Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Ірына ЖАРНАСЕК

«НЕ ПАКІНУ ВАС СІРОТАМІ...»

Нібы парасткі свежай травы

29 лістапада 1989 года на могілках у Магілёве адбылася гістарычная падзея: упершыню пасля доўгіх гадоў перапынку была асвечана капліца, якую вернікі адрамантавалі ўласнымі сіламі. І распачалася малітва. У той жа час у Магілёў прыехаў ксёндз Уладзіслаў Блін. Нялёгка прыйшлося яму напачатку, бо адначасна давялося абслугоўваць парафіі ў Магілёве, Бабруйску, Гомелі. А іншы раз ён ехаў, каб правесці набажэнства ці то ў Лепелі, ці то ў Мікалаеве на Віцебшчыне, ці то ажно ў Смаленску.

Па крупінках, паволі пачыналася адраджэнне духоўнага жыцця католікаў на ўсходзе нашай краіны, на тых тэрыторыях, дзе за гады Савецкай улады дашчэнту была разбурана большасць святыняў альбо, у лепшым выпадку, яны выкарыстоўваліся для свецкіх мэтаў. Разам з ксяндзом Уладзіславам першыя крокі па адраджэнні рабілі святары Януш Скэнчэк, Анджэй Шчэнсны, Караль Тамэцкі, Раман Факсінскі. Сёння тут засталіся працаваць Караль Тамэцкі (Мсціслаў) і Раман Факсінскі (Бабруйск).

Яшчэ ў 1992—94 гг. рэгулярна, раз на тыдзень, абслугоўвалася тры зарэгістраваныя парафіі. Але ў хуткім часе становішча пачало мяняцца: у раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках і вёсках адкрываліся новыя парафіі і душпастырскія пляцоўкі. У спёку і дождж, завею і мароз да людзей ехалі кс. Караль Тамэцкі і сястра з Ордэна місіянерак Святой Сям’і Луцыя Казакевіч. Іхняй задачай было не толькі сабраць людзей на малітву, але і, што вельмі важна, навучыць маліцца. Некаторыя з вернікаў яшчэ памяталі катэхізіс, асобныя малітвы, захавалі старасвецкія пажоўклыя малітоўнікі, але былі і такія, што толькі ўмелі перажагнацца, хтосьці ж і гэта рабіў няўпэўнена. Нібыта парасткі свежай травы з-пад друзу знявечаных святыняў, гэтыя людзі душой пацягнуліся да Бога, да Яго святла і любові.

У сяброўстве з парафіяй

На працоўным стале ксяндза-дзекана Уладзіслава Бліна заўсёды ляжыць геаграфічная карта Магілёўскай вобласці. Уся яна скрэслена ўмоўнымі абазначэннямі: l — ёсць ксёндз-пробашч, Ў — патрабуецца ксёндз-пробашч, + — душпастырскія пункты. Карта літаральна стракаціць крыжыкамі, іншых жа абазначэнняў значна менш.

Наша размова з ксяндзом-дзеканам пачалася менавіта з гэтае карты. Ён, узяўшы ў рукі аловак, нібы той настаўнік геаграфіі, стаў распавядаць пра свой пастаянны клопат — аднаўленне рэлігійнага жыцця на Магілёўшчыне. Тое, што аднаўляецца духоўнае жыццё католікаў у самім Магілёве, вядома ж, цешыць. Не адзін госць, упершыню пераступіўшы парог Магілёўскай катэдры, уздыхне з зайздрасцю: «Нам бы такую святыню». Так, цяпер тут ужо няма пылу, які нядаўна шчыльным слоем пакрываў катэдру ўсярэдзіне. Дбайна адрэстаўраваная святыня жыве паўнакроўным жыццём, разнастайнасць якога таксама іншы раз выклікае светлую зайздрасць. У самім Магілёве ўсё цудоўна, але... І вось гэтае самае «але» ўключае ў сябе шмат і шмат клопату, надзей і спадзяванняў, а часам і болю. Бо парафій і душпастырскіх пляцовак сапраўды даволі шмат, святароў жа катастрафічна не хапае. Адзін ксёндз вымушаны абслугоўваць па некалькі парафій, якія аддалены адна ад адной іншы раз больш чым на сто кіламетраў.

Траса. Гэты тэрмін можна часта пачуць з вуснаў святароў, якія тут працуюць. Выехаць на трасу — значыць паехаць адпраўляць набажэнствы: ад горада да горада, ад вёскі да вёскі. У нядзелю святар, які выязджае з Магілёва а сёмай раніцы, вяртаецца а сёмай вечара, а то і пазней. Калі ж ксёндз жыве на парафіі, то кіламетраў накручваецца, вядома, значна менш. Ды толькі на Магілёўшчыне вернікі часам нават не ведаюць, што азначае слова «пробашч», таму што пробашча ў іх няма, а кантакт са святаром абмяжоўваецца нядзельнай Святой Імшой.

Ксёндз-дзекан дазволіў мне праехаць па адной з трасаў, каб на свае вочы ўбачыць жыццё католікаў Магілёўшчыны.

На трасе Бялынічы — Шклоў — Княжыцы

Нядзеля. Мы разам з сястрой Беніямінай з Закону місіянерак Святой Сям’і і парафіянкай Магілёўскай катэдры Ленай Караневіч выязджаем з Магілёва а восьмай раніцы. У багажніку — гітара. Як мне растлумачылі, яна замяняе на набажэнствах арган. Не з прычыны асаблівай тут моды, але таму, што ў парафіях, куды мы едзем, арганаў проста няма.

Св. Імша ў капліцы Маці Божай Бялыніцкай.
Бялынічы — мястэчка на рацэ Друць, якое ў свой час належала Сапегам, пазней — Агінскім, потым — Радзівілам. Калісьці тут быў велічны касцёл і кляштар кармелітаў, заснаваны канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. А яшчэ Бялынічы славяцца тым, што ў 1534 годзе невядомы мастак намаляваў тут прыгожы абраз Маці Божай. Лёс касцёла і кляштара незайздросны. Ягоныя беды, як і большасці каталіцкіх святыняў на гэтых землях, пачаліся з таго часу, калі Бялынічы ўвайшлі ў склад Расіі. Кляштар быў зачынены ў 1832 г., касцёл на нейкі час стаў парафіяльным, а ў 1876 г. і ўвогуле ператвораны ў царкву. Савецкая ўлада не пашкадавала і яе. У 30-я гады купал барокавага касцёла знеслі, прыгожы фасад разбурылі, і былая святыня пачала служыць клубам, потым кінатэатрам, а ў 60-я гады яе і ўвогуле ўзарвалі, каб на тым месцы пабудаваць краму.

Што ж цяпер у Бялынічах?

Пад’язджаем да невялікай хаты, якая вонкава нічым не адрозніваецца ад суседніх хатаў на гэтай вуліцы. Але на ёй вісіць шыльда — «Капліца Маці Божай Бялыніцкай». Уваходзім у капліцу, вітаемся з жанчынамі, праўда, сёння сярод іх ёсць і адзін мужчына, што прыемна здзіўляе маіх спадарожніц. Ксёндз Уладзіслаў Шышла ўжо чакае місіянерак з Магілёва. Ён цяпер жыве чамусьці нават не ў Магілёве, але ў Мінску (далей па трасе мы паедзем разам з ім).

У капліцы ёсць абраз Маці Божай Бялыніцкай, якую тут вельмі шануюць як сваю апякунку. Але сёння с. Беніяміна распавядае парафіянам пра Будслаў, пра цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай, пра тое, што хутка з усіх куткоў Беларусі ў Будслаў пойдуць пілігрымы. Ды, на жаль, з Бялынічаў, мабыць, няма каму ісці ў пілігрымку — большасць парафіянаў немаладога ўзросту. Моладзі ж няма. Праўда, жанчыны запэўнілі мяне, што ў парафіі ёсць дзеці, але сёння яны, відаць, спалохаліся дажджу.

Усе разам удзельнічаем у Святой Імшы, шчыра просячы ў Пана Бога блаславення для Бялыніцкай парафіі. На развітанне жанчыны запрашаюць прыязджаць яшчэ, не забываць іх.

Ужо ў машыне, калі мы вырушылі ў напрамку Шклова, сястра Беніяміна ўручыла кс. Уладзіславу Шышлу белы канверт. Ён распячатаў яго, прачытаў і памедаміў нам, што яго прызначаюць вікарыем у касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску. Першае, што прыйшло ў галаву: «А як жа Бялынічы?» Ды і не толькі яны, але іншыя парафіі, якія абслугоўваў кс. Уладзіслаў? Але не пытаю пра гэта, бо тое ўжо не ягоны клопат. Зрэшты, пасля кс. Юрыя Касабуцкага ён пабыў тут усяго паўгода...

— Ці рады Вы, што пакідаеце свае «цяжкія» парафіі і пераязджаеце для працы ў адной, але затое вялікай ды слыннай? — пытаю ў кс. Уладзіслава.

Паціскае плячыма і коратка адказвае:

— Мне ўсё роўна, дзе працаваць.

Прымаўкаем. Кожны думае пра сваё. Прыціхае нават мая суседка — гаваркая ды ўсмешлівая дзевяцікласніца Лена, што пазірае ў вакно, за якім насустрач нам хутка бягуць прыдарожныя яліны, бярозы ды часам шыкоўныя кусты бэзу ў майскай квецені.

У капліцы ў Шклове.
Шклоў. Той самы Шклоў, які некалі быў уладаннем магнатаў Хадкевічаў, Сяняўскіх, Чартарыйскіх. Пасля далучэння да Расіі ён стаў уладаннем князя Пацёмкіна. Той самы Шклоў, які славіцца сваімі агуркамі. І сапраўды: вялізныя, белыя, нібы агромністыя гурбы снегу, цяпліцы бачны на кожным агародзе. Мяркуючы па іх колькасці, мясцовыя жыхары маюць што есці. А як жа з духоўнай ежай?

Кажуць, тут захаваўся стары будынак сінагогі, захавалася і праваслаўная царква. А касцёл? Пад’язджаем да брамкі, пры якой тоўпяцца людзі пад парасонамі. Разам з імі заходзім у невялічкае, хоць і большае, чымсьці ў Бялынічах, памяшканне. Гэта часовая капліца. Праз вокны бачны белыя сцены касцёла пачатку ХХ стагоддзя, які цяпер аднаўляецца. Пасля Святой Імшы адна з парафіянак распавяла мне, як некалі касцёл Пятра і Паўла, у якім яе хрысцілі, быў ператвораны ў клуб і як яна, падышоўшы тады да яго, не змагла ўвайсці ўсярэдзіну — заплакала ды пайшла прэч. «Але я шчаслівая, — скажа яна мне праз хвіліну, — бо дачакалася часу, каб выграбсці з касцёла ўсё смецце, якое тут збіралася гадамі. Шчаслівая, бо мы, няхай сабе і раз на тыдзень, але маем магчымасць удзельнічаць у Святой Імшы».

Шклоўскія дзеткі не пабаяліся дажджу і прыбеглі на набажэнства, дзе разам з с. Беніямінай і Ленай дружна спявалі песні. Мясцовы краязнаўца Аляксандр Грудзіна распавёў мне трохі пра гісторыю касцёла — балючую і горкую, як і ўсіх святыняў на Магілёўшчыне. Жанчыны ж пераконвалі мяне, што католікаў у Шклове значна больш, чым прыйшло сёння на Святую Імшу, бо не ва ўсіх ёсць мужнасць хадзіць на малітвы ў не надта ўтульнае памяшканне. Вось калі будзе касцёл і калі ў Шклове пастаянна будзе жыць ксёндз... Што ж, спадзяемся, ён усё ж уваскрэсне да жыцця — касцёл Пятра і Паўла ў Шклове.

У гэтую нядзелю спеў перад Евангеллем гучаў так: «Не пакіну вас сіротамі». Вось і адказ на балючае ды нявымаўленае пытанне, што завісла ў паветры. Пакуль што шклоўскія парафіяне не ведаюць, што іхні святар атрымаў новае накіраванне і праз тыдзень пакіне іх. Ды спеў прагучаў: «Не пакіну вас сіротамі»... Дзякуй Табе, Пане Божа!

Развітаўшыся з прыветнымі шклоўскімі католікамі, мы зноў вырушылі ў дарогу.

Дзіцячы хор у Княжыцах.
Вёска Княжыцы. Тут, на могілках, ёсць драўляная капліца, пабудаваная дзякуючы кс. Зыгмунду, які да нядаўняга часу знаходзіўся ў Магілёве, а цяпер вярнуўся ў Польшчу, каб падлячыць сваё хворае сэрца. А дакладней кажучы — добрае сэрца, бо ў немаладым веку ксёндз не пабаяўся ўзяцца за будову гэтае капліцы. Чаму менавіта ў Княжыцах? Гэтага я не магла даведацца ад кс. Зыгмунда, але княжыцкія парафіяне казалі, што такое ў яго было прадчуванне: капліца павінна быць менавіта тут! Што ж, прадчуванне не падвяло кс. Зыгмунда: капліца ў часе Святой Імшы запоўнена, пустых месцаў няма. Да таго ж, сюды прыходзяць людзі з суседніх вёсак. Сёння, да прыкладу, с. Беніяміна, высадзіўшы нас каля капліцы, сама яшчэ паехала ў суседнюю вёску, бо там яе чакалі дзеці. У мінулую нядзелю такая ў іх была дамоўленасць: сястра прыедзе і прывязе іх на Імшу. Праз нейкі час яна сапраўды вярнулася з групай падлеткаў, і ў Княжыцах утварыўся сапраўдны дзіцячы хор. Дзеці спяваюць прыгожа, адбіраючы ініцыятыву ў старэйшых галасістых парафіянак. Старэйшыя тут спяваюць па-польску. Дзіву даешся, якім цудам яшчэ памятаюць польскую мову. Праўда, яна тут з асаблівым, магілёўскім гучаннем. Напэўна, палякі здзівіліся б, калі б пачулі, як у адной песні зусім нечакана гучыць: «Trudno ludziem bez spowiedzi». За столькі гадоў гэтыя людзі добра ўсвядомілі, як цяжка жыць без споведзі. Але, здаецца, гэты час для іх мінуў. Дзякуючы кс. Зыгмунду, які пабудаваў тут капліцу, і дзякуючы кс. Уладзіславу Бліну, які, прыехаўшы служыць у Магілёў, здолеў пачуць патрэбы княжыцкіх вернікаў і заснаваў тут парафію.

З гэтымі светлымі думкамі мы вярнуліся ў Магілёў. Прывезлі кс. Уладзіслава Шышлу на вакзал, адкуль ён паедзе ў Мінск, а самі паехалі ў прыгожую катэдру. Цешыцца душа, гледзячы на яе — маці касцёлаў Магілёўшчыны. Яе дзеці — рэдкія касцёлы ды капліцы — церпяць бядоту. Але ж і яна перацярпела яе ў свой час. Таму застаецца надзея.

Мы развіталіся з с. Беніямінай і дамовіліся заўтра нараніцы выехаць на новую трасу.

Траса Чавусы — Касцюковічы — Хоцімск

З раніцы мяне папярэдзілі, што сёння я не буду мець магчымасці паразмаўляць з вернікамі, бо наўрад ці каго сустрэнем. У панядзелак набажэнстваў тут няма. Ну што ж, сам будынак касцёла, ягоная дагледжанасць таксама кажуць шмат і пра парафію.

Сёння мае спадарожніцы — сястра Беніяміна і сястра Святлана, якая яшчэ не так даўно ўступіла ў закон місіянерак Святой Сям’і. Сястры Святлане часта даводзіцца ездзіць па гэтай трасе — яна тут катэхізуе дзяцей. Таму, нягледзячы на тое, што сама яна машыну не водзіць, на дарозе арыентуецца добра, нават падказвае с. Беніяміне, куды павярнуць, дзе лепш праехаць. Адолеўшы 40 км, мы ўязджаем у невялікі гарадскі пасёлак.

Хрост у Чавусах.
Чавусы. У 1653 г. тут пабудавалі касцёл і кляштар кармелітаў, які праіснаваў да сярэдзіны ХІХ ст. Але ў першай палове нашага стагоддзя каталіцкая парафія ўсё ж існавала. Апошнім яе пробашчам быў ксёндз Язэп Лук’янін, чый жыццёвы шлях абарваўся 3 лістапада крывавага 1937 года ў жудасным урочышчы «Сандармох» Салавецкага лагера. Разам з гэтай страшанай падзеяй замерла і каталіцкае жыццё ў Чавусах...

Сучасная капліца ў Чавусах — гэта драўляны вясковы дом. У адной яго палове адпраўляецца Святая Імша, у другой жыве святар. Праўда, у дзень майго прыезду другая палова пуставала — некалькі дзён таму адсюль выехаў у Магілёў ксёндз Францішак Рудзь. Выехаў, каб замяніць хворага кс. Зыгмунда. Сюды ж ён будзе прыязджаць па нядзелях.

Кленчым перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, маўчым. Ты, Пане, заўсёды прысутны ў гэтай маленькай капліцы. Ты лепш за ўсіх нас ведаеш бяду гэтай зямлі. Зусім недалёка адсюль — злавесны след Чарнобыля. Але наш духоўны Чарнобыль бачны паўсюль, ён знішчае ўсялякія парасткі дабра, веры, справядлівасці. Пашлі ж, Пане, руплівых сейбітаў на гэтую сумную зямлю. Бо зямля часта не ўзараная, зерне не кінутае ў глебу, і так шмат буяе навокал пустазелля. Ты, Пане, сказаў, што не пакінеш нас сіротамі. Не пакінь, Пане...

Выязджаем з Чавусаў. І зноў — дарога, бязлюдная, лясная, з прыгожымі, хоць і трохі аднастайнымі краявідамі. Праязджаем праз Чэрыкаў. Энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі» падае, што ў ХІХ ст. тут быў касцёл. Цяпер няма ні касцёла, ні капліцы. Магчыма, у хуткім часе тут таксама будзе адчынены душпастырскі пункт.

Неўзабаве за Чэрыкавым пачынаецца зона павышанай радыяцыі. Узбоч дарогі над свежай майскай травой высіцца леташні сівы быльнёг. Пустыя хаты зеўраць чорнымі вачніцамі ваконных праёмаў ды рэбрамі ад былых стрэхаў. Але вось пры дарозе стаіць хата, вокны якой завешаны фіранкамі. Свежыя грады сведчаць пра тое, што тут жывуць людзі, якія не змаглі пакінуць свайго роднага кута, хоць на яго і абрынуўся сваёй жудаснай знішчальнай сілай Чарнобыль. Едзем далей. Сумная, мёртвая зямля, нягледзячы на падманлівую, шчодрую зеляніну лясоў ды палёў. На памяць міжволі прыходзяць словы з песні да Маці Божай Будслаўскай:

Ад злой чарнобыльскае бяды
Прыкрый гаротных дзетачак Ты
I беларускi збалелы край
Не пакiдай, не пакiдай...

Нарэшце небяспечная для жыцця зона заканчваецца (пра гэта паведамляе прыдарожны надпіс). Яшчэ некалькі кіламетраў, і мы ўязджаем у невялікі гарадскі пасёлак.

Касцюковічы. Гэта некалі тут с. Беніяміна разам з с. Святланай і дыяканам Тарасевічам проста ў гарадскім парку спявалі пад гітару рэлігійныя песні. Гэткім чынам яны шукалі католікаў. І знайшлі. У той жа дзень да іх падышоў малады мужчына; паразмаўлялі, а потым ужо завязалася знаёмства і з іншымі. Тут пакуль што яшчэ не зарэгістравана парафія, але дакументы ўжо падрыхтаваныя. У хату, дзе часам адбываюцца набажэнствы, мы не змаглі зайсці — не было ключа. Ксёндз тут бывае рэдка, часцей — законныя сёстры. Жанчыны адразу запыталіся: «А калі ж ужо на да нас прыедзе ксёндз?» Той ксёндз, якога яны так чакаюць, у гэты час адпраўляе набажэнства, можа, у Расне, можа, у Мсціслаўі, а можа, у Быхаве... Ад Магілёва да Касцюковічаў 160 км. Гэтым усё і сказана.

Мы ж паехалі яшчэ далей — на самы ўскраек вобласці. Сястра Беніяміна мае некалькі адрасоў католікаў з Хоцімска. Вось да гэтых незнаёмых нам людзей мы і накіраваліся.

Набажэнства ў Мсціслаўскім касцёле.
Хоцімск. Даволі доўга нам давялося шукаць нашых католікаў, і я на практыцы зведваю, што гэта значыць — закласці новы душпастырскі пункт. Католікаў знайшлі, дакладней, адну маладую жанчыну, якая ахвотна прапанавала нам пашукаць яшчэ аднаверцаў, каб сабраць супольнасць. «А для пачатку, — жартуе, — уся мая сям’я з чатырох чалавек будзе рада ўдзельнічаць у набажэнствах, каб толькі яны былі».

Але дзе ж сустракацца на малітвы?

— У маёй кватэры, — з гатоўнасцю прапануе яна, і мы адразу весялеем. Значыць, у людзей для пачатку будзе месца, дзе сабрацца на малітвы, а можа і паўдзельнічаць у Святой Імшы.

Зямля чакае сейбітаў

Заканчваецца наша падарожжа. Вечарэе. Мы не паспелі сёння заехаць у Мсціслаў, дзе ёсць (якая рэдкасць для гэтых мясцінаў!) знакаміты касцёл і кляштар кармелітаў ХVІІ ст., які патрабуе адновы. У Мсціслаўі быў некалі таксама Міхайлаўскі касцёл і кляштар езуітаў. Не пабылі мы і ў Расне, дзе ад цудоўнага касцёла святога Казіміра засталіся толькі рэшткі сценаў, але гэтыя рэшткі тым не менш лічацца помнікам рэспубліканскага значэння. Там ёсць парафіі, якія жывуць нялёгкім жыццём, зрэшты, як і ўсе парафіі Магілёўшчыны. Не давялося мне пабыць і ў Слаўгарадзе ды сустрэцца з кабетай, пра якую мне цікава распавяла с. Беніяміна. Тая кабета некалі разам з дзецьмі ў пошуках касцёла праехала 700 км. І нарэшце знайшла — ажно ў Красным, што блізу Маладзечна. А колькі такіх людзей на Магілёўшчыне, якія маюць магчымасць наведаць касцёл раз альбо два разы на год!..

Так, моладзі ў тутэйшых парафіях небагата, не надта шмат і дзяцей. Гэта дае падставы некаторым скептыкам сумнявацца: а ці ёсць перспектывы ў закладзеных цяпер парафіях? Аптымістам тут быць, вядома, цяжка. Бо тое, што я ўбачыла за гэтыя два дні, прыгнятае. Ды глыбока ў сэрца запалі мне словы ксяндза-дзекана Уладзіслава Бліна: «Людзі, што тут жывуць, таксама хочуць і маюць поўнае права памерці ў лучнасці з Богам!» І гэта немалаважна. Як і тое, маюць магчымасць хлопчык альбо дзяўчынка прыступіць да першай споведзі ў касцёле, альбо яны забрыдуць у нейкі малельны дом баптыстаў, якіх на Магілёўшчыне, дарэчы, нямала.

Неяк давялося пачуць пра святара, які быў накіраваны служыць на Магілёўшчыну: «І чым жа ён правініўся, што яго туды саслалі?» Падумалася тады, што бедныя тыя парафіяне, калі іхні святар і сам лічыць сябе сасланым, калі ён не па закліку сэрца, а пад прымусам нясе людзям Божае слова. Ці пачуюць людзі тое слова? Ці здолеюць адгукнуцца на яго?

«Ах, Божа мой, каму мы патрэбныя ў нашай глухмені?» — горка ўздыхнула ў размове адна жанчына ў Княжыцкай капліцы, а астатнія ў знак згоды заківалі галовамі. Ды потым хтосьці сказаў: «Дзякуй ксяндзу Зыгмунду, усё жыццё і мы, і нашыя дзеці будзем яго памятаць. А цяпер што ж... Дзякуй Богу, ксёндз да нас раз у нядзельку прыязджае».

Яны яшчэ не ведалі, што іхні ксёндз ужо атрымаў накіраванне на новае месца. Напэўна ж, прыедзе новы. Але ці надоўга?

І ці хутка будзе пробашч у Чавусах? Ці дачакаюцца калі святара ў Касцюковічах і яшчэ ў многіх ды многіх населенных пунктах, куды цяпер хтосьці з ксяндзоў зрэдку заязджае? Усе гэтыя пытанні павіслі над хатамі-капліцамі, душпастырскімі пунктамі Магілёўшчыны. І адказ пакуль што цяжка знайсці...

XXX

Ад’язджаючы з Магілёва, пачула навіну: пробашчам у Шклоў прызначаны кс. Юры Барок...

Што ж, Пане, Ты робіш усё, каб не пакінуць гэтых людзей сіротамі.
Не пакінь...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY