Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(42)/2007
З жыцця Касцёла

САБОРАВАЕ БАЧАННЕ КАСЦЁЛА
Год паклікання да святасці

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

Пераклады
ВЕРА & CULTURA

Юбілеі

Літаратуразнаўства

Юбілеі

In memoriam


Проза

Кніжныя скарбы

Практыкум

Мастацтва

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

САБОРАВАЕ БАЧАННЕ КАСЦЁЛА*

Настолькі значны касцёльны форум ХХ стагоддзя, якім стаў ІІ Ватыканскі Сабор, несумненна, належыць залічыць да найбольш істотных і вызначальных для гісторыі Касцёла падзеяў. Хоць Сабор і не абвясціў аніводнага догмату, ён, тым не менш, настолькі ператварыў і паглыбіў вучэнне пра Касцёл, што без яго сёння немагчыма ўявіць сучаснай эклезіялогіі.

Хоць і да Сабору біблейскія тэрміны выкарыстоўваліся для азначэння самога паняцця Касцёла і больш глыбокага разумення яго прыроды, тым не менш папярэдняя яго мадэль часцей за ўсё вызначалася інстытуцыянальна-іерархічнай пірамідальнай канцэпцыяй: Папа, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і, нарэшце, згубленыя недзе там, каля падножжа піраміды, свецкія. Касцёл уяўляўся падобным да непрыступнага замка, агароджанага высокімі мурамі і глыбокім ровам, або да цудоўнага карабля, які, кінуўшы якар, любаваўся сам сабою. Такі Касцёл часцей за ўсё быў закрыты як у адносінах да навакольнага свету, так і да іншых канфесій і рэлігій.

Што ж новага прынесла ў гэтую мадэль саборавая эклезіялогія?

1. Чатыры гады Сабору — гэта час пошуку новага вобразу Касцёла. Асноўныя мэты Сабору: самапазнанне Касцёла, аднаўленне, адзінства хрысціянаў і дыялог з сучасным светам (пар. SD III, р. 61. 64–75; EV I, р. 94–119). Або, кажучы іншымі словамі, Сабор, паводле трапнага выказвання бельгійскага кардынала Лео Сенэнса, павінен быў адказаць на пытанне Ecclesia: Quid dicis de teipsa? — «Касцёл, што ты кажаш пра самога сябе?» у двух аспектах: Ecclesia ad intra і Ecclesia ad extra (пар. AS, Vol. I. Pars IV, p. 222–223: AnCr, X, s. 215), гэта значыць у аспектах унутранай сутнасці Касцёла і яго адносінаў да навакольнага свету. Гэтыя пошукі былі ў найвышэйшай ступені рэлевантнымі як спадзяванням Касцёла, так і чаканням знешняга свету.

Таму ў працы камісій, дыскусіях, афіцыйных выступленнях Айцоў Сабору і выдатных тэолагаў самапазнанне Касцёла стала аб’ектам жывога абмеркавання. Прычым гэтая праца вялася з улікам першакрыніцаў, гэта значыць, што на ІІ Ватыканскім Саборы адбылося вяртанне ad fontes — «да крыніцаў»: перш за ўсё да Святога Пісання, вучэння Айцоў Касцёла і Традыцыі.

Намаганні Сабору былі скіраваныя да renovatio accomodata — «належнага аднаўлення» Касцёла ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Касцёл быў пакліканы зламаць лёд, у які ён быў закуты, а таксама пазбавіцца ад баласту — усяго таго, што супярэчыць волі Хрыста. Многія з саборных Айцоў павінны былі перагледзець і часам нават радыкальным чынам змяніць спосаб свайго мыслення для таго, каб у адпаведнасці з патрабаваннямі часу ў духу aggiornamento — «асучаснівання» (пар. EV I, р. 31. 40–43) і approfondimento — «паглыблення» (пар. SD III, р. 62. 65) даследаваць як унутранае, так і знешняе жыццё Касцёла.

Гэта быў няпросты шлях. Аднак ён адчыніў брамы Касцёла для новага сашэсця Святога Духа ў мысленні і вучэнні Сабору. У шаснаццаці саборавых дакументах (кожны з іх у той ці іншай ступені носіць эклезіялагічны характар) пададзены поўны вобраз саборавай эклезіялагічнай думкі, што імкнецца адказаць на асноўнае пытанне Сабору: Ecclesia: Quid dicis de teipsa? у вышэйзгаданых аспектах: Ecclesia ad intra і Ecclesia ad extra.

2. Сабор не даў азначэння Касцёла, бо строгая дэфініцыя прынесла б шмат абмежаванняў. Адкрыты багаслоўскі падыход даў магчымасць паказаць Касцёл, які мае боска-чалавечую прыроду, у розных аспектах яго існавання і служэння.

3. Не адмаўляючы інстытуцыйна-іерархічнага ладу Касцёла, Сабор пры апісанні яго мадэлі выкарыстаў біблейскую ідэю Народа Божага і прыгажосць евангельскай еднасці (communio; пар. LG 9–17). Дапоўніўшы вучэнне І Ватыканскага Сабору, ён адрадзіў і развіў актуальную і вельмі важную ідэю калегіі біскупаў (пар. LG 22–23). Ён таксама па-новаму ацаніў і развіў вучэнне пра ролю свецкіх вернікаў у Касцёле (пар. LG 30–38; АА).

4. На Саборы Каталіцкі Касцёл выйшаў з эры контррэфармацыі, дзякуючы чаму перад ім адкрыліся новыя далягляды экуменічнага руху (пар. UR).

5. Падкрэсліваючы, што Касцёл Хрыстовы прабывае (subsistit) у Каталіцкім Касцёле (пар. LG 8), Сабор вызначыў, што і ў іншых Цэрквах і царкоўных супольнасцях таксама дзейнічае Святы Дух (пар. UR 3–4).

6. Дапаўненне сваёй каталіцкасці (паўсюднасці) лацінскі Касцёл «знайшоў» ва Усходніх Цэрквах (пар. Ur 14–18; ОЕ).

7. Каталіцкі Касцёл усвядоміў таксама і тое, што Бог дзейнічае і ў нехрысціянскіх рэлігіях (пар. NA).

8. Адмовіўшыся ад трыумфалізму, Каталіцкі Касцёл змог яшчэ больш засяродзіцца на асобе Хрыста (пар. LG 1–8), прыпадабняючыся да Касцёла першых часоў.

9. У адносінах з навакольным светам Касцёл адмовіўся ад манаполіі, прызнаў неабходнасць і карысць дыялогу (пар. GS). Касцёл без сувязі са светам вядзе да таго, што свет застаецца без Касцёла, што недапушчальна ў перспектыве ўсеагульнага паклікання да святасці. Бог жадае, каб усе людзі збавіліся (пар. 1 Цім 2, 4).

10. Усе дзеянні Касцёла павінны ажыццяўляцца дзеля чалавека. Таму ў цэнтры дыялогу чалавека са светам павінен знаходзіцца сам чалавек як асоба, каб Хрыстус прысутнічаў у чалавечым жыцці (пар. GS 12–22). Дыялог з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі — гэта дыялог пра Хрыста і Яго прысутнасць у свеце (пар. UR 3). Дыялог з нехрысціянскімі рэлігіямі — гэта дыялог пра разуменне збаўлення і пра агульныя чалавечыя каштоўнасці (пар. NA). Нарэшце, дыялог з няверуючымі — гэта пошук агульных элементаў дабра, якое існуе ў свеце, з жаданнем паказаць, што ў ім схавана Боская мудрасць (пар. GS 21).

11. «Вызваленне» Касцёла ад строгага ўспрымання інстытуцыйна-іерархічнага манапалізму, адмаўленне ад чыста апалагетычных тэндэнцый і зносіны са светам дазволілі яму заняць у адносінах да іншых канфесій і рэлігій, а таксама да няверуючых і навакольнага свету пазіцыю служэння і канструктыўнага дыялогу (пар. Gs 40–45).

12. Такім чынам, «Касцёл з’яўляецца ў Хрысце своеасаблівым сакрамэнтам — гэта значыць, знакам і прыладаю — глыбокага яднання з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду» (LG 1) ці «ўсеагульным сакрамэнтам збаўлення» (LG 48).

13. Адкідаючы стратэгію і тактыку празелітызму, Касцёл як Народ Божы ідзе ў свет. Пасля Сабору карабель Касцёла, раскалоўшы лёд, у які быў закуты, і ўзняўшы ветразі, плыве ў сусветным акіяне, каб дапамагчы чалавеку прыйсці да Бога. Таму Касцёл ІІ Ватыканскага Сабору — гэта Касцёл, адкрыты для ўсяго свету.

14. У эклезіялогіі ІІ Ватыканскага Сабору адбылася дэцэнтралізацыя прынамсі па шасці кірунках (пар. CTh, XXXVII (1967) fasc.I, s. 18–21):

а). Дэцэнтралізацыя ўгору, у кірунку да Хрыста.

У вучэнні Касцёла вызначыўся выразны хрыстацэнтрызм (пар. LG 8). Словы святога апостала Паўла Omnia restaurare in Christo — «Усё аднавіць у Хрысце» (пар. Эф 1, 10) у працах Сабору і ў ягоным вучэнні атрымалі адназначную інтэрпрэтацыю — Касцёл належыць толькі аўтарытэту Хрыста.

b). Дэцэнтралізацыя ў глыбіню, у кірунку таямніцы.

Касцёл як «народ, аб’яднаны ў еднасці Айца, Сына і Святога Духа» (LG 4: de unitate Patris et Filii et Spiritus Sancti plebs adunata), з’яўляецца таямніцаю. Перадусім менавіта з гэтай прычыны замест азначэння (дэфініцыі) Касцёла Сабор дае яго апісанне (дэскрыпцыю), выкарыстоўваючы пры гэтым біблейскую тэрміналогію (пар. LG 6–7. 9–17). З другога боку, Касцёл, прыняўшы на сябе функцыю Хрыста, нясе збаўленне ўсім людзям, з’яўляючыся бачным знакам нябачнай ласкі. Таму Касцёл і называецца таямніцаю збаўлення (пар. LG 1).

с). Дэцэнтралізацыя ўшыр — да калегіяльнасці Касцёла.

Новае ўспрыманне і развіццё пастулатаў Святога Пісання і Традыцыі пра тое, што найвышэйшая ўлада ў Касцёле належыць Папу (аднаасобна) і біскупам у еднасці з Папам (калегіяльна), дазволіла Сабору па-новаму паглядзець на праблему калегіяльнасці Каталіцкага Касцёла (пар. LG 22–23). Пасля І Ватыканскага Сабору, які вызначыў беспамылковасць Папы ў пытаннях веры і маралі, калі ён абвяшчае іх ex cathedra, здавалася, што ў будучыні не будзе патрэбы ў Сусветных Саборах. Аднак новая ацэнка калегіяльнасці епіскапату на ІІ Ватыканскім Саборы паказала, што як Саборы, так і Сіноды біскупаў маюць проста жыццёвую неабходнасць.

d). Дэцэнтралізацыя ў кірунку да Народа Божага.

Касцёл — гэта не толькі інстытут збаўлення для абраннікаў; наадварот, ён ахоплівае ўсіх людзей. І хоць Касцёлам кіруе іерархія, тым не менш свецкія вернікі ў ім адыгрываюць важную ролю і выконваюць істотныя абавязкі (пар. LG 9–17). Таму ў нябыт адышла старая сярэднявечная мадэль адносінаў іерархіі да свецкіх вернікаў: свецкі вернік — гэта asinus («вослік»), на якім сядзіць propheta («прарок»), гэта значыць прадстаўнік іерархічнага святарства. Дзякуючы ідэі Народа Божага Касцёл наблізіўся да людзей і да свету.

е). Дэцэнтралізацыя ў кірунку да іншых хрысціянаў і нехрысціянскіх рэлігій.

Каталіцкі Касцёл адмовіўся ад палітыкі ізаляцыянізму ад іншых хрысціянаў і рэлігій, прызнаўшы, што і ў іх дзейнічае ласка Божая, і што яны ўтрымліваюць аб’етыўную рэлігійную праўду і дынаміку дабра (пар. UR, NA).

f). Дэцэнтралізацыя ў кірунку да навакольнага свету.

Касцёл, які не з гэтага свету, але ў гэтым свеце, павінен ўзірацца на яго і весці з ім дыялог збаўлення (пар. GS). Гэта дапаможа адарыць яго ласкаю і разам з ім ісці ў кірунку да «новай зямлі» і «новага неба» (пар. Ап 21, 1).

15. Такім чынам, на Саборы быў знойдзены новы вобраз жывога, дынамічнага Касцёла, які імкнецца да дыялогу і агульнага пошуку праўды. Каталіцкі Касцёл 8 снежня 1965 г., падчас закрыцця Сабору, быў цалкам іншым, чым 11 кастрычніка 1962 г., у дзень яго пачатку. Гэтая розніца заключаецца зусім не ў веравучэнні, дагматычных пастановах ці веры, якая застаецца нязменнаю. Розніца — у самасвядомасці і вобразе дзеяння Касцёла (пар. NOK, s. 206). Сабор яшчэ раз падкрэсліў праўду: Ecclesia semper reformanda — «Касцёл заўжды аднаўляецца».

16. Настолькі значныя і эпахальныя дасягненні Сабору ў галіне эклезіялогіі далі новы імпульс да развіцця тэалогіі ў паслясаборавы час. Касцёл, як і жыццё, павінен развівацца, каб не страціць актуальнасці і заўсёды адказваць на выклікі часу.

Разам з вывучэннем дакументаў Сабору і падрыхтоўкай каментараў да іх у эклезіялагаічнай літаратуры шмат увагі прысвячаецца паглыбленню саборавага вучэння. Часцей за ўсё гэта датычыцца наступных пытанняў: Народ Божы, Касцёл як таямніца, агульнае святарства свецкіх, дзеянне Святога Духа ў Касцёле, адносіны Папа — епіскапат, партыкулярны Касцёл, статус дапаможных біскупаў, роля Традыцыі ў Касцёле, святарства, адносіны Касцёла з дзяржаваю і з іншымі рэлігіямі і канфесіямі, эклезіялагічнае значэнне кананічнага права і г. д. Усё гэта яўныя знакі дынамізму паслясаборавага Касцёла і развіцця эклезіялогіі.

Пададзім толькі некалькі прыкладаў.

Першая праграмная энцыкліка Яна Паўла ІІ Redemptor hominis — «Адкупіцель чалавека» (1979 г.) разам з вучэннем пра збаўленне ў Хрысце і праз Хрыста шмат увагі прысвячае Касцёлу, які працягвае місію збаўлення ў гістарычным часе. Высока ацаніўшы першую энцыкліку свайго папярэдніка Паўла VI Ecclesiam Suam у адносінах самапазнання Касцёла, Ян Павел ІІ падрабязна разглядае пытанні калегіяльнасці біскупаў, апостальства, адзінства хрысціянаў (пар. RH 3–6). Увесь хрысціянска-антрапалагічны змест энцыклікі мае ярка выяўленую эклезіялагічную арыентацыю. Папа далей развівае персаналісцкую канцэпцыю як Касцёла, так і самога чалавека (пар. RH 7–22). Асноваю эклезіялагічнага вучэння Касцёла з’яўляецца саборавая дактрына пра самасвядомасць Касцёла.

Неабходна таксама згадаць яшчэ адну энцыкліку Яна Паўла ІІ — Dominum et Vivificantem (1986 г.), у якой пададзена вучэнне пра Святога Духа ў жыцці Касцёла. Папа падкрэслівае, што дзякуючы дзеянню Святога Духа ў Касцёле працягваецца ласка Пяцідзесятніцы, гэта значыць ён далей развівае «пнеўматалагічнае» вучэнне Сабору, прасякнутае праўдаю пра Святога Духа як пра душу Касцёла (пар. DV 25–26).

Асаблівае значэнне як у жыцці Касцёла, так і ў развіцці эклезіялогіі адыграла прыняцце новага Кодэксу Кананічнага Права (1983 г.), які Папа назваў дапаўненнем да саборавага вучэння (пар. CCL, p. xxi), апошнім дакументам Сабору (пар. OPS, s. 8). Кодэкс складзены ў адпаведнасці з саборавым вучэннем пра Касцёл як пра Народ Божы і Касцёл як супольнасць (communio), а таксама пра іерархію, пра свецкіх вернікаў і гэтак далей (пар. OPS, s. 12–13; 19–24). Неабходна адзначыць, што ў падрыхтоўцы Кодэксу асаблівым чынам выявіўся саборавы дух калегіяльнасці (пар. ССС, p. XII–XIII).

У гэтай сувязі заслугоўвае ўвагі і новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (1992 г.), які, па перакананні Папы Яна Паўла ІІ, «зробіць вельмі значны ўнёсак у тую справу аднаўлення ўсяго жыцця Касцёла, што пажадаў і распачаў ІІ Ватыканскі Сабор», і «паслужыць аднаўленню, да якога Святы Дух няспынна заклікае Цела Хрыста — Касцёл Божы, які пілігрымуе да нязгаснага святла Валадарства» (Апостальская канстытуцыя Fidei depositum, I; IV).

Неабходна адзначыць вялікае значэнне Сінодаў біскупаў для практычнай адаптацыі вучэння Сабору і для яго далейшага развіцця. Гэты інстытут, адноўлены пасля Сабору, унёс дух дынамізму ў жыццё Касцёла і дазволіў у калегіяльным парадку вырашаць надзённыя пытанні жыцця і дзейнасці Касцёла, перш за ўсё — душпастырскія.

Тут варта асабліва адзначыць пазачарговы Сінод біскупаў, які адбыўся ў 1985 г. і быў прысвечаны 20-годдзю Сабору. Ён меў перад сабою тры асноўныя мэты: годна адзначыць 20-годдзе завяршэння Сабору, абмяняцца меркаваннямі на тэму рэалізацыі яго вучэння, а таксама яго ўвасабленню ў жыццё ў святле новых выклікаў часу. Сінод, станоўча ацаніўшы Сабор як асаблівы дар Бога Касцёлу нашага часу, тым не менш вельмі востра абмяркоўваў пытанні, што датычацца адносінаў Папа — епіскапат, правоў Канферэнцый Біскупаў, сутнасці Касцёла і яго місіі ў свеце, таямніча-супольнаснага бачання Касцёла, экуменізму, становішча Касцёла ў краінах трэцяга свету і так званых «маладых» Касцёлаў, інкультурацыі, дыялогу з нехрысціянскімі рэлігіямі, удзелу ў грамадскім жыцці, праблемы бедных, «тэалогіі вызвалення» і гэтак далей. Сінод яшчэ раз пацвердзіў тое, што вучэнне Сабору павінна дапаўняцца і развівацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу (пар. ChwS, 151 (1968), s. 1–39; 52–53; 69).

Асаблівай увагі заслугоўвае Х чарговы Сінод біскупаў: «Біскуп — слуга Евангелля Езуса Хрыста для надзеі свету» (2001 г.). Варта адзначыць, што ўпершыню біскупы на Сінодзе абмяркоўвалі праблему свайго ўласнага служэння ў Касцёле. Знамянальна таксама і тое, што гэта быў першы Сінод у новым трэцім тысячагоддзі. Сінод яшчэ раз дапамог перажыць «глыбокі вопыт сутнасці Касцёла» (PG 2) такім чынам, што прысвечаныя служэнню біскупаў дыскусіі дапоўнілі вобраз эклезіялогіі супольнаснасці і місіі Касцёла (пар. PG 2).

Праца Сіноду засяроджвалася на распрацаванай ІІ Ватыканскім Саборам дактрыне адносна епіскапату і служэння біскупаў у святле тэалагічнай цноты надзеі. Гэтая задача выключна важная для біскупа, які ў Касцёле з’яўляецца носьбітам пасхальнага і эсхаталагічнага сведчання (пар. PG 2).

Сінод закранаў фундаментальныя пытанні жыцця і служэння біскупа ў наш час. Гаворка ішла пра таямніцу і служэнне біскупа (PG 6–10), яго духоўнае жыццё (пар. PG 11–25), настаўніцтва веры і абвяшчэнне Слова (пар. PG 26– 31), удзяленне ласкі (пар. PG 32–41), пастырскую дзейнасць (пар. PG 42–54), адносіны да Паўсюднага Касцёла (пар. PG 55–65) і да найбольш актуальных праблемаў сучаснасці (пар. PG 66–72).

Без сумнення, Сінод стаў новым этапам як у рэалізацыі вучэння Сабору пра біскупаў, так і ў яго далейшым развіцці ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, асабліва ў кантэксце дабравесця надзеі для ўсяго свету, надзеі перад абліччам яе адсутнасці, надзеі, якая ёсць у Хрысце.

17. Такім чынам, гэты кароткі агляд саборавага і паслясаборавага вобразу Касцёла дазвяляе акрэсліць сучасны стан каталіцкай эклезіялогіі словамі святога Бернарда: Sit finis libri, sed non finis querendi — «Няхай закончыцца кніга, але не заканчваюцца даследаванні» (Bernardus Claraevallensis, De consideratione, 32, PL 182, p. 808: CTh 37 (1967) fasc. I, s. 22).

Непрамінальную каштоўнасць Сабору падкрэслівае і Папа Ян Павел ІІ у сваім Апостальскім пасланні Novo millennio ineunte — «Распачынаючы новае тысячагоддзе» (2001 г.), дзе ён кажа, што і сёння дакументы Сабору не губляюць свайго значэння і бляску. Іх варта вывучаць, добра ведаць і прымаць сэрцам як важныя і абавязковыя. У вучэнні Сабору нам дадзены дакладны компас, па якім трэба спраўджваць кірунак нашага шляху ў надыходзячым стагоддзі (пар. NMI 57).

У сваім тэстамэнце Папа Ян Павел ІІ пісаў: «Стоячы на парозе трэцяга тысячагоддзя in medio Ecclesiae — „пасярод Касцёла“ (пар. Гбр 2, 22), хачу яшчэ раз выказаць падзяку Духу Святому за вялікі дар ІІ Ватыканскага Сабору, даўжніком якога разам з усім Касцёлам, і асабліва з усім Епіскапатам, я сябе адчуваю. Я перакананы, што яшчэ доўга новыя пакаленні будуць чэрпаць з тых багаццяў, якімі гэты Сабор ХХ стагоддзя нас адарыў. Як біскуп, які ўдзельнічаў у падзеях Сабору ад першага да апошняга дня, хачу даверыць гэтую вялікую спадчыну ўсім, хто пакліканы да яе рэалізацыі. Сам жа дзякую Вечнаму Пастыру за тое, што дазволіў мне служыць гэтай вялікай справе на працягу ўсіх гадоў майго пантыфікату» («Наша вера», № 2 (32) за 2005 г.: Тэстамэнт Яна Паўла ІІ, с. 37).

Такім чынам, Ecclesia semper reformanda — Касцёл, які заўжды аднаўляецца, ідзе па гэтым свеце шляхамі, па якіх накіроўвае яго Бог, і таму няспынна павінна працягвацца яго самапазнанне. Распачатая на Саборы лінія aggiornamento — approfondimento (асучасніванне — паглыбленне) павінна працягвацца і далей. Гэта — патрабаванне часу.

The king is dead; long live the king — «кароль памёр, няхай жыве кароль» (DV II, р. XV). Перафразуючы гэтае англійскае выказванне, распачаты на ІІ Ватыканскім Саборы працэс эклезіялагічнага самапазнання, які працягваецца, можна вызначыць наступнымі словамі: «Сабор закончыўся — Сабор працягваецца» і імкнуцца да ўсё больш глыбокага пазнання сутнасці Касцёла і вызначэння яго місіі ў наш час.

Гл. таксама:
:: АРЦЫБІСКУП ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ БІЯГРАФІЧНЫЯ ЗВЕСТКІ ::

 


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
  1. Дакументы II Ватыканскага Сабору.
  2. W. M. Abbot, S.J. (red.). The documents of Vatican II, London Dublin 1966 (DV II).
  3. Enchiridion Vaticanum. I. Documentі ufficiali del Concilio Vaticano II, Bologna 1981.
  4. Balčiunas ir kt. (red). II Vatikano Susirinkimo dokumentai. III. Popiežių kalbos ir raštai, Boston 1969 (SD III).
  5. Code of Canon Law. Latin-English edition, Washington 1995 (CCL).
  6. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК).
  7. Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Redemptor hominis» (RH).
  8. Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Dominum et Vivificantem» (DV).
  9. Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя «Pastores dabo vobis» (PDV).
  10. Ян Павел ІІ. Апостальскае пасланне «Novo millennio ineunte» (NMI).
  11. В. Lambert (red.). Nowy obraz Kościoła po Soborze Watykańskim II, Warszawa 1968 (NOK).
  12. Collectanea theologica, Warszawa 1949 (CTh).
  13. Analecta Cracoviensia, Kraków 1969 (AnCr).
  14. Chrześcijanin w świecie, Warszawa 1969 (ChwŚ).
  15. Obowiązki i prawa wiernych świeckich w prawodawstwie soborowym, Kraków 1985 (OPŚ).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY