Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ


Дадатак да артыкула - Галерэя
 
Міхась СКОБЛА

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ

Язэпа Драздовіча можна назваць першым беларускім касманаўтам. Яшчэ на месцы касмадрома Байканур пасвіліся дзікія суслікі, яшчэ ў правінцыйнай Калузе стары школьны настаўнік Цыялкоўскі толькі накрэсліваў праекты першых касмічных караблёў, а летуценны мастак з засценка Пунькі на Віленшчыне ўжо апісваў убачаныя ім краявіды — на Месяцы, Венеры, Сатурне. Апісваў дэталёва знешнасць лунідаў і сатурнянаў, апісваў падрабязна расліны на гэтых планетах, маляваў тамтэйшыя экзатычныя пейзажы.

Пра касмічны турызм свет загаварыў у пачатку ХХІ стагоддзя. Тады ж з’явіліся і першыя касманаўты-турысты — усмешлівыя амерыканскія мільянеры, якія за некалькі галавакружных кульбітаў у стане бязважкасці гатовыя паражніць свае важкія кашалькі. Аднак першая «касмічная тарпеда» для міжзорных бізнес-ваяжоў была прыдуманая не ў сучасным канструктарскім бюро, а ў міжваеннай Вільні, у няпаленай майстэрні самадзейнага мастака, які мусіў маляваць насценныя дываны за кавалак хлеба ды начлег у цяпле.

У падарожжы на іншыя планеты Язэп Драздовіч выпраўляўся, як на пагасціны да суседа. Занатоўваў убачанае там без асаблівага здзіўлення, нібы апісваў суседскі падворак: «З пятніцы на суботу я меў шчасце зрабіць гадзінную вандровачку на Месяц. Тускласветная папялятая ноч. Ляту і аглядаю з птушынага палёту… Бачыў шмат крутагорых вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты — фантаны… Учора гадзіне а 12-й ночы бачыў на маладзіковым акрайцы Месяца пры ўзыходзячым сонцы вялікі і пекны горад… У міжгор’і чорнага вала ў краіне задымленага неба бачыў штучна пасаджаныя расліны, якія прыпомнілі мне наш хрэн і салату…

Што бачыў на Марсе. Роўная сцяна нейкіх скал, адгор’я. А ў сцяне — прастакутнія адтуліны дзвярэй і акон, з якіх даносіліся таемныя меладычныя гукі, якія прыпаміналі музыкальныя тоны струн цытры, а заадно і жураўлінае з выраю курлыканне… А па віджаным, падаўшыся ўглыб міжскальнай цясніны, я напаткаў стаячую пад шэрай скалой невялічкую камлюкаватую фігурку голага чарнаскурага чалавека. Ён меў досыць буйную, выпукласталобую і зусім безвалосую галаву, паўнашчокі акруглясты твар і нізкарослую фігуру…

Вяртаючыся з засаджанага парасоністымі дрэўцамі поля, бачыў чатырохногую пачвару — кот не кот, яшчар не яшчар, скура чорная, як у жука, тулава худое і доўгае, ногі кароткія, а галава круглая, як качан, рот шырокі, без носа, а вочы круглыя, вялікія — па яблыку, і блішчаць…

А хто гэтаму не верыць, хай праверыць праз тэлескопы, і я пэвен, што бальшыну таго, што мной апісана, убачыць як на далоні…»

Як гэта важна для мастака — быць пэўным у сваім бачанні свету і Сусвету! Такой бяды, што і сам Язэп Драздовіч свае касмалагічныя візіі «праверыць праз тэлескопы» не мог — уваход у абсерваторыю Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя быў платным, а мастак часам не меў за што здаць паліто ў гардэроб.

Зорнае неба над намі… Чым яно вабіць чалавека, якую сілу мае над ім? Язэп Драздовіч у сваім спасціжэнні космасу кіраваўся найбольш інтуіцыяй, узыходзіў на свае арбіты ў снах, з заплюшчанымі вачыма, як той памесяўнік па страсе, якога аклікаць нельга — ачнецца і зваліцца долу. А мастака да будзённай рэчаіснасці вяртала шмат што. Вяртаў клопат пра хлеб надзённы. Вяртала беспрытулле і бесхацімства. Вярталі замкі і гарадзішчы, якія мусіў замалёўваць для нашчадкаў. Вярталі кепікі сяброў і знаёмых, якія на сур’ёзнае зацікаўленне мастака глядзелі як на вартае жалю дзівацтва.

Максім Танк у «Лістках календара» 7 траўня 1938 года зрабіў гэткі запіс: «Драздовіч падараваў мне сваю кнігу «Нябесныя бегі». Не знаю, які з яго астраном. Мне здаецца, што ён не праз тэлескоп, а праз бутэльку глядзеў на нябесныя бегі планет…» Дзеля справядлівасці ўсё ж адзначым, што мастацкі талент Драздовіча паэт прызнаваў, а ягоныя дываны называў «рэдкім скарбам, якому некалі і цаны не будзе».

Але хапала абыякавасці і няўвагі. У 1932 годзе Язэп Драздовіч закончыў напісанне навуковай манаграфіі «Гармонія планет Сонечнай сістэмы». Паслаў у Менск, у Акадэмію навук, зазначыўшы ў суправаджальным лісце: «Я знайшоў тлумачэнне паходжання планет і іх самакручэння…» Адказу так і не атрымаў. Пройдзе семдзесят шэсць гадоў, і ў цэнтры Еўропы навукоўцы збудуюць вялікі адронны калайдэр з тою самаю мэтаю — каб даведацца, як усё ж утварылася Сонечная сістэма. Каб жа падобны калайдэр меў у сваім распараджэнні ў засценку Пунькі самадзейны астраном Язэп Драздовіч! Глядзіш — і таямніцы Сусвету адкрыліся б чалавецтву значна раней.

Язэп Драздовіч, нібы ў чароўнае люстэрка, заглядаўся ў поўню, якая — не толькі апошняя квадра месяца, але і шматзначны панятак-вобраз у сусветнай культуры. І калі ўдзень, паводле вызначэння Максіма Багдановіча, «нам сонца асляпляла вочы», то начною парою таямнічы Сусвет прамаўляў да мастака галасамі найбліжэйшых зорак і паказваў яму фрагменты надрэальных косма-візіяў на круглым экране поўні.

У сусветнай мастацкай культуры найбліжэйшымі Драздовічу бачацца мне дзве постаці — літоўскі мастак Мікалоюс Чурлёніс і польскі паэт Канстанты Ільдэфанс Галчынскі. Паглядзіце на Чурлёнісаву «Санату зорак» — хіба не гучыць яна ва ўнісон з Драздовічавым «Космасам»? А з Галчынскім беларускі мастак хадзіў па адных і тых жа віленскіх вуліцах, яны маглі нават сустракацца на супольных беларуска-польскіх культурніцкіх вечарынах. Гэта даволі лёгка ўявіць, бо польскага паэта і беларускага мастака натхнялі тыя самыя рэчы і вобразы. Так, прачытаўшы лекцыю пра свой чарговы «палёт» на каляземныя планеты перад уяўнымі слухачамі, Язэп Драздовіч запісвае ў дзённіку фінальную фразу: «Месяц — гэта мір вечнапагоднага неба». А паглядзіце — «ніч яка місячна» на ягоных маляваных дыванах! Здаецца, месяц з палотнаў Драздовіча перавандраваў у вершы яшчэ аднаго памесяўніка — Галчынскага — і загаварыў там ад першай асобы:

Механізмам патайным рухомы,
Я плыву ў хаціны і харомы.
Дзіўна — пасля нашае сустрэчы
Ажываюць нежывыя рэчы.
Горад вымер пад маім паглядам
І абвіўся дзікім вінаградам.
Прыхавае цемра шпіль ці комін –
І туды дастане срэбны промень.
Хто ж такі я? Вам адкрыўшы душу,
Я па-польску развітацца мушу.
Рэчы мілыя, мой свеце ясны,
Добрай ночы ўсім, я хутка згасну.
Як памру — не плач, маё каханне,
Я вярнуся да цябе пад ранне,
Вытру слёзы, зазірну у вочы:
«Гэта я. Твой месяц. Сэрца ночы».

Літовец Чурлёніс, паляк Галчынскі і беларус Драздовіч — тры мастакі, тры песняры зорнага неба, з’яднаныя адной — віленскай — зямлёй пад нагамі. З усіх трох беларус у Сусвет узлятаў мо найдалей, адухаўляючы пэндзлем неабжытыя планеты, насяляючы іх жывымі істотамі. А калі не было за што купіць фарбаў і палатна, браў у рукі пяро і працягваў нястомна-захоплена паэтызаваць космас. «Віталёткі — аўрорынкі, якія кожную раніцу выходзяць са сваіх хатаў (на Месяцы — М.С.) на павітанне ўзыходзячага сонца, з распрасцёртымі рукамі, як да ўзлёту крыламі» — чытаем мы ў Драздовічавым дзённіку. І што з таго, што амерыканскія астранаўты пабывалі на Месяцы і не пабачылі там аніякіх віталётак? Яны проста перабраліся на іншую планету. Можа быць, на тую, дзе жыве Маленькі Прынц…

У чытача можа скласціся ўражанне, што Язэп Драздовіч быў гэткім сабе небажыхаром, які на зямлю апускаўся толькі вады папіць ды скарынку хлеба з’есці. Зусім не. Сваю Бацькаўшчыну, найперш Віленшчыну ды Віцебшчыну, ён схадзіў упоперак і ўдоўжкі. І, ад прыроды летуценнік, умеў прынесці людзям і практычную карысць.

З падказкі Янкі Купалы аздобіў вокладку першай кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка».

Для Віленскай беларускай гімназіі намаляваў першы ў гісторыі жывапісны партрэт Францішка Скарыны.

Вучыў беларускіх падлеткаў нялёгкаму рамяству мастака — у Вільні, у Радашковічах, у Беластоку. На старым фотаздымку пад імклівай Пагоняй — мастацкая секцыя Радашковіцкай гімназіі. Сорак два юныя мастакі! Сорак трэці — сам настаўнік, заклапочана-задаволены: столькі таленавітай моладзі нараджае беларуская зямля!

На просьбу землякоў распісаў сталоўку ў мястэчку Лужкі. Людзі абедалі, а вока ім цешылі яркапёрыя птушкі, што, нібы ў вырай, прыляцелі на зямлю з Марса ці Венеры. Але прыехаў нейкі чыноўнік, роспіс загадаў замаляваць, а на яго месца павесіць копію карціны Шышкіна.

І адкуль у нас гэткая паталагічная нелюбоў да свайго і гэткае пакланенне перад чужым? У суседзяў жа нашых сістэма каштоўнасцяў не парушаная. Гэтым летам мне давялося пабываць у Траццякоўскай галерэі. Сярод сотняў і сотняў выдатных і знакамітых мастакоў — толькі два беларусы: Станіслаў Жукоўскі і Вітольд Бялыніцкі-Біруля. І ўсё. Расейцам цікавае найперш сваё, а нам… Ці варта падлічваць, колькі выставачнай плошчы займае беларускае мастацтва ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі?.. Да нядаўняга часу там Драздовіча ў экспазіцыі зусім не было. Дзякуй Богу, цяпер некалькі палотнаў з’явілася, хоць пад Драздовіча не шкодзіла б адвесці цэлую залу...

Я люблю спыняцца ў гэтым музейным закутку — перад «Зімовым сном» Бялыніцкага-Бірулі і «Пагоняй Ярылы» Язэпа Драздовіча. Першая карціна — супакойвае, даводзіць душу да малітоўнага стану. Другая — наадварот, бадзёрыць, узнімае дух. Славутая Багдановічава «Пагоня» біла ў сэрцы нас, біла мячамі. Драздовічава — рассейвала змрок нябыту зыркай паходняй. І абедзве — не давалі «чужынцамі быць». Дарэчы, сваёй Пагоняй мастак (рэдкі выпадак!) ганарыўся, як, мабыць, ніводным уласным творам. У 1921 годзе ён пісаў у Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні: «Не зважаючы на недастатак матэрыялаў, я ў працягу гэтага лета змог вымаляваць адзін абраз сімвалічнай пагоні — «Пагоня Яра (Ярылы)». Можа, няварта занадта хваліцца, але я ўжо заўважыў, што гэты мой абраз рабіў на адведаўшых мяне інтэлігентаў-беларусаў досыць моцнае ўражанне».

Заўважыў і я: сучасныя маладзёны стараюцца непрыкметна для наглядчыцы сфатаграфавацца на фоне Драздовічавай Пагоні, перапісваюць у нататнікі накрэслены на палатне дэвіз: Vita, Albarussia, Libertas — Жыццё, Беларусь, Свабода.

У свой час мне давялося быць рэдактарам альбома-манаграфіі «Язэп Драздовіч», выдадзенага выдавецтвам «Беллітфонд» у шматспадзеўнай серыі «Мастакі Беларусі». Памятаю сваё ўзрушэнне: больш-менш знаёмы мастак аказаўся яшчэ і выдатным разбяром, і таленавітым пісьменнікам. Вось, напрыклад, толькі адзін нешматслоўны абразок, па якім пазнаецца не толькі музычны густ Драздовіча, але і тагачаснае палітычнае ўладкаванне Еўропы: «Хадзілі да братоў нябожчыка ксяндза-беларуса Рамейкі новае радыё паслухаць: з Масквы — «аб калхозах», з Менску — «Лявоніха», з Варшавы — батлейка, з Будапешта — опера, з Прагі чэшскай — усялякага роду музыкі, з Берліна — апроч адных і тых самых маршаў — нічагусенькі».

Уразілі ў тым самым альбоме (каля трохсот твораў!) і драўляныя фігуры Божай Маці, святых і анёлаў, зробленыя для прыдарожных каплічак і ўкрыжаванняў. Колькі іх мокла пад дажджом і калела ў зімовыя сцюжы на дарогах Дзісеншчыны, Меншчыны, Віленшчыны — па ўсёй Заходняй Беларусі!

У рупліва сабраным музеі Язэпа Драздовіча ў Германавічах (хвала яго стваральніцы і апякунцы Адзе Райчонак!) сярод іншых дзівосных экспанатаў пабачыў я кій з фігурным навершнікам. Падобныя кіі вырабляў мастак на продаж, яны добра набываліся ў Вільні замежнымі турыстамі. На адным з кіёў, які так і хочацца назваць посахам, Драздовіч выразаў аблічча біблейскага Майсея, якога любіў «за маладцаватасць» і за галоўны пастулат у ягонай тэорыі стварэння свету: «Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства». Каму служыць сёння той посах, каго выводзіць «з няволі егіпецкай», каму некалдобістую дарогу намацвае?

Свае касмалагічныя відзежы Язэп Драздовіч старанна пераносіў на палатно, почасту матэрыялізуючы на ім сваю зямную мару пра гарманічны свет. Польскія ўлады зачынялі беларускія школы на «крэсах всходніх» — мастак станавіўся за мальберт і пісаў «Марсіянскую школу пад адкрытым небам». Распарадзіўся Віленскі магістрат адабраць майстэрню ў мастака Рафала Яхімовіча — сябра Язэп тут жа на палатне выбудаваў свой «Артаполіс» (горад мастацтва), дзе хапіла б месца ўсім беларускім творцам.

Шкада, што адну сваю відзежу Драздовіч так і не перанёс на палатно. Вось яна: «Назаўтра раніцай, ужо дзяньком, мне прывідзеўся сон — быццам я знаходжуся на тым месцы, дзе малюю (Францысева гумно), стаю, гляджу ў бок Князь-возера і віджу: ідзе наш спрадвечны Настаўнік — Хрыстос. Спачатку ён паказаўся мне звычайнай дзераўлянай фігурай, якіх мы нярэдка спатыкаем у старых уніяцкіх касцёлах, у пабочных алтарах — твар белы, барада і валасы шэрыя, кашуля цемнавата-белая з чырвоным прасцірадлам цераз плячо, а на галаве — чарнаватая, цярністая карона. І калі праходзіў Хрыстос міма мяне, я не заўважыў у твары Ягоным ані ценю, патрабуючага рабапрэклонства. Аблічча Ягонае было чыстае ад усялякай пагарды да асобы чалавека… Я ўкланіўся Яму…»

Аляксандр Іванаў пісаў сваё «Яўленне Хрыста народу» ажно дваццаць адзін год! Пісаў, жывучы ў Італіі, на беразе цёплага мора, адасобіўшыся ад паўсядзённых і будзённых турботаў. Ці мог Язэп Драздовіч гэтак жа самазабыўна адплысці ў свет мастацтва пад ветразем натхнення? Нават адчуўшы ўнутраны покліч, нават атрымаўшы знак звыш — не. Акадэмік жывапісу Іванаў атрымліваў ад дзяржавы пенсію (пачынаючы з дваццаці чатырох гадоў!), а ганарарам Язэпа Драздовіча мог пазайздросціць хіба жабрак на цвінтары.

Вось ён, няпоўны пералік «заробкаў» мастака за вясну, лета і восень 1934 года: «Для Ядзькі ў Лазовіках 1 дыван — за пяць аршынаў кужалю. Для Эміліі Янцэвічанкі ў Наваполлі — за гасцінства. Для Домценькі Няміры ў Юркаве — за гасцінства. Для паненак Юшкевічанак з Войткава 2 дываны — за пяць аршынаў кужалю. Для паненкі Сарафімы Мятлянкі ў Кухцінцах 1 дыван поўны — за два злотых. Для Ядзькі Фурсянкі ў Заполлі дыван у адну столку — за тры злотых… Ой, як трудна грош даецца!»

І ўсё ж, нягледзячы на «трудны грош», мастак ішоў ад засценка да засценка, ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка і рабіў сваю малааплатную працу — «дзеля развіцця мастацкага густу ў народзе той краіны, дзе радзіўся і вырас».

Адвечны спакой пануе на касмічных палотнах Язэпа Драздовіча. І моры там не ведаюць штормаў, і сады зацішныя, і кактусы стаяць нязрушна, як мармуровыя калоны.

А на зямлі ягоная ўлюбёная стыхія — вецер. (Калі, вядома, мастак не змалёўвае старое гарадзішча, архітэктурны помнік ці адметны тыпаж сялянкі ў народных строях.) На графічным аркушы «Святар-мудрэц» прысутнасць ветру адчуваецца ва ўсім — у павеўных валасах старога, у крылата напятым адзенні, у пульхнаватай кнізе, якой так і не церпіцца хутчэй гартацца, у прыгнутых вяршалінах дрэваў (улюбёны вобраз Драздовіча). Гляджу на ягоныя «ветравейныя» працы і міжволі прыходзяць на памяць радкі ўкраінскай паэткі Ліны Кастэнкі:

Якщо не можна вітер змалювати,
Прозорий вітер на ясному тлі, –
Змалюй дуби, могутні і крислати,
Котрі од вітру гнуться до землі.

Магутнага духам сваім крывіцка-беларускім Язэпа Драздовіча сагнула доля ў шэсцьдзесят шэсць няпоўных гадоў. І пахварэў нядоўга. Памёр ён у 1954 годзе, спачувальна, без злосці прамовіўшы да сваіх землякоў: «Вы пра мяне яшчэ згадаеце…»

Праз тры гады пасля смерці мастака ўзляцеў на каляземную арбіту першы штучны спадарожнік. Праз сем гадоў свет вітаў першага касманаўта — Юрыя Гагарына са Смаленшчыны. Праз дзевятнаццаць гадоў у космасе пабываў Пятро Клімук з Берасцейшчыны. Праз дваццаць тры гады блакітнай зямлёй з касмічных вышыняў любаваўся Уладзімір Кавалёнак, які нарадзіўся на Меншчыне.

Усе яны па-свойму расказалі пра ўбачанае. А Клімук нават захапляльную кнігу «Зоры — побач» напісаў, падлеткі да гэтай пары зачытваюцца.

Але першыя аповеды пра космас беларусы пачулі ўсё ж ад Язэпа Драздовіча. І не толькі пачулі, але і пабачылі незямныя краявіды, што ў самнамбулічных снах уяўляліся мастаку. І таму ён назаўсёды застанецца для нас першаадкрывальнікам таямнічай касмічнай прасторы.

Фота Міколы Мельнікава
з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY