Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Юры ЛАЎРЫК

КАСЦЁЛЬНЫЯ КНІГАЗБОРЫ


Старонкі Брэвіярыя канца ХVІІІ ст.
Пачаткі касцёльных кнігазбораў сягаюць да часоў узнікнення хрысціянства. Сустракаючыся на першых набажэнствах, вернікі маліліся і чыталі, паводле старажытнагабрэйскага звычаю, Святое Пісанне, а біскупы тлумачылі слова Божае. Ужо толькі гэта патрабавала, як мінімум, наяўнасці звояў з тэкстамі біблійных кніг. Але развіццё літургіі паступова пачало вымагаць пэўнай кадыфікацыі ўжываных на ёй тэкстаў: так пачалі з’яўляцца сакрамэнтары (Sacramentarium або Liber sacramentorum) — зборнікі малітваў, якія чытаў цэлебранс падчас справавання літургіі і святых сакрамэнтаў, антыфанары ды градуалы (Antyfonarium, Graduale) — зборнікі спеваў для Літургіі гадзінаў і св. Імшы, Лекцыянарый (Lectionarium), які змяшчаў комплекс чытанняў са Святога Пісання, і г.д. Такім чынам пры касцёлах пачала назапашвацца літаратура, неабходная для справавання службы Божай — своеасаблівыя бібліятэчкі літургічных кнігазбораў. Пакуль тэксты перапісваліся ад рукі, і нават яшчэ на ранніх стадыях друкарства, такія зборы былі, бадай, адзіным відам кніжніц, што існавалі пры шэраговым касцёле (катэдры, безумоўна, маглі быць і часта былі выключэннем з гэтага правіла).

Аднак па меры развіцця «ars typographica» друкаваныя выданні атрымлівалі ўсё больш шырокае распаўсюджанне. Як вынік, кніга робіцца даступнай ужо не толькі для найвышэйшых іерархаў, але спярша для сярэдняга звяна клеру і ўрэшце нават для звычайнага плябана ці вікарыя. Так, у ХVІ ст. значныя кнігазборы маюць ужо, напрыклад, члены Вiленскае капiтулы Іван Рышкоўскі, Мiкола Карызна, Амбразей Бойнарт. Паводле В.І.Дарашкевiча, кнiгi толькі трох названых асобаў, згодна з матэрыяламі з фондаў ЦДГА Літвы, складалi 241 назву1. З гэтага ж часу пачынаюць фармавацца і нешматлікія пакуль яшчэ бібліятэкі шэраговага парафіяльнага святарства. Спярша пра іх існаванне сведчаць толькі рэдкія ўладальніцкія запісы на той або іншай кнізе, аднак у ХVІІІ ст. гэты від бібліятэк робіцца занадта пашыраным, каб можна было б ігнараваць яго ролю ў кшталтаванні кніжнай прасторы тагачаснай Беларусі.

І, урэшце, назавем трэці від кнігазбораў, звесткі пра які больш ці менш шырока сустракаюцца ў дакументах візітацый парафіяльных касцёлаў, бадай, толькі з 2-й паловы ХVІІІ ст. Мы маем на ўвазе так званыя «фундушовыя бібліятэкі» — зборы кніг, што знаходзіліся «in Fundo» касцёла або плябаніі. Яны зазвычай камплектаваліся літаратурай, ахвяраванай святыні тым ці іншым дабрадзеем.

 
* * *

Тытульная старонка антыфанара з беларускімі правіненцыйнымі надпісамі. Кракаў, 1645 г.
Сёння мы спынімся на літургічных кнігазборах. Літаратура, неабходная для справавання службы Божай, захоўвалася, пераважна, у сакрыстыі. Беларускія святыні гэтага перыяду зазвычай мелі дзве сакрыстыі з уваходамі абапал алтара. У адной захоўваліся прадметы, неабходныя для штодзённага служэння — у тым ліку на Імшы ды малітве кнігі, а таксама адмысловыя падстаўкі ці падушкі, на якія клалі Імшал падчас набажэнства.

Другая сакрыстыя, нярэдка называная скарбцам, з’яўлялася, па сутнасці, сховішчам для прадметаў радзей ужываных — напрыклад, каштоўнага начыння, якое выносілася адтуль толькі на вялікія святы. У скарбцы маглі таксама захоўвацца не ўжываныя болей старыя літургічныя кнігі (як гэта было, напр., у Івянцы2 ), а таксама бібліятэка: манастырская ў кляштарнай святыні ці фундушовая — у парафіяльным касцёле.

На хорах досыць часта пакідаліся спеўныя кнігі, галоўным чынам, градуалы (як, напрыклад, у давыд-гарадоцкім3 і забярэзінскім касцёлах4 ) ды Брэвіярыі (як у койданаўскім5 і пяршайскім6 ). Яны маглі знаходзіцца там або проста на лавах ці пюпітрах (калі такія былі), або ў адмыслова зробленых дзеля гэтага шафах.

Найлепшай ступені ў камплектаванасці літургічныя кнігазборы дасягаюць напрыканцы ХVІІІ ст., калі, з аднаго боку, друкаваная кніга мела ўжо шырокае распаўсюджанне, а з другога — расейскі ўрад, які пачаў валадарыць на Беларусі, яшчэ не паспеў запусціць машыну па знішчэнні Каталіцкага Касцёла ў краіне. Добрым паказнікам гэтага будзе літургічны збор пры быхаўскім касцёле, які нават у 1841 г. складаўся пераважна з выданняў ХVІІІ стагоддзя. Апрача таго, інвентар гэтай бібліятэчкі цудоўна прадстаўляе геаграфію паходжання сабраных у касцёле выданняў, таму прыгледзімся да яго больш уважліва. У гэтым складзеным па-расейску дакуменце пералічана 5 «служебников», 3 «служебника траурных», 1 рымскі антыфанар, 2 Рытуалы, 1 працэсіянал, кніга «Заступники Каноников Латеранских», 2 «требники» і «Евангеличка». З іх толькі адна кніга паходзіць з ХVІ ст. (Імшал антвэрпенскага выдання 1681 г.) ды дзве з пачатку ХІХ («кападоменский»[?!] Імшал 1805 г. ды віленскі трэбнік 1815 г.). Усе астатнія кнігі, што ўбачылі свет у друкарнях Капуі[?] (1 кн.), Аўгсбурга (1 кн.), Антверпена (1 кн.), Венецыі (3 кн.), Кракава (6 кн.) і Вільні (4 кн.), паходзяць з ХVІІІ ст. Адзін з Імшалаў — відаць, ужываны на ўрачыстых набажэнствах — быў апраўлены ў аксаміт і ўпрыгожаны срэбнымі аздобамі. Большасць астатніх кніг апраўлена ў скуру, хоць часам сустракаюцца і паўскураныя аправы (6 адз.) — галоўным чынам, на выданнях канца ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. Характэрна, што паўскураную аправу мае і адзінае выданне ХVІІ ст.;7 што ўказвае на пазнейшую замену старой аправы на новую. Тым не менш, трэба адзначыць, што гэты кнігазбор крыху пераўзыходзіў — як паводле аб’ёму, так і складу — «сярэднюю» літургічную бібліятэчку пры парафіяльным касцёле.


Псалтыр кракаўскага выдання 1654 г.
Звычайны (не ідэальны!) камплект для богаслужэння павінен быў складацца з наступных кніг: евангелічка, Імшал звычайны і рэквіяльны, антыфанар, градуал, агенда, Рытуал і Псалтыр або Брэвіярый. У некаторых касцёлах — дзе цэлебраваліся набажэнствы для грэка-католікаў — можна было сустрэць служэбнікі ўсходняга абраду (як, напр., «ruski» Імшал у касцёле ў Каралішчавічах8 ). Па-за тым, у склад такой бібліятэчкі нярэдка мог уваходзіць які-небудзь зборнік казанняў або іншае выданне, неабходнае для душпастырскай дзейнасці.

«Евангелічкай» нашыя святары пачаткова называлі Evangeliarium — кнігу, што змяшчала літургічныя чытанні з Евангелля. Пазней гэты тэрмін распаўсюдзіўся на Лекцыянарый увогуле, паводле якога на літургіі абвяшчалася слова Божае (у яго склад уваходзілі чытанні не толькі з Евангелля, але таксама і з Дзеяў ды Лістоў апостальскіх). Пра гэта сведчыць адсутнасць адмысловых выданняў названых тэкстаў у інвентарах касцёльных бібліятэк, а таксама рэдкія больш поўныя варыянты назвы — напр., „Ewangeliczka z Epistoіami»9 і да т.п.

У гэты перыяд ужо сфармавалася і была зацверджана Трыдэнцкім Саборам афіцыйная версія асноўнай богаслужбовай кнігі Касцёла — «Missale Romanum», які ўключаў літургічныя тэксты і фармуляры службаў, а таксама тлумачэнні да іх. Некаторыя законы выдавалі таксама версіі Рымскага Імшала, адаптаваныя да сваіх патрэбаў (напрыклад, «Missale Franciscanum»). Дзеля зручнасці карыстання тыя ці іншыя тэксты маглі публікавацца асобнымі выданнямі. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што ў вопісах касцёлаў зазвычай называюцца два службоўнікі: звычайны (часам называны ў процівагу рэквіяльнаму «вялікім», «светлым» і нават — відаць, з-за кепскага ведання польскай мовы — «swietnym»), паводле якога служылася нядзельная ды святочная літургія, службы святым і да т. п., і рэквіяльны (іначай «жалобны» або «траурны») — для набажэнства па памерлых.

Для справавання сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў, а таксама выканання абрадаў і цырымоній выкарыстоўваўся Рытуал. У пэўным сэнсе, гэта быў адзін з асноўных «нарматыўных дакументаў» у тагачасным Касцёле, і візітатары нярэдка акцэнтавалі яго наяўнасць і вывяралі паводле яго парадкі ў той ці іншай святыні.

Градуал і антыфанар змяшчалі мелодыі адпаведна для зменных тэкстаў св. Імшы і малітваў Літургіі гадзінаў. Першапачаткова абедзве кнігі выступалі пад той самай назвай — антыфанар. Аднак з часам, каб пазбегнуць блытаніны, зборнік імшальных спеваў пачалі называць градуалам, а за кнігай для Літургіі гадзінаў захавалася старая назва.


Псалтыр, апублікаваны ў 1754 г. у Венецыі.
Апрача антыфанара на Літургіі гадзінаў ужывалася яшчэ некалькі кніг, а менавіта Псалтыр, Лекцыянарый і агенда, а таксама зборнікі казанняў і жыццяў святых. Так, у прыватнасці, з двух апошніх чыталіся павучальныя тэксты, паводле Псалтыра спяваліся псальмы, а паводле агенды адпраўляліся Нешпары — вечаровыя малітвы. Аднак, паколькі апераваць такой вялікай колькасцю тамоў падчас службы было нязручна і фінансава дорага, з часам выпрацавалася скарочаная версія — Брэвіярый (ад лац. brevis — кароткі), у якім аб’ядналіся тэксты з пералічаных вышэй тыпаў кніг. У ХVІІІ ст. Брэвіярыі былі шырока распаўсюджаны ў касцёльных бібліятэчках на Беларусі. Тым не менш, у літургічных кнігазборах зазвычай побач з Брэвіярыем змяшчаліся антыфанар і агенда (зрэшты і сёння агенда нярэдка можа выкарыстоўвацца ў касцёле разам з Брэвіярыем).

Разгледзім дынаміку зменаў у літургічнай бібліятэчцы ХVІІІ–ХІХ стст. на прыкладзе кнігазбору мінскай фары, які падаецца нам дастаткова тыповым. Збор парафіяльнага касцёла ў Мінску змяшчаў, фактычна, толькі неабходныя для набажэнства тэксты — у выніку частых пажараў касцёл некалькі разоў гарэў разам з кнігамі. Бібліятэчка фары не была ў ХVІІІ ст. настолькі старажытнай і вялікай, як можна было чакаць, зыходзячы з часу заснавання святыні. Так, у інвентары 1784 г. пералічаны: два Імшалы звычайныя і два «жалобныя», Рытуал, градуал, антыфанар, Брэвіярый, евангелічка ды дзве агенды рознага фармату10.

З бегам часу некаторыя кнігі старэлі, штосьці набывалася; дзесьці ў дакументы маглі закрадацца памылкі... Паводле акта візітацыі 1796 г., у збор уваходзіла «Mszałów ńwiatłych 3. Rekwialny 1. Rytuał, Graduał, Antyfonarz, Książka Ewangelij y Agentka»11. Урэшце, на пачатку ХІХ ст. збор, павялічыўшыся ў колькасці паасобнікаў пэўных пазіцый, страціў некалькі тытулаў, у прыватнасці, Рытуал і антыфанар, бо візітатар у 1804 г. пералічае толькі «Mszałów światłych sztuk — 2, Mszałów żałobnych sztuk — 3, Agenda wielka — 1, Agendek małych starych — 2, Ewangeliczka — 1, Graduał stary — 1»12. Усе тыя ж самыя кнігі паўтараюцца і ў 1807 г., неўзабаве перад тым, як святыня канчаткова згарэла13. Такім чынам, мы бачым, як пасля адыходу беларускіх земляў да Расійскай імперыі праяўляецца тэндэнцыя паступовага заняпаду літургічных збораў.


Старонкі рэквіяльнага Імшала, выдадзенага ў Вільні ў 1730 г.
Каб больш поўна ўявіць сітуацыю канца ХVІІІ ст., кінем зрок на літургічныя бібліятэчкі іншых парафіяльных святыняў Мінскага дэканата ў перадапошняй дэкадзе названага стагоддзя. Іх паводле аб’ёму можна ўмоўна раздзяліць на тры групы: 1) Вялікі збор — найчасцей з поўным камплектам літургічных кніг14 (а часам і 1–2 тытуламі «пазакамплетнымі») і ў 13–15 (а часам і болей) тамах; 2) сярэдні — больш ці менш укамплектаваны аб’ёмам 7–9 тамоў; і, урэшце, 3) маленькі — які мае толькі паасобныя віды кніг колькасцю да 7 тамоў.

1) Так, ракаўскі і волменскі парафіяльныя касцёлы мелі «Ksiąg Kościelnych» найменей у першай групе — па 13 тамоў. У прыватнасці, інвентар першага з іх пералічае наступныя:

Mszałów Rzymskich — dwa.
Mszałów Dominikańskich — dwa.
Mszalikow rekwialnych — dwa.
Agenda Brunsberska czyli Rituale Romanum.
Agenda Stara — jedna.
Agendek starych — dwie.
Processionale Dominikańskie — Jedne.
Ewangeliczka Jedna. Xiężka Rożańcowa — Jedna15.

Як бачым, прысутнасць некаторых кніг дае нам канкрэтнае ўказанне на законную прыналежнасць святыні. Па-за тым, нешта адметнае ўяўляе з сябе «Брунсберская агенда»: ці то гэта змешанае выданне, што змяшчае тэксты з некалькіх розных кніг, ці то канвалют.

У волменскім касцёле названы: тры вялікія Імшалы, два Імшалікі рэквіяльныя, адзін «рускі» Імшал, адна вялікая агенда і тры малыя, адзін градуалік, адна кантычка і адна евнгелічка16. 14 тамоў захоўвалася ў вішнеўскім касцёле: два Імшалы старыя і два новыя, тры Імшалікі рэквіяльныя, два градуалы для хору — кракаўскага і віленскага выдання, вялікі антыфанар для хору кракаўскага выдання, вялікая агенда вармінскага выдання і тры малыя17. А ў івянецкім парафіяльным касцёле іх было нават 15: 4 «вялікія» Імшалы, тры «жалобныя», два Брэвіярыі, Рытуал, тры агенды і дзве евангелічкі18.

Столькі ж мела і святыня ў Налібоках:19

1. Mszał nowy in 4to majory w Futarale — 1.
2. Mszałów infolio starych na nowo oprawionych — 2.
3. Mszalikow rekwialnych — 2.
4. Agętka[!] mała Łacińska — 1.
5. Agłtka[!] mała Edycyi Fran[ciszkanow] Wileń[skich] — 1.
6. Agenda Duża Stara Edycyi Krakowskiey — 1.
7. Antyfonarz Edycyi Krakowskiey dobry — 1.
8. Graduał Edycyi Krakowskiey dobry — 1.
9. Psalterium Edycyi Krakowskiey — 1.
10. Brewiarz in 8vo majori Stary — 1.
11. Brewiarz in 8vo minori Stary — 1.
12. Brewiarz in 8vo minori Stary bez Początku — 1.
13. Ewangeliczka Polska mała — 1.

Рэкорднай лічбы ў дэканаце дасягнуў збор пры касцёле мястэчка Камень, у якім налічвалася ажно 18 тамоў — хоць і пры адносна невялікай лічбе назваў: 4 «вялікія» Імшалы, чатыры «жалобныя», два Брэвіярыі, тры агенды, адна евангелічка і пяць Евангелляў20.

2) Да другой групы можна аднесці уздзенскую, койданаўскую, карашчавіцкую і забярэзінскую святыні.

Так, у першых дзвюх захоўваліся кнігазборы аб’ёмам па дзевяць тамоў. Напрыклад, уздзенскі парафіяльны касцёл меў два Імшалы звычайныя і два Імшалікі рэквіяльныя, кантычку, Псалтыр, адну рукапісную агенду і дзве друкаваныя, а таксама кніжку «Выправа душы на той свет»21. А бібліятэчка койданаўскага парафіяльнага касцёла змяшчала два Імшалы звычайныя і два Імшалікі рэквіяльныя, адну вялікую агенду і адну малую, евангелічку, а таксама на хоры — два Брэвіярыі22.

У забярэзінскім парафіяльным касцёле захоўваліся два Імшалы звычайныя («Mszałów swietnych dwa»), тры Імшалікі рэквіяльныя, Брэвіярый, дзве агенды, кантычка і адзін градуал23.

Найменей кніг у гэтай групе мела карашчавіцкая бенефіцыя:24

1. Mszałów nowych w Skórze oprawnych z futeraіem bez Nut — 2.
Mszalik rekwialny wpół Skurek oprawny in [nume]ro — 1.
2. Agendka pospolita in [nume]ro — 1.
3. Ewangeliczka stara w papier oprawna in [nume]ro — 1.
4. Rytualik Choralny z notami w pół skurek oprawny in [nume]ro — 1.
5. Katechizm albo Chleb Duchowny X[iędz]a Wuókowskiego in [nume]ro — 1.

3) Так, напрыклад, у блоньскім парафіяльным касцёле на той час было тры рэквіяльных і тры звычайных Імшалы, ды, апрача іх, яшчэ адзін урачысты — апраўлены ў срэбра. З іншых кніг — толькі Рытуал і адна агенда. Падобна, і холхельскі касцёл на кнігі быў надзвычай бедны — у ім было толькі два Імшалы — стары і новы, дзве старыя агенды і адна, таксама старая, евангелічка. Відавочна, святыня не мела дастатковага фінансавання. Яшчэ бяднейшым — прынамсі, паводле наяўнасці літургічнай літаратуры — быў касцёл у в. Дзераўная, кнігазбор якога складаўся з некалькіх звычайных Імшалаў, аднаго рэквіяльнага ды адной евангелічкі.


Старонкі рукапіснага антыфанара ХVІІІ ст., які выкарыстоўваўся сёстрамі закону св. Брыгіты.
Серафінскі парафіяльны касцёл, які належаў францішканам, у 1789 г. меў: «Mszałów — 3... Agenda — 1»25. Іншыя кнігі, відаць, захоўваліся ў канвенце.

На жаль, мы нічога не можам сказаць дакладна і пра літургічны збор у пяршайскім касцёле, бо маем толькі пералік выдаткаў на кнігі:

Mszał jeden nowy z Futarałem nowym kupiony za złt. 36 — 1.

Mszała drugiego oprawa y dwóch Brewiarzow do Choru wyreperowana.

Agenda Wielka kupiona za złotych 16 — 126.

Адзначым, што ў маёнтку Занеўшчызна, які належаў лідскаму крайчаму пану Станевічу, знаходзілася філіяльная капліца, пры якой захоўваўся адзін Імшалік.

 
Так у агульных рысах выглядалі літургічныя кнігазборы ў касцёлах Мінскага дэканата, а фактычна і ўвогуле на Беларусі ў канцы ХVІІІ ст. Па меры актывізацыі барацьбы з каталіцтвам на беларускіх землях Расейскае імперыі кнігазборы пры касцёлах пачынаюць занепадаць. Звернемся зноў, у якасці прыкладу, да быхаўскага касцёла, які мы згадвалі на пачатку нашага артыкула і які ўразіў нас сваёй велічынёй. У 1899 г. у яго зборы налічвалася ўжо ўсяго толькі 6 пазіцый у 10 паасобніках — гэта значыць, збор зменшыўся ўдвая. Прычым пры большасці кніг маюцца пазначэнні «ветхие» або «без начала»27. Гэта выразная метафара для адлюстравання зменаў, што адбыліся ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі ў ХІХ ст.

У артыкуле выкарыстаны фотавыявы кніг са збораў
Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.

 


  1. Параўн., Дарашкевіч В. І. Лацінскія кнігі ў прыватных бібліятэках Беларусі і Літвы (першая палова XVІ ст.). // Из истории книги в Белоруссии: Сб. ст. Мінск., 1976. С. 69.
  2. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 43.
  3. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 245, арк. 2.
  4. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 254.
  5. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 101 адв.
  6. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 141 адв.
  7. НГАБ, ф.1781, воп. 26, спр. 1452, арк. 5 адв. Тут і далей у цытатах захаваны правапіс арыгінала.
  8. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 119 адв.
  9. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 245, арк. 2.
  10. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 115 адв.
  11. Тамсама, спр. 256, арк. 8.
  12. Тамсама, спр. 278, арк. 65 адв.
  13. Тамсама, спр. 311, арк. 69 адв.
  14. Адзначым, што Брэвіярый ці рытуал (як і іншыя кнігі) маглі ў касцёле быць, але значыцца не ў літургічным зборы, а ў фундушовай бібліятэцы.
  15. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 166 адв.
  16. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 225 адв.
  17. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 194 адв. — 195.
  18. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 43 адв.
  19. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 132-132 адв.
  20. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 69 адв.
  21. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 170.
  22. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 101.
  23. НГАБ:ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 254.
  24. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 109.
  25. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 248.
  26. НГАБ: ф. 1781, воп. 27, спр. 220, арк. 141 адв.
  27. НГАБ, ф.1781, воп. 26, спр. 1488, арк. 20.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY