Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(42)/2007
З жыцця Касцёла

САБОРАВАЕ БАЧАННЕ КАСЦЁЛА
Год паклікання да святасці

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

Пераклады
ВЕРА & CULTURA

Юбілеі

Літаратуразнаўства

Юбілеі

In memoriam


Проза

Кніжныя скарбы

Практыкум

Мастацтва

Юры ЛАЎРЫК

КНІГАЗБОРЫ ПІНСКАГА ЛЕШЧЫНСКАГА МАНАСТЫРА

Кожная эпоха мае сваю духоўнасць і бачанне свету, па-іншаму ўспрымае задачы чалавека на шляху да дасканаласці. Гэта натуральным чынам адбілася і ў разнастайнасці праяваў дарогі да Бога, а ў прыватнасці, у заснаванні і развіцці чатырох тыпаў законаў, якія фармаваліся ў розны час: статутавых (або рэгулярных) канонікаў (Canonici regulares) — канфедэрацыя статутавых канонікаў св. Аўгустына, нарбэртане, статутавыя канонікі св. Крыжа і інш.; манаскіх ордэнаў (Monachi) — бэнэдыктынская канфедэрацыя, цыстэрцыяне, картузіяне, базыльяне, студыты і інш.; жабрачых ордэнаў (Ordines mendicantes) — розныя адгалінаванні францішканаў, кармэлітаў і інш.; статутавых клерыкаў (Clerici regulares) — езуіты, піяры, тэатыны і інш.

Езуіцкія выданні ХVIII ст.
 
Усе гэтыя асноўныя тыпы духоўнасці былі прадстаўленыя тымі ці іншымі ордэнамі і на Беларусі. Першыя нашыя манастыры грэка-візантыйскага абраду ладзілі сваё жыццё, часцей за ўсё, паводле статутаў Базыля Вялікага (зрэшты, і некаторыя лацінскія ордэны, як, напрыклад, бэнэдыктыны, таксама ў большай ці меншай ступені выкарыстоўвалі іх у сваіх рэгулах). Пасля на Беларусі пачалі праводзіць місіі мендыканты: дамінікане і францішкане, пазней — кармэліты. У 2-й пал. ХVІ ст. з’явіліся езуіты, прадстаўляючы фармацыю статутавых клерыкаў, а найстаражытнейшая фармацыя — канонікі статутавыя (у рэпрэзентацыі канонікаў латэранскіх) — з’явіліся ў нас найпазней, пачаўшы засноўваць свае кляштары на беларускіх землях толькі ў ХVII ст. У сваіх артыкулах мы будзем весці гаворку пра характэрныя рысы, уласцівыя кнігазборам таго ці іншага ордэну, і асобна пагаворым пра бібліятэкі найбольш рэпрэзентатыўныя, найбольш цікавыя і старажытныя. Такой была, у прыватнасці, бібліятэка пінскага Лешчынскага манастыра, даўняга асяродку, які прадстаўляў найбольш распаўсюджаны ў пэўны час на Беларусі тып рэлігійнай духоўнасці.

 
Займаючыся вывучэннем беларускіх надпісаў на рукапісах і старадруках, я колькі гадоў таму вёў даследніцкую працу ў фондах аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Дзякуючы зычлівасці былой загадчыцы аддзела Таццяны Іванаўны Рошчынай трапіла мне тады ў рукі прывабная, узятая ў аправу з белага пергаміна кніжка памерам у 12-ю частку аркуша (прыкладна, з невялікі нататнік). Была гэта апублікаваная ў 1653 г. у Рыме праца Фаміяна Страды (Famiani Stradae) De bello belgicо1. Не менш цікавай за само выданне была для мяне інскрыпцыя — надпіс, пакінуты на кніжцы даўнім бібліятэкарам-базыльянінам: «Bibliotheca Monasteri[i] Leszczyniensis». На той час я яшчэ нічога пра такі манастыр не чуў, і надпіс, выклікаўшы маю цікавасць, падштурхнуў да далейшых пошукаў у гэтым кірунку.

Пінскі Лешчынскі Успенскі манастыр (часам называны ў дакументах Лешчам) быў адным з найстаражытнейшых на Беларусі — першая згадка пра яго паходзіць з ХІІІ ст. і звязана з асобай Войшалка, які пэўны час хаваўся ў ім ад ворагаў. Лёс манастыра склаўся досыць пакручаста. Заснаваны як праваслаўны, з часам ён, падобна да шэрагу іншых манастыроў усходняе традыцыі, далучыўся да Уніі, што адбілася істотным чынам на велічыні і складзе ягонае бібліятэкі. Дакладны час пераходу манастыра ў каталіцызм усходняга абраду пакуль што не высветлены, хоць для нас гэтая дата можа аказацца вельмі цікавай з увагі на храналогію зменаў кнігазбору.

Вельмі верагодна, аднак, што манастыр прыняў Унію ўжо падчас яе афіцыйнага ўвядзення ў Вялікім Княстве Літоўскім і землях «рускіх» Кароны — прынамсі, ніякіх сведчанняў пра супраціўленне манахаў царкоўнаму злучэнню не захавалася. У кожным разе, напрыканцы першай трэці ХVІІ ст. манастыр належаў уніятам, бо знаходзіўся пад юрысдыкцыяй Васілісы Сапежанкі, тагачаснай ігуменні віленскага Троіцкага манастыра. У 1633 г. ён быў перададзены ў падпарадкаванне Мітрапаліту Кіеўскаму Язэпу Руцкаму і ягонаму каад’ютару, епіскапу Пінскаму Рафалу Корсаку; прычым, у акце было пазначана, што калі б манахі пастанавілі адлучыцца ад Уніі, манастыр павінен быў вярнуцца ў каралеўскае распараджэнне2. У сярэдзіне ХVІІ ст. ён, здаецца, усё-ткі зноў становіцца праваслаўным, паколькі ягоным ігуменам з’яўляецца Язэп Нелюбовіч-Тукальскі, праваслаўны біскуп Магілёўскі і Мітрапаліт Кіеўскі. Але ў 1668 г. манастыр вяртаецца ў еднасць з Каталіцкім Касцёлам і знаходзіцца ў ёй да 1839 г., калі і Унія, і ён сам былі скасаваныя. Кніжніца ж Лешчынскага манастыра, як адзначыў адзін з першых даследчыкаў гісторыі бібліятэк у Рэчы Паспалітай Фр. Радзішэўскі, была «po skasowaniu opactwa wywieziona stąd»3. Відаць, яе напаткаў лёс шэрагу іншых базыльянскіх кнігазбораў, якія на загад Сямашкі звозіліся ў Жыровічы і спальваліся там у манастырскіх печах4.

Тытульны аркуш кнігі К. Руфа «O Życiu i Dziejach Alexandra Wielkiego».
Пра тое, якія кнігі зберагаліся ў Лешчы ў ранейшыя часы, звестак, на жаль, няма. Пра найранейшую згадку лешчынскага кнігазбору — з 1520 г. — паведамляе А. Калубовіч са спасылкай на А. Шлюбскага,5 аднак у працы апошняга такія звесткі адсутнічаюць6. Вопіс кніг змяшчае інвентар манастыра ад 1588 г., знойдзены Зм. Даўгялам у тагачасным Віленскім цэнтральным архіве. Гэты інвентар быў апублікаваны спярша ў 1908 г. у «Минских епархиальных ведомостях», а затым выйшаў асобнай брашурай.7 Інвентар пачынаецца з апісання дзвюх цэркваў, што знаходзіліся на тэрыторыі манастыра, а менавіта, Успення Найчысцейшае Багародзіцы і Святога Духа, і іхняга абсталявання. Сярод срэбных прадметаў названа «Евангелие напрестольное писаное, оксамитом чорным поволочено, сребром оправлено, позлотисто и з защепками сребромыми», а далей ідуць «Книги тых церквей: Евангелие напрестольное на паргкамене писаное, полуоксамитом чорным крытое, з чотырма евангелисты на меди со крестом медяным позлотистым, Евангелие другое напрестольное на папери писаное, на нем крест сребра грошового, Евангелие учительное на папери писаное. Апостол в полдеста писаный. Устав, в дест на паперы писаный. Охтайки два на всю осм гласов. Прелоги два на все дванадцать м[еся]цей. Соборник великий на двенадцать м[еся]цей. Меней двенадцать в полъдест. Трыоди две, одна цветная а другая постная. Книга лествица в полдест. Книга Исак Сирин в дест, Псалтыр в полъдест писаная — Богородичник в полъдест, Часослов в полъдест Ермолоец з знаменем. Служебников два — один старый в полъдест, а другий в четверку. Поминник в полдест»8. Як бачым, інвентар уключае традыцыйны набор кніг, якія выкарыстоўваліся ў той час ва Усходняй Царкве для адпраўлення набажэнстваў і падрыхтоўкі казанняў. Евангелле і Апостал выкарыстоўваліся для літургічных чытанняў; ва Уставе выкладаліся правілы богаслужэння; паводле Служэбнікаў праводзілася літургія, а паводле Часоўніка — набажэнства гадзінаў; Актоіхі, Трыёдзі, Багародзічнік і Ірмалой змяшчалі рознага роду царкоўныя спевы; «Лествіца» і кніга Ісака Сірына, як, зрэшты, і г. зв. «Евангелле навучальнае» («Евангелие учительное»), уяўлялі з сябе зборнікі навук айцоў Царквы, прыдатныя і для падрыхтоўкі нядзельных казанняў, і для ўласнага пабожнага чытання манахаў, і г. д. Натуральна, апісанне кніг у гэтым спісе далёкае ад прынятых сёння бібліяграфічных нормаў; як ідэнтыфікацыйныя прыкметы выступаюць у розным складзе і паслядоўнасці наступныя элементы: загаловак (напр., «Апостол», «Устав»), змест/паўната («на всю осм гласов», «з знаменем»), матэрыял («на паргкамене», «на папери»), тэхніка («писаное», — друкаваныя выданні тут не пазначаюцца, бо, відаць, ужо стала ўвайшлі ў побыт), фармат («в дест», «в четверку»). Паколькі наалтарныя Евангеллі зазвычай шыкоўна аздабляліся, часцей за ўсё іх аправа апісваецца больш падрабязна.

Шмуцтытул кнігі К. Руфа «O Życiu i Dziejach Alexandra Wielkiego» з будслаўскім надпісам.
Яшчэ некалькі інвeнтароў манастырскае маёмасці перадунійнага ды раннеунійнага часу, якія ў тым ліку ўключаюць і спісы кніг, былі апублікаваныя А. І. Мілавідавым у брашуры «Архив упраздненного Пинского Лещинского монастыря»9. Ранейшы сярод іх паводле храналогіі вопіс манастырскіх кніг змешчаны ў дакуменце, азагалоўленым як «Сдаточный инвентарь Пинского Лещинского монастыря…» і датуецца 1595 годам. Прынцыповых зменаў адносна пададзенага вышэй ён не фіксуе: адно зменшылася агульная колькасць пазіцый, і тое за кошт кніг пабожных. У інвентары пералічаныя: «(…)напрестольное Евангеліе на чорномъ оксамите іест срыбромъ оправное злотыстое, защепок нет, (…). Монастыру в церкве Евангеліе толковое естъ, одынъ соборникъ ест, охтаиковъ два ест, на осмъ гласовъ, апостолъ Петр естъ одын, трыодъ цветная одна, устав одынъ, прелогъ одынъ Марцовый, минея общчая естъ, минея Іюневая естъ, суботникъ одынъ, псалтыр одынъ»10.

У інвентары 1620 г. кніг трохі пабольшала, але не нашмат: «На престоле Евангеліе на полъ десты писаное, желизомъ оправное, (…) въ той церкви книги Треоди две, посная и цветная, друкованые, охтаиковъ два писаных на осмигласов, апостолъ друкованый оденъ, Петръ оденъ, а другий писаный, уставъ писаный оденъ и … друкованый, трефологiй списаный, миний оправныхъ деветь, десятая миния старая, служебникъ друкованый оденъ, служебникъ писаный оденъ, часовниковъ друкованыхъ старыхъ два»11. Як бачым, у абодвух выпадках прысутнічае толькі літургічна-малітоўная літаратура, і яе колькасць не перавышае нават дзвюх з паловай дзесяткаў тамоў12.

Далей мы, на вялікі жаль, маем прабел у інфармацыі ажно на два стагоддзі. Нельга сказаць, як дакладна фармаваўся лешчынскі кнігазбор у гэты час. Мы можам бачыць толькі вынікі гэтага працэсу — у візітацыйных матэрыялах манастыра ХІХ ст. (у тым ліку, інвентарах бібліятэкі), якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі13.

Пачатак кнігі Р. Кнапіуса «Idiotismi
Polonici» з будслаўскім надпісам.
Інвентар 1820 г. змяшчае 2 спісы, цікавыя для нас — кнігазбор пры манастырскіх цэрквах і ўласна бібліятэка: «Księgi Cerkiewne» і «Biblioteka klasztoru Leszczyńskiego»14. Першы з іх у значнай ступені пакрываецца з цытаванымі вышэй спісамі: «Ewangelii stołpowych, z których iedna pisana 3. Ewangelia strastna 1. Dzieje Apostolskie 1. Psałterzow 3. Oktoichow in Folio 2. In octavo maiori we dwoch tomach 1. Tryod postny i cwietny sztuk 2. Tryfologion we dwóch częściach sztuk 2. Obszczyna Swietym 1. Do pogrzebu Zakonnego 5. Irmologion in Folio 1. Trebnik in quarto 1. Trebnikow in octavo 2. Agentek Łacińskich 2. Ewangeliczek polskich 2. Akafistow do rożnych Swiętych 1. Pontyfikałow 2. Mszałow Ruskich wiąkszych i mnieyszych 6. Mszał łaciński 1. Homilii S. Jana Chryzostoma w języku Ruskim in Folio 1. Wieliczanii 3. Prazdniei na trzy Festa in Folio sztuk 2.»15. Істотнае адрозненне гэтага спісу ад папярэдніх у тым, што, з аднаго боку, дадаліся кнігі для лацінскага набажэнства (мшал, агенды), а з другога — тэксты, ужываныя ў Рускай Праваслаўнай Царкве (вялічанні). Гэта — праявы ўплываў, якія ўздзейнічалі на грэка-каталіцкую літургіку ў розны час.

Тытульны аркуш кнігі Р. Кнапіуса
«Idiotismi Polonici».
Аднак, калі ў першым спісе пераважае літаратура кірылічная: прыкладна 19 назваў у 41 томе на 3 назвы ў 5 тамах кніг польскіх і лацінскіх (безумоўна, наколькі дакладна пра гэта можна меркаваць у сувязі з вельмі кароткай формай апісання), дык у другім спісе з названага інвентару выпадковыя кірылічныя выданні ўжо губляюцца ў масе польска-лацінскіх. У прыватнасці, гэты спіс змяшчае 183 пазіцыі і 236 тамоў, але толькі ў адносінах да некалькіх з пералічаных (як, напрыклад, да кніг «Akafist do Swiątego Mikołaja» ці «Ewangeliczka na niedziele i świąta podług obrzędku greckiego», якая, хутчэй за ўсё, уяўляе з сябе Евангелле-апракас, або да пазіцыі «Xięg pisanych in 4to: 19 takoż in 8vo: wszystkich 24»16 ) можна гіпатэтычна дапускаць, што яны (ці, прынамсі, некаторыя з іх) з’яўляюцца кірылічнымі. Іншымі словамі, уласна бібліятэка — за рэдкім выключэннем (калі не цалкам!) — укамплектавана польска- ды лацінамоўнымі выданнямі.

Пачатак зборніка лістоў М. Т. Цыцэрона «Epistolae ad familiares» з будслаўскім надпісам.
Па сваім складзе гэты збор не надта розніцца ад іншых тагачасных бібліятэк каталіцкіх кляштараў, у тым ліку лацінскіх: шэраг выданняў з гэтага спісу мы можам бачыць у кляштарных інвентарах або знаходзім на іхных старонках правіненцыі (то бо, запісы і экслібрысы) іншых ордэнаў і кангрэгацый. Так, напр., названую ў нашым спісе кнігу кс. Я. Анджэйкевіча «Z ziarna gorczycznego musztarda» мы сустракаем і ў апісанні бібліятэкі Віцебскага кляштара трынітарыяў 1802 г.,17 і ў інвентары маёмасці Наваградскага езуіцкага калегіума 1774 г.,18 а, напрыклад, пра падручнікі кшталту выкарыстоўванага паўсюдна для навучання лаціны «De Institutione Grammatica» айца езуіта Эмануэля Альвара і ўвогуле няма чаго казаць. Падобныя сведчанні даюць нам і кніжныя надпісы: напр., на 2-х розных паасобніках згаданага ў інвентары выдання «O Życiu i Dziejach Aleksandra Wielkiego» Курцыуса Руфа, якія захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, можна пабачыць надпісы: «Missionis Bloniensis So[cie]t[a]tis Jesu»19 і «Hic liber spectat ad Communem usum PP. ac FF. Alumnorum Spiritualis Rhetorica Or. Min. S. P. Francisci de Observantia Conventus Budensis…»20. Гэтыя інскрыпцыі паказваюць, што першая з кніг належала Блоньскай місіі езуітаў (Менскае ваяводства), а другая — захоўвалася ў будслаўскім канвэнце францішканаў-абсервантаў, называных на Беларусі таксама бернардынамі. Да слова, будслаўскія правененцыі прысутнічаюць і на шэрагу іншых кнігаў са збораў НМГіКБ, назвы якіх успамінаюцца ў інвентары лешчынскіх базыльянаў: на фразеалагічным слоўніку Рыгора Кнапіуса «Idiotismi polonici»,21 на зборніку лістоў «Epistolae ad familiares» Марка Тулія Цыцэрона22 і інш. Спіс бібліятэкі складзены ў выглядзе суцэльнага тэксту, без нумарацыі пазіцый. Зазвычай адна пазіцыя адпавядае аднаму выданню, аднак тры апошнія падсумоўваюць групы кніг, адабраныя паводле пэўнага прынцыпу: тэхнікі выканання (рукапісныя), немагчымасці атрыбутавання і г. д. Адзначым, што складальнік інвентару пры апісанні кніг зазвычай звяртае ўвагу на дрэнны стан захаванасці, а менавіта на адсутнасць пачатку і/ці канца.

Іншы рэестр кнігазбору — з 1839 г. — апісвае ягоны стан непасрэдна перад скасаваннем кляштара і вывязеннем бібліятэкі. Ён, таксама як і папярэдні, складаецца з дзвюх частак: «Księgi Cerkiewne do Nabożeństwa»23 і «Biblioteka klasztorna»24 . Першая частка вельмі блізкая да аналагічнага спісу 1820 г. — спіс назваў пашырыўся толькі кнігай «Medytacye czyli Myśli chrześcijańskie na rok cały rozłożone» кс. П. Пярновіча. Пра ўласна ж бібліятэку напісана, што яна захоўваецца ў адной з закрыстыяў, называнай «скарбчыкам», і змешчана ў шафе з падвойнымі дзверцамі на завесах.

Тытульны аркуш кнігі Э. Альвара «De institutione grammatica» з будслаўскім надпісам.
Колькасны і сутнасны склад кнігазбору на гэты час не вельмі розніцца ад складу 19-гадовае даўніны, але сам інвентар з бібліяграфічнага пункту гледжання арганізаваны іначай: па-першае, як неабходны элемент апісання пры кожным выданні пададзена колькасць тамоў, па-другое, кнігі ўжо даюцца не суцэльным спісам, як раней, а сістэматызаваныя паводле прадметнай класіфікацыі. У ім прысутнічае нумарацыя пазіцый паводле раздзелаў; як і вышэй, адна пазіцыя, за рэдкім выключэннем, адпавядае адной кнізе. Наколькі можна меркаваць з тытулаў, пераважная большасць выданняў напісана на лаціне ці па-польску (толькі некаторыя, як, напр., згаданая вышэй «Ewangeliczka na niedziele i święta podług obrządku greckiego», маглі быць напісаныя па-царкоўнаславянску ці, у крайнім выпадку, па-грэцку).

Распачынае спіс прадметная рубрыка, якая змяшчае найбольш аўтарытэтныя — таму што Боганатхнёныя — кнігі: «Pismo Święte». Тут прадстаўлены 8 выданняў, што рэпрэзентуюць ці ўсю Біблію, ці пэўныя яе часткі (Новы Запавет, Псалтыр). З найбольш вядомых моўных версій біблійных кніг тут названыя — Святое Пісанне ў польскім перакладзе кс. Якуба Вуйка і вершаваны Псалтыр Яна Каханоўскага.

Другая рубрыка спісу мае загаловак «Księgi Teologiczne» і змяшчае 18 выданняў, прычым некаторыя з’яўляюцца тэалагічнымі хутчэй у шырокім сэнсе, як, напр., «Liturgia albo Opisanie Mszy S.», «Nauka dla poczynających słuchać spowiedzi» кс. Вітвіцкага ці «Institutio Juris Canonici» Л. Фарыяры. Пераважаюць тут, галоўным чынам, працы па агульнай, дагматычнай і маральнай тэалогіі: «Teologia dogmatyczna» кс. А.Кірыята, «Hasło zbawienne Nauki Apostolskiej» кс. Шчуроўскага, «Teologia dla młodzieży szkolnej» кс. П. Важынскага, «Medula Theologiae» Яўзэба Памфілія, двухтомны «Apparatus Universae Theologiae Moralis» Бузэнбаўма і інш. Нярэдка сустракаюцца прозвішчы іншых папулярных у той час аўтараў.

Тытульны аркуш кнігі К. Руфа «O Życiu i Dziejach Alexandra Wielkiego» з уладальніцкім надпісам
Блоньскай місіі езуітаў.
Наяўнасць рубрыкі «Dzieła Mowcúw i Poetúw», а асабліва змяшчэнне яе на ганаровым трэцім месцы, сведчыць пра тое, што пры Лешчынскім манастыры мелася школа. Тут паказаныя 26 назваў, што рэпрэзентуюць як уласна выданні прамоваў ды паэмаў, гэтак і тэарэтычныя працы па рыторыцы, паэтыцы, а нават этыцы; некаторыя з гэтых кніг можна ахарактарызаваць як класічныя: сярод іх «Epistolae» і «Orationes» Цыцэрона, «Orationes seu Exercitationes oratoriae» і «Poesis sive Divinior modus loquiendi» Важынскага, «Institutiones Poeticae» і інш. Сюды трапілі і некалькі твораў агіяграфічных, відаць, з увагі на іх мастацкія якасці — «Jozafatidos sive de nece B. Josaphat Kuncewicz» і «Epiceum de martire Bobola». Прамовы касцёльныя caбраныя ў наступным, асобна вылучаным, раздзеле, азагалоўленым як «Dzieіa Kaznodzieyskie»; у ім налічваецца 19 кніг, сярод якіх «Biblioteca Concionatorum» Гудрыя, а таксама разнастайныя зборнікі казанняў такіх вядомых на той час аўтараў, як Высоцкі («Adwent z Postem», «Kazania swiąteczne» і інш.), Пашакоўскі («Kazania niedzielne i świąteczne przez cały rok»), Грыбоўскі («Kazania na niedzielę całego roku»), Карчыцкi («Kazania na święta uroczyste»), Бальcама («Kazania na niedzielę całego roku») і інш.

Як і належала чакаць, вывучаючы кляштарную бібліятэку, рубрыка «Dzieіa Ascetyczne» з’яўляецца найболей шматлікай паводле колькасці змешчаных у ёй пазіцый — 43. Кнігі, вылучаныя тут, прысвечаны рознага роду духоўным практыкаванням і медытацыям, рэкалекцыям, малітве, падрыхтоўцы да смерці і г. д. Згадаем некалькі: «Medytacye» Пялькевіча, «Zbiór powinności chrześcijańskich» Віткоўскага, «Niemylna do zbawienia droga» Мяскоўскага, «Medytacye i modlitwy» Александровіча, з лацінскіх — «De vanitatis mundi» Герхарда, «Speculum homini Ecclesiastico», «De aeterna felicitate Sanctorum et de certe bene moriendi», «Expeditio in vitam aeternitatis». Ну, і, безумоўна, у гэтым раздзеле прадстаўлены трактат Тамаша Кэмпійскага (па-польску) «O Naśladowaniu Chrystusa», без якога не абыходзілася, бадай, ніводная кляштарная бібліятэка. Трапіла сюды і некалькі палемічных кніг, як, напр., «Obrona Religii Greko-Rossyjskiej, z Kościołem Łacińskim zjednoczonej».

У раздзеле «Dzieła Historyczne i Żywoty SS. Pańskich», як добра відаць з назвы, сабраны творы гістарычнага і агіяграфічнага характару — у тым ліку, працы хутчэй свецкага характару, як, напр., «Zbiór dziejów Polskich» Марціна Кромера, «Historia życia Stanisława, Króla Polskiego», «Commentarium belli adversus Turensis Hungariae». У гэтай рубрыцы базыльянскі характар кнігазбору праяўляецца, бадай, найяскравей наяўнасцю такіх кніг, як, напр., «Żywoty świętych Pańskich płci obojej Z.S.B.W.» або «Cedr mistyczny S°. Bazylego W°», а фаліянт, азначаны як «Żywoty Świętych na cały rok rozłoŻone» з пэўнай ступенню верагоднасці можа з’яўляцца кірылічным Пралогам ці Чэццямі Мінеямі.

І завяршае інвентар бібліятэкі рубрыка «Dzieła rozmaite», у якой змешчаны спіс літаратуры, што не ўвайшла ў вышэйназваныя раздзелы. Тут таксама ёсць творы, звязаныя з базыльянскім манастыцызмам (у тым ліку, некалькі зборнікаў правілаў манаскага жыцця Базыля Вялікага), шмат мовазнаўчых выданняў (згаданыя вышэй слоўнікі Кнапіуса, падручнік Альвара, «Phraseologia» Вагнера, «Porta ad linguam Germanicam ...» і інш.), а таксама кнігі па праву («Konstytucye Seymu Sześciniedzielnego w Grodnie»), геаграфіі («Geografia» Нагурчэўскага), філасофіі («Philosophia Peripatetica» А. Марцінкевіча, «Logika, czyli Nauka rozważania i sądzenia rzeczy») і інш.

Так у агульных рысах выглядала лешчынская бібліятэка непасрэдна перад вывязеннем яе з кляштара і знішчэннем на распаленым маскоўскім праваслаўем вогнішчы побач з шэрагам іншых найбагацейшых базыльянскіх кнігазбораў. Цікава, што кніга Ф. Страды, з якой уласна і распачаліся нашыя росшукі, ні ў адным з адшуканых на сёння лешчынскіх інвентароў не фігуруе. Верагодна, яна трапіла ў бібліятэку кляштара, а потым была страчаная менавіта на працягу часу, пра які ў нас няма дакументальных звестак, г. зн., у 2-й пал. ХVІІ ці ў ХVІІІ ст. і, магчыма, менавіта таму ацалела да нашага часу — парадокс, уласцівы гісторыі шмат якіх даўніх калекцыяў, у тым ліку, кніжных. І хоць на цяперашні момант лешчынскія зборы знішчаныя, а тая малая рэшта, што выпадкова захавалася, расцярушаная, нельга казаць, што гэтая кніжніца цалкам сышла ў нябыт: літаральна калі я вёз ужо рукапіс гэтага артыкула ў рэдакцыю «Нашай веры», дык даведаўся, што «ўсплыло» яшчэ некалькі кніг з лешчынскімі правененцыямі. Можа, хоць нейкі фрагмент гэтай бібліятэкі ўсё ж удасца сёння аднавіць?..

У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі
А. Крапіўкі.

 


  1. НББ: шыфр 094 /4739.
  2. Жалованная королевская грамота Киевскому униятскому Митрополиту Иосифу Рутскому и коадьютору его, Пинскому епископу Рафаилу Корсаку, о предоставлении им в пожизненное владение Лещинского монастыря… // Акты, относящиеся к истории Западной России. СПб., 1853. Т. 5: (1633-1699). № 7. С. 12–13.
  3. Radziszewski Fr. Wiadomość historyczno-statystyczna o znakomitych bibliotekach i archiwach publicznych i prywatnych. Kraków, 1875. S. 38.
  4. Миловидов А. И. Судьба русской книги в Северо-Западном крае… // Христианское чтение. 1903. Т. 216, Ч. 1. С. 496–497.
  5. Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства // Калубовіч А. Крокі гісторыі: Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны. Беласток-Вільня-Менск, 1993. С. 167.
  6. Шлюбскі Ал. Матэр’ялы да крыўскае гісторапісі: Доля кнігазбораў і архіваў// Крывіч: Месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця (Коўна). 1925. № 9(1), студз.-чэрв. С. 19–68.
  7. Инвентарь Лещинского монастыря от 28 декабря 1588 г.: Актыковане Инвентару Монастыра Лещенского // Минские епархиальные ведомости. 1909. № 10 (часть неофициальная). С. 244–253; Довгялло Д. И. Пинский Лещинский монастырь в 1588 г., Мн., 1909. У цытатах захавана арфаграфія арыгінала.
  8. Тамсама. С. 247, 248–249.
  9. Миловидов А.И. Архив упраздненного Пинского Лещинского монастыря. Б.в.д. (1909). С. 10–15, 18–21.
  10. Тамсама. С. 11–12.
  11. Тамсама. С.18–19.
  12. А магчыма, і палутара дзесяткаў, бо нельга выключыць, што «миний оправныхъ деветь» у другім спісе — гэта нішто іншае, як сабраны пад адной аправай канвалют, які ў першым спісе выступае як «минея общчая».
  13. НГАБ: ф. 136, воп. 1, спр. 42312, арк. 9–9 адв.; 12; ф. 136, воп. 1, спр. 22239, арк. 5–5 адв., 8–10 адв; і інш.
  14. НГАБ: ф. 136, воп. 1, спр. 22239, арк. 5–5 адв., 8–10.
  15. НГАБ: ф. 136, воп. 1, спр. 22239, арк. 5–5 адв.
  16. Гл. тамсама: арк. 10 адв.
  17. НГАБ: ф. 1781, воп. 26, спр. 1382, арк. 8 адв.
  18. НГАБ: ф. 27, воп. 6, спр. 23, арк. 47.
  19. Інв. № 22908.
  20. Інв. № 4018–2.
  21. Інв. № 13612.
  22. Інв. № 13618.
  23. НГАБ: ф. 3245, воп. 3, спр. 68, арк. 7 адв.
  24. НГАБ: ф. 136, воп. 1, спр. 22312, арк. 9–9 адв.; 12; ф. 136, воп. 1, спр. 22239, арк. 5–5 адв., 8–10 адв; і інш.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY