Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Жана НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

ПЕСНЯ ПАКУТАЎ ЯЗАФАТА
З ВЯЛIКАГА КРАЮ РАСАНАЎ

Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас
і кіруюць вамі ў Пану ды навучаюць вас,
каб больш любілі іх дзеля працы іхняй.
Жывіце ў згодзе між сабою.
(пар. 1Тэс, 5, 12–13.)

Першая старонка першадруку «Язафатыды» (Вільня, 1628 г.)
Старажытныя аэды-песняры складалі паэмы, прысвечаныя магутным героям-асілкам мінулых часоў. Пад звон ліры або кіфары яны ўслаўлялі іх ваенныя подзвігі. Хрысціянская гісторыя ўзбагаціла літаратуру новымі героямі — святымі пакутнікамі. Аэды новага часу, цяпер ужо без дапамогі салодкагалосых струнаў, велічным паэтычным словам пачалі ўслаўляць змагароў за ўмацаванне справы Хрыста. Тым самым яны, фактычна, спрычыніліся да ўзнікнення новай мадыфікацыі эпічнага жанру — эпасу агіяграфічнага. Выдатным узорам такога твора ў лацінамоўнай беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу з’яўляецца паэма «Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта» (Кракаў, 1523) Мікалая Гусоўскага1. Беларускі паэт быў надзвычай зацікаўлены ў тым, каб апісаць цнатлівае жыццё не далёкага рымскага падзвіжніка старажытных часоў імператара Дыяклеціяна, а «свайго», славяніна-паляка з роду Адрованжаў, які жыў у XIII стагоддзі і, згодна з летапіснымі сведчаннямі, пэўны час ажыццяўляў сваю місіянерскую дзейнасць на Украіне.

Дзень віцебскай трагедыі — 12 лістапада 1623 года — нарадзіў да жыцця новага героя-пакутніка. І паходзіў ён не з далёкай апольскай зямлі, а з блізкага Уладзіміра Валынскага, служэнне ж яго адбывалася не ў Польшчы і нават не на Украіне, а ў Віцебску, Полацку, Быцені, Жыровічах… Язафат Кунцэвіч, ваяўнічы і нястомны абаронца касцёльнай уніі, шчыры і гарачы рупліўца на ніве Хрыстовае веры, не мог не зрабіцца героем вялікай эпічнай паэмы.

У 1628 годзе выйшла з друку кніга in octavo (у восьмую частку друкарскага аркуша) пад назваю «Язафатыда, або Пра забойства Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Полацкага, грэцкага набажэнства, забітага схізматыкамі ў Віцебску за [абарону] уніі і Святога рымскага апостальскага стальца, у трох кнігах»2. На тытульным аркушы не пазначаны месца выдання і друкарня, аднак, на думку даследчыкаў, кніга выйшла ў Вільні, у друкарні езуіцкай акадэміі3. Аўтарам названы «брат з ордэна Базылія Вялікага Язафат Ісаковіч». Тым не менш, ужо першыя даследчыкі гэтага твора выказвалі сумненні адносна пытання пра аўтарства і сцвярджалі, што пад імем Язафата Ісаковіча хаваецца насамрэч віцебскі шляхціц Мікалай Кміціц. Бібліяграфічныя крыніцы ХІХ стагоддзя паведамляюць, што, акрамя «Язафатыды», ён быў аўтарам панегірычных вершаў.

Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін каля рэліквій святога Язафата Кунцэвіча. Рым, базыліка святога Пятра.
Першае выданне «Язафатыды» было прысвечана арцыбіскупу селеўкійскаму, Апостальскаму нунцыю пры каралю Жыгімонту ІІІ Антонію Святакрыскаму (Antonius Sanctacrucius). У 1748 годзе ў Пачаеве, у друкарні базыльянаў, выйшла перавыданне «Язафатыды», дзе на тытульным аркушы ізноў было пазначана імя Язафата Ісаковіча як аўтара, і ў прадмове да чытача горача абвяргалася гіпотэза пра аўтарства Мікалая Кміціца. Новае выданне «Язафатыды» прысвечана графу ў Быхаве, Заслаўі і Дуброўне, віленскаму каад’ютару Юзафу Сапегу, чалавеку высокай адукаванасці і вялікай набожнасці. У прысвячэнні прыгадваюцца асобныя прадстаўнікі роду Сапегаў (у тым ліку і славуты канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега), адзначаецца іх роля ў рэлігійным жыцці дзяржавы, прынамсі ў справе ўшанавання памяці святога Язафата.

Як бы там ні было з пытаннем пра аўтарства, але для сучаснага даследчыка, які возьмецца гартаць пажаўцелыя старонкі «Язафатыды», будзе бясспрэчным толькі тое, што гэтыя радкі напісаны выхадцам з Віцебшчыны. Пацверджанне таму мы знойдзем у самім тэксце паэмы, дзе аўтар неаднаразова ўзгадвае «старажытнае места» Віцебск, а таксама недалёкія Полацк, Оршу, Магілёў. Акрамя таго, у творы падаюцца рэдкія звесткі па гісторыі хрысціянізацыі Русі, адрозныя ад легендарнага кіеўскага або корсунскага паданняў з «Аповесцяў мінулых гадоў». Гісторыю старажытных часоў, якую быццам бы пераказаў Язафату яго настаўнік Васілій Вялікі падчас экстатычнага сну арцыбіскупа, насамрэч аўтар запазычыў з самых розных гістарычных крыніцаў: з гістарычных трактатаў Энея Сільвія і Мацея Мяхоўскага, «Касцёльных аналаў» Цэзара Баронія, нямецкіх хронікаў і беларускіх летапісаў. Пачаўшы свой расповед пра ўсіх кіеўскіх Мітрапалітаў з часоў Рурыка, аўтар давёў яго да часоў апошняга (на момант напісання паэмы) Мітрапаліта Юзафа Вельяміна Руцкага.

Падобна, што такая адметная канцэпцыя ранняй гісторыі ўсходнеславянскага хрысціянства, звязаная не з Уладзімірам, а з Рурыкам і яго братамі, склалася менавіта ў беларускім інтэлектуальным асяроддзі. Пасля беларуса, які напісаў «Язафатыду», тыя ж самыя звесткі пра «траякі хрост Русі» падаваў у сваім трактаце «Іерархія, або Пра зверхнасць у Царкве Божай» яшчэ адзін беларус, выхадзец з Наваградчыны, архімандрыт Дзерманскага манастыра Ян Дубовіч4. Шматзначным супадзеннем выглядае таксама меркаванне, прапанаванае ў сучаснай агіяграфічнай аповесці «Язафат Кунцэвіч» яе аўтарам Тадэвушам Жыхевічам, быццам бы «род бацькі св. Юзафата можа выводзіцца ад скандынаўскага варага, званага Кунц, Кунцы або Куні, які быў дружыннікам або прыдворным вялікага князя Ігара»5.

Надмагільная пліта уніяцкаму Мітрапаліту Рафаэлю Корсаку, зробленая полацкімі манахамі базыльянамі ў царкве святых Сергія і Бака ў Рыме. У інскрыпцыі змяшчаецца ўказанне на тое, што Рафаэль Корсак быў адпраўлены ў Рым каралём Жыгімонтам ІІІ для вядзення справаў, датычных працэсу беатыфікацыі Язафата Кунцэвіча.
«Язафатыда» (таксама, як славутая «Іліяда» або «Энеіда») напісана «гераічным» вершаваным памерам — гекзаметрам — і складаецца з трох частак. Як гэта ўласціва большасці паэтычных твораў эпохі Барока, сюжэт у паэме не разгортваецца лінейна ні ў храналагічным, ні ў прасторавым вымярэнні. Зямны план шматразова змяняецца нябесным, паэма насычана шматлікімі прадказаннямі, прадбачаннямі, з’яўленнем анёлаў, святых і г. д. Так, даволі разгорнуты «алімпійскі план» прадстаўлены на пачатку другой кнігі. Бог, улагоджаны малітвамі святой Пракседы (Параскевы), абяцае дараваць віцябчанам грэх забойства арцыбіскупа і прадракае яму святасць. Адметна, што гэтае прароцтва суправаджаецца ўзгадваннем імёнаў тых вяльможных асобаў, якія прыклалі шмат намаганняў у справе ўшанавання святой памяці забітага ўладыкі: віленскіх біскупаў Яўстахія Валовіча і Георгія Тышкевіча, уніяцкага Мітрапаліта Юзафа Вельяміна Руцкага, а таксама Галіцкага біскупа Рафаэля Корсака і Полацкага арцыбіскупа Антонія Сялявы, будучых уніяцкіх мітрапалітаў. Тым самым аўтар падкрэсліваў, што культ Язафата Кунцэвіча ў Вялікім Княстве Літоўскім набыў дзяржаўнае значэнне, як у Старажытнай Русі — культ святых пакутнікаў Барыса і Глеба.

Аб’ектыўнасць такой пазіцыі аўтара пацвярджаецца вядомымі гістарычным фактамі. Так, вынікам рымскай місіі да Папы Урбана VIII Галіцкага біскупа Рафаэля Корсака стала стварэнне другой камісіі па даследаванні абставінаў забойства Язафата Кунцэвіча, якая пачала сваю дзейнасць з 3 чэрвеня 1637 года. Плёнам працы менавіта гэтай камісіі стала ўрэшце беатыфікацыя Язафата Кунцэвіча Папам Урбанам VIІI на пачатку 40-х гадоў XVII стагоддзяч6. A 29 лістапада 1643 года ў віленскім Святатроіцкім саборы была адслужана ўрачыстая літургія «паводле грэцкага абраду» ў гонар беатыфікацыі Язафата Кунцэвіча ў прысутнасці караля, каралевы і прыдворных саноўнікаў7.

Аўтар «Язафатыды», як і многія іншыя беларускія паэты-лаціністы, карыстаецца пераважна вобразна-стылёвай палітрай аўтара «Энеіды» — Вергілія, аднак традыцыйны арсенал старажытнарымскай паэзіі выкарыстоўваецца толькі як шляхетны слоўны дэкор для раскрыцця надзённай тэматыкі, для стварэння новай мастацкай выявы. Менавіта як даніна вялікаму Вергілію ў паэме згадваецца «лаўраносны Феб» (Апалон), ужываюцца паэтычныя перыфразы («Стыксава пашча» — пекла, Алімп — неба, гнеў, нянавісць і пакаранне — насланнё злосных фурыяў), а Бог-Стваральнік называецца «Айцом багоў».

У творы неаднаразова падкрэсліваецца, што арцыбіскуп прадбачыў свой трагічны скон. Трэба думаць, гэта адпавядае рэчаіснасці. Язафат Кунцэвіч павінен быў добра ўсведамляць тую пагрозу, якая дамоклавым мечам навісала над ім на працягу некалькіх гадоў. Т. Жыхевіч не дарэмна прыводзіць адпаведныя сведчанні: «Самуэль Мірскі, браслаўскі суддзя, бачыў, як на рачной пераправе ў Язафата стралялі. Пад Оршаю таксама страляў у яго шляхціц Масальскі»8. Чорныя хмары сышліся над арцыбіскупам у 1621 годзе, калі той паехаў у Варшаву на сойм. Менавіта тады ў Віцебск прыбылі пасланцы ад новапастаўленага Патрыярхам Тэафанам праваслаўнага архіе-піскапа Мялеція Сматрыцкага і пачалі падбухторваць насельніцтва горада да непаслушэнства Кунцэвічу. У той жа час віцебскі пісец Грыгорый Боніч, прыехаўшы з Варшавы, паведаміў, што там айцец Язафат адпраўляў набажэнства ў каталіцкай святыні9. Гэтым паведамленнем былі страшэнна ўзбударажаны праваслаўныя месцічы, якіх зусім не хвалявалі пытанні рэлігійнай дагматыкі, але якія былі перакананыя, што існуе «толькі адзін правільны спосаб вызнання і ўслаўлення Бога: іх уласны. Па-за ім жа — нічога, толькі аблуда і адступніцтва…»10. Але айцец Язафат, ні хвіліны не вагаючыся, вярнуўся да сваіх непрымірымых і азлобленых парафіянаў, бо пры самым неспрыяльным збегу абставінаў адчуваў сваю адказнасць за выратаванне іх душаў.

Тытульны аркуш другога выдання «Язафатыды» (Пачаеў, 1748 г.)
Сама сабой напрошваецца аналогія. Праз некалькі гадоў галоўны апанент Язафата Кунцэвіча, Мялецій Сматрыцкі, у выніку перажытага духоўнага крызісу змяніўшы свае рэлігійныя погляды, апынуўся ў аналагічнай сітуацыі. Праваслаўныя Вялікага Княства Літоўскага, якія падтрымалі Сматрыцкага і якім былі прызначаны надзвычай жорсткія пакаранні за забойства Кунцэвіча, пачуўшы, што іх былы свяціцель зрабіўся уніятам, пакрыўджаныя і абражаныя, безумоўна, маглі цяпер зрабіць замах на яго жыццё. І палымяны, непрымірымы ў слоўнай палеміцы Мялецій, аўтар «Плача Усходняй Маці-Царквы», ніколі больш не вярнуўся ў Вільню, да тых, чыім духоўным жыццём быў прызначаны апекавацца. Ён пісаў лісты да віленскіх праваслаўных братчыкаў, стварыў «Парэнезіс» з заклікам перайсці ва уніяцтва, адрасаваўшы яго праваслаўным суайчыннікам… Але ніколі больш не асмеліўся праваслаўны архіепіскап Полацкі і Віцебскі пераканаць палачанаў, віцябчанаў, віленцаў жывым словам прапаведніка, не выйшаў да людзей, не паглядзеў у іх вочы, поўныя гневу і варожасці. Пасля перэгрынацыі ў Святую Зямлю, пасля ўцёкаў з Кіеўскага Сабору 1628 года ён спакойна і бяспечна правёў апошнія гады свайго жыцця ў далёкім Дзерманскім манастыры.

Не такі быў Язафат Кунцэвіч. Ён ніколі не змяняў сваёй лініі паводзін і, не звяртаючы ўвагі нават на папрокі вялікага канцлера Льва Сапегі, прызнаючы над сабою толькі адну ўладу — Божую, ён і ў сваёй нязломнасці ды, магчыма, — як не пагадзіцца! — у сваёй бескампраміснай напорыстасці ды ўпартасці заставаўся шчырым і нязменным, аддаваў усяго сябе без астатку справе служэння. На пачатку другой кнігі «Язафатыды» Анёл, ахоўнік Язафата, прыносіць Нябеснаму Айцу келіх, поўны яго слёз, пралітых падчас прамоўленых казанняў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што айцец Язафат прыкладаў неверагодныя духоўныя і фізічныя намаганні дзеля аб’яднання хрысціянаў. На жаль, еднасці ў той час яму ўдалося дасягнуць толькі ў адным: яго асабістая жыццёвая трагедыя сталася часткаю трагедыі яго шматпакутнага народу. Але надалей гісторыя жыцця і смерці Язафата Кунцэвіча дала моцны штуршок да пашырэння уніяцтва на Беларусі, зрабілася магутным стымулам для распаўсюджання і ўмацавання ў душах нашых продкаў спрадвечнай ідэі хрысціянства новага часу — ідэі аб’яднання Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Архітэктоніка «Язафатыды» дастаткова складаная. Як было адзначана, аўтар увесь час нечакана змяняе месца дзеяння, робіць раптоўныя пераносы ў часе і прасторы, замаруджвае або, наадварот, паскарае ход разгортвання сюжэта. Непасрэднае выкладанне падзей, датычных віцебскай трагедыі, змешчана толькі ў канцы трэцяй кнігі, а перад гэтым — амаль паўтары тысячы радкоў гекзаметра! Чаму ж так «не спяшаўся» паэт разгарнуць перад чытачом рэальную гісторыю забойства Язафата? Менавіта ж гэта, у рэшце рэшт, заяўлена ў назве твора як яго тэма! Якім мастацкім задачам была падпарадкавана такая методыка «няспешнасці» паэтычнага аповеду?

Узгадаю яшчэ раз Мікалая Гусоўскага, які пісаў у сваёй паэме пра святога Гіяцынта: «Справы айчынныя мне пакрысе распавесці належыць». Гэтыя словы — запавет нашчадкам, у першую чаргу тым, якія бяруцца за пяро, каб пісаць пра духоўныя пошукі свайго народу. Гэта перасцярога ад спробаў вырашыць складаныя (тым больш — веравызнаўчыя!) праблемы не пакрысе, асцярожна і ўдумліва, але — аднойчы, раз і назаўсёды. Гэта заклік да памяркоўнасці і разважнасці, якіх, насуперак сфармаванаму стэрэатыпнаму ўяўленню пра «рахманых» беларусаў, насамрэч вельмі часта нам не стае. Гэты запавет выдатна засвоіў і аўтар «Язафатыды». І вершаваныя радкі беларускага паэта — ці то Язафата Ісаковіча, ці то Мікалая Кміціца — вядуць пакрысе свой аповед, уплецены ў рытміку ўрачыстага гекзаметра.

Прыслухаемся пакрысе. Пакінем па-за ўвагаю варожыя выпады супраць схізматыкаў (без якіх, зразумела, не мог абысціся твор пісьменніка-уніята), апалогію нянавісці, заклікі да вынішчэння ды скасавання… Паспрабуем з вышыні нашага экуменічнага часу асэнсаваць пакутны жыццёвы шлях таленавітага і набожнага чалавека, айца Язафата Кунцэвіча, які шчыра ўсвядоміў сваё нябеснае прызначэнне і ў высокай справе служэння Богу імкнуўся служыць людзям, быць для іх добрым і руплівым пастырам.

Гл. таксама:
:: ЯЗАФАТЫДА ::

 


  1. Фрагменты з гэтага твора ў перакладзе на беларускую мову апублікаваныя ў часопісе «Наша вера» (2007, № 3).
  2. Iosaphatidos, sive De nece Iosaphat Kuncewicz archiepiscopi Polocen[sis], ritus Graeci, pro unione et S. Sede Apostolica Romana Vitebsci a schismaticis caesi, libri tres, illustrissimo ac reverendissimo d[omi]no, d. Antonio Sanctacrucio, Dei et Apostolicae Sedis gratia archiepiscopo Seleuciae… / a f. Iosaphat Isakowicz Ordinis D. Basilii Magni dedicate anno M.DC.XXVIII.
  3. Гл.: Index librorum Latinorum Lituaniae saeculi septimi decimi / Concinnaverunt Daiva Narbutiene et Sigitas Narbutas. Vilnius: Lietuviш literatыros ir tautosakos institutas, 1998. № 431.
  4. Hierarchia abo O zwierzchności w Cerkwi Bożej. Od Wieleb[nego] Oyca Iana Dubowicza, Archimandryty Monastera Dermanskiego, w druk za dozwoleniem starszych podana. We Lwowie: w drukarni Colleg[ii] Societatis Iesu, u Sebastyana Nowogorskiego, roku Pańskiego 1644.
  5. Żychiewicz T. Jozafat Kuncewicz. Kalwaria Zebrzydowska, 1986. Фрагменты з твора Т. Жыхевіча цытуюцца паводле рукапісу артыкула Міраславы Алдакоўскай-Куфловай «Язафат Кунцэвіч Тадэвуша Жыхевіча як жыціе: сучасная рэалізацыя жанру», ласкава прадстаўленага аўтаркай.
  6. Гл.: Хадыка А. Святы Язафат Кунцэвіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша вера. 2006. № 2.
  7. Radzłwiłł A.S. Pamiętnik o dziejach w Polsce / Przełożyli i opracowali Adam Przyboś i Roman Żelewski. — Warszawa, 1980. — T. 2. — S. 369.
  8. Żychiewicz T. Op. cit. S. 86.
  9. Гл.: Вернікоўская А. Супраціўленне праваслаўных Полацкай епархіі ўвядзенню уніі і забойства Язафата Кунцэвіча // Беларускі гістарычны агляд. 2001. Снежань. Т. 8. Сшытак 1–2 (14–15).
  10. Żychiewicz T. Op. cit. S. 38.

 
P.S. Падрыхтоўка гэтай публікацыі звязана з адшуканнем рэдкага помніка старажытнай беларускай літаратуры — паэмы «Язафатыда» — у бібліятэцы Ватыкана, куды аўтар трапіла дзякуючы спрыяльнай дапамозе і падтрымцы Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Дзям’янкі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY