Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Ксёндз Уладзімір ГУЛЯЙ

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...

Трэба сказаць, што лідская парафія Узвышэння Святога Крыжа была заўсёды адметная: яе жыццё было заўсёды дынамічнае, нягледзячы на цяжкія моманты, асабліва ў савецкі час. Калі з'яўляліcя нейкія выпрабаванні, вера станавілася яшчэ больш моцнаю. Гэта можна параўнаць з дрэвам, якое стаіць адно ў полі, - яно сваімі каранямі стараецца мацней паглыбіцца ў зямлю і становіцца цвярдыняю. Успамінаючы гісторыю, слухаючы расповеды старэйшых людзей, разумею, што вера ў іх сэрцах асабліва ўмацавалася і паглыбілася вельмі моцна, калі тагачаснаму пробашчу ксяндзу Роеку забаранілі цэлебраваць св. Імшу. Ксёндз Роек - гэта чалавек-сімвал, сапраўды значная асоба ў жыцці не толькі парафіі, але і ўсяго нашага горада. Гэта сімвал моцнай веры, адданасці і вернасці Богу.

Нядаўна мы перажывалі Другі агульнабеларускі з'езд святароў, на якім ішла размова пра святло веры і вернасць святара. Дык магу сказаць, што ксёндз Роек - гэта сведка вернасці Богу і вернасці Касцёлу. Пад вернасцю Касцёлу я маю на ўвазе касцёльную супольнасць, з якой ён заўсёды быў побач у цяжкія моманты і падчас "вясны" адраджэння веры. Калі яму забаранялі цэлебраваць святую Імшу, людзі выносілі патрэбныя для яе рэчы, рыхтуючы ўсё для яе правядзення, і чыталі малітвы, а ксёндз заўсёды быў побач з імі.

У 60-я гады лідскі касцёл спрабавалі ўзарваць. Тады пры ўладзе быў Хрушчоў, які даваў прамое заданне: узарваць касцёлы, пасадзіць святароў. Ён думаў, што такім чынам можна знішчыць веру! Калі хацелі ўзарваць наш касцёл, вернікі ездзілі і ў Мінск, і ў Маскву, і яны абаранілі сваю святыню. У той час, калі прадстаўнікі парафіі былі ў Маскве, людзі маліліся ў касцёле днём і ноччу. Было арганізавана няспыннае дзяжурства, бо вернікі ведалі, што калі чалавек пойдзе, адразу могуць даць загад руйнаваць Божую святыню. Дзякуючы Богу, тым вернікам, ксяндзу Роеку, які быў заўсёды побач з імі, падтрымліваў іх, вучыў быць цвёрдымі ў веры і нічога не баяцца, які паўтараў: "Калі Бог з намі, хто супраць нас?", гэты касцёл ацалеў.

У цяжкія часы змагання з рэлігіяй ксёндз Роек спрабаваў ахапіць пастырскаю апекаю не толькі Ліду. Вернікі з суседніх парафій таксама прыязджалі да яго. Вялікую ролю адыграў гэты ахвярны святар у час абароны і трывання ў веры. Людзі, якія перажылі час атэізму, выдатна здалі гэты "экзамен".

Адраджэнне ў нас, як і ва ўсім Касцёле на Беларусі, пачалося ў 90-я гады. З'явіўся больш шырокі кірунак дзейнасці святара, развівалася душпастырства, распачалася катэхеза моладзі, дзяцей. Кожны з нас гэта бачыў і сам перажываў. Я паходжу з Ваўкавыска, дзе святыня крыху большая за гэтую, дык у той час касцёл не мог змясціць усіх вернікаў! Так было і ў Лідзе. Я працую тут з 2003 года, ужо дзесяць гадоў. У 1995 годзе я прыехаў сюды як клерык на практыку і ўбачыў шмат ахвотных прайсці катэхетычную падрыхтоўку. Трэба сказаць, што тады дзейнічалі толькі дзве парафіі: фарны касцёл і касцёл на Слабадзе. Было шмат працы, але ксёндз Роек, нягледзячы на сталы ўзрост, вельмі добра спраўляўся са сваімі абавязкамі, бо ў яго былі актыўныя памочнікі.

Лідскі фарны касцёл - першая пляцоўка, дзе я пачаў выконваць абавязкі пробашча. Раней я працаваў вікарыем у катэдральным касцёле ў Гродне, прэфектам у гродзенскай семінарыі. Першае, што мяне прыемна тут здзівіла, - гэта стаўленне людзей, тое, як яны ўмеюць слухаць! Калі я прамаўляў казанні, яны лавілі кожнае слова! Я зразумеў, што гэтыя людзі сілкуюць сябе Божым словам. Некаторыя вернікі пытаюцца: "Ці можна спажываць Божае слова?" (смяецца). Адказваю: "Можна!". Здаецца, што людзі ў гэтай парафіі смакуюць яго, бо гэта і ёсць іх пасілак на кожны дзень. Эўхарыстыя - гэта цэнтр іх жыцця, гэта сэрца іхняга сэрца. Яны сапраўды прагнуць Бога жывога, а, знаходзячы, дзякуюць за Яго прысутнасць, якая напоўніла іх жыццё спакоем і радасцю. Мяне заўсёды захапляла іх стаўленне да малітвы. Напрыклад, мяне вельмі здзівіла, што ўсе складаюць рукі перад сабою падчас малітвы "Ойча наш" - ад малых да вялікіх. Гэта рэдка дзе ўбачыш! Толькі я распачынаю малітву "Ойча наш", як бацькі складаюць ручкі сваіх дзетак на малітву! Прыемна, што з дзяцінства яны вучаць малых правільна трымаць рукі на малітве. Мяне захапляе адзінства Касцёла, калі я бачу, што і мужчыны, і жанчыны, моладзь і дзеці прымаюць малітоўную паставу на малітве, якой нас навучыў Пан Езус. Вядома, гэта заслуга маіх папярэднікаў, і гэта заслуга ксяндза Роека, які пахаваны тут каля касцёла. Тое, што людзі вельмі часта моляцца за гэтага святара, - сведчыць пра яго шанаванне вернікамі.

Што датычыць жыцця парафіі... Магу сказаць, што яно вельмі актыўнае. Маем шмат малітоўных групаў, актыўна праводзіцца катэхеза дзяцей, моладзі. У нас кожны год да Першай Камуніі прыступае каля 200 чалавек! Кожны год збіраюцца вялікія групы для прыняцця сакрамэнту канфірмацыі. Цяпер гэтыя групы складаюцца з моладзі, якая праходзіць гадавую і двухгадовую падрыхтоўку. Калі раней былі змешаныя групы, гэта значыць старэйшыя і малодшыя, то цяпер толькі моладзь. Глядзіш на гэта ўсё - і радуешся, праслаўляеш Бога за тое, які Ён вялікі. Разумеш, што твая справа толькі кідаць зерне, бо ты - сейбіт, а Бог дае ўсяму рост. Разумеш, што гэтыя дзеці і моладзь - у Божых руках, з імі нічога дрэннага не здарыцца. У гэта я моцна веру. Бачу дзеянне Бога ў іх душах і сэрцах, калі спавядаю іх, калі з імі размаўляю...

Будынак касцёла ў нас не вельмі вялікі, таму ў нядзелю, напрыклад, цэлебруецца шэсць Імшаў, каб усе змаглі ўшанаваць Бога ў святы дзень. І не паверыце - касцёл увесь час запоўнены! З касцёльных рухаў у нашай парафіі ёсць Трэці ордэн св. Францішка, Легіён Марыі, малітоўная група "Маці ў малітве", у склад якой уваходзяць маці, якія моляцца за сваіх дзяцей, размаўляюць пра розныя праблемы, дзеляцца вопытам, а ў асноўным - дапамагаюць малітваю. Ёсць вельмі папулярнае "Біблійнае кола", на якое вернікі збіраюцца кожны чацвер, каб чытаць Божае слова і разважаць над ім; яго праводзіць адзін з вікарыяў, кс. Уладзіслаў Сурвіла; ёсць таксама рух Дапамогі душам чыстцовым, Апостальства добрай смерці, Ружанцовыя колы, іх у нас ажно трыццаць, прычым гэта і жаночыя, і мужчынскія колы. Мне вельмі падабаецца, што людзі адкрытыя на дапамогу святарам, таму часта засноўваюцца "Маргарыткі", удзельнікі якіх падтрымліваюць святароў малітоўна. Святары таксама перажываюць розныя цяжкасці. Калі святар згадае, што ў гэты дзень нехта моліцца за яго, ён, безумоўна, становіцца мацнейшым. Калі часам з'яўляецца спакуса адчуць сябе адзінокім, калі пачынаюцца розныя праблемы, ты ўжо не адчуваеш сябе адзінокім, бо ведаеш, што нейкі чалавек моліцца непасрэдна за цябе, і тады прыходзіць яшчэ больш яснае ўсведамленне таго, што Бог заўсёды з табою. Прыемна, што ў нашай парафіі становіцца ўсё больш людзей, якія моляцца за святароў, і не толькі за нашых.

Як і ў іншых парафіях, вядзецца падрыхтоўка да шлюбу і хросту. Падрыхтоўку да шлюбу вядзе другі вікарый - ксёндз Вячаслаў Матукевіч. Шлюбаў на год бывае каля 250! Вельмі прыемна, што цяпер больш хростаў, чым пахаванняў. Раней было наадварот. Гэта вельмі важна. Трэба ўлічваць, што наша парафія Узвышэння Святога Крыжа - адна са старэйшых, налічвае каля 20000 вернікаў і мае свае традыцыі. Цяжка сказаць, ці ахопліваем мы як святары пастырскаю дзейнасцю ўсю парафію. Мы робім усё, што можам: цэлебруем святую Імшу, спавядаем, прамаўляем казанні, праводзім сустрэчы, ездзім да хворых.

У 2010 годзе мы за свае сродкі зрабілі капітальны рамонт фасада і даху касцёла. За гэты час памянялі таксама канфесіяналы і лаўкі ў касцёле, бо некаторыя былі прынесеныя сюды яшчэ з піярскага касцёла. Мы пастараліся зрабіць усё ў адным стылі. Касцёл стаў выглядаць больш прыгожа і эстэтычна.

Цяпер мы праводзім капітальны рамонт парафіяльнaга дома, які быў пабудаваны ў 1952 годзе. Як толькі пабудуем парафіяльны дом, возьмемся за рамонт унутранай часткі касцёла. Хочацца гэта зрабіць, бо пабудаваны касцёл у стылі віленскага барока, вельмі багаты, з прыгожымі фрэскамі.

Я ўжо казаў, што нарадзіўся ў Ваўкавыску, там жа закончыў сярэднюю школу і адразу паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі біскуп накіраваў мяне на паўгода на дыяканскую практыку ў Ашмяны. І адтуль як дыякан я паехаў на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, каб вывучаць дагматычную тэалогію. Святарскія пасвячэнні прыняў 26 чэрвеня 1999 г. у Гродне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. У 2000 г. я абараніў ступень ліцэнцыята і вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў выкладаць у Гродзенскай духоўнай семінарыі і Катэхетычным інстытуце. У 2000-2001 гадах служыў вікарыем гродзенскага катэдральнага касцёла, пробашчам якога быў біскуп Антоні Дзям'янка. Побач з ім я атрымаў вопыт пастырскай працы, бо раней была толькі вучоба, дыяканская практыка і зноў вучоба. З 2001 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў мяне прэфектам семінарыі. Гэта быў новы вопыт для мяне: праца з клерыкамі, дапамога ў іх фармацыі. З адлегласці часу я бачу, што гэта было вялікім багаццем для мяне. Праца ў семінарыі мне падабалася, але ўсё ж найбольш мяне захапляла пастырская праца ў парафіі, таму з чэрвеня 2003 года мяне прызначылі пробашчам лідскага фарнага касцёла. У 2011 годзе я абараніў дысертацыю на тэму "Канцэпцыя асобы ў сучаснай польскай тэалогіі". Тэма персаналізму заўсёды мяне цікавіла, бо чалавек ва ўсе часы застаецца вялікаю таямніцаю. З 2006 года я з'яўляюся біскупскім вікарыем Лідскай акругі. Для мяне гэта і давер біскупа, і вялікая адказнасць.

Нічога ў гэтым жыцці проста так не бывае - калі Бог дае такую адказнасць, значыць Ён разлічвае на мяне. Я гэта разумею як рэалізацыю свайго паклікання. "Пакліканне, - як гаварыў Ян Павел ІІ, - гэта таксама вялікая таямніца". Я адкрываю сваё пакліканне кожны дзень ў канкрэтнай працы, у канкрэтных заданнях, якія ўскладае на мяне Бог. Колькі буду жыць, столькі буду адкрываць гэтую таямніцу "адвагi Бога". Думаючы пра святарства, якім адарыў мяне Бог, я дзіўлюся: які ж Ён адважны! Пакліканне чалавека - гэта вялікая рызыка для збаўлення. Чалавек - самы рызыкоўны элемент ва ўсёй канцэпцыі збаўлення. Першы раз Пан Бог рызыкнуў, калі на пачатку стварэння адарыў чалавека свабодаю. Мы ведаем, што рызыка была вялікая, і ведаем, як усё гэта скончылася. Але з новым стварэннем Пан Бог паўтарае той самы манеўр. Ён лечыць свабоду свабодаю.

Я вельмі ўсцешыўся, калі папа Бэнэдыкт XVI ва ўрачыстасць Сэрца Езуса (на заканчэнне Году святарства) сказаў, што адвага Бога - гэта святарства чалавека, бо вось і са мною Бог рызыкнуў і адважыўся даць мне святарства. Менавіта так лепш за ўсё разумець святарства, дадзенае Богам. Бог прымае адважнае рашэнне, клічучы мяне і ў гэтым пакліканні падвяргаючы рызыцы збаўленне людзей. Колькі гэтых людзей? Яшчэ не ведаю. Можа, адзін чалавек! Самае рызыкоўнае - аддацца ў чужыя рукі... а Ён гэта зрабіў. Такое ўчыніць можа толькі ЛЮБОЎ. Уцелаўлёная Любоў, якая была прыбітая да крыжа, каб я мог жыць. Таму я як святар разам са сваімі вернікамі нястомна разважаю над вялікаю таямніцаю крыжа. Для мяне крыж азначае штосьці большае, чым сімвал хрысціянства, чым знак, які ідэнтыфікуе мяне з Хрыстом. Пад знакам крыжа для мяне ўтоеная канкрэтная рэчаіснасць, парадаксальная рэчаіснасць. У ім перасякаюцца паражэнне і перамога, смутак і радасць, нянавісць і любоў, высілак і ўзнагарода. З аднаго боку, крыж для мяне - гэта ўсе складаныя сітуацыі, цярпенне, боль, горыч і смерць. Ажно цяжка паверыць, што ўсё гэта можна ўзвялічваць. Крыж заўсёды цяжка прыняць, але крыж - гэта перавядзенне кожнага болю ў рэчаіснасць аздараўлення, кожнага паражэння - у стан перамогі. Прыняцце крыжа не мае нічога супольнага з талерантнасцю да зла, граху і цярпення. Бог прайграў бы, калі б крыж азначаў проста згоду на цяжкасці і цярпенні. Я не веру, што Бог на гэта згаджаецца.

Калі б так было, Ён не нёс бы крыжа, а пакінуў бы нас у нашым упадку. Тым часам Хрыстус бярэ крыж у свае рукі, нясе яго на сваіх плячах, памірае на ім, як на алтары, каб урэшце вызваліцца з яго ў хвале ўваскрасення. Крыж - гэта знак перамогі, а не падатлівасці на цярпенне і смерць, гэта знак перамогі над грахом, а не цярпімасці да граху, таму згода на крыж і яго прыняцце азначае хутчэй барацьбу, чым падпарадкаванасць - з той аднак розніцаю, што гэтая барацьба не з нашага свету. Свет змагаецца зброяй, а Бог - безабароннасцю. Свет змагаецца агрэсіяй - Бог перамагае супакоем. Свет падказвае пра мноства сродкаў барацьбы - Бог становіцца ўбогім і пакорным. Свет хоча перамагаць тактыкаю інтрыгаў і падману - Бог аб'яўляецца ў праўдзе і чыстасці сэрца. Свет змагаецца за ўладу - Бог змагаецца за любоў. Апошняе адрозненне, напэўна, стаіць найбліжэй да таямніцы крыжа. Крыж - знак любові, а не скіпетр пераможнага генерала. Калі хтосьці выкарыстоўвае крыж для барацьбы за ўладу, то становіцца на баку д'ябла, бо д'ябал хоча кіраваць, а не любіць. Таму сам знак крыжа неабходна заўжды ўспрымаць у духу Хрыста. Існуе мноства скажоных крыжоў, бо нават вызнаўцы злога духа хочуць карыстацца ім, толькі перакручаным. Трэба верыць у крыж, але нельга яго перакручваць, скажаць, устанаўліваць па-свойму. Адзінае сапраўднае ўспрыняцце крыжа грунтуецца на любові. Калі ты не любіш, то, хоць і посцішся, молішся ночы напралёт, выганяеш злых духаў, гаворыш пабожныя словы, - усё гэта не мае нічога агульнага з крыжам Хрыста. Езус замаўчаў перад крыжам, бо любоў маўчыць, калі чалавек сапраўды любіць.

Я вучуся штодзённа ўзвялічваць крыж сваёй штодзённасці. Калі раніцаю прачынаюся, поўны страху перад чарговым, цяжкім днём, праслаўляю Бога за ўсе цяжкія хвіліны, якія менавіта сёння Ён падрыхтаваў для мяне. Калі нагрувашчваюцца праблемы, я ўспамінаю святую Кацярыну Сіенскую, якая ў такія хвіліны ўсклікала: "Вітаю вас, мае праблемы! Прымаю вас, бо вы - школа маёй пакоры!" Калі хтосьці мяне ўстрывожыць або стане моцна даймаць, я благаслаўляю Пана за тое, што Ён прыйшоў да мяне ў маім браце, каб даць мне любіць, нягледзячы ні на што. Калі часам мяне пачынае непакоіць фізічны боль, я ўсміхаюся сам сабе і дзякую Богу за тое, што Ён і так даў мне вялікі кавалак жыцця, а цяпер хоча прыпадобніць мяне да сябе. Калі вечарам я кленчу на малітву і бачу мноства сваіх грахоў, неразумных словаў, жэстаў і занядбанняў, то станаўлюся перад люстэркам у ванне і кажу сам сабе: "Грэшнік, Бог і так цябе любіць!" Так я больш-менш вучуся штодзённа ўзвялічваць крыж, каб не перакручваць яго, не скажаць, каб не зрабіць з яго магічнага амулету або рэлігійнай памяткі. У знаку крыжа я заўсёды шукаю любові, а калі там пачынае пахнуць жаданнем улады, то ўцякаю, бо адчуваю, што д'ябал зноў хоча "змалпаваць" ува мне Бога.

Штодзённае ўзвышэнне крыжа вучыць мяне адкрытасці на бліжняга. У сваім святарскім служэнні заўсёды імкнуся адкрываць таямніцу чалавека. Мне падабаецца кантактаваць з кожным чалавекам, бо, пазнаючы яго як дасканалае Божае стварэнне, я пазнаю і самога сябе, а гэта вялікае багацце, якое нам дае Пан Бог. Пастырская праца мне бліжэйшая - цуд сустрэчы з іншым чалавекам я перажываю і ў канфесіянале, і пры сустрэчах з людзьмі, якія прыходзяць, напрыклад, выпісаць звыклую даведку. Дзялюся з усімі сваім часам, тым, чым жыву, што ведаю і ўмею. Гэта тое, што мы называем служэннем. Як жа інакш! Святар - гэта і ёсць слуга, на ўзор Езуса-Слугі.

Пробашч лідскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа
ксёндз Уладзімір Гуляй.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY