Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні

Валеры БУЙВАЛ

ФРАНЧЭСКА ГВАРДЗІ. ДОЖ НАКІРОЎВАЕЦЦА Ў САБОР САНТА МАРЫЯ ДЭЛЛА САЛЮТЭ

Архітэктурны краявід у італьянскім мастацтве XVIII стагоддзя — адна з яркіх старонак еўрапейскага мастацтва. Зусім не выпадкова, што менавіта пейзажысты венецыянскай школы стварылі самыя арыгінальныя па стылі і вобразнасці палотны. Родны горад дыктаваў ім сваю паэзію і натхняў сваёй чароўнай прыгажосцю. Аднак прыжыццёвая папулярнасць жанру архітэктурнага краявіду з заканчэннем «галантнага стагоддзя» перайшла ў забыццё. Венецыянскія краявіды не цікавілі мастакоў і публіку эпохі класіцызму і ампіру, да іх раўнадушна паставіліся рамантыкі. І толькі імпрэсіяністы ўбачылі ў творах забытых майстроў родныя душы сваіх папярэднікаў.

Франчэска Ладзара Гвардзі (1712–1793) быў выдатнейшым майстрам венецыянскай відуты (краявіду). Ён нарадзіўся ў Венецыі, у сям’і жывапісца Дамэніка Гвардзі. У хуткім часе бацька памёр, пакінуўшы ўдаву з чатырма дзецьмі. Але Бог не пакінуў сям’ю Гвардзі: усе трое яго сыноў сталі жывапісцамі, а Франчэска — самым таленавітым з іх. Яго сястра Марыя Чэчылія пабралася шлюбам з вялікім мастаком барока Джавані Баціста Ц’епола, чыёй творчасцю Франчэска Гвардзі натхняўся ўсё жыццё.

Першыя ўрокі жывапісу юны Франчэска атрымаў у бацькоўскай майстэрні ад старэйшага брата Джанантоніа, а завяршыў адукацыю ў майстэрні Мікэле Марыэскі, пейзажыста і архітэктара, які, безумоўна, паўплываў на жанравы выбар мастака. З самага пачатку самастойнага творчага шляху Гвардзі плённа працаваў для Касцёла, выконваючы алтарныя карціны з выявамі святых для храмаў Венецыі і паўночнай Італіі. І ўсё ж найбольш значным у спадчыне мастака з’яўляюцца ягоныя краявіды Венецыі. Гвардзі ўсё жыццё пражыў у родным горадзе і памёр у сваім доме ў квартале Канарэджыа (дом захаваўся дагэтуль). Ягоны сын таксама стаў жывапісцам і працаваў у манеры бацькі.

Жанр архітэктурнага краявіду атрымаў штуршок для развіцця ў сувязі з новай сацыяльнай тэндэнцыяй у Еўропе. З канца XVII стагоддзя багатыя арыстакраты пачалі захапляцца турызмам і актыўна наведваць Італію, калыску еўрапейскай цывілізацыі. Многія хацелі вярнуцца дахаты з жывапіснымі выявамі Венецыі. Паўстаў актыўны і насычаны рынак пейзажных твораў, а разам з ім і венецыянская школа відуты. Франчэска Гвардзі адрозніваўся ад сваіх сучаснікаў, вядомых па ўсёй Еўропе пейзажыстаў Каналета і Бэрнарда Бэлота. У адрозненне ад іх ён не выязджаў па-за Італію і захаваў вернасць роднаму гораду. Яго не прыцягвала іх манера дакладна-дакументальнага адлюстравання архітэктурнага матыву (пасля Другой сусветнай вайны пры адбудове разбураных Дрэздэна і Варшавы рэстаўратары актыўна карысталіся палотнамі Бэлота). Гвардзі перадаваў на сваіх палотнах непаўторную стыхію венецыянскай атмасферы, сімбіёз вады, паветра, святла і каменя. З усіх сучаснікаў ён, безумоўна, быў лепшым каларыстам і найбольш актыўным наватарам.

Італьянскі мастацтвазнаўца Луіджына Росі Барталата так ацэньвае жывапісны стыль Гвардзі: «Краявід ужо не існуе як тэма, ён з’яўляецца прэтэкстам для чыстага пошуку светлавых рытмаў, празрыстасцяў, сярэбранай блакітнай дымкі, дзе жывапісная матэрыя раствараецца ў раскошы пачуццяў»1. Многія з карцінаў Гвардзі сапраўды цалкам адпавядаюць гэтай сентэнцыі крытыка. Мастак выбірае нейкія выпадковыя, знешне малаэфектныя куткі Венецыі або на першы погляд выпадковыя матывы лагуны, і ў гэтых сціплых матывах ён адкрывае самакаштоўнасць жывапісу.

Луўрскі краявід Гвардзі, аднак, зусім іншага плану і, на наш погляд, не ўкладаецца ў рамкі вызначанай мастацтвазнаўчай мадэлі. Гэта ёсць франтальнае адлюстраванне аднаго з самых знакамітых помнікаў венецыянскай архітэктуры — сабора Санта Марыя дэлла Салютэ («della Salute» — ад італьянскага «здароўе, аздараўленне», у гонар вызвалення горада ад эпідэміі чумы, што здарылася ў 1631–1632 гг.). Самы знакаміты твор архітэктара Бальдасарэ Лонгены (1598–1682) з’яўляецца адной з архітэктурных дамінантаў Венецыі. Ён стаіць на стрэлцы, дзе зліваюцца галоўны канал горада Canale Grande і канал Джудэка. У гэтым саборы ўвасобілася ўсё лепшае, што дала чалавецтву архітэктура барока. Як напісаў пецярбургскі знаўца еўрапейскай архітэктуры Ігар Барценеў, «стыль барока, што фармаваўся ў архітэктуры гэтага часу, характарызуецца, з аднаго боку, манументальнасцю, прадстаўнічасцю, рэпрэзентатыўнасцю, з другога — перавагай дэкаратыўнага і жывапіснага пачаткаў над тэктанічным. Для дойлідаў барока асноўным быў пластычны бок архітэктуры, яе прасторавая арганізацыя»2.

Сустрэча з Венецыяй — як сон, як здзейсненая мара, матэрыялізаваны цуд. Людзі многіх пакаленняў перажываюць гэта з новай сілай. І няма канца чароўнай візіі. А ўсё гэта — храмы, палацы, масты — было створана геніем людзей, натхнёных нябёсамі на творчы подзвіг. Кожны новы будынак венецыянцы ставілі на драўляных сваях, глыбока забіваючы іх у падводны грунт. Сабор ля Салютэ (як каротка называюць яго італьянцы) узнімаецца над невялічкай пляцоўкай пасярод вады — будаўнікі забілі пад фундамент велічнага храма больш за мільён сваяў. Калі праплываеш на кацеры каля гэтага прыўкраснага касцёла, здаецца, што і ён нетаропка і велічна таксама плыве па хвалях…

Франчэска Гвардзі жыў у фінальны перыяд венецыянскай велічы. Праз чатыры гады пасля смерці мастака Напалеон захапіў горад і ліквідаваў Венецыянскую Рэспубліку, аддаўшы яе Аўстрыі. Тое, што адлюстраваў на сваіх палотнах Гвардзі, было апошнім водблескам былой славы і магутнасці. Венецыя была фарпостам хрысціянскай цывілізацыі на працягу шэрагу стагоддзяў. Пасля заканчэння часу крыжовых выправаў і краху Візантыйскай імперыі менавіта Венецыянская Рэспубліка была галоўнай сілай, якая супрацьстаяла асманскай экспансіі на поўдні Еўропы і ў Сяродземным моры. Пры жыцці Гвардзі гэта было ўжо далёкай мінуўшчынай, але мастак стаў сведкам праяваў традыцыі, на якой грунтаваліся непераможнасць і творчы імпэт Венецыі. Першая асоба Рэспублікі – дож – разам з духавенствам, палітычнай, вайсковай і грамадскай элітай накіроўваецца на Імшу ў сабор ля Салютэ. Пляцоўка перад саборам у гэты дзень становіцца галоўнай партовай прыстанню Венецыі. Гандолы і чаўны імкнуцца да мармуровага гіганта, які ўвасабляе трыумф хрысціянскай веры. Працэсія з двух бакоў уліваецца ў храм, але зразумела, што не ўсім яе ўдзельнікам хопіць там месца і яны будуць маліцца пад адкрытым небам.

Паўсфера купала (рэмінісцэнцыя візантыйскай архітэктуры) і аформлены паводле вобразу рымскай трыумфальнай аркі галоўны ўваход з’яўляюцца галоўнымі кампазіцыйна-пластычнымі рысамі сабора (і яшчэ вялікія валюты, якія завяршаюць сабой грамадзіну галоўнага корпуса пабудовы). Крыху меншыя па памерах «трыумфальныя аркі» атачаюць корпус сабора з усіх бакоў, вызначаючы капліцы ў інтэр’еры. Некаторыя спецыялісты каментавалі архітэктуру сабора ля Салютэ як «перагружаную дэталямі», але мы разам з Франчэска Гвардзі не бачым гэтага і даем зусім іншыя эстэтычныя ацэнкі, прадыктаваныя пачуццямі і перажываннямі.

Безумоўна, мастак працаваў на пленэры, пераносячы на палатно ўсё багаццё, усю радасць венецыянскай атмасферы. Сонца шчодра залівае мармур сабора, далікатна падкрэсліваючы дэталі архітэктурна-пластычнага ўбрання. Святло растварае камень і надае беламу мармуру лёгкае жаўтаватае адценне. Сабор узносіцца ўвышыню гукамі арганнай фугі і тысячамі галасоў малітвы. Палоска лазурнай, з чырвонымі рэфлексамі адлюстраванняў вады ў ніжняй частцы карціны служыць базай гэтай каларыстычнай кампазіцыі, у якой усё здаецца зіхоткім і мімалётным. Больш за палову палатна займае неба – стыхія тонкіх мазкоў, сплаўленых у далікатныя блакітныя і белыя гармоніі...

Вечная прыгажосць Венецыі абуджае ў душы самае светлае і каштоўнае. Разам з песняром роднага горада мы перажываем шчаслівыя імгненні свайго жыцця...


ФРАНЧЭСКА ГВАРДЗІ.
ДОЖ НАКІРОЎВАЕЦЦА Ў САБОР САНТА МАРЫЯ ДЭЛЛА САЛЮТЭ.
Каля 1770 г. Палатно, алей. 68×100 см.
Парыж, Луўр.


  1. L.R. Bortolatto. Francesco Guardi. L’Opera completa. — Milano, 1974. — C. 87.
  2. История искусства зарубежных стран 17-18 веков. Под ред. В.И. Раздольской. — Москва, 1988. — С. 16.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY