Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ


Не толькі біскуп, але таксама кожны святар павінен жыць клопатам пра ўвесь Касцёл і ў пэўнай ступені адчуваць сваю адказнасць за яго.
 
Папа Ян Павел ІІ

ДАР І ТАЯМНІЦА

У пяцідзесятую гадавіну
майго святарскага пасвячэння

Пачатак

ІV
Святар!

Маё святарскае пасвячэнне адбывалася ў такі дзень, калі звычайна гэты сакрамэнт не ўдзяляецца: 1 лістапада Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых і літургія цалкам скіравана на перажыванне таямніцы Еднасці Святых і падрыхтоўку да Задушнага Дня. Аднак князь мітрапаліт выбраў гэты дзень у сувязі з тым, што я ў хуткім часе павінен быў выехаць у Рым для далейшай вучобы. Пасвячэнне я прымаў адзін, у прыватнай капліцы Кракаўскіх Біскупаў. Мае аднакурснікі павінны былі атрымаць пасвячэнне толькі ў Вербную Нядзелю на наступны год.

Увесь кастрычнік быў для мяне месяцам пасвячэння субдыяканату і дыяканату і трох цыклаў рэкалекцый, якія папярэднічалі пасвячэнню. Найперш я адправіў шасцідзённыя рэкалекцыі перад субдыяканатам, потым пасля некалькіх дзён перапынку - тры дні рэкалекцый перад дыяканатам і тут жа пасля гэтага - шэсць дзён рэкалекцый перад прэзбітэратам. Гэтыя апошнія адправіў адзін у семінарскай капліцы. Затым, у дзень Усіх Святых, я прыбыў раніцаю ў рэзідэнцыю Кракаўскіх Арцыбіскупаў на вуліцы Францішканскай, 3, каб атрымаць святарскае пасвячэнне. У гэтай цырымоніі ўдзельнічала толькі некалькі маіх сваякоў і сяброў.

Згадка пра брата ў святарскім пакліканні

Алтар у капліцы палаца Кракаўскіх Арцыбіскупаў.
Месцам майго пасвячэння, як я ўжо сказаў, была прыватная капліца Кракаўскіх Арцыбіскупаў. Памятаю, што ў часе акупацыі я часта прыходзіў раніцою ў гэту капліцу, каб служыць як клерык у часе Св. Імшы князю мітрапаліту. Памятаю таксама, што пэўны час прыходзіў са мною другі падпольны клерык - Ежы Захута. Аднойчы ён не з'явіўся. Калі пасля Св.Імшы я зайшоў да яго на кватэру на Людвінове (недалёка ад Дэмбнікаў), то даведаўся, што ноччу яго забрала гестапа. У хуткім часе ягонае прозвішча з'явілася ў спісах палякаў, прыгавораных да расстрэлу. Прымаючы святарскае пасвячэнне ў той самай капліцы, я не мог не памятаць гэтага майго брата ў святарскім пакліканні, якога Хрыстус іншым чынам паяднаў з таямніцаю свае смерці і свайго змёртвыхпаўстання.

Veni, Сreator Spiritus!

Такім чынам, у гэтай капліцы ў часе спеву Veni, Сreator Spiritus (Прыйдзі, Дух Створца) і Літаніі да Усіх Святых, лежачы крыжам, я чакаў моманту ўскладання рук. Гэта асабліва хвалюючая хвіліна. Пазней шмат разоў я выконваў гэты абрад як біскуп, а таксама як Папа. Ёсць штосьці глыбока хвалюючае ў такой прастрацыі ардынандаў: сімвал глыбокага прыніжэння перад веліччу самога Бога і разам з тым іх цалкавітай адкрытасці, каб мог сысці Дух Святы, бо гэта ж Ён сам з'яўляецца выканаўцам кансэкрацыі. Veni, Сreator Spiritus, mentes tuorum visita, imple superna gratia quae Tu creasti pectora. Так, як у Св. Імшы выконвае Ён перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, так і ў Сакрамэнце Святарства Ён - выканаўца святарскай альбо біскупскай кансэкрацыі. Біскуп, які ўдзяляе пасвячэнне - гэта толькі даўца Божай таямніцы. Ускладанне біскупскіх рук - працяг жэсту, які ўжываўся ў першапачатковым Касцёле на знак дару Духа Святога, што ўдзяляецца для пэўнай місіі (пар.Дз 6,6; 8,17; 13,3). Гэты жэст ускладання рук ужыў св.Павел у адносінах да свайго вучня Тыматэя (пар. 2 Тым 1, 6; 1 Тым 4, 14), і ён застаўся ў Касцёле (пар. 1 Тым 5, 22) як дзейсны знак актыўнай прысутнасці Духа Святога ў сакрамэнце пасвячэння.

Падлога капліцы

Той, хто атрымлівае пасвячэнне, падае на твар, усім целам, ілбом датыкае падлогі святыні, і ў такой паставе выяўляецца вызнанне якойсьці цалкавітай гатоўнасці да службы, што будзе яму даверана. Цырымонія гэта пакінула глыбокі след у маім святарскім жыцці. Калісьці, праз гады, у Базыліцы св. Пятра, напачатку Сабору, маючы перад вачыма гэты момант святарскага пасвячэння, я напісаў паэтычны твор, фрагмент якога тут варта прывесці:

Гэта Ты, Пётр. Хочаш быць тут Падлогаю,
каб па Табе праходзілі...
Каб ішлі там, дзе кіруеш іх крокі...
Хочаш быць Тым, хто служыць нагам -
як скала капыткам авечак:
Скала - гэта таксама падлога гіганцкай святыні.
Пашай з'яўляецца Крыж.
(Касцёл: Пастыры і крыніцы.
Базыліка св. Пятра,
восень, 1962: 11 Х-8 ХІІ, Падлога.)

Пішучы гэтыя словы, я думаў як пра Пятра, так і пра ўсю рэальнасць службовага святарства, імкнучыся падкрэсліць глыбіню значэння гэтай літургічнай прастрацыі. У такой паставе ляжання крыжам перад атрыманнем пасвячэння выяўляецца найглыбейшы сэнс святарскай духовасці: так, як Пётр, прыняць ва ўласным жыцці Крыж Хрыста і стаць «падлогаю» для братоў.

Прыміцыйная Святая Імша

Крыпта святога Леанарда ў Вавэльскай катэдры.
У сувязі з тым, што святарскае пасвячэнне я атрымаў ва ўрачыстасць Усіх Святых, прыміцыйную Св.Імшу мне выпала адправіць у Задушны Дзень, 2 лістапада 1946 года. У гэты дзень кожны святар можа адправіць тры Св. Імшы і таму таксама мае Прыміцыі мелі «траісты» характар. Я адправіў гэтыя тры Св. Імшы ў крыпце св. Леанарда, якая складае частку ранейшай так званай Германаўскай біскупскай катэдры ў Кракаве на Вавэлі. Цяпер крыпта св. Леанарда належыць да аднаго цэлага каралеўскіх захаванняў.

Выбіраючы гэтую крыпту месцам першых Св. Імшаў, я хацеў выразіць асаблівую духовую сувязь з усімі, хто ў гэтай катэдры спачывае. Вавэльская катэдра - незвычайны феномен. Бо яна, як ні адна іншая святыня ў Польшчы, прасякнута гістарычным і разам з тым тэалагічным зместам. У ёй спачываюць польскія каралі, пачынаючы ад Уладзіслава Лакеткі. У гэтай святыні яны былі каранаваныя і тут пазней хаваліся іх дачасныя астанкі. Той, хто наведвае Вавэльскую катэдру, павінен твар у твар стаць з гісторыяй Народу.

Адпраўляючы прыміцыйную Св. Імшу ў крыпце св. Леанарда, я прагнуў падкрэсліць маю жывую духовую сувязь з гісторыяй Народу, якая на Вавэльскім Узгор'і знайшла сваю своеасаблівую скандэнсаванасць. Але не толькі. Ёсць у гэтым факце таксама глыбокі тэалагічны момант. Святарскае пасвячэнне, як я ўжо згадваў, прыняў я ва ўрачыстасць Усіх Святых, калі Касцёл выяўляе ў Літургіі праўду пра Еднасць Святых - Communio Sanctorum. Святыя - гэта тыя, хто праз веру мае ўдзел у пасхальнай таямніцы Хрыста і чакае канчатковага змёртвыхпаўстання.

Тыя людзі, чые саркафагі знаходзяцца ў Вавэльскай катэдры, таксама чакаюць там змёртвыхпаўстання. Здаецца, што ўся катэдра паўтарае словы апостальскага Сімвалу: «Веру ў змёртвыхпаўстанне цела і жыццё вечнае». А людзі, якія ў ёй спачываюць, - гэта вялікія «Каралі-Духі», што вядуць народ праз стагоддзі. Гэта не толькі каранаваныя ўладары і іх сужонкі, альбо біскупы і кардыналы, гэта таксама вешчуны, вялікія майстры слова, якія мелі такое агромністае значэнне для майго хрысціянскага і патрыятычнага фармавання.

У тых вавэльскіх Прыміцыях удзельнічала няшмат людзей. Памятаю, што прысутнічала мая хросная маці, старэйшая сястра мае роднай маці, Марыя Вядроўская. Памятаю таксама, што ў Св. Імшы служыў мне Мечыслаў Маліньскі. Быў ён знакам лучнасці з асяроддзем Яна Тыраноўскага, які тады ўжо цяжка хварэў.

Як святар, а потым як біскуп я заўсёды наведваў крыпту св. Леанарда з вялікім хваляваннем. Вельмі б хацеў адправіць там Св. Імшу на Пяцідзесяцігоддзе майго святарскага пасвячэння.

Сярод Люду Божага

Потым былі іншыя прыміцыі, найперш у парафіяльным касцёле св. Станіслава Косткі на Дэмбніках, а ў наступную нядзелю - у парафіяльным касцёле Ахвяравання Найсвяцейшай Марыі Панны ў Вадавіцах. Адправіў я таксама Св. Імшу пры Канфесіі св. Станіслава ў Вавэльскай катэдры для калектыву Эпічнага Тэатра і падпольнай арганізацыі «Унія», з якою быў звязаны ў часе акупацыі.

V
Рым

У канцы лістапада прыйшоў час выезду ў Рым. У вызначаны дзень з вялікім хваляваннем я сеў у цягнік. Выязджалі мы разам з Станіславам Старавейскім, маім малодшым калегам, які павінен быў у Рыме прайсці поўны курс тэалагічнага навучання. Я ўпершыню апынуўся за межамі Айчыны. Глядзеў з вагоннага акна на гарады, вядомыя мне з падручнікаў па геаграфіі. Упершыню бачыў Прагу, Нюрнберг, Страсбург і Парыж, дзе спыніліся мы ў Польскай семінарыі на ру дэ Ірлянд. Час прыспешваў, а таму неўзабаве мы выехалі ў Рым. Гэта былі апошнія дні лістапада. У Рыме найперш наведалі гасцінных ксяндзоў палатынаў. Памятаю, што ў першую нядзелю пасля прыезду мы з Станіславам Старавейскім пайшлі ў Базыліку св. Пятра, каб удзельнічаць ва ўрачыстым набажэнстве ў гонар новага благаславёнага. Здалёк бачыў я постаць Папы Пія ХІІ, якога неслі на sedia gestatoria. Удзел Папы ў беатыфікацыі абмяжоўваўся тады адмаўленнем малітвы да новага благаславёнага, сам жа абрад цэлебраваў у першай палове дня адзін з кардыналаў. Гэта традыцыя змянілася толькі пры беатыфікацыі Максіміліяна Марыі Кольбэ ў кастрычніку 1971 г. Папа Павел VІ асабіста кіраваў абрадам беатыфікацыі польскага мучаніка з Асвенціма ў часе Св. Імшы, канцэлебраванай разам з кардыналам Вышынскім і польскімі біскупамі, у якой і я таксама меў гонар удзельнічаць.

«Вывучаць Рым»

Ніколі не забуду ўражанняў ад маіх першых «рымскіх» дзён, калі ў 1946 г. я пачынаў знаёміцца з Вечным Горадам. Я запісаўся на biennium ad lauream у Анджэлікум. Дэканам філалагічнага факультэта быў тады а. прафесар Чаппі ОР, які стаў пазней тэолагам Папскага Дому і кардыналам.

Ксёндз Караль Казлоўскі, рэктар Кракаўскай семінарыі, неаднаразова казаў мне, што для таго, хто мае шчасце затрымацца ў сталіцы хрысціянства, важнейшым за вучобу (дысертацыю па тэалогіі можна напісаць усюды) з'яўляецца вывучэнне самога Рыма. Я стараўся выкарыстаць яго параду. Прыехаў я ў Рым, прагнучы знаёмства з горадам распачаць з катакомбаў. І так сталася. Потым разам з сябрамі з Бельгійскага Калегіума, дзе я пасяліўся, мы сістэматычна знаёміліся з Рымам пад кіраўніцтвам тонкіх знаўцаў яго гісторыі і яго помнікаў. А ў часе вакацыяў на Божае Нараджэнне і Вялікдзень мы наведвалі іншыя гарады Італіі. Памятаю першыя такія вакацыі, калі, ідучы за кнігаю дацкага пісьменніка Ёргэнсэна, наведалі мы мясціны, звязаныя з жыццём св. Францішка.

Аднак пастаянна ў цэнтры нашай увагі быў сам Рым. Штодня з Бельгійскага Калегіума, што па вуліцы Квірынале, 26, я хадзіў на лекцыі ў Анджэлікум, зазіраючы па дарозе ў езуіцкі касцёл св. Андрэя на Квірынале, дзе спачываюць рэліквіі св. Станіслава Косткі, які жыў у прылягаючым да гэтага касцёла навіцыяце. Там ён і закончыў сваё жыццё. Памятаю, што сярод тых, хто наведваў яго гроб, было шмат семінарыстаў з Джэрманікум (Germanicum, Pontificio Collegio Germanico-Ungarico, папскі коледж, заснаваны ў 1552 г. у Рыме папам Юліем ІІІ па ініцыятыве Ігнацыя Лаёлі для студэнтаў з нямецкамоўных краінаў. - Заўв. перакл.), якіх лёгка можна было распазнаць па чырвоных сутанах. У сэрцы хрысціянства і ў святле святых традыцый сустракаліся народы і ўздымаючыся па-над трагедыяй вайны, якая нас глыбока закранула, станавіліся як бы пачаткам з'яднанага свету.

Душпастырскі вопыт

Такім чынам, маё святарства, маё тэалагічнае і душпастырскае фармаванне амаль з самага пачатку ўпісаны ў вопыт Рыма. Два гады вучобы, якія завяршыліся ў 1948 годзе доктарскаю дысертацыяй, былі разам з тым і гадамі інтэнсіўнага «вывучэння Рыма». Бельгійскі Калегіум дапамагаў мне ў штодзённым узбагачэнні майго святарства вопытам сталіцы хрысціянства. Гэта аблягчала ўстанаўленне кантактаў з пэўнымі авангарднымі формамі апасталату, якія ў той перыяд развіваліся ў Касцёле.

Я маю на ўвазе найперш сустрэчы з ксяндзом Ёзафам Кардыйнам, заснавальнікам JOC і будучым кардыналам. Ён часам прыязджаў у Калегіум і сустракаўся з святарамі-студэнтамі. Ксёндз Ёзаф уводзіў нас у асаблівы вопыт людзей фізічнай працы. Я ў пэўнай ступені быў падрыхтаваны да гэтага вопыту дзякуючы маёй ранейшай працы ў каменяломні і ў цэху ачысткі вады на заводзе Сольвай. Аднак у Рыме я меў мажлівасць лепш убачыць, як святарства звязана з душпастырствам і апостальствам свецкіх. Паміж паслугаю святара і апостальствам свецкіх існуе глыбокая сувязь, больш таго - узаемная скаардынаванасць. Раздумваючы над гэтымі душпастырскімі праблемамі, я ўсё больш адкрываў сэнс і вартасць службовага святарства.

Еўрапейскі гарызонт

Вопыт, набыты ў Бельгійскім Калегіуме, потым быў паглыблены дзякуючы непасрэдным кантактам не толькі з бельгійскім, але таксама з французскім і галандскім асяроддзем. Бо са згоды кардынала Сапегі мы разам з Станіславам Старавейскім маглі ў часе летніх канікулаў наведаць гэтыя краіны. Такім чынам узбагацілася маё пазнанне Еўропы. У Парыжы, жывучы ў Польскай семінарыі, я мог зблізку пазнаёміцца з праблемаю святароў-рабочых. Гэта праблематыка склала змест кнігі кс.Генры Годзіна і Івана Даніэля «La France, paus de mission?». Пазнаёміўся я таксама з місійным душпастырствам на ўскраінах Парыжа, асабліва ў парафіі, у якой працаваў кс.Мішано. Усё гэта на працягу першага і другога гадоў святарства мела для мяне велізарнае значэнне.

Памятаю, што дзякуючы дапамозе маіх сяброў, асабліва бацькоў памерлага ўжо кс. Альфрэда Дэльмэ, мы разам з Станіславам Старавейскім маглі правесці дзесяць дзён у Галандыі. Мяне надзвычай здзівіла моцная структура Касцёла і душпастырства ў гэтай краіне, дынамічныя арганізацыі і жыццядзейныя касцёльныя супольнасці.

Такім чынам, з розных бакоў усё больш адкрывалася мне Заходняя Еўропа, Еўропа пасляваенная, Еўропа цудоўных гатычных катэдраў і разам з тым Еўропа, падвержаная небяспецы секулярызацыі. Я бачыў пагрозу, якую гэта сітуацыя несла Касцёлу, а таксама неабходнасць выйсці насустрач гэтай пагрозе праз адпаведныя формы душпастырства, адкрытыя для большай заангажаванасці свецкіх.

Сярод эмігрантаў

Большую частку гэтага вакацыйнага часу я правёў у Бельгіі. Увесь верасень 1947 года працаваў душпастырам польскай каталіцкай місіі сярод шахцёраў недалёка ад Харлероі. Гэта быў вельмі плённы вопыт. Менавіта там я ўпершыню пабываў у шахце каменнага вугалю і мог пазнаёміцца з цяжкаю працаю шахцёраў. Я наведваў сем'і гэтых польскіх эмігрантаў, размаўляў з імі, сустракаўся з моладдзю і з дзецьмі. І там прымалі мяне з зычлівасцю і шчырасцю, якія я зведаў у часе працы на заводзе Сольвай.

Постаць святога Яна Марыі Вяннэя

Вяртаючыся з Бельгіі ў Рым, я меў шчасце ўпершыню наведаць Арс. Было гэта ўжо ў канцы кастрычніка 1947 года. Прыпадала нядзеля Хрыста Валадара. З вялікаю пашанаю я аглядаў стары касцёлік. Той, у якім св. Ян Марыя Вяннэй спавядаў, катэхізаваў і гаварыў свае казанні. Я перажыў там глыбокае ўзрушэнне. Са студэнцкіх гадоў у семінарыі я быў пад уражаннем асобы пробашча з Арс, асабліва пасля таго, як прачытаў кнігу кс.Троху. Св. Ян Марыя Вяннэй захапляе перш за ўсё тым, што адкрывае сілу ласкі, якая дзейнічае праз убоства людскіх сродкаў. Я быў асабліва ўражаны яго гераічным служэннем у канфесіянале. Гэты пакорны святар, які спавядаў больш за дзесяць гадзін у суткі, надзвычай сціпла харчуючыся, адводзячы на адпачынак толькі некалькі гадзін, здолеў у той цяжкі перыяд здзейсніць духовую рэвалюцыю ў Францыі і не толькі ў Францыі. Тысячы людзей праходзілі праз Арс і кленчылі пры яго канфесіянале. На фоне секулярызацыі і антыклерыкалізму ХІХ ст. яго сведчанне было сапраўды рэвалюцыйным.

З сустрэчы з яго асобаю я вынес перакананне, што святар рэалізуе асноўную частку свайго пасланніцтва праз канфесіянал - «стаць вольным чынам вязнем канфесіяналу». Не раз, спавядаючы ў Негавіці, у першай сваёй парафіі, а потым у Кракаве, я вяртаўся думкаю да таго незабыўнага вопыту. А сувязь з канфесіяналам стараўся захаваць як у часе навуковай працы ў Кракаве, спавядаючы пераважна ў Мар'яцкім касцёле, так і цяпер, у Рыме, вяртаючыся амаль што сімвалічна штогод у канфесіянал у Вялікую Пятніцу ў Базыліцы св. Пятра.

Словы ўдзячнасці

Не магу закончыць гэтых разважанняў, не выказаўшы сардэчнай падзякі асяродку Бельгійскага Калегіума ў Рыме, кіраўнікам і ўсім маім калегам. Шмат каго з іх ужо няма ў жывых. Мая асаблівая падзяка рэктару а.Максіміліяну дэ Фурштэнбэргу, які потым стаў кардыналам. Не магу таксама забыць, што ў часе канклавэ ў 1978 г. мой былы рэктар кардынал дэ Фурштэнбэрг у пэўны момант сказаў мне знамянальныя словы: Dominus adest et vocat te. Гэта было як бы кропкаю над "і" ў сэнсе майго святарскага фармавання, над якім ён працаваў калісьці як рэктар Бельгійскага Калегіума.

Вяртанне ў Польшчу

На пачатку ліпеня 1948 года я абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Анджэлікум і неўзабаве пасля гэтага сабраўся ў зваротную дарогу ў Польшчу. Я ўжо згадваў, што на працягу гэтых амаль двух гадоў побыту ў Вечным Горадзе я інтэнсіўна «вывучаў Рым»: Рым катакомбаў, Рым мучанікаў, Рым Пятра і Паўла, Рым вызнаўцаў. Гэта быў час, у які я заўсёды вяртаюся з глыбокім хваляваннем. Выязджаючы з Рыма, я вывозіў адтуль не толькі пэўную суму тэалагічных ведаў, але таксама ўгрунтаванне майго святарства і паглыбленае бачанне Касцёла. Той перыяд інтэнсіўнай вучобы пры грабніцах Апосталаў даў мне ў гэтым сэнсе вельмі шмат.

Можна было б яшчэ многае сказаць на тэму таго вызначальнага вопыту, але, падсумоўваючы, хачу толькі падкрэсліць, што дзякуючы Рыму маё маладое святарства ўпісалася ў якоесь новае еўрапейскае і універсальнае вымярэнне.

Такім чынам, я вярнуўся з Рыма ў Кракаў з пэўным адчуваннем універсальнасці святарскай місіі, што потым было так дакладна сфармулявана Другім Ватыканскім Саборам, перадусім у дагматычнай Канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium. Не толькі біскуп, але таксама кожны святар павінен жыць клопатам пра ўвесь Касцёл і ў пэўнай ступені адчуваць сваю адказнасць за яго.

VI
У вясковай парафіі ў Негавіці

Калі я вярнуўся ў Кракаў, то знайшоў у Мітрапалітальнай Курыі першае «размеркаванне на працу», так званае накіраванне. Князь мітрапаліт быў тады ў Рыме і таму да мяне яго воля дайшла праз гэты ліст. Я прыняў яе з радасцю. Найперш даведаўся, як дабрацца да Негавіці, і ў вызначаны дзень выехаў туды. Даехаў з Кракава да Гдова, а адтуль якісь селянін падвёз мяне шашою ў бок вёскі Маршавіцы і потым параіў ісці сцежкаю праз поле, бо так было бліжэй. Здалёк ужо віднеўся Негавіцкі касцёл. А быў якраз час жніва. Я ішоў праз жыта, якое часткова было зжата, а часткова чакала свае пары. Памятаю, што ў пэўны момант, калі пераходзіў мяжу парафіі ў Негавіці, укленчыў і пацалаваў зямлю. Навучыўся я гэтаму жэсту, хіба, ад св.Яна Марыі Вяннэя. У касцёле пакланіўся Найсвяцейшаму Сакрамэнту, а потым пайшоў прадставіцца майму пробашчу. Ксёндз пралат Казімеж Бузала, Непаламіцкі дзекан і пробашч у Негавіці, прыняў мяне вельмі сардэчна і пасля кароткай размовы паказаў кватэру ў доме вікарыя.

Так распачалася мая душпастырская праца ў першай парафіі. Працягвалася яна толькі год і была напоўнена звыклымі абавязкамі вікарыя і катэхета.

Я навучаў рэлігіі ў пяці васьмігадовых школах у вёсках, якія належалі да парафіі ў Негавіці. Дабіраўся я туды возам альбо брычкаю. Запомнілася зычлівасць і з боку настаўніцкага калектыву і з боку парафіянаў. Класы былі розныя. Некаторыя - выхаваныя і спакойныя, некаторыя - свавольныя і непаседлівыя. Да сённяшняга дня памятаюцца цішыня і засяроджанасць, якія панавалі ў класах, калі ў Вялікім Посце праводзіў я лекцыі на тэму Хрыстовай мукі.

У той час парафія ў Негавіці рыхтавалася адзначыць 50-годдзе святарскага пасвячэння свайго пробашча. Паколькі старога касцёла ўжо не хапала для душпастырскіх патрэбаў, то парафіяне вырашылі, што найлепшым дарам юбіляру будзе будова новай святыні. Аднак мяне даволі хутка забралі з гэтай прыгожай супольнасці.

У святога Фларыяна ў Кракаве

Праз год мяне перавялі ў парафію св. Фларыяна ў Кракаве.

Па волі пробашча, ксяндза пралата Тадэвуша Куроўскага, я распачаў катэхізацыю старэйшых ліцэйных класаў, а таксама душпастырства сярод студэнтаў вышэйшых навучальных установаў. Цэнтрам студэнцкага душпастырства ў Кракаве быў касцёл св. Анны, але ў сувязі з адкрыццём новых вучэльняў узнікла неабходнасць стварэння яшчэ аднаго асяродка менавіта пры касцёле св.Фларыяна. Там я і пачаў кожны чацвер чытаць лекцыі для студэнцкай моладзі, уздымаючы асноўныя пытанні, што датычылі існавання Бога і чалавечай душы - пытанні вельмі актуальныя ў кантэксце ваяўнічага атэізму камуністычных уладаў.

Навуковая праца

У часе канікулаў 1951 года, пасля двух гадоў працы ў парафіі св. Фларыяна, кс. арцыбіскуп Эўгэніюш Базяк, які прыняў кіраўніцтва Кракаўскай архідыяцэзіяй пасля смерці кардынала Сапегі, скіраваў мяне займацца навуковаю працаю. Я павінен быў падрыхтаваць да абароны доктарскую дысертацыю па этыцы і маральнай тэалогіі. Гэта выклікала пэўнае абмежаванне маіх душпастырскіх заняткаў, да якіх так моцна рвалася маё сэрца... З таго часу мой галоўны клопат заключаўся ў тым, каб, аддаючыся навуцы, вывучаючы тэалогію і філасофію, не толькі «не забываць» быць святаром, але каб навука дапамагала мне быць ім у поўнай меры.

Пераклад Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY