваёй краіны і ўрэшце павінен быў эміграваць. У мяне былі сардэчныя і частыя кантакты з кардыналам Гіяцынтам Цяндумам, чалавекам выключнай індывідуальнасці. Яшчэ адною вядомаю асобаю быў кардынал Поль Зунграна. Абодва належалі французскай культуры, дасканала размаўлялі на гэтай мове, як бы яна была іх роднаю. Я пасябраваў з гэтымі шаноўнымі асобамі, калі жыў у Польскім калегіуме.

Вельмі блізкі быў мне кардынал Габрыэль Марыя Гарронэ. Француз, старэйшы за мяне на дваццаць гадоў. Ён адносіўся да мяне вельмі сардэчна, можна сказаць, па-сяброўску. Разам са мною быў менаваны кардыналам і пасля Сабору быў прэфектам Кангрэгацыі па справах каталіцкага выхавання. Хіба, прымаў яшчэ ўдзел у канклаве. Другім французам, з якім я пасябраваў, быў тэолаг Генры дэ Любак SJ, якога я сам праз шмат гадоў менаваў кардыналам. Сабор быў надзвычайным перыядам знаёмства з біскупамі, тэолагамі, асабліва ў паасобных Камісіях. Калі каментавалася Схема 13 (якая пазней стала Душпастырскаю канстытуцыяй пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes) і я гаварыў пра персаналізм, да мяне падышоў айцец дэ Любак і сказаў: «Так, так, так, у гэтым кірунку!» Такім чынам падбадзёрыў мяне, што мела для мяне асаблівае значэнне; я ж быў адносна маладым чалавекам.

Таксама я сябраваў з немцамі. З кардыналам Альфрэдам Бэнгшэм, на год маладзейшым за мяне. З Ёзафам Хёфнэрам з Кёльна, Ёзафам Ратцынгерам — гэта былі духоўнікі, выключна падрыхтаваныя тэалагічна. Асабліва памятаю маладзенькага тады прафесара Ратцынгера. Як эксперт тэалогіі ён суправаджаў падчас Сабору кардынала Ёзафа Фрынгса, арцыбіскупа Кёльна. Пасля Павел VI менаваў яго арцыбіскупам Мюнхена і прызначыў кардыналам. Ён быў на канклаве, які даверыў мне паслугу св. Пятра. Калі памёр кардынал Франьё Шэпэр, я папрасіў Ратцынгера ўзяць на сябе пасля яго функцыі прэфекта Кангрэгацыі Дактрыны веры. Я дзякую Богу за прысутнасць і дапамогу кардынала Ратцынгера — гэта верны сябра. На жаль, ужо вельмі мала засталося жывых біскупаў і кардыналаў, якія ўдзельнічалі ў Саборы (11.Х.1962–8.ХІ.1965).

Гэта была вялікая касцёльная падзея, і я дзякую Пану Богу за тое, што мог удзельнічаць у ім з першага да апошняга дня.

 
Калегія кардыналаў

У пэўным сэнсе сэрцам біскупскай калегіі з’яўляецца калегія кардыналаў, якія атачаюць Наступніка Пятра і падтрымліваюць яго ў сведчанні веры для ўсяго Касцёла. Я быў уключаны ў гэту Калегію ў чэрвені 1967 года.

Калегія кардыналаў асабліва яскрава падкрэслівае прынцып супрацоўніцтва і ўзаемнага ўмацавання ў веры, на якой будуецца ўся місійная справа Касцёла. Заданне Пятра такое, якое вызначыў яму Езус: Ты ж, навярнуўшыся, умацуй братоў (пар. Лк 22, 32). З першых стагоддзяў Наступнікі Пятра карысталіся супрацоўніцтвам з калегіяй біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, адказных разам з імі за горад Рым і найбліжэйшыя да яго дыяцэзіі («suburbcariae»). Іх пачалі называць «vivi cardinales». Зразумела, на працягу стагоддзяў змяніліся формы гэтага супрацоўніцтва. Аднак яго асноўнае значэнне, тое, што яно ёсць знакам для Касцёла і свету, застаецца нязменным.

Паколькі пастырская адказнасць Наступніка Пятра ахоплівае цэлы свет, паступова выявілася, што карысна, каб ва ўсім хрысціянскім свеце прысутнічалі «vivi cardinales», якія яму асабліва блізкія пачуццём адказнасці і безагляднаю гатоўнасцю даць сведчанне веры, калі гэта патрэбна, ажно да праліцця крыві (таму колер іх шатаў пурпурны, як кроў мучанікаў). Я ўдзячны Богу за гэту падтрымку і за адказнасць, якую кардыналы Рымскай курыі і цэлага свету нясуць разам са мною. Чым больш яны гатовыя быць падтрымкаю для іншых, чым больш умацоўваюць іх у веры, тым больш у выніку здольныя таксама панесці агромністую адказнасць за зроблены пад натхненнем Духа Святога выбар таго, хто прыме Пятрова служэнне.

 
Сіноды

Маё біскупскае жыццё распачалося практычна адначасова з абвяшчэннем Сабору. Як вядома, адным з вынікаў Сабору было ўстанаўленне Сіноду Біскупаў, які Папа Павел VI утварыў 15 верасня 1965 года. У гэтыя гады адбылося шмат сінодаў. Падчас кожнага з іх вялікую ролю выконвае генеральны сакратар. Найперш ім быў кардынал Уладзіслаў Рубін, якога ваенны лёс прывёў праз Ліван у Рым. Павел VІ даверыў яму стварэнне Сакратарыята Сіноду. Гэта было нялёгкае заданне. Я стараўся, як мог, яго ў гэтым падтрымліваць, асабліва добраю парадаю. Пасля яго заданне ўзяў на сябе Ёзаф Томка, пасля якога прыйшоў Ян Шоттэ.

Гэтых сінодаў, як я ўжо сказаў, адбылося шмат. Апроч тых, якія адбыліся яшчэ пры Паўле VI, былі сіноды, прысвечаныя сям’і, сакрамэнту пакаяння і паяднання, ролі свецкіх у жыцці Касцёла, святарскай фармацыі, кансэкраванаму жыццю, біскупам. Адбываліся таксама сіноды асаблівага характару: сінод, прысвечаны Галандыі, сінод з нагоды дваццатай гадавіны заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, спецыяльны сход, прысвечаны Лівану. Пасля адбываліся сіноды кантынентальнага характару: для Афрыкі, для Амерыкі, Азіі, Акеаніі і два сіноды для Еўропы. Задума была такая, каб прайсці па ўсіх кантынентах перад Тысячагоддзем, пазнаёміцца з імі і ўбачыць іх праблемы пры падрыхтоўцы да Вялікага Юбілею. Гэта праграма была выканана. Цяпер трэба падумаць пра новы сінод, тэмаю якога будзе сакрамэнт Эўхарыстыі.

У маім біскупскім жыцці я ўжо меў магчымасць судакрануцца з сінадальным досведам, бо быў вельмі важны Сінод Кракаўскай архідыяцэзіі, арганізаваны з прычыны 900-годдзя св. Станіслава. Гаворка, зразумела, толькі пра дыяцэзіяльны сінод. Ён не праходзіў на ўзроўні паўсюднага Касцёла, але больш сціпла, у супольнасці мясцовага Касцёла. Тым не менш, таксама й дыяцэзіяльны сінод мае немалое значэнне для супольнасці вернікаў, якія штодня перажываюць тыя самыя праблемы, звязаныя з практыкаю веры ў пэўных грамадскіх і палітычных варунках. Заданнем Кракаўскага сіноду было больш глыбокае ўвядзенне ў жыццё гэтай мясцовай супольнасці таго, што прынёс Сабор. Гэты сінод я запланаваў на 1972–1979 гады, бо св. Станіслаў, як я ўжо сказаў, быў біскупам з 1072 да 1079 года. Мне хацелася, каб праз 900 гадоў гэтыя даты ажылі. Найважнейшым досведам была праца вельмі шматлікіх і актыўных сінадальных групаў. Сінод быў сапраўды пастырскі — разам працавалі біскупы, святары і свецкія: усе. Я закончыў гэты сінод ужо як Папа, у часе майго першага падарожжа ў Польшчу.

 
Рэкалекцыі для Курыі ў часе пантыфікату Паўла VІ

Ніколі не забуду тых асаблівых рэкалекцый. Рэкалекцыі — гэта практыка, якая з’яўляецца вялікаю Божаю дабрадзейнасцю для кожнага, хто іх адпраўляе. Гэта час адыходу ад усіх іншых справаў дзеля сустрэчы з Богам, дзеля таго, каб прыслухацца толькі да Яго голасу. Несумненна, гэта з’яўляецца надзвычай важнаю падзеяй для таго, хто бярэцца за такія практыкаванні. Менавіта таму тут нельга нікога змушаць, хутчэй, трэба абудзіць у чалавеку ўнутраную неабходнасць такога досведу. Зразумела, часам можна камусьці сказаць: «Ідзі да камедулаў ці ў Тынец, каб знайсці сябе», але ў асноўным гэта павінна быць унутраная патрэба. Касцёл як установа наказвае адбываць рэкалекцыі, асабліва святарам (пар. ККП, кан. 276, § 2, 4), але кананічнае прадпісанне — гэта толькі дадатковы чыннік да патрэбы, якая сыходзіць з сэрца.

Я ўжо згадваў, што сам найчасцей адпраўляў рэкалекцыі ў абацтве бэнэдыктынаў у Тыньцы. Бываў таксама ў камедулаў на Бялянах, у кракаўскай семінарыі і ў Закапанэ. З часу прыезду ў Рым перажываў рэкалекцыі разам з Курыяй у першы тыдзень Вялікага посту. У гэтыя гады іх праводзілі кожны раз іншыя рэкалекцыяністы. Некаторыя былі выдатнымі прамоўцамі, валодалі зместам, часам нават жартамі. Так было, напрыклад, у выпадку з езуітам айцом Тамашам Шпідлікам, чэхам па паходжанні. Мы шмат смяяліся падчас яго канферэнцый, а гэта таксама неабходна. Ён умеў падаць глыбокія ісціны дасціпна і праявіў сябе ў гэтым вельмі адмыслова. Гэтыя рэкалекцыі ўсплылі ў маёй памяці, калі я ўручаў яму кардынальскі берэт падчас апошняга кансістару. Розныя былі гэтыя прапаведнікі, наогул, былі цудоўныя. Я сам запрасіў біскупа Аблевіча, і гэта быў адзіны, апроч мяне, паляк, які праводзіў рэкалекцыі ў Ватыкане.

Я праводзіў рэкалекцыі ў Ватыкане для Паўла VІ і яго супрацоўнікаў. Была пэўная праблема з падрыхтоўкаю гэтых рэкалекцый. На пачатку лютага 1976 года мне патэлефанаваў біскуп Уладзіслаў Рубін і паведаміў, што Папа Павел VІ просіць мяне правесці ў сакавіку рэкалекцыі.

У маім распараджэнні было ўсяго толькі дваццаць дзён, каб падрыхтаваць тэксты і перакласці іх. Назва, якую я даў гэтым разважанням, гучала так: «Знак, якому працівіцца будуць». Гэта не была прапанаваная тэма, назва з’явілася напрыканцы як падсумаванне таго, што я намерваўся сказаць.

Уласна кажучы, гэта не была тэма, але як бы галоўныя словы, у якіх змяшчалася ўсё, што я казаў на чарговых канферэнцыях. Памятаю дні, прысвечаныя падрыхтоўцы. Было дваццаць тэмаў для падрыхтоўкі, я сам павінен быў іх прыдумаць і апрацаваць. Каб знайсці неабходны спакой, я паехаў у Закапанэ, да шэрых уршулянак на Яшчуроўцы. Да абеду я пісаў разважанні, пасля абеду хадзіў на лыжах, а пасля, вечарам, пісаў яшчэ.

Гэтая сустрэча з Паўлам VІ у кантэксце рэкалекцый была для мяне асабліва важнаю, бо дала мне ўсведамленне таго, наколькі неабходная гатоўнасць біскупа гаварыць пра сваю веру там, дзе Пан Бог загадае яму гэта рабіць. Яна патрэбная кожнаму біскупу, у тым ліку Наступніку Пятра — гэтак, як мая гатоўнасць была тады патрэбная Паўлу VІ.

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY