Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Дадатак да артыкула - Галерэя
Міхась РАМАНЮК

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Прыдарожны (раскрэсны, растайны) крыж заўжды ставiўся калектывам вёскi, i рытуал яго ўзвядзення ажыццяўляўся ў асаблiва ўрачыстай атмасферы. Яго ставiлi на скрыжаваннях дарог, пры дарозе, якая выходзiць з вёскi. Перш за ўсё ў крыжах знаходзяць адлюстраванне калектыўныя памкненнi сялянаў уратавацца ад бедаў ды нягодаў, якiя нясуць эпiдэмiя, стыхiя, вайна, пажар i многiя iншыя з’явы, што тычацца не аднаго чалавека цi адной сям’i, а ўсiх насельнiкаў вёскi. Немалое значэнне мела й жаданне заручыцца крыжам на добры зыход распачатае справы, на шчаслiвае жыццё ў iншым свеце. Iншы свет разумеўся шырока й тычыўся надзвычай разнастайных сфераў жыцця селянiна i найперш — яго перамяшчэння ў iншае месца пражывання ў сувязi з замужжам, адыходам у войска або адыходам «у той свет» на вечны спачын.

Згаданыя функцыi адлюстраваныя ў форме i мастацкiм афармленнi крыжа. Прыдарожныя крыжы заўжды драўляныя, звычайна больш высокiя, чым надмагiльныя. У праваслаўных хрысцiянаў прыдарожныя крыжы бадай не мелi каплiцаў. За формаю крыжа ўспрымаўся вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста. Таму самым распаўсюджаным, характэрным афармленнем крыжа была павязка-фартушок, размешчаная на бёдрах уяўнага Хрыста. Прыдарожныя крыжы на працягу многiх стагоддзяў захоўвалi класічныя нязменныя формы i не мелi ярка акрэсленых рэгiянальных прыкметаў. Надмагiльныя памятныя крыжы й знакi наадварот — эвалюцыянавалi ў прасторы й часе.

Паводле канструкцыi прыдарожныя крыжы падзяляюцца на два вiды: трохканцовыя і пяцiканцовыя. Паводле прыёмаў аздаблення тканiнамi вядома даволі шмат варыянтаў, кожны з якiх надзелены iндывiдуальнымi характарыстыкамi.

Вылучым тры асноўныя варыянты крыжоў, аздобленых сакральнымi тканiнамi:

Першы — трохканцовы крыж, аздоблены адным фартушком, многiмi фартушкамi, адным ручнiком (абвiвае нiжнi доўгi канец крыжа) i крыж з маленькiм абразком пад дашкам.

Другi — трохканцовы цi пяцiканцовы крыж з мноствам накладных апатрапейных тканiнаў. Ручнiковыя палатнiны надаюць крыжам выгляд бела-шэра-чырвоных пiрамiдак. Шматгадовыя пласты тканiнаў цалкам укрываюць крыжовую аснову канструкцыi й канцэнтруюць у сабе асноўны семантычны зрэз.

Трэцi — крыж, на якім ручнiкi й фартухi драпiравалiся па канцах (утваралi дашак) i па цэнтры перакрыжавання. Гэты варыянт крыжоў рэдкi i наблiжаны кампазіцыяй да надмагiльных.

Абракальным крыжам, якiя стаялi ў кожнай беларускай вёсцы на ўзбочыне цi скрыжаваннi дарог, ахвяравалi не толькi звычайныя ўжытковыя тканiны цi iх кавалкi, але й спецыяльна вырабленыя. Найболей характэрныя тканiны, якiя выраблялiся жанчынамi вёскi ў адзiн дзень цi адну ноч у час розных стыхiйных бедстваў, аналагiчна таму, як мужчыны «высякалi» святарны агонь цi будавалi храмы або ўздымалi крыжы. У этнаграфiчнай лiтаратуры ёсць шмат апiсанняў гэтых рытуалаў, а ў вёсках рассялення вiчынскiх палянаў асобныя iх элементы захавалiся да нашых дзён. Напрыклад, варыянт з палескай традыцыi: «У назначаны дзень, да ўсходу сонца, дзяўчаты з усёй вёскi збiралiся ў адну хату, захапiўшы з сабою палойку лёну. Яны пралi, снавалi й ткалi, захоўваючы глыбокае маўчанне. Калi палатно было выраблена, дзяўчаты неслi яго над галавою, абышоўшы так усю вёску. Выходзiлi ўсе жыхары вёскi, распальвалi вогнiшча з трэсак, якiя прыносiлiся з кожнага дому. Усё адбывалася пад палатном, праз агонь пераносiлi дзяцей i хворых, потым палатно тут жа спальвалi».

Калi завiтаеш у вёску Вiтчын, мiжволi здзiўляешся высачэзнаму, абвiтаму мноствам фартушкоў i стужак, крыжу, якi стаiць у агародзе, на скрыжаваннi («раскрэсах») дарог, якiя iдуць у Лунiнец i Цну. Па ўспамiнах старажылаў, яшчэ не так даўно такiх крыжоў было шмат i па некалькi штук яны стаялi ў кожнай вёсцы. Іх афармленню вiтчынскiя паляне надавалi значную ўвагу, але не такую, як надмагiльным.

У адрозненне ад надмагiльных крыжоў яны надзвычай высокiя й стромкiя. Каб падняцца да месца аздаблення такога крыжа, патрабавалася спецыяльная канструкцыя або драбiна. Для аздаблення раскрэсных i прыдарожных крыжоў выкарыстоўвалi невялiкiя, спецыяльна пашытыя фартушкi й стужкi. Белыя й рознакаляровыя павязвалiся на 30-40 см нiжэй перакрыжавання на вертыкальным бруску, утвараючы больш чым метровы каскад складак, якi нагадваў фалдзiстую спаднiчку. Каб фартушкi не падымалiся ад ветру, iх «спавiвалi» (абмотвалi стужкамi). Прынцыпы «апранання» раскрэсных крыжоў былi даволі класічныя i падобныя ў многiх вёсках усяго палескага рэгiёну. Фартушок — набедраная павязка, пояс, стужка — не вызначалiся асаблiвай выдумкай дэкаратыўнага афармлення з той прычыны, што «Хрыстус для ўсiх быў аднолькавы й адзiны».

У форме калектыўна ўзведзенага крыжа вiтчынскiя паляне бачылi агульнанацыянальнае аблiчча Хрыста i ўспрымалi яго як Заступнiка ад усяго, што iснуе на свеце, лiхое й благое. Iншая справа — надмагiльны крыж. Ён нiзкi, каржакаваты, наблiжаны да прапорцыяў чалавека. Мастацкай фантазiяй жанчын ён ператвараўся ў iндывiдуальны, зразумелы толькi раднi памерлага цi калектыву вёскi вобраз — духоўны, пластычны і асязальны.

На прыдарожныя крыжы не толькi абракалiся, але й малiлiся Богу. Зафiксаваная вялiкая колькасць фактаў спалучэння паганскай i хрысцiянскай традыцыяў у дачыненнi да крыжа. У вёсцы Сярэднiя Печы Лельчыцкага раёна «як злiквiдавалi бальшавiкi царкву й не было дзе малiцца, то малiлiся ля крыжа на раздарогах». У той самы час да гэтага самага крыжа «хадзiлi прасiць, каб пайшоў дождж».

У вёсцы Сiманiчы таго ж раёна, на лузе, каля маста асноўнай аўтамагiстралi, стаяць два абгарэлыя, чорныя крыжы, трэцi ледзь выступае з зямлi абгарэлым брусам. Паводле мясцовай легенды: «Даўней стаялi хрэсты ля многiх хат, а камунiсты ноччу iх павырывалi i вывезлi ў тое месца ля ракi, каб спалiць. Запалiлi, а самi паехалi. Хустачкi й ручнiкi пагарэлi, а хрэсты не згарэлi, а толькi падгарэлi. Людзi ўбачылi, што хрэсты не гараць, узялi i паўкопвалi на тым самым месцы, каб засцерагчы свой дом».

Выявы прыдарожных крыжоў знайшлi адлюстраванне ў сюжэтах i матывах вырабаў народных майстроў, прызначаных для падарункаў, найперш у кампазіцыях аздаблення ручнiкоў i праснiцаў. Пра семантыку арнаменту з выявамi крыжоў на праснiцах (пацюсах) з Камянецкага раёна давялося пачуць ад жанчын-уладальнiц гэтых пэрлiнаў беларускай народнай рэзi па дрэве. На маё пытанне, чаму на праснiцы часта выразаўся крыж, тлумачылi, што гэта не надмагiльны крыж, як часам можа здацца недасведчанаму спецыялiсту, а прыдарожны, прывясковы (раскрэсавы) крыж.

Яшчэ да нашых дзён iснуе ў рэгiёне Белавежскай пушчы традыцыя ўкопваць i агароджваць крыжы каля галоўнай дарогi, якая вядзе чалавека ў свой хатнi свет, або выводзiць у чужы, нязнаны. З гэтым крыжам звязана вельмi шмат рытуалаў, вераванняў, заклiнанняў i iнш. Калi хлопца адпраўлялi ў войска, то ён абавязкова пры выездзе з вёскi спыняўся i пэўную хвiлiну знаходзiўся каля крыжа, якi фiксаваў мяжу двух светаў, якi спрыяў яго службе й вяртанню ў родны дом, малы космас.

Калi нябожчыка везлi на могiлкi, то ў любое надвор’е яго дамавiна не закрывалася векам, была адкрытая да прыпынку каля крыжа. Старыя, нямоглыя, дзецi — усе суправаджалi нябожчыка ў вечнае жыццё й развiтвалiся з iм назаўжды тут, на мяжы светаў.

Гэта толькi адзiн аспект семантыкi арнаменту крыжовых матываў. А колькi iх звязана з жыццём жанчыны, якая, прагнучы мець каханага хлопца за мужа, iшла да крыжа, несучы яму белую палатнiну ручнiка цi фартуха з чырвонымi паскамi. Беларуская жанчына, якая несла ўвесь клопат сям’i і была чуллiвейшаю за мужчыну да шчаслiвых i трагiчных пераменаў жыцця, рэгулярна звярталася да крыжа па дапамогу або каб аддзячыць за атрыманую Божую ласку.

Вёска Аздамiчы, Столiнскi раён. Запiс 1995 г. «СТАРЧЫК» — назва крыжа, якi ўпанаваны каля дарогi з вёскi Бярэзцы (Бярэжцы) на вёску Рубрын (жыхароў вёскi Рубрын выселiлi з-за размяшчэння палiгону). Назва крыжа паходзiць ад слова «старац». Паводле легенды, калiсь па гэтай дарозе iшоў старац. На гэтым месцы яму зрабiлася блага і ён памёр. Мясцовыя людзi на гэтым месцы яго пахавалi i ўканавалi памятны крыж. Калi крыж згнiваў, устанаўлiвалi новы, i гэтак памяць засталася да нашых дзён. Паводле традыцыi, кожны прахожы павiнен быў кiнуць у ямку каля крыжа галiнку дрэва. (Вiдочна, што ў гэтым рытуале захавалася паганская традыцыя не закопваць нябожчыка, а закiдваць яго голлем, i менавiта калі ён старац, чалавек, якi, паводле ўяўленняў палешукоў, меў сувязi з сiламi прыроды — М.Р.). Менавiта старцы абяцалi чалавеку кантакт з памерлым. Цiкавы й той факт, што крыж мае iмя. А гэта азначае, што з iм абыходзілiся, як з жывым чалавекам.

Публікацыя Дзяніса Раманюка


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY