Псальм світання
Дазволь нам, Пане, следам за Табою
у вянку цярновым нашых простых спраў
несці крыж, каб споўніць Айца Твайго волю,
Які Цябе да нас паслаў…
Замяні ласкава боль цярновых ранаў
на глыток надзеі, дабрыні глыток.
Будзе Твая воля, запануе радасць,
усюды хутка знікне змрок.
Накармі нас, Пане, сваім збаўчым Целам,
напаі жыцця жывой Крывёй,
дай нам сваёй сілы, каб мы светлым ценем
узляцелі ў вырай за Табой.
Адчыні нам, Пане, за далёкім краем
на ўзыходзе сонца на канцы зямлі
брамы той Айчыны, якой мы шукаем,
каб з Табой застацца там змаглі.
О, Баранку Божы, крыж — жыцця крыніца,
нават лотра з крыжа Ты прабачыць змог.
Паяднай нас з Богам. Дай нам прытуліцца
да Тваіх за нас прабітых ног.
Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць
Езуса прывялі на суд да Пілата.
Не хацелася Пілату быць Яго катам.
А габрэі хацелі, каб суддзёй быў Пілат,
бо ён, рымскі намеснік, габрэям не брат.
Яны сваю праўду брынчэлі мячамі.
А Езус пакорна адказваў маўчаннем.
Пагарды, нянавісці дзікія хвалі
Айца Яго волі ў Ім не зламалі.
Езус хацеў са змрочных скрыжаляў
пабудаваць залаты Ерузалем.
У ланцугах – ім збаўленне прарочыў:
— Воля Твая няхай станецца, Ойча!
Пілат з турмы адпусціў ім Барабу...
А Божага Сына аддаў ім на ганьбу.
Але пірава перамога — натоўпу здзічэлы крык.
Не па волі натоўпу злога Сын Божы бярэ крыж.
У злосці збаўлення яны не хацелі,
удыхнуў жывы дух у іх мёртвыя целы.
У сэрцы ўсіх сваё сэрца разліў, —
продкаў з нашчадкамі благаславіў.
* * *
Тут, за шмат вёрстаў ад Ерузалема,
продкі мае па лясах вандравалі,
яблыкі трэслі, рыбу лавілі…
Снедалі слоўцам, вячэралі песняй…
Як пасля цемры чакаем святла,
продкі чакалі з’яўлення Хрыста.
Ранілі іх захопнікаў дзіды,
пашчы драпежнікаў, здзекі і крыўды.
Голад, хваробы, нявечанні, страты…
Цяжка слабым без святла Тваёй праўды!
Вязкімі багнамі звабіўся чорт.
Тут замяняў Цябе стод.
Продкі на стодзе складалі ахвяры —
кленчы, пакуты, усёспаленне…
Не паніжай з-за нас Трон Тваёй Хвалы,
не парывай з намі ўмовы збаўлення!
* * *
З Папяльца пачынаецца пост.
У нябёсы будуецца мост —
да яснотаў з грэшнай цямрэчы.
Божа людзей палюбіў.
Божы Сын усіх адкупіў.
Божы Сын Айцу не пярэчыў.
Стацыя 2. Езус бярэ крыж
Езусу, добраму Цеслю,
крыж з кіпарысу прынеслі,
не абчэсаны, не габляваны…
Будзе потам Яго паліваны
і Ягонай Крывёй маляваны.
Кленчыць перад крыжам на калені, —
перад таямніцай адкуплення,
перад шляхам з болю і з малення,
са зняважання і… з вызвалення.
Як прыліў, накацілася ціша
хваляй чыстай цішы ад крыжа.
Але дзіка ўзрываецца тлум –
на знявагі ў іх шмат задум.
Не глядзелі б на іх Яго вочы!
Сэрцам новую праўду прарочыць.
Абяцае любоў за здраду.
Топча тлум Яго новую праўду.
Не прымае тлум Божых спраў,
бо закон звярыны прыняў…
Езус Хрыстус узнятай рукою
падае дабрадзейства спакою.
* * *
Цень ад крыжа збудзіў маіх продкаў.
Распалілі агонь ад цяпельца —
ад Хрыстовага добрага Сэрца.
Скаштавалі любові дрыготкай.
Ад слязін напіліся азёры.
Ад пылін утварыліся горы.
У любові сагрэліся з жалем.
Акунуліся ў Ерузалем.
У хацінах прабілі акенцы.
У крынічках абмыліся трохі.
Твой абраз у люстраным азерцы
маладзік намалюе двурогі.
Край Крыжоваму шляху не здрадзіў…
Каля вогнішча ў сонным бары
майстра выкаваў з медзі распяцце,
цесля з дубу паставіў крыж…
* * *
Моўчкі пад крыжам стаім,
кожны маўчыць аб сваім.
Крыж – таямніца заўсёды.
Неба нахіліцца ўніз,
Езус збірае пад крыж
статкі — натоўпы свабоды.
Стацыя 3. Езус падае першы раз
Калі зачапіўся нагой за карэнне,
абняўшыся з крыжам, упаў на калені,
і першая кроў прасачылася з раны,
не чуў Твайго Слова натоўп раззлаваны.
Бо можна разбіцца, шукаючы Слова,
каб Слова пасеяла думкі ў галовах,
каб Слова стагоддзі забрала ў аблогу,
як словы Майсеевага Дэкалогу…
Упаў перад светам і стукае ў сэрцы
зямлі і людзей, хто ў абдымках у смерці, —
і тых, хто жывыя, і тых, хто як цені,
і тых, хто памерлыя без нараджэння.
Няўжо з іх ніводзін не слухае Збаўцу?
Рукі не падасць, каб з каленяў падняцца?
Няма ў Ерузалеме святога стварэння?
Іх сэрцы ў іх целах, нібы ў сутарэннях…
* * *
Па жоўтых гасцінцах ішлі пілігрымы,
Грахоўныя раны малітвай гаілі.
Лавілі Твой смутак у сэрцы старанна,
малітвы складалі з Крыві Тваіх Ранаў.
Шукалі прытулку, ратунку, надзеі
у снах недасяжнай Тваёй Галілеі…
Другія ўрываліся ў Край незамкнёны,
прыносілі страшную зброю — праклёны.
А продкі ад іх бараніліся крыжам,
ад моцы крыжовай ніводзін не выжыў.
Падняцца з каленяў, пад крыжам укленчыць
істотам нябесным, зямным і падземным.
І скінуць з плячэй гэты жаль недарэмны.
І смуткам душу сваю больш не калечыць.
* * *
Езус упаў першы раз.
Уджаліў прут, нібы плаз.
Даў нам цярпенне – лек ад параз.
Расце ў блакіт кіпарыс.
Галубок не падае ўніз.
Таямніца жыцця — крыж на крыж.
Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці
Выйшла насустрач Маці Марыя,
Сына чакае — самотная збоку,
сціснута брылай сардэчнага болю…
Маці трымае толькі малітва.
Збоку ад тлуму сустрэў Яе вочы,
нібы ў крыніцу гаючую ўскочыў.
Нібы нанова змог нарадзіцца,
вочы абмыўшы ў гаючай крыніцы.
Каб апраўдацца, ледзь вымавіць здолеў:
— Вольны я — выбраў Айца Майго волю, —
на скрыжаваннях Старых Запаветаў
узмоцніць Сакраманты Новага Свету.
Хлопчык, адзіны Сынок Яе мілы, —
Маці не можа абмыць з Яго пылу…
Крыж Яго цяжкі ўсю Яе зраніў.
Благаславіла на Змёртвыхпаўстанне.
* * *
Доўгія ночы шамрэюць над Краем.
У смутку памерлыя адпачываем.
З намі нябёсы — штовечар, шторанне.
Бог сцеражэ адыход і вяртанне.
Вера ўзрастае — гаёчак зялёны:
кветка — надзея, любоў — гэта плёны.
Людскае Божа дае нам аблічча.
Божая Маці да еднасці кліча.
Тут, ад святой Галілеі далёка,
вежы касцёлаў у стылі барока.
У сэрцах пануе сакральная ціша.
Смерць адступае ад Божага крыжа.
* * *
Як трэба моцна любіць,
каб смутак свой утапіць
у вечнай любові крыніцы?
Прайсці навылет праз смерць!
Людзям як зразумець
Божых спраў таямніцу?
Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Гасцінцы шырокія крыжам ляжалі
на Кірэнэю праз Ерузалем.
Ці коні яго прывялі на скрыжалі?
Ці добрыя людзі Сымону сказалі,
што крыж несці з Панам пакліканы ён —
просты ратай Кірэнэец Сымон.
Ён, гаспадар Сымон з Кірэнэі,
крыж на плячах данесці сумее.
* * *
Мужчыны касілі над Нёманам луг.
Блакітны лянок палолі дзяўчаты…
Аднекуль з’яўляецца вораг зацяты,
вылазіць з балота, няйначай, злы дух.
Напаў на нас вораг і джаліць, як восы.
Ды выйшаў наш Край — не ўзброены, босы.
Заместа праклёнаў мы крыж з сабой неслі.
А з намі быў Езус — Сын Божы Ўваскрэслы.
А вораг драпежны ўсё бліжай і бліжай.
Мы выйшлі за вёску на ворага з крыжам.
Паставілі крыж на скрыжалях дарог,
і вёску ад ворага крыж убярог.
Уцёк тады вораг, адкуль ён прыйшоў.
А мы будзем жыць без такіх прыбышоў…
Прагналі мы ворага з чыстай зямлі,
а крыжык над сэрцам насіць пачалі.
* * *
Сымон Кірэнэец быў вольны,
ён з поля вяртаўся з коньмі,
прычапіўшы плуг да калёс.
Ён Божага Сына пазнаў.
Ён Езусаў крыж падняў.
Ён з Езусам крыж данёс.
Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса
Усё, што зрабіць на той момант паспела, —
да ран прытуліцца хусцінкаю белай.
Пайшоў Ён далей. Вераніка стаяла,
святы Яго боль у хусцінцы трымала.
Малілася ўслед, аж пакуль Ён не выйшаў
туды, дзе завулкі злучаліся крыжам.
Праз момант убачыла — здолеў адбіцца
Езуса Вобраз на белай хусцінцы.
Паднесла да вуснаў свежую Кроў,
а сэрца яе працінала любоў.
здалёк даляталі ледзь чутныя словы:
— У табе чалавек нараджаецца новы…
* * *
Дзяўчына, ахрышчана іменем гэтым,
натхненне прынесла Максіму, паэту…
Сустрэў яе, мілую, ў садзе суседа,
любоў у збалелых грудзях сваіх зведаў.
Не змог абяцаць ёй нічога такога.
Упалі слязіны з нябёс Пана Бога…
Паэт склаў ёй песню, бы чыстую мрою.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю…
Плылі па бяскраі нябёс дзве хусцінкі,
у садзе сустрэліся дзве Веранікі.
Паэт іх паклікаў з халоднага Крыма…
Яны прытулілі паэта Максіма.
* * *
Смелай была Вераніка.
Выцерла белай хусцінкай
Езусу вусны.
Езус святой Вераніцы
падараваў на хусцінцы
Вобраз свой сумны.
Стацыя 7. Езус падае другі раз
Паразбіванае Цела
цуркамі крыві зіхацела.
Крыніца Крыві не мялее.
А сэрца натоўпу чарнее.
Закінуў катвігу надзеі…
Хацеў з багавіння і глею
ачысціць радзіму Юдэю,
стварыць Чалавека Нядзелі.
Шлях на Кальварыю стогне…
Мора ўмірае – не сохне…
Птахі прытомнасць губляюць…
Літасці лотры не маюць…
Абняўся з зямлёй, пад зямлёю,
шукае, дзе ёсць Яго паства
з аліўнай галінкай спакою
і з пальмай.
* * *
Не трэба баяцца ўпасці
ні ў горы ліхім, ані ў шчасці.
Езус першы ўпаў на калені
перад крыжам збаўлення.
Укленчыў, як крыж убачыў…
Не трэба баяцца нястачы.
Каб дух наш у веры акрэп,
Збаўца дае нам хлеб…
Жыццё падыходзіць да крэсу.
Усё меней сябровак жывых.
Найлепшым Сябрам ёсць Езус.
Ёсць Езус — усім і ва ўсіх…
Калі пачуеш — Хто едзе
сцяжынкай вузкай праз жыта, —
не думай, што гэта вецер,
з дажджом Яго не паблытай…
Бачыш — лятае праменне
за залатымі шпачкамі…
Тваёй душы аднаўленне
ўжо блізка, за гайнікамі…
* * *
Так Езус другі раз упаў.
Зямельку пацалаваў,
па якой з крыжам ішоў.
Крыві Хрыстовай цурок
спаліў гарачы пясок —
не на пажар, на любоў.
Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Твар заліплы гразёй у пяску ў крыві,
Жаўнеры стаміліся, збоку ішлі.
Ледзьве трымаўся, на нагах ледзьве стаяў.
Але сасмяглымі вуснамі праўду казаў.
Жанчыны з горада Ерузалем
плакалі, вельмі Яго шкадавалі.
А Ён павярнуўся, ціха прамовіў да іх:
— Не па Мне, не па Мне вы плачце, па сабе і па дзецях сваіх…
Жанчыны аж анямелі ад такой Яго праўды…
Кульгаючы, аддаляўся, спатыкаўся і падаў…
Ціхай любоўю суцяшалі іх Яго вочы.
Жанчыны глядзелі ўслед і плакалі моўчкі.
* * *
Нёс на Кальварыю крыж пакуты і ведаў,
што крыж збаўлення нясе ва ўсе канцы свету.
А жанчыны зямныя — у няшчасці і ў шчасці
будуць слязьмі цалаваць абразок Божай Маці.
Размаўляць з Ёй, Прачыстаю, кожнай часінай,
таямніцы жыцця вызнаваць Ёй Адной, —
удзячныя, што Яна адзінага Сына
ахвяравала за чалавечых сыноў…
Будзем маліцца сцішанай мовай
перад Фацімай і Чэнстаховай,
у Назарэце, у Белагрудзе,
у Вострай Браме, у Рыме, у Люрдзе.
Будзем шчасліва Ёй усміхацца.
Містыка слоў давядзе нас да слёз…
З Ёй узляцім са шнурочкам ружанца –
шнурам блакітных птахаў нябёс…
* * *
Божа, як добра з Табою!
Ты прынёс мне галінку спакою
і святы крыжа знак.
За сабой на Галготу паклікаў
і насыпаў мне спелых аліўкаў,
а я спазнала іх смак.
Стацыя 9. Езус падае трэці раз
Трэці раз падаў, звалены зморай, —
аж скаланулася Мёртвае мора,
і задрыжалі мёртвыя хвалі,
мёртвыя сэрцы зямлі Ерузалем.
Як паднімаўся з зямлі, бы з магілы,
на збітых скронях крывавілі жылы.
Не разжалобіў сэрцаў іх цвёрдых.
Не разбудзіў ні жывых, ані мёртвых.
Злосны навокал натоўп віраваў.
Ён жа ім душы падараваў…
Кожнаму склаў жывую душу,
нібы вясёлку з кропляў дажджу.
Склаў — не пазычыў — аддаў назаўжды —
так, як у спёку вядзерца вады.
Як пацалунак узлюбленых двух,
так у істоты ўдыхнуў Божы Дух.
* * *
У Краі, куды нас паслаў нарадзіцца,
дзе маюць сэрцы нават крыніцы…
Дзе і ў камення амшэлага б’ецца
добрае, цёплае, сумнае сэрца.
Як жа мы ўмеем плакаць прад Збаўцам!
Як жа мы хочам з каленяў падняцца!
Але падняцца нам не даюць.
Жорсткія лотры піхаюць нас, б’юць.
Але з малітвай надзеі не трацім...
Божа, да нас свае вочы наблізь,
Каб не казалі цярплівыя маці:
— Бог цябе любіць, дае табе крыж.
* * *
Пабітыя – падаем зноў
у немы абшар камянёў
і мром, бы кінуты статак.
Свабода ходзіць сама.
Няволя шукае ярма
на душаў бяздушных упадак.
Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне
На апошнія здзекі прыходзіць пара.
Пакалечаны нажніцамі аўчара…
Жывадзёры абдзёрлі жыўцом дагала,
каб жывога з зямлёю злучыць…
Б’юць, катуюць, ганьбуюць, піхаюць яшчэ.
Свідруюць штылетамі дзікіх вачэй…
Так раз’юшаны: — Хутка крывёю сцячэ!
Гатовы вачамі забіць...
Каля крыжа грамадка знаёмых жанчын,
іх вочы спрабуюць Яму памагчы…
Гатовы за Ім на той свет — напрасткі…
Праз Пасху праваднікі.
* * *
Любові Езуса Сэрца, прытулі маё сэрца!
Міласэрнасці Езуса Сэрца, уліся ў майго сэрца азерца!
Цярпенняў Езуса Сэрца, запалі ў маім сэрцы цяпельца!
Добрае Езуса Сэрца, пусці маё сэрца пагрэцца!
Няхай маё сэрца будзе сенцамі Твайго Сэрца!
Няхай маё сэрца будзе падушачкай пад Твае каленцы!
Няхай маё сэрца
з любові аднойчы ў Твае рукі сарвецца…
Няхай маё сэрца перад крыжам заўжды скаланецца.
Праз Твайго Найсвяцейшага Сэрца Кананне
і праз болесці Тваёй Беззаганнай Матулі, —
не праганяй нас на вечнае блуканне,
на вечнае выгнанне, у беспрытулле…
* * *
Голай бывае з камення гара.
Гора распранае людзей дагала,
прыкрывае гора слязіна малая…
Бог назірае за ўсімі здалёк —
з хмаркі на небе, прыбранай у змрок…
Бог людзей да людзей пасылае.
Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса
Прыбівалі да крыжа — не ведалі змогі,
бы струны, нацягвалі рукі і ногі…
На цвёрдых суках скатаванае цела
мацней, смяротней балела…
У рукі, нібы ў сукі,
забівалі тупыя цвікі.
Цярпліва з пакорай на твары
малаткоў пераносіў удары.
На жывым пакалечаным целе
дазваляў ім чыніць, што хацелі…
Адпусціў у нябёсы Яго кіпарыс…
Вочы слабых схіліліся ўніз.
Боль мацнеў штохвіліны.
Цяжка прыходзілі словы малітвы.
Адзін з тых, з Ім прыбітых, крычаў, як пракляты.
Вельмі былі задаволены каты.
Ён развітаўся дзіўным паглядам любові.
Кроў цуркамі сцякала паволі
ў лона зямлі па целе, па бэльках…
Дыхала цяжка святая зямелька.
Добрае сонца сцямнела ад болю.
* * *
Роду крыжовае дрэва
ўглыб прарастае і ў неба.
Птушкі на дрэве — добра ці дрэнна —
звязаны з ім неад’емна.
Цягнуцца сны, як стагоддзе.
Моцныя людзі на ўсходзе.
Мы ж, як рака з паромам і бродам,
паміж заходам і ўсходам.
Шмат хто з вялікіх ваякаў
смерць атрымаў і не плакаў.
Хто ж гэта смерць перамог, як хваробу?
Скінуў з плячэй, як жалобу?!
Ад Гетсіманскіх прысадаў
да маладых даляглядаў
кормяць надзею Езуса раны.
Крыжам усе паяднаны..
* * *
У спісках злачынцаў дваіх,
распяты на крыж паміж іх.
Бога ў Ім пазнае адзін.
Дзісмас — імя той насіў.
Прабачэння ў Яго папрасіў.
Атрымаў прабачэнне правін.
Стацыя 12. Езус памірае на крыжы
Сабраў апошнія сілы, на апошнія справы патраціў.
Нахіліўся да вучня, якога любіў, і да Маці.
Не называў Яе Маці, толькі Жанчынай.
Папрасіў вучня Яна быць Яе сынам...
Задрыжэла зямля. Задрыжэлі сцены паветра.
Усё пагасла на небе. Цемра была несусветнай!
Перабілі ногі злачынцам. Яму не ламалі ног,
але адзін з жаўнераў дзідай прабіў Яму бок...
Ян напіша пасля, як бруілі і Кроў, і Вадзіца.
Ён прабачыў і тым, хто не нарадзіўся…
Хто паверыў у Бога, хто палюбіў Яго раны…
На адкупленне свету Збавіцель Укрыжаваны.
* * *
Пашлі мяне, добры Божа, на аблачынку ў полі,
дзе ўсміхаецца сонейка…Калі Ты, Божа, дазволіў,
каб Сына прыбілі на крыж у спякотны поўдзень, —
спашлі нам сваё Святло, на якое мы пойдзем, —
кожны самотна і выраем з галінкай алівы…
Дапамажы нам, Божа, усіх пераносіць цярпліва,
і яны цярпліва няхай нас пераносяць,
пакуль сонейка грэе і яшчэ не апошняя восень…
* * *
Мудры Божа стварае космас з хаосу.
Жывы чалавек піша Кнігу лёсу,
памерламу Кнігу жывыя зачыняць.
Забойцы знойдуць агністыя стосы.
Усіх прытуляць святыя нябёсы…
Там вольныя статкі, там наша Айчына.
Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа
Нікадэм і Юзаф былі тут найбліжай.
Пайшлі да Пілата, каб дазволіў зняць Яго з крыжа.
З крыжа Яго здымалі, усё паціху рабілі.
Ад некага з хаты прынеслі драбіны.
Асцярожна трымалі, каб па смерці Яго не зраніць.
Усе, хто Яго любіў, былі на мяжы ўмірання.
Нікадэм і Юзаф з Арыматэі
Езуса пахаваць да змроку хацелі.
Божая Маці… Яе малітва трымала.
Твар спаленай пусткі… Мовай знямела…
Прытулялася асцярожна да роднага цела.
Вучань Ян, якога Езус моцна любіў,
толькі ўглядаўся… тут пры Ёй неадступна быў.
Яна была тут, але нібы ўжо там,
Калі слязьмі абмывала засохлую Кроў з Яго ран.
* * *
Адкуль жа зваліліся гэтыя –
што хацелі валодаць планетамі?
Шмат хацелі – але памыліліся…
Некуды ж яны праваліліся.
Неяк вытрываў свет пад зорамі,
малітвамі мамаў замолены.
Глобус у паветры гайдаецца
і пакуль нідзе не губляецца.
Глобус злучаецца вяселлямі.
Перадзелены паралелямі.
У ружанцы-мерыдыяны
анёламі зашнураваны.
Гадаваліся ў войнах і ў цішы.
Нарадзіліся ў смерці на крыжы.
Езус дае нам Жыццё
і тады, калі спыніцца сэрцаў біццё.
* * *
Захварэўшы, думаем часам,
што смерць палюе сам-насам.
Езус Хрыстус смерць перамог.
Зведаў яе тупіковую цемрадзь.
Зведаў яе… а каму ж лепей ведаць:
уладарыць не смерць, а Бог.
Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу
Жанчыны з алоэ і міры замяшалі бальзам.
У плашчаніцу цела спавівалі, бы немаўля.
Недалёка ў скале быў гроб, навокал быў сад...
У гробе Збаўцу паклалі, які прыйшоў нас збаўляць.
Усё зрабілі, як трэба, Маці ўдзячнай была.
Вучань, які быў за сына, за Ёй хадзіў, як імгла.
Завалілі каменем дзверы. Ад старэйшых асоб
правяралі, а ці дакладна апячатаны гроб.
Некалькі баявых жаўнераў з Італіі
каля ўваходу на варце паставілі.
Блізкія Яго, як сіроты, апусціўшы гаротна плечы,
разыходзіліся самотна кожны ў сваю пустэчу…
Але заставаліся разам святыя нябёсы слухаць.
Чакалі Змёртвыхпаўстання, Спаслання Святога Духа.
* * *
Божа наш, Ты прыходзіш у апраўданне прарокаў!
Слугаў убогіх грэе рана прабітага боку!
У садзе Змёртвыхпаўстання заўсёды светла світае.
Магіла Твая пустая быльнікам не зарастае…
Аднаві, добры Божа, нас у святыя ранкі!
Не вырывай з карэннем з Твайго жыцця, як паганкі...
Прышчапі чаранком вінаграду з нябеснага саду.
Не прысылай страшных сноў, каб заснуць не баяліся зноў…
Не кармі нас горам, не паі гаркаты слязамі.
Ціхай надзеяй святлей над убогімі намі!
Не разбурай вакол нас свайго збаўленчага плоту.
Загортвай моцна ў малітву, як у пяшчоту.
Асвяці нашы вочы — распадзецца няволі турма.
Калі Ты будзеш тут, будзем ведаць, што іх тут няма.
Да Цябе прытуляцца, як да мурожнага стога.
Справядлівасць, спакой і радасць — ад Духа Святога…
* * *
Езус з дамоўкі свае
у Вялікі Дзень паўстае.
Божая дамоўка пустая…
А на скрыжалях вятроў
усіх вяртае ў любоў…
Душы дадому вяртае.
Псальм надзеі
Укрыжаваны Сын Божы
дзеля нас на крыж узышоў,
каб мы не блукалі ў зямным падарожжы,
прыслаў нам святых святароў.
Праклаў нам сцяжынкі да шчасця,
стварыў шчаслівымі нас,
каб мы паспелі малітвы скласці,
пакуль не спыніцца час…
У посце Вялікім найбліжай
спаткання нябеснага міг.
Прабітыя рукі з драўлянага крыжа
прытуляць усіх, як малых…
* * *
Чыстага смутку бязмеж.
Смуткам гаіцца найлепш
у кантэмпляцыі стацый.
Белы, як хлеб, Галубок.
У квецені церняў вянок.
У Гостыі ўтоены Збаўца…
|