Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Марына ПАШУК

ТЭАФАРЫЧНЫ ЭЛЕМЕНТ אֵל (ʼēl) У КНІГАХ БІБЛІІ

Напэўна, сёння не знойдзецца такога чалавека, які б не ведаў, што такое Біблія. Але, напэўна, знойдзецца вельмі шмат тых, хто сустракаецца з цяжкасцямі пры знаёмстве з яе тэкстам. Адной з такіх цяжкасцяў з’яўляецца вялікая колькасць незразумелых нам словаў.

Пры чытанні Бібліі мы нібы дакранаемся да далёкага мінулага, да пачаткаў веры ў адзінага Бога. Яна ўводзіць нас у гісторыю і культуру таго часу, менталітэт далёкіх нам людзей. Звычаі, паводзіны, спосабы камунікацыі — усё гэта мы знаходзім на яе старонках. Безліч постацяў, імёнаў, тапонімаў… Мы з цяжкасцю іх успрымаем, бо яны для нас, так бы мовіць, чужыя, з іншага свету культуры. Таму і здаюцца незвычайнымі, незразумелымі, нейкімі экзатычнымі. Аднак, калі заглыбіцца ў іх паходжанне, усё стане больш празрыстым, зразумелым і нават прыгожым. І чытанне Бібліі ператворыцца ў асалоду ад таго, што мы прарваліся ў мінулае праз вялікую раку стагоддзяў.

Асобную групу сярод такіх словаў ствараюць гэтак званыя тэафарычныя імёны і тапонімы. І адным з такіх тэафорных элементаў у тэксце Бібліі з’яўляецца אֵל (ʼel)1.

Паводле граматыкі, слова ʼel першапачаткова з’яўлялася імем уласным і толькі з цягам часу паступова пачало набываць абстрактны характар, азначаючы боства ўвогуле, нейкую дэманічную сілу, анёлаў і нават грошы, што ў сваю чаргу таксама адлюстроўвае Біблія.

Эль (’el) — гэта габрэйская форма агульнасеміцкага азначэння боства, альбо бога, і быць можа, яна азначала «моц», «сі­лу» і адпаведна самага «Моцнага», «Магутнага», «Дужага». Габрэі ўжывалі слова ʼel для азначэння свайго Бога: «Эль айцоў нашых» — Бог айцоў нашых, «Эль Абрагама» — Бог Абрагама, «Эль Ісаака» — Бог Ісаака, «Эль Якуба» — Бог Якуба, «Эль Нахора» — Бог Нахора (Быц 28, 13; 31, 53; 32, 10; Зых 3, 13. 15. 16)2. Так называлі таго Бога, з якім іх продкі заключылі запавет.

Выраз ʼel як азначэнне Бога паходзіць з рэлігіі старажытных жыхароў Канаана, куды перавандраваў з Месапатаміі Абрагам. Сёння гэтая рэлігія вядомая дзякуючы ўгарыцкім міфалагічным тэкстам, запісаным на табліцах рознага фармату, ад­крытым у 1930–1931 гг. у бібліятэцы галоўнага жраца, недалёка ад святыні Бааля.

Паводле гэтых тэкстаў, канаанскім Алімпам была гара Сафон3, што ўзносіцца на поўначы Сірыі, а на чале канаанскага пантэону стаяў ʼel 4. Яго называлі «тварцом сусвету», «каралём», «боскім быком», «добрым і ласкавым». Яму аднаму належала панаванне ў поўным значэнні гэтага слова. Ён быў тым, хто дзяліў паміж людзьмі каралеўствы. Жыў ён у бясконцай далі, сярод тысячы палёў і раўнінаў, ля крыніцы дзвюх рэк, сярод прорвы вялікай глыбіні. Эль знаходзіўся па-над моцамі хаосу, на пачатку справы стварэння. Хоць дагэтуль не было знойдзена ніводнага міфа пра стварэнне людзей, аднак з выразу abu-adami (айцец людзей) вынікае, што чалавек – гэта таксама яго твор. Увесь космас, багі і людзі маюць свой пачатак у богу Эль. Яны спачываюць у ім, а Ён узносіцца над бязладдзем і космасам. Эль – гэта дастойны айцец і кароль багоў і людзей. У культуры Канаана, як і ў іншых семіцкіх культурах, гэтае імя стала галоўнай назвай найвышэйшага бога, які жыве ў палацах, акружаны хорамі іншых бостваў. Эль не той бог, які павінен супрацьстаяць сілам хаосу: ён дабрадушны, паважаны і адначасова велічны, упэўнены ў сабе і ў сваім валадарстве валадар. Дакуль ён будзе прабываць там, датуль будзе трываць устаноўленая ім структура свету. Толькі ў межах гэтай структуры існуе свет вышні і падземны, свет новага жыцця і свет, звязаны са смерцю. Аднак усемагутнасць бога Эль абмяжоўвалася існаваннем у канаанскім пантэоне іншых магутных бостваў 5.

Гэтаму ўсемагутнаму, ласкаваму і добраму Эль (богу), мудраму і вечнаму6, а таму з сівой барадой7, прыпісвалася яшчэ і міласэрнасць. Як найвышэйшы Суддзя, ён лічыўся абаронцам справядлівасці, міласэрнасці, гасціннасці і звычаяў. Меў рысы, якія чалавек павінен быў старацца набыць, таму канаанскія каралі, якія кіравалі рэлігійнымі абрадамі ў сваіх гарадах-дзяржавах, мелі абавязак як прадстаўнікі боскай волі на зямлі быць справядлівымі і міласэрнымі да безабаронных і калекаў. Больш за тое, гэтыя каралі выконвалі прадпісаныя абрады для таго, каб атрымаць прабачэнне за грахі і правіны людзей. Адным з самых важных элементаў спадчыны Ізраэля пасля канаанцаў былі рэлігійныя і маральныя канцэпцыі караля. Патрабаванне маральнай чыстасці ад людзей было вынікам прыпісвання гэтай якасці богу Эль. У выніку канаанцы апынуліся ў той групе чалавецтва, якая жыла перакананнем, што маральнасць — гэта вытворная ад рэлігіі і існуе толькі дзякуючы рэлігійным перакананням. Нягледзячы на тое, што гэтая канцэпцыя сустрэлася з апазіцыяй, яна ўвайшла ў агульную спадчыну габрэяў і хрысціянаў, усяго неязычніцкага і постязычніцкага Захаду.

Калі намады8 навязалі больш цесны кантакт з аседлым насельніцтвам, у канаанскіх санктуарыях яны знайшлі розныя імёны бостваў, якія перавандравалі і ў Біблію: El Eljon — «Бог Найвышэйшы, вельмі высокі» (Быц 14, 1), El Roj — «Бог мяне бачыць» (Быц 16, 13), El Olam — «Бог вечнасці» (Быц 21, 33), El Betel — «Бог санктуарыя Бэтэль» і El Šaddaj9 — «Бог Усемагутны» (Быц 17,1). Так «Бог айца» рэлігіі Ізраэля быў злучаны з богам людзей, з якімі намады жылі ў блізкім суседстве. У выніку гэты канаанскі бог разам са сваім пантэонам паўплываў на фарміраванне рэлігійных канцэпцый у Ізраэлі. Нават пасля доўгага часу аўтары Бібліі памяталі, што шанавалі яго ў Геброне і, магчыма, у ваколіцах Мамрэ як Эль Шаддая («Пана раўнін, палёў і стэпаў», акрэсленне вельмі паэтычнае, магчыма, акадыйскага паходжання), шанавалі яго таксама ў Бэтэль пад іменем Эль Бэтэль10 («Бог з Божага дома», праўдападобна, што гэтае імя таксама акадыйскага паходжання), у Бээр Шэбе як Эль Оляма11 («Бога Вечнага»); у Кадэш-Барнэа яго называлі Эль Роі12 («Бог бачыць мяне»), а ў Ерузалеме — Эль Эліён13 («Бог Найвышэйшы»), у Сіхеме шанавалі як Эль Бэріта14 (Бога Запавету). Самім патрыярхам Абрагаму і Якубу Бог адкрываецца як Эль Шаддай15 — «Бог Усемагутны» і Эль Олям16 — «Бог вечны».

Нават у скрутках Мёртвага мора — ʼel (אֵל) як назва Бога Выбранага народу сустракаецца 667 разоў як сінанімічнае для ’adonay і YHWH. Асабліва замяняўся тэтраграматон YHWH.

Гэтае ж найменне Бога памяталі таксама і ў часы Новага Запавету, пра што сведчаць хоць бы нават словы Езуса, сказаныя на Кальварыі: «Элі17, Элі, лема сабахтані» (Мц 27, 46; Мк 15, 34).

Значэнне Эль у ранняй ізраэльскай рэлігіі становіцца відавочным, калі ўспомніць складаную форму імя Ізраэль. Ды і ўвогуле ʼel стала складовай часткай многіх біблійных імёнаў і тапонімаў.

Так, імя першага сына Абрагама, народжанага ад Агар, — Ізмаэль, — азначае «Бог чуе». Нават сама Біблія тлумачыць яго: «І яшчэ сказаў ёй [Агар] анёл Пана: “Вось ты цяжарная і народзіш сына, і назавеш яго Ізмаэль18, таму што пачуў Пан пра нядолю тваю”».

Якуб, падступна здабыўшы благаслаўленне першароднага, быў вымушаны ўцякаць ад свайго старэйшага брата Эзава ў Харан. Затрымаўшыся на начлег, ён бачыць у сне драбіну, што лучыць неба з зямлёю. Абудзіўшыся, ён усклікае: «Гэта нішто іншае, як дом Бога і брама неба» (Быц 28, 17). І называе гэтае месца Бэтэль19 (дом Бога).

Чаму сын Ісаака Якуб стаў Ізраэлем, што азначае «Бог змагаецца», таксама тлумачыць Біблія: «Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем20, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог!». Месца ж змагання з Божым анёлам Якуб-Ізраэль называе Пэнуэль21, што значыць «Божае аблічча», бо казаў: «Я бачыў Бога тварам у твар і застаўся жывым» .

Ганна, жонка Элкана, будучы бяздзетнаю, горача вымольвае ў Бога сына, а калі той нараджаецца, яна дае яму імя Самуэль22, што азначае «Бог выслухаў», бо казала: «Я выпрасіла яго ў Пана» .

Імёны многіх прарокаў таксама маюць тэафорны элемент. Так, першы прарок паўночнага валадарства — Ізраэля, які змагаўся з прарокамі Баала, называўся Элія23, што значыць «маім Богам ёсць Ягвэ». Імя ж ягонага наступніка — Элісей24 (Бог выбавіў). Тэафарычнымі таксама з’яўляюцца імёны двух вялікіх прарокаў Ізраэля: Даніэль25 (Бог мой суддзя) і Эзэхіэль26 (Бог моцны, Бог робіць моцным). Тое ж можна сказаць пра аднаго з прарокаў суднага дня — Ёэля27. Яго імя азначае «Ягвэ ёсць Богам».

У звароце прарока Ісаі да караля Ахаба, які не хацеў турбаваць Бога, каб раіцца з Ім, ёсць прадказанне прарока, што ў такім разе Бог сам дасць каралю знак, каб той не заключаў ніякіх дамоваў са сваімі патэнцыяльнымі ворагамі, бо сам Бог будзе з ім і народам: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль28», што значыць «Бог з намі».

Імёны трох арханёлаў з хрысціянскай традыцыі таксама тэафарычныя. Гэта Габрыэль 29 (маёй моцаю ёсць Бог), Міхаэль 30 (хто ж як Бог), Рафаэль 31 (Бог аздаравіў).

Як бачым, у старажытным Ізраэлі культ бога Эль быў шырока распаўсюджаным, асабліва на тэрыторыі Сіра-Палестыны. Таму Эль ушаноўваўся на Святой Зямлі з даўніх часоў. Біблія кажа пра многія мясцовыя маніфестацыі бога Эль: каля студні Лахай-Роі Агар сустракае Эль Роі — Бога, які бачыць (Быц 16, 7-14). У Бээр-Шэбе Абрагам ушаноўвае Эль Оляма — Бога вечнага (Быц 21, 33). Імя Эль Эліён — Бог Найвышэйшы, лучылі з Ерузалемам (Быц 14, 18-20). Якубу ж аб’явіўся Эль Бэтэль — Бог [з] Бэтэль у Бэтэль — у доме Бога (Быц 35, 7). Эль Бэріт — Бог Запавету, быў звязаны з Сіхемам (Суд 9, 46). Амаль усе гэтыя мясцовыя аб’яўленні бога Эль сягаюць даізраэльскіх часоў — да ХІІІ ст. да нар. Хрыста. Пасля пасялення ў Канаане Ізраэль адаптаваў пашану, якую канаанцы аддавалі Эль. Таму да з’яднанага каралеўства імя Бога — ʼel — было ў два разы больш распаўсюджаным элементам у імёнах, чым тэтраграматон YHWH, але пасля бабілёнскага выгнання тэтраграматон стаў у чатыры разы больш папулярным элементам, чым ʼel. Для натхнёных аўтараў Бібліі, якія размаўлялі на габрэйскай мове, словы, утвораныя ад ’el сталі ўніверсальнымі паняццямі з самай шырокай сферай выкарыстання. У самой жа Бібліі слова ʼel і вытворныя ад яго ўжываюцца больш за дзве тысячы разоў, у тым ліку асабістыя імёны, утвораныя ад ʼel 32.

Як бачым, усе словы з тэафорным элементам ʼel , у тым ліку ўласныя імёны і тапонімы, з’яўляюцца водгукам першаснага азначэння ізраэльцянамі Бога як Эль, звязанага з рэлігіяй Канаана. Таму вельмі слушна, калі мовы перакладу захоў­ваюць у біблійным тэксце гэтую адметную асаблівасць, што дапамагае нам у лепшым і больш правільным разуменні тэксту гэтай натхнёнай Кнігі, якая з’яўляецца крыніцай і падставай нашай веры.


  1. Далей у тэксце אֵל для зручнасці будзе падавацца ў гэтай спрошчанай транскрыпцыі.
  2. Ва ўсіх гэтых тэкстах ужыты множны лік ад габр. אֵל (ʼel) – אְֶלֹהִים (ʼĕlōhîm).
  3. Габр. Цафон.
  4. У канаанскім пантэоне Эль выступае як уласнае імя.
  5. На другім месцы пасля яго быў ягоны сын – Бааль.
  6. Гэтымі рысамі ў рэлігіі Ізраэля будзе вызначацца Ягвэ.
  7. Пар. Дан 7, 9-14.
  8. Так называлася племя семітаў-качэўнікаў, з якога паходзіў Абрагам.
  9. Пазней El Šaddaj будзе названы Ягвэ.
  10. Габр. אֵל בֵּית־אל (ʼēl bêtʼēl) (Быц 35, 7).
  11. Габр. אֵל עוֹלֵם (ʼēl ʻ ôlām) (Быц 21, 33).
  12. Габр. אֵל רֳאִי (ʼēl rŏî) (Быц 16, 13).
  13. Габр. אֵל עֶלְיוֹן (ʼēl ʻ elyôn) (Быц 14, 18-22).
  14. Габр. אֵל בִּרִית (ʼēl bǝrît) (Суд 9, 46).
  15. Габр. אֵל שַׁדַּי (ʼēl šadday) (Быц 17, 1; 28, 3). Пазней ʼēl šadday будзе названы Ягвэ (той, які ёсць; ёсць, каторы ёсць).
  16. Габр. אֵל עוֹלֵם (ʼēl ʻ ôlām) (Быц 21, 33).
  17. Габр. אֵלְי (Элі) складаецца са слова ʼel (אֵל) Бог і асабовага суфікса 1 ас. адз. л., які ўказвае на прыналежнасць (мой). Адсюль пераклад: Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?
  18. Габр. יִשְׁמָעֵאל (yišmāʻ ēʼ l) (Быц 16, 11).
  19. Габр. בֵּית־אל (bêṯ-ʼēl) (Быц 28, 19).
  20. Габр. יִשְׂרָאֵל (yiśrāʼēl) (Быц 32, 29).
  21. Габр. פְנִיאֵל (pǝnîʼēl) (Быц 32, 31).
  22. Габр. שְׁמוּאֵל šǝmûʼēl (1 Сам 1, 20).
  23. У беларускіх перакладах гэта Ілля. Габр. אֵלִיָּהוּ (ʼēliyyā́hû) (1 Вал 17, 1). Тэафорны элемент ’el стаіць тут у пачатку слова.
  24. У беларускіх перакладах гэта Елісей. Толькі ў Бібліі пад рэд. Ж. Некрашэвіч-Кароткай яно падаецца як Элісей. Габр. אְֶלִישָׁע (ʼĕlîšā) (1 Вал 19,16 ).
  25. Габр. דָּנִיֵּאל (dāniyyēʼl) (Дан 1, 6).
  26. Габр. יְחֶזְקֵאל (yǝhezqēʼl) (Эзх 1, 3).
  27. Габр. יוֹאֵל (yôʼēl) (Ёэл 1, 1).
  28. Габр. עִמַּנוּ אֵל (ʻimmā́nûʼēl) (Іс 7, 14).
  29. Габр. גַּבְרִיאֵל (gaḇrîʼēl) (Дан 8, 16; 9, 21). Гр. Γαβριὴλ (Лк 1, 26).
  30. У беларускіх перакладах гэта Міхал. Габр. מִיכָאֵל (mîḵāʼēl). Гр. Μιχαηλ (Ап 12, 7).
  31. У беларускіх перакладах гэта Рафал. Габр. רָפָאֵל (rāp̄āʼēl). Гр. Ραφαηλ (Toб 3, 17).
  32. Са 119 уласных імёнаў у 37 ’el сустракаецца на пачатку слова і 82 – у канцы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY