Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю

VATICANUM II НА РОДНАЙ МОВЕ
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Роздум

«ПІЯРЫЗАЦЫЯ» ЦІ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ?
Паэзія
Мастацтва

УСПОМНІМ ПРА ЗАБЫТАЕ
Нашы святыні
In memoriam

КАРАЛЕВА БОЛЮ І ВЕРША

АПОШНІ ЛІСТ

«ЁСЦЬ ТОЛЬКІ ШЛЯХ…»
Вачыма візітатара

Тамара ГАБРУСЬ

РЭШТКІ НАШАЙ СЛАВЫ І ЦЫВІЛІЗАЦЫІ


Дадатак да артыкула - Галерэя
 
У 2007 годзе, аб’яўленым ЮНЭСКА годам Напалеона Орды з нагоды яго 200-гадовага юбілею, грамадскасцю была аддадзена належная даніна павагі нашаму славутаму земляку. У люстэрку часу ён паўстаў у велічы, роўнай тытанам Адраджэння, як выдатны кампазітар і музычны педагог, мастак і аматар архітэктуры, гісторык і краязнаўца. Аднак галоўнае, што ўсе вектары творчасці Напалеона Орды звязаны вузлом патрыятызму, свядомага самаахвярнага служэння сваёй краіне. Нават у эміграцыі ў Парыжы ён, як і Адам Міцкевіч, ідэнтыфікаваў сябе ліцвінам. Там жа, у музеі А. Міцкевіча, знаходзіцца пісьмо Н. Орды яшчэ аднаму не менш славутаму ліцвіну, герою Чылі і асабістаму сябру Ігнату Дамейку, дзе ён піша: «З 1856 г. знаходжуся ў краі і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам. Пасля вяртання мне ў галаву прыйшла шчаслівая думка наведаць нашу правінцыю, так любую нашаму сэрцу, аднак так мала вядомую суайчыннікам. У вандроўках з алоўкам у руцэ намаляваў я рэшткі нашай славы і цывілізацыі»1. З гэтых слоў вынікае, што жанр архітэктурнага краявіда быў абраны мастаком не выпадкова, а свядома і мэтанакіравана, таму што ў помніках дойлідства ён бачыў найбольш яскравае матэрыяльнае ўвасабленне гістарычнай памяці народа. Пры выбары натурных аб’ектаў ён адначасова праводзіў пэўную навуковую краязнаўчую працу, іншы раз суправаджаў малюнкі старажытных помнікаў дойлідства разгорнутымі тлумачальнымі надпісамі ў мясцовай лексіцы на лацінцы, дадаткова паўторанымі на французскай мове.

Трагічна, але, па маіх падліках, з шматлікіх культавых збудаванняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, выявы якіх выкананы Н. Ордам, на сённяшні дзень большасці ўжо не існуе. У іх лік уваходзяць славутыя помнікі гісторыі і культуры Беларусі: фара Вітаўта ў Гродне, ансамбль ратушнай плошчы з касцёлам св. Антонія ў Віцебску, кляштар кармэлітаў у Бялынічах, праваслаўны Трайчанскі манастыр у Слуцку, уніяцкі манастыр у прадмесці Лешча пад Пінскам, кальвінскі збор у Койданаве і шмат іншых. Характэрна, што сакральнаму архітэктурнаму летапісу Орды ўласціва надзвычайная талерантнасць, мастацкае прыманне эстэтыкі ўсіх веравызнанняў роднага краю. Ствараецца ўражанне, што Н. Орда апантана рабіў сваю тытанічную працу ў прадчуванні яшчэ больш цяжкага гістарычнага часу і ў гэтым, як бачым, ён не памыліўся. Аднак той факт, што вельмі многія адлюстраваныя ў малюнках Н. Орды храмы і сядзібы на сённяшні дзень зруйнаваны, думаецца, сведчыць не пра нейкую фатальную наканаванасць іх лёсу і містычныя прадчуванні, а пра свядомую палітычную праграму вынішчэння гістарычнай памяці нашага народа.

Архітэктурныя замалёўкі Напалеона Орды звычайна выкананыя алоўкам і злегку таніраваныя акварэллю альбо сепіяй. 260 малюнкаў у 1870-я гг. былі пераведзены ў літаграфіі Алаізам Місуровічам і выдадзены ў Варшаве ўласным коштам Орды ў серыі «Гістарычныя віды Польшчы», што склала восем альбомаў. Менавіта гэтыя выявы з’яўляюцца найбольш шырока вядомымі і паўтараюцца ў шматлікіх публікацыях. Іх адметнай рысай з’яўляецца наяўнасць у архітэктурным краявідзе фігурак людзей, коней, лодак, якія дамаляваны літографам для ажыўлення, на яго думку, малюнка, але часам яны не адпавядаюць агульнаму маштабу панарамы. Сам Орда рабіў архітэктурныя замалёўкі без персанажаў, захоўваючы пры гэтым дакладны антраметрычны маштаб. У арыгіналах малюнкаў, больш лірычных па настроі, празрыстых і вытанчаных, адначасова спалучаны фатаграфічная аб’ектыўнасць і асаблівасці індывідуальнага мастацкага бачання.

На сённяшні дзень па розных крыніцах вядома звыш 1000 арыгінальных аўтарскіх архітэктурных пейзажаў Напалеона Орды, з якіх большая частка знаходзіцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Кракаве. Гэта 907 малюнкаў, на якіх адлюстраваныя гісторыка-культурныя помнікі былой Рэчы Паспалітай, і 85 краявідаў іншых краін Еўропы. З каталога гэтага збору намі вылучаны архітэктурныя замалёўкі асобных культавых пабудоў і панарамы мястэчак з шматлікімі святынямі розных канфесій, зробленыя на тэрыторыі Беларусі і гістарычнай Літвы ў межах Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерній (паводле сістэматызацыі самога Н. Орды), якіх атрымалася каля 100. Прыблізнасць лічбы абумоўлена зменамі ў адміністрацыйна-дзяржаўным падзеле, якія адбыліся ў ХХ ст., таму пры адборы давялося кіравацца межамі этнічных рэгіёнаў гістарычнай Літвы і Беларусі.

Для разгляду намі ўзяты малавядомыя арыгінальныя архітэктурныя краявіды Н. Орды гарадоў і мястэчак Верхняга Падняпроўя і Падзвіння, якія з’яўляюцца унікальнымі носьбітамі гістарычнай памяці пра тутэйшыя зруйнаваныя святыні. Распачаць разгляд мушу з той мясціны, адкуль паходзяць мае продкі па бацьку, горада Сянно, раней павятовага мястэчка Магілёўскай губерні, цяпер райцэнтра Віцебскай вобласці. Панарама гістарычнага цэнтра Сянно (на надпісу да малюнка — Sienna) намалявана Н. Ордам 30 ліпеня 1877 года2. На ёй адлюстраваны каштоўны і малавядомы помнік сакральнай архітэктуры позняга беларускага барока — касцёл св. Фартуната, а разам з ім праваслаўная царква Св. Тройцы з трыма купаламі. Касцёл размяшчаўся на беразе возера Сянно каля замка бастыённага тыпу, узведзенага ўладальнікам мястэчка канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. Ён жа ў 1613 г. асадзіў тут манахаў жабрацкага ордэна францішканцаў і заснаваў 4-класнае вучылішча для бедных. Мураваны касцёл быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст., да 1772 г. (вядома, што ў гэтым годзе сюды з Рыма прывезлі мошчы св. Фартуната, у гонар якога кансэкравалі святыню). Велічная прамавугольная ў плане трохнававая базыліка з трансептам, роўнавысокім цэнтральнай наве, утварала ў верхнім сячэнні лацінскі крыж. Са сціпласцю і лапідарнасцю агульнай кампазіцыі, уласцівай будаўніцтву францішканцаў, кантраставаў пышны галоўны фасад з вылучанай цэнтральнай часткай і дынамічнай групоўкай паўкалонаў. Касцёл быў часткова разбураны ў гады Другой сусветнай вайны, а затым канчаткова па-варварску знішчаны ўжо падчас так званай «хрушчоўскай адлігі», якая зусім не была адлігаю для гістарычнай памяці беларускага народа. Хуткаснае «будаўніцтва камунізму», абяцанага да 1981 г., суправаджалася паўсюдным мэтанакіраваным знішчэннем культавых збудаванняў.

31 ліпеня 1877 г. Н. Орда быў у Аршанскім павеце, непадалёку ад Сянно, і зрабіў замалёўку мястэчка Смаляны з боку рэчкі Дзярноўкі3. На малюнку, зробленым, як звычайна, алоўкам і злёгку падмаляваным акварэллю, справа паўстаюць руіны замкавай вежы. Замак быў пабудаваны ў стылі паўночнага рэнесансу каля 1626 г. князем С. Сангушкам-Ковельскім (у Кракаўскім каталозе малюнкаў Н. Орды ён недакладна атрыбутаваны як замак каралевы Боны). У цэнтры бачны прыгожы касцёл з дзвюма стромкімі вежамі ў стылі віленскага барока, у далечыні справа ад яго — драўляная Спаса-Праабражэнская царква XVIII ст., злева — высокі, грувасткі ламаны дах сінагогі. Касцёл Звеставання Дзеве Марыі належаў вельмі пашыранаму на Беларусі жабрацкаму прапаведніцкаму ордэну дамініканцаў, які з’явіўся тут у 1678 г. па запрашэнні тагачаснага ўладальніка мястэчка князя Гераніма Сангушкі4. Прыгожая мураваная трохнававая базыліка з трансептам, які выяўлены толькі ў верхнім сячэнні збудавання, узведзена самімі манахамі-дамініканцамі пад кіраўніцтвам Людвіка Грынцэвіча, які навучаўся архітэктуры ў Італіі. Лацінскі крыж, утвораны дахамі цэнтральнай навы і трансепта, падкрэслены фігурнымі франтонамі на галоўным і бакавых фасадах. Кляштар быў зачынены пасля паўстання, у 1832 г., святыня больш за стагоддзе знаходзіцца ў заняпадзе і паступова разбураецца.

Годам раней Н. Орда таксама наведваў беларускае Паазер’е. 20 чэрвеня 1876 г. ён намаляваў панараму мястэчка Чашнікі (былы Лепельскі павет, цяпер цэнтр раёна Віцебскай вобласці)5. Малюнак мае разгорнуты тлумачальны надпіс: «Чашнікі. Касцёл дамініканцаў, рэчка Уланка — Старажытнае замчышча — Вінцэнт Валадковіч, жонка Зоф’я Гарцінг», а на адвароце: «Губ. Віцебская. Чашнікі. Тут пабудаваны замак князёў Патоцкіх з зямлі ... (неразборліва). З гэтага замку ў 1564 г. выйшаў кн. Мікалай Крыштоф Радзівіл, Гетман Літоўскі, і разбіў пад Іваньскам Маскоўскае войска пад началам кн. Шуйскага, які 23 студзеня загінуў у бітве. Тут таксама атрымаў перамогу кн. Раман Сангушка, Гетман Польны, калі ўзяў у палон Пятра Галавіна ў 1570 г. Стэфан Баторый прымаў тут паслоў Маскоўскіх у 1580 г. , ідучы на Вялікія Лукі. На замчышчы стаіць касцёл і кляштар айцоў дамініканцаў, пабудаваны Жыгімонтам Слушкам, Харунжым Літоўскім ў 1674 г.» (па іншых крыніцах — Адамам Слушкам. — Т. Г.).

Відавочна, што ў тлумачальным надпісе да малюнка Орда надае больш увагі слаўнай гісторыі тутэйшага замка, але цікавую інфармацыю нясе таксама выява комплексу дамініканскага кляштара, якога сёння ўжо няма. Касцёл св. Тамаша Аквінскага — трохнававая базыліка з трансептам, роўнавысокім з цэнтральнай навай, і фасадам-нартэксам з дзвюма чацверыковымі вежамі, увенчанымі вярхамі, што спалучаюць форму шатра-«каўпака» і гранёнага купалка-«банькі». Тарцы даха трансепта закрыты сціплымі трохвугольнымі франтонамі. Стылістыка святыні мела выразныя рысы сармацкага барока. За алтарнай часткай касцёла размяшчаўся двухпавярховы П-падобны кляштарны корпус, які пасля скасавання кляштара ў 1832 г. нейкі час выкарыстоўваўся як шпіталь. Справа ад касцёла дамініканцаў на малюнку паказана драўляная праваслаўная Мікалаеўская царква, якая складалася з чатырох зрубаў, што ўтваралі ў плане роўнаканцавы грэцкі крыж. Гэтая кампазіцыя драўляных храмаў была вельмі распаўсюджанай у рэгіёне Верхняга Падняпроўя і Падзвіння ў XVII–XVIII стст. Над галоўным уваходам узвышалася трох’ярусная вежа-званіца.

Відавочна, Н. Орда бываў на Віцебшчыне летам 1875 і 1876 гг. , але на шэрагу малюнкаў з гэтага рэгіёна пазначаны толькі дзень. Малюнак мястэчка Ула (былы Лепельскі павет, цяпер Бешанковіцкі раён) атрыбутыўна датуецца ў Кракаўскім каталозе 1875–1876 гг. , але, хутчэй за ўсё, ён быў выкананы, як і папярэдні, у 1876 г., пра што сведчаць і падабенства надпісаў на малюнках, і рэгіянальная блізкасць мястэчкаў6. Надпіс на малюнку наступны: «1775 Тэрэза з Сухадольскіх Кашыцава — Ула; Усце Уланкі да Дзвіны — Касцёл на Старым замчышчы і цментары... (неразборліва), на адвароце: «Губ. Віцебская. Ула ў сутоку Уланкі і Дзвіны. Замак абарончы, узведзены пры Іване Грозным, захоплены і знішчаны князем Раманам Сангушкам, Гетманам Польным Літоўскім ў 1568 г. — адноўлены і ўмацаваны Стэфанам Баторыям у 1579 г. Касцёл парафіяльны, фундаваны Ігнатам Рэутам, стаіць на месцы, абкружаным валамі, дзе калісьці стаяў замак».

Драўляныя касцёл і кляштар дамініканцаў былі заснаваны ў мястэчку Ула ў 1678 г. (па іншых звестках — у 1669-м) заможным шляхціцам Яўстафіем Лукомскім. Кляштар закрыты ў 1782 годзе. У 1800 г. па фундацыі І. Рэута на месцы драўлянага змураваны новы парафіяльны касцёл св. апостала Лукі ў стылі барочнага класіцызму. У 1853–1854 гг. ён быў капітальна перабудаваны мясцовым ксяндзом, у выніку чаго набыў элементы архітэктуры несапраўднай готыкі: востравугольныя завяршэнні вежаў і франтона на галоўным фасадзе і інш. Гэтая святыня адлюстравана на малюнку Н. Орды: трохнававая чатырохчасткавая святыня з паўкруглай апсідай прэзбітэрыя. Бакавыя фасады рытмічна падзелены ордэрнымі пілястрамі і вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі, аздоблены тонкапрафіляванымі карнізамі і ліштвамі. У 1914 г. касцёл быў зноў перабудаваны і цяпер знаходзіцца ў паўразбураным стане.

Да краявідаў паўночна-ўсходняга рэгіёна Беларусі належыць малавядомы малюнак яшчэ аднаго знішчанага дамініканскага комплексу ў Полацку. Кляштар дамініканцаў з драўляным касцёлам Дзевы Марыі быў фундаваны ў 1672 г. віленскім канонікам Ф. М. Горскім з дазволу Віленскага біскупа Аляксандра Сапегі. Толькі ў 1774 г. было пачата ўзвядзенне мураванага касцёла, асноўнае будаўніцтва якога прыпала на 1801–1804 гг. З прычыны панавання ў гэты час у культавым будаўніцтве Расійскай імперыі узораў класіцызму ў архітэктуры полацкага касцёла дамініканцаў спалучаныя рысы позняга барока і класіцызму. Касцёл будаваўся з улікам рэгулярнай класіцыстычнай перапланіроўкі галоўнай плошчы горада, якую праводзіў губернскі архітэктар Іван Зігфрыдан. Гэта была трохнававая базыліка без трансепта і бязвежавым галоўным фасадам. Першапачаткова фасад дамініканскага касцёла завяршаўся масіўным фігурным франтонам з арачнымі нішамі, але ў 1804 г. яго замянілі пакатым трохвугольным франтонам на ўсю шырыню збудавання.

Вышыня дамініканскага касцёла раўнялася палове вышыні кампазіцыйнай дамінанты ансамбля — касцёла езуітаў. У адпаведнасці з горадабудаўнічай сітуацыяй, касцёл быў павернуты алтарнай часткай на поўнач, а галоўным паўднёвым фасадам — на плошчу. З усходу да яго прылягаў двухпавярховы Г-падобны будынак кляштара, які быў скасаваны, як і ўсе дамініканскія кляштары, у 1832 го- дзе. Безгаспадарныя будынкі пацярпелі ад пажараў у 1837 і 1843 гадах. Пасля паўстання 1863–1864 гг. святыня засталася адзіным парафіяльным касцёлам Полацка, які ў савецкі час быў закрыты і канчаткова разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Калі параўнаць яго фатаграфічную выяву пачатку ХХ ст. з малюнкам Н. Орды 1875–1876 гг., дзе святыня паказана буйным планам, уражвае дакладнасць перадачы агульных прапорцый збудавання і архітэктурных дэталяў: авальных люнетаў, ліштваў і нават сухарыкаў на карнізе франтона. Таму нельга не заўважыць розную колькасць калонаў уваходнага порціка: на малюнку Орды іх чатыры, а на пазнейшым фотаздымку — шэсць. Відавочна, што за гэты час іх прыбудавалі.

Малюнак Н. Орды суправаджаецца надпісам: «Полацк. Касцёл дамініканаў. Тут ляжыць цела св. Баболі урадж. 1591, памёр 1657». Памянёная святая асоба нібы адрасуе нас да больш ранняга малюнка Н. Орды, выкананага 28 мая 1861 г., а прынамсі да яго больш вядомай літаграфіі. Гэта выява драўлянага парафіяльнага касцёла ў мястэчку Янаў Палескі (былы Кобрынскі павет, цяпер цэнтр раёна Брэсцкай вобласці), дзе на першым плане адлюстравана мураваная чацверыковая капліца ў стылі позняга барока. Малюнак суправаджаецца надпісам: «Помнік св. Баболі». Андрэй Баболя — слынны каталіцкі місіянер, празваны за красамоўства і пераканаўчасць пропаведзі апосталам Піншчыны. Відавочна, што Орду цікавіла гэтая неардынарная асоба. Янаў Палескі — радзіма Напалеона Орды, і менавіта тут 16 мая 1657 г. Андрэй Баболя быў схоплены і закатаваны атрадам казакоў палкоўніка А. Здановіча. Цела яго было прывезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, дзе ў 1702 г. было знойдзена нятленным. У 1808 г. цела А. Баболі было перавезена ў Полацк і, як бачым, захоўвалася ў касцёле дамініканцаў, што засведчыў Н. Орда. Але вандроўка мошчаў святога на гэтым не скончылася. У 1922–1924 гг. яны выстаўляліся ў Маскве, у Музеі медыцыны, затым былі перавезены ў Рым і змешчаны ў галоўным касцёле ордэна езуітаў Іль Джэзу. Святы Андрэй Баболя кананізаваны Каталіцкім Касцёлам 17 красавіка 1938 года7.

Святыні дамініканцаў за актыўны ўдзел законнікаў гэтага ордэна ў паўстаннях 1830–1831 і 1863–1864 гг. найбольш пацярпелі ад рэпрэсій уладаў Расійскай імперыі, а затым канчаткова былі зруйнаваныя ў савецкі час — час паслядоўнага ваяўнічага атэізму. Адной з найбольш прыгожых святыняў гэтага ордэна быў касцёл св. Юрыя ў фальварку Забелы каля вёскі Валынцы (былы Дрысненскі павет, цяпер Верхнядзвінскі раён), аўтарам якога з’яўляецца славуты віленскі архітэктар І. К. Глаўбіц. Ён амаль дакладна паўтарыў у вясковай святыні архітэктурныя формы сваіх больш ранніх віленскіх пабудоваў, найперш касцёла бэнэдыктынак св. Кацярыны, выява якога таксама ёсць у спадчыне Орды8. На яго малюнку 1875–1876 гг. з выяваю Юр’еўскага касцёла кляштара дамініканцаў, які існаваў тут з 1731 г., змешчаны наступны надпіс: «Валынцы. Касцёл айцоў дамініканаў фундацыі Рыгора Шчыта». У будаўнічым кантракце 1749 г. , дзе заказчыкам выступаў ксёндз Рэгінальд Ленартовіч, пазначана, што архітэктар павінен «скласці абрыс», а кіраваць будаўніцтвам абавязваўся майстар Лаўбе. Гэта быў аднанававы касцёл зграбных вытанчаных прапорцый у стылі віленскага барока з фігурнымі франтонамі-«дыядэмамі» на тарцах высокага даха. Аб’ёмная пласціна галоўнага фасада выступала за межы навы дзвюма шмат’яруснымі вежамі тэлескапічнай будовы, узведзенымі ў 1764–1768 гг. Архітэктуры касцёла ўласціва рафініраваная познебарочная пластыка ўваходнай крухты, маляўнічасць абрысаў франтонаў, валютаў з грабенчыкамі, дэкаратыўных вазонаў. Бакавыя алтары выкананы «штукатарам з Вільні» і асвячоныя ў 1759 г. , а галоўны алтар завершаны і асвячоны толькі ў 1766 годзе. Аздоба інтэр’ера мела стылістычныя прыкметы ракако.

Двухпавярховы П-падобны кляштарны корпус, аздоблены рызалітамі з фігурнымі франтонамі, злучаўся з касцёлам пераходнай галерэяй і ствараў з ім адзіны архітэктурна-мастацкі ансамбль, які адкрывала прыгожая барочная брама. Паколькі галоўным напрамкам дзейнасці дамініканцаў была адукацыя, пры ўсіх кляштарах ордэна існавалі школы. У Забелах школа была заснавана ў 1716 г. па фундацыі Гільзен-Шадурскіх, пры ёй дзейнічаў школьны тэатр. У 1811 г. школа была ператворана ў гімназію (існавала да 1836 г.), якую скончыў беларускі пісьменнік-дэмакрат, адзін з арганізатараў паўстання 1863–1864 гг. на Віцебшчыне А. Вярыга-Дарэўскі.

Кляштар быў скасаваны ў 1857 годзе. У перыяд 2-й Рэчы Паспалітай касцёл дзейнічаў. Яго ансамбль быў значна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а пасля яе цалкам зруйнаваны.

Акрамя разгледжаных, у полацка-віцебскім рэгіёне дамініканцам належаў яшчэ шэраг цудоўных твораў архітэктуры барока, якія, на жаль, ужо не існуюць і не адлюстраваны на малюнках Н. Орды. Гэта касцёл ва Ушачах, пабудаваны ў 1788–1796 гг. па фундацыі 1716 г. ваяводы мінскага Яна Жабы, касцёл у Друі, пабудаваны дамініканцамі да 1767 г. пад кіраўніцтвам Л. Грынцэвіча, касцёл у Посіне (Люцынскі павет, цяпер Латвія), пабудаваны ў 1720–1738 гг., вядомыя па іншых графічных архіўных крыніцах.

Фатальны гістарычны лёс дамініканскіх святыняў найбольш яскрава выяўляе каштоўнасць архітэктурных замалёвак Н. Орды як захавальнікаў гістарычнай памяці нашага народа, яго духоўнай культуры. Але не менш пацярпелі і святыні іншых каталіцкіх ордэнаў. Значную ўвагу ў сваіх замалёўках Н. Орда аддаў таксама святыням ордэна езуітаў. На малюнку, выкананым 28 чэрвеня 1875–1876 гг.9, касцёл езуітаў у Полацку паказаны надзвычай цёпла і аб’ёмна, у больш выразным ракурсе ў параўнанні з пазнейшымі фотаздымкамі, з адлюстраваннем мяккай хвалістай пластыкі купала і верхніх ярусаў вежаў у стылі віленскага барока. «Парадная» плошча перад касцёлам паказана больш падобнай на сядзібны пляц, абкружаны дрэвамі.

Полацк быў першым і апошнім апірышчам езуітаў у Беларусі, духоўным асяродкам дзейнасці гэтага ордэна ў межах Расійскай імперыі, пра што існуе шмат даследаванняў. На працягу паўтара стагоддзя, з 1582 па 1730-я гг. , будынкі полацкай місіі езуітаў былі драўлянымі. Мураваны касцёл быў асвечаны ў гонар Звеставання Дзеве Марыі і св. Стэфана (нябеснага патрона караля-фундатара Стэфана Баторыя) у 1748 годзе. Мураваны калегіум, які разам з касцёлам стварыў велічны архітэктурны ансамбль агульнай плошчай 7180 кв. метраў, пачалі ўзводзіць у 1750 годзе. Будаўніцтва ажыццяўлялася ўласнымі сіламі, нават купал святыні, тэхнічна найбольш складаную частку збудавання, узводзіў манах Габрыэль Лянкевіч, які атрымаў архітэктурную адукацыю ў Заходняй Еўропе. Архітэктанічна касцёл уяўляў трохнававую крыжова-купальную базыліку з дзвюхвежавым фасадам у стылі позняга барока. Вышыня вежаў была каля 60 метраў. Вядома, што на адной з іх мясціўся унікальны гадзіннік работы віленскага майстра Густава Мудні, хаця, паводле фотаздымка пачатку ХХ ст., гадзіннікі і званы былі на абедзвюх вежах. Менавіта моцная горадабудаўнічая актыўнасць велічнага культавага збудавання стала прычынаю таго, што ў 1936 г. верхнія ярусы вежаў разабралі, а канчаткова святыню зруйнавалі ў 1964 г. , падчас халоднай «хрушчоўскай адлігі», пазначанай ваяўнічым атэізмам.

Выява езуіцкага касцёла св. Францішка Ксавэрыя ў Віцебску, на жаль, выканана Н. Ордам толькі эскізна, алоўкам, без падмалёўкі акварэллю10, але ў ледзьве бачным малюнку (з надпісам на адвароце: «Віцебск. Беларусь») відавочны тыя ж цеплыня і эстэтычнае захапленне мастака аб’ектам. Краявід велічнага комплексу касцёла і калегіума ў атачэнні жылой забудовы зроблены Ордам з боку Ратушнай плошчы ад маста праз Віцьбу, які зваўся Езуіцкім. Адтуль адкрывалася эфектная сілуэтная панарама ансамбля, размешчанага на складаным рэльефе. Езуіты з’явіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 1640–1644 гг. за кошт смаленскага ваяводы А. Корвін-Гансеўскага быў пабудаваны першы драўляны касцёл, перабудаваны падчас захопу Віцебска маскоўскім войскам у 1654–1655 гг. у сабор праваслаўнага Аляксееўскага манастыра (у гонар нябеснага патрона маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча), а ў другой палове XVII ст. вернуты езуітам. У 1708 г. рускія войскі па загадзе Пятра І спалілі Віцебск, у выніку чаго згарэлі і драўляныя будынкі калегіума езуітаў.

У 1716 г. на сродкі віцебскага кашталяна Марцыяна Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзвядзенне мураваных будынкаў касцёла і калегіума. Да 1765 г. кіраўніком будоўлі з’яўляўся Базыль Часновіч. Велічная трохнававая крыжова-купальная базыліка з дзвюхвежавым фасадам была завершана да 1731 г., а кансэкраваная ў 1751 г. , пасля завяршэння аздаблення інтэр’ера. Пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр. Пазней у калегіуме размяшчалася павятовае вучылішча, а з 1822 г. будынак належаў базыліянам, да забароны уніяцтва. У 1843 г. комплекс быў перададзены праваслаўным, а касцёл перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, у гонар нябеснага патрона расійскага імператара Мікалая І, як і многія іншыя былыя каталіцкія святыні.

Паводле акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст. і абмераў 1830-х гг. , будынак калегіума далучаўся да касцёла двухпавярховым уваходным аб’ёмам з асобным дахам, над якім узвышалася трох’ярусная гадзіннікавая вежа-званіца з высокім спічаком. У 1872 г. гэтую вежу цалкам разабралі. На малюнку Н. Орды яе няма, але вежы і купал былога касцёла яшчэ мелі фігурныя барочныя завяршэнні-«банькі», якія, паводле праекта 1841 г. губернскага архітэктара А. Порта, меркавалася замяніць на паўсферычныя. Гэты малюнак з’яўляецца бясспрэчным графічным дакументам, які ўдаклад- няе гісторыю помніка, разбуранага ў 1956 г. з мэтай «добраўпарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра Віцебска, што прывяло да незваротных стратаў гістарычнай памяці і мастацкага аблічча гэтага старажытнага горада.

Рэзідэнцыі езуітаў звычайна размяшчаліся ў вялікіх старажытных гарадах, акрамя названых, у такіх як Гродна, Брэст, Мінск, Орша, Пінск, Магілёў, Бабруйск, Наваградак, Ваўкавыск, Слуцк, але часам, па запрашэнні ўладальнікаў, у прыватнаўласніцкіх мястэчках і нават у вёсках (у Нясвіжы, Юравічах, Крывошыне, Блоні і інш.). Вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць мае малюнак Н. Орды 1877 г.11 з выяваю езуіцкага касцёла ў вёсцы Фашчаўка (былы Горацкі павет, цяпер Шклоўскі раён Магілёўскай вобл.), дарэчы, адзінаю выяваю гэтага амаль не даследаванага ў гісторыі айчыннай архітэктуры помніка і суправаджаецца надпісам: «Касцёл па-езуіцкі, заложаны ў 1754 г. Ксёндз Галкевіч». На адвароце дадаткова пазначана, што ў касцёле знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай. Па іншых крыніцах, мястэчка Фашчаўка, што знаходзіцца за 11 кіламетраў ад Шклова, належала князю А. Чартарыйскаму, які ў 1765 г. фундаваў тут місію езуітаў і мураваны касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На малюнку Н. Орды буйным планам паказаны прыгожы дзвюхвежавы трохнававы касцёл з трансептам, роўнавысокім цэнтральнай наве, і фігурнымі франтонамі на тарцах перакрыжаваных дахаў, узведзены ў стылі віленскага барока.

Чатырох’ярусныя вежы касцёла мелі надзвычай маляўнічыя барочныя завяршэнні. Характэрна, што скразныя праёмы для званоў знаходзіліся даволі нізка, на другім ярусе, а трэці ярус, на ўзроўні франтона, быў глухі. У цэнтры франтона галоўнага фасада размяшчалася паўкруглая ніша-табэрнакула з скульптурнаю выяваю Дзевы Марыі. За алтарнай часткай касцёла бачны аднапавярховыя мураваныя будынкі місіі езуітаў, накрытыя вальмавымі дахамі. Тэрыторыя комплексу была абкружана прымітыўнай драўлянай агароджай з бярвенняў «у шулах» са сціплай брамкай-«веснічкай», што падкрэслівае незвычайнасць размяшчэння місіі гэтага арыстакратычнага ордэна ў глыбокай правінцыі. З 1876 г. касцёл стаў парафіяльным і набажэнствы ў ім вяліся на беларускай мове. Святыня была разбураная ў 1930-я гг. , сёння ад яе не засталося ніякіх слядоў.

Свядомая праграма замалёвак Н. Орды архітэктурных краявідаў Айчыны была скіравана на фіксацыю гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага ў яго гістарычных дзяржаўных межах амаль праз 100 гадоў пасля знікнення краіны з карты Еўропы, пасля вызваленчых паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. , якія вызначылі ўласны лёс мастака і лёс яго сяброў. У малюнках Напалеона Орды помнікам дойлідства нібы даецца другое жыццё. Зробленыя ім мастацкія творы фіксуюць ужо іншы час і рамантычны погляд на мінулае. Мы аддаленыя ад таго часу цэлым стагоддзем, поўным сацыяльных катастрофаў, войнаў і рэвалюцый, варожага стаўлення да рэлігіі і нацыянальнай культуры, што прывялі да далейшага руйнавання вялікай колькасці помнікаў айчыннага дойлідства. Усё гэта ставіць творы Напалеона Орды нароўні з трагедыямі Шэкспіра па колькасці трагічных ахвяраў і іх трансцэндэнтнаму пранікненню ў Вечнасць.

 


  1. Левандаускас В. Иконографические особенности творчества Наполеона Орды / В. Левандаускас //Веснік Бел. дзярж. універсітэта культуры і мастацтва, Мінск, 2004, с. 16.
  2. Katalog rysunków architektonicznych ze zbiorów Muzeum Narodowego w Krakowie. T. I. Rysunki Napoleona Ordy. Warszawa: PWN, 1975. № 642.
  3. Тамсама, № 666.
  4. НБВУ АР, ф. 4, спр. 1977.
  5. Katalog rysunków architektonicznych... . № 123.
  6. Тамсама, № 768.
  7. Святы Андрэй Баболя. Мінск, 1994.
  8. Katalog rysunków architektonicznych... № 815.
  9. Тамсама, № 564; Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ стагоддзя. Мінск, 2001, с. 97.
  10. Katalog rysunków architektonicznych... № 828.
  11. Тамсама, № 169.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY