Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Абаронцам праўды сваёй

— Падымайцеся, бабы! — штурхнула бабу, што ляжала побач, Слепандзя.

— Чуеш, Глухменя! — закрычала на ўвесь голас яшчэ раз і паказала пальцам у бок шашы.

— Божухна ты мой, едуць, — праціраючы вочы, ненатуральна гучна ўсклікнула Глухменя.

Гэта абудзіла Нямкую, якая мігам пераксцілася, няўклюдна ўспаролася на ногі і кінулася да званіцы.

Праз момант па ўсёй ваколіцы раздаўся магутны, працінаючы звон.

Калі да бажніцы пад’ехала машына, поўная міліцыянтаў, пад брамаю паспела сабрацца сціжма людзей, але яшчэ большая цягнулася з боку хатаў, у вокнах якіх мігцелі запаленыя лучыны. Была пара, якой гаспадары звыкла рыхтуюцца гнаць на пасту каровы, таму, хоць на двары панаваў яшчэ ранні золак, у хатах працягвалі спаць адно малыя дзеці. Людзі папакідалі свае заняткі і накіраваліся ў бок, скуль даносіўся трывожны сігнал. Мужчыны пахапалі косы ды вілы, а жанкі ішлі ўзброеныя ў залежнасці ад таго, пры якой чыннасці заспеў іх звон: хто таўкачамі, хто матыкамі, а хто пранікамі. Цяпер усе разам стаялі перад брамаю. Папраўляючы раскудлачаныя валасы, зашпільваючы прарэхі, уцягваючы ў нагавіцы пакамечаныя спрасоння кашулі, люд чакаў пасланцоў улады.

Дзверцы аўто павольна адчыніліся, і вачам шматлікага натоўпу паказалася вялікая цёмна-зялёная фуражка. Хоць настрой у натоўпе быў напружаны, некалькі малых, што з цікавасці прыцягнуліся за бацькамі, убачыўшы пляскатыя капелюшы міліцыянтаў, уголас зарагаталі. Нечаканае павітанне ўвяло службістаў у немалы канфуз. Такой грамады яны не спадзяваліся, і калі прыязджалі сюды тыдзень таму, то вярталіся ў горад упэўненыя, што перамога за імі.

— Дабрыдзень, грамадзяне, — быццам сам сабе, а не людзям кінуў міліцыянт, у якога на кожным пагоне блішчэла па вялікай зорцы.

Ніхто ці то не наважыўся, ці то проста не пажадаў адказаць. Замест таго з сярэдзіны данеслася некалькі выцаджаных праз сціснутыя зубы праклёнаў. Маёр міліцыі і два лейтэнанты, якія ішлі за ім, зрабілі выгляд, быццам іх не пачулі, і спакойна ў развалачку наблізіліся да брамы, але ўваход да бажніцы ўжо быў шчыльна перагароджаны на ўсё гатовымі абаронцамі. Выгляд скіраваных ў іхні бок вачэй, а таксама зубы вілаў ды лёзы косаў крыху ўтаймавалі маёраў імпэт. Аднак, не даўшы па сабе пазнаць поўнага збянтэжання, ён надзьмуўся як пава, павольна выпусціў носам паветра і пасля працяглай паўзы прамовіў:

— Бунтуеце значыць, грамадзяне, — тут, каб надаць большай значнасці сваім словам, маёр зрабіў яшчэ адну працяглую паўзу. — Бунтуеце супраць народнай улады. — Маёр ізноў запыніўся і, стоячы на адной назе, азірнуўся навокал, каб уважліва разгледзець гэтых «бунтаўшчыкоў». — Ведаеце, чым гэта можа скончыцца... – шматзначна прыгразіў маёр. — Мы толькі выконваем свой абавязак.

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага

— Шатан! — сплюнула Слепандзя і пераксцілася. Але паколькі стаяла акурат ля маёра, плявок плюснуў службоўцу проста ў твар.

У натоўпе і сярод міліцыянтаў запанавала мёртвая цішыня. Чырвоны ад лютасці маёр, скрыгочучы зубамі, не прамовіў ані слова, жвава абярнуўся і падаўся да машыны, на якой прыехаў. – Пашкадуеце, – узняўшы кулак, кінуў у бок натоўпу і так ляснуў дзверцай, што ў кіроўцы-сяржанта ажно зазвінела ў вушах. Калі лейтэнанты паселі ззаду і таксама дэманстратыўна загрукалі дзверцамі, аўто з імпэтам развярнулася і, гучна газануўшы, рушыла туды, скуль прыехала. Калі слуп пылу, што ўзняўся на пясчанай дарозе, паволі апаў, а хвост міліцэйскай машыны знік удалечыні, у натоўпе раздаўся гучны гоман, перамяшаны са смехам. Гэта быў пераможны вокліч, які бянтэжыў тых, што толькі надцягвалі з аддаленых ад бажніцы хатаў.

— Гром-баба! Як плюне гэтай падлюцы ў твар! — дзівіўся народ, ведучы Слепандзю пад рукі да ейнага сховішча каля званіцы.

— Што казала гэтая гадаўка? — крычучы, пыталася Глухменя, якая амаль нічога не разабрала з таго, што там гаварылася.

— Што бунтуем, — на вуха Глухмені раўлі падбадзёраныя вяскоўцы.

Нямкая размахвала рукамі на ўсе бакі і кратала вуснамі, як рыба, але нічога з таго, што даносілася, разабраць было немагчыма.

Калі пільнавальшчыцы дайшлі да мейсца, яны паселі на раскладзеныя куцялі саломы, а людзі сталі вакол іх і несупынна дзівіліся.

— Вось дык варта! Лепшай ня трэба! Салдацкая вытрымка! Звон як гром з неба! Зух-бабы! Дзякуй Богу!

Калі пахвальбы ў адрас вартаўнічак скончыліся, усе скіраваліся ў святыню, каб скласці ў падзяцы малітву. Ніхто не сумняваўся, што бяз Божае дапамогі тут не абышлося. Так разважаючы, людзі павольна разбрыліся па хатах, хлявах і гародах, каб спраўляць работу, а Глухменя, Слепандзя і Нямкая засталіся пільнаваць бажніцу перад д’ябламі ў фуражках, якія, несумненна, павінныя былі вярнуцца сюды з падмогай. Настрой у бабаў быў баявы.

 
У міліцэйскай машыне, якая імчала ўжо па асфальтаванай шашы ў бок горада, доўгі час было ціха. Ніхто не жадаў нарвацца на маёраў гнеў. Але калі ўрэшце маёр перастаў сапець ды сціскаць кулакі, адзін з лейтэнантаў наважыўся нясмела запытацца:

— Дык што, трэба будзе атрад прывезці і ўзяць сіламоц?

— Каб пасля ўся ваколіца гаварыла, што мы дзікуны якія? — як бы толькі чакаючы такога пытання, умомант адказаў маёр. — Тут, таварыш лейтэнант, як на вайне, галоўнае — гэта стратэгія, — дадаў, і ў машыне зноў запанавала мёртвая цішыня, якую парушаў адно гул рухавіка.

 
— Слаўна ж мы баранілі, бабы! – калі натоўп разышоўся па сваіх справах, пачала Слепандзя.

— Што кажаце? — як заўсёды перапытвала Глухменя.

— Што слаўна баранілі! — паўтарыла ўдвая гучней Слепандзя.

— А... ну а як жа! Як расплюшчу вочы, як пабачу, што машына на даляглядзе, як ускочу ды пачну лямантаваць! — хвалілася Глухменя.

— Што ты бачыла, калі я за вярсту гудзенне яшчэ чула, — запярэчыла Слепандзя.

Нямкая, чуючы іхнюю гаворку, пачала неразборліва гугнявіць пад нос ды круціць пальцам ля скроні.

Умомант гэтая спрэчка ператварылася ў найгоршую бабскую сварку, і калі б хто ўсё гэта назіраў, то падумаў бы, што не пад святыняю стаіць, а на кірмашы ў нядзельны дзень. Няздольныя дайсці да ладу ды вызначыць, чыя гэта была заслуга, бабы разышліся ў розныя бакі. Але не дзеля таго, каб кінуць храм, а па тое, каб пераканацца, чый удзел у перамозе ўсё ж такі быў вызначальны. Не азываючыся адна да адной ні словам, яны датрывалі да вечара. Кожная была перакананая ў сваёй рацыі і толькі чакала нагоды, якая дазволіла б сваю праўду пацвердзіць. Вось ужо і за поўнач пераваліла, а ніводная з вартаўнічак спаць нават і не думала. Вось была б параза, калі б гэта якая іншая з іх вызначылася пільнасцю і першая выкрыла аблаву! Не, такога дапусціць было нельга. Таму ніводная баба вокам не зміргнула. Час мінаў вельмі марудна. Аднак недзе каля трэцяй зранку падзеі пачалі набіраць хаду. Метраў сто ад святыні спыніўся міліцэйскі грузавік. З аўто асцярожна выйшаў цыбаты дзяцюк і, уторкнуўшы за скураную дзягу даўжэзны нож, рушыў у бок бажніцы. Калі, напаўсагнуты, ён падбіраўся да званіцы, бабы ўсё яшчэ не спалі. Начны госць павольна пацягнуў за клямку касцельнае брамы, але яна нават не кранулася. Левай рукой ён намацаў тоўсты ланцуг і зразумеў, што трэба будзе лезці праз мур. Нягледзячы на свой высокі рост, ён так і не здолеў дацягнуцца да кратаў, што апляталі мур. Каб ухапіцца за краты, яму давялося падскочыць. Астатняе было даволі простым. Дзяцюк умела падцягнуўся, закінуў адну нагу, пасля другую — і ўжо праз момант стаяў на касцельным дзядзінцы. У мейсцы, дзе ён пералазіў праз мур, старожыла Слепандзя, і ў той момант, калі ён паставіў ногі на зямлю, яна глядзела проста ў ягоны бок. Слепандзя яго, вядома, не бачыла, але вельмі насцярожылася ў момант, калі той саскочыў з муру. «А бадай на гэтых груганоў!» – падумала жанчына і, ужо паспакайнелая, уселася на сваім куцялі саломы. Ні секунды не марудзячы, дзяцюк адразу ж падаўся да званіцы. Перад жалезнымі прыступкамі крыху прыпыніўся, бо тут ужо лічылася не хуткасць, а дакладнасць. Прыступкі былі стромкія і даволі высокія. Таму, калі ён дайшоў да самага верху, давялося добрую хвіліну адсапсціся. Пасля доўгімі рукамі ён ухапіў вяроўку, якой разгойдвалася біла звону, і выцягнуў з-за дзягі нож, на лязе якога адбіўся ветах. Ён нацягнуў вяроўку, каб было лягчэй яе перарэзаць, аднак зрабіў гэта так няўклюдна, што біла злёгку дакранулася да звону. Каля мейсца, дзе гук звана наймацнейшы, сядзела Глухменя. Яна б магла й моцнага біцця не пачуць, не кажучы ўжо пра такі слабы водгук, але яна мела надзвычай спраўныя вочы. Яна ўгледзела нешта бліскучае ўгары на званіцы і хацела ўжо была бегчы да звону, калі зразумела, што гэта толькі каціныя вочы адбіваюць месячнае святло. «Каб на цябе воўк», — падумала Глухменя і заплюшчыла павекі, каб хвілінку адпачыць. Пасля няўдалага выпадку, супакоіўшы сэрцабіццё, якое ледзь не разарвала грудзі начнога госця, ён нанава, з нашмат большай асцярожнасцю, узяўся за сваю справу. Адной рукой нацягваючы вяроўку каля самага біла, другою некалькі разоў чыркнуў па ёй, ажно на біле застаўся пагойдвацца кароценькі матузок. Выканаўшы сваю місію, дзяцюк павольна спусціўся па прыступках і рушыў у процілеглы бок муру, праз які пралазіў на дзядзінец. Ён па-ранейшаму спраўна падскочыў, ухапіўся за краты, падцягнуўся і ўжо быў гатовы саскочыць долу, калі ўбачыў цалкам пераляканы твар Нямкой, якая пазірала на яго са свайго мейсца. Яна глядзела на госця, быццам зачараваная, у поўным здранцвенні, некалькі доўгіх хвілін, а праз ейныя вусны прабіваўся нямы крык. Збянтэжаны ейным маўчаннем, дзяцюк выцягнуў нож і пагразіў ёй у паветры, пасля скочыў і пабег у той бок, дзе чакала машына. А Нямая не менш хутка пабегла да звону. Узлезшы па прыступках на самы верх, яна выцягнула руку, каб ухапіцца за вяроўку біла, але ўхапіла адно паветра. У гэты час да брамы пад’ехала тая ж машына. З яе павыскоквалі рослыя міліцыянты і на працягу трох хвілін занялі браму, званіцу, дзверы святыні і арыштавалі старожніцаў, якія ўсё яшчэ добра не сцямілі, што папраўдзе адбылося.

— Калі ўсё спарадкуеце, то адпусціце, — уваходзячы на майдан, з важнай мінай загадаў салдатам маёр. — У пэўным сэнсе мы павінныя быць ім удзячныя.

Салдаты паслухмяна хітнулі галовамі і, не зразумеўшы, пра што гэта гаворыць маёр, прыступілі да ўпарадкавання мейсца.

 
Калі раніцой сяляне гналі на пасту каровы, на дарозе ўзняўся высачэзны стаўбур пылу, які падхапіў вецер і закруціў у паветры, утвараючы віхор, які тут жа згас. Здзіўлены народ назіраў, як да бажніцы падкаціў велізарны грузавік, у які заладавалі скінуты з пасаду цар-звон. Цэлы дзень у будынку вялася нейкая праца, а пад вечар, калі каровы вярталіся з пасты, людзі ўбачылі, як у іхнюю святыню камбайны згружаюць зерне. Тае начы не спалася амаль нікому, але лучыны ў вокнах пагасілі дакладна ўсе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY