Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Ірына ЖАРНАСЕК

«НЯМА ЛЮБОВІ БЕЗ АХВЯРАЎ»

Гэтую навуку ксёндз Францішак Більша ўмеў несці людзям. І рабіў ён гэта не толькі з касцельнае амбоны, але і праз усё сваё жыццё. А ягоны жыццёвы шлях не быў усланы ружамі...

У 1949 годзе святара арыштавалі. Пачаліся блуканні па пакутах. Ён пакінуў свой дом, у якім заставаліся любімая сястра Марыся і маці. Да іх ён меў асаблівыя, напоўненыя пяшчотай, пачуцці. Вяскоўцы ўспамінаюць, як ён заўсёды прачынаўся на досвітку і адразу ж выходзіў у сад. А каб не разбудзіць сястру, якая любіла паспаць даўжэй, ён ціхенька вылазіў праз вакно, бо інакш трэба было б прайсці праз яе пакой...

У Полацку ў той дзень, калі судзілі брата, Марыся Більша сядзела ў калідоры суда, моцна сашчапіўшы на прыполе рукі, і была белая, як палатно. У адзін дзень яна ад гора ператварылася ў знямелую ды скамянелую статую. Жанкі сполашна пазіралі на яе, адчуўшы ў Марысі штосьці таямнічае і страшнае, што навісла над ёю і несла цяжкую хваробу.

Ксяндза Францішка асудзілі на дваццаць пяць гадоў пазбаўлення волі.

А недзе дома, у Плюсах, малілася маці...

Пройдзе даволі шмат часу, і ёй уручаць жоўты трохкутнік - ліст з далёкага і чужога горада Арла, дзе церпіць пакуты яе сын. У тым горкім трохкутніку маці прачытае і такое: Дарагая і любімая мама! Гэтае слова выклікае ўва мне шмат самых найлепшых пачуццяў. Многім я табе абавязаны і таму кажу, як заўсёды, што няма меры ўдзячнасці за тваё добрае сэрца. Тваю любоў я заўсёды цаню, а цяпер яна яшчэ і бальзам, што загойвае раны сэрца, якія я атрымаў ад няўдзячных і зусім кепскіх дзяцей. Ты цудоўна ведаеш, як я любіў сваіх дзяцей. Ты - жывы сведка, як не даражыў я ні здароўем, ні жыццём дзеля дабра маёй любімай сям'і. А якая плата? За любоў - нянавісць, за навуку праўды - падман, за нябесны хлеб - камень, за суцяшэнне - смутак і горыч, за сяброўскі пацалунак - пацалунак Юды.

Мой лёс вельмі падобны да лёсу майго дарагога Прыяцеля з горада Назарэт. Бо не было ніводнага сведкі, які б любіў праўду... Лёсу не зменіш. Таму што іншы раз падман бывае мацней за праўду... Зразумей, як соладка і лёгка пакутваць невінаватаму. Таму ганарыся і прасі Бога, каб мая ахвяра была прынятая Айцом і прынесла карысць усім, за каго я ахвярую яе. Прасі Бога аб цярпеннях для мяне і для цябе, памятай, што цярпенне - вялікае дабро для душы. Бедная мая! Кожны дзень, дакладней, кожную хвіліну думаю пра цябе і пра маіх дзяцей. Напішы, як ты вытрымліваеш жыццёвыя выпрабаванні. Няхай Бог пашле табе цярплівасці і мужнасці...

Марыя Высоўская з вёскі Заплюшчына Браслаўскага р-на, якая зберагла лісты кс. Францішка Більшы.
«Бо не было ніводнага сведкі, які б любіў праўду», - вырвецца горкае з вуснаў святара. Так, сярод сведкаў гэткіх не знайшлося, але ж цяпер мы ўжо ведаем, як выбіраліся тыя сведкі, тыя, якія загадзя ведалі, што ім трэба казаць толькі тое, чаго ад іх чакаюць суддзі. Сапраўдныя ж сведкі сядзелі ў калідоры суда і захлыналіся горам. Сярод іх былі сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута, парафіянка Марыя Высоўская, арганіст Вацлаў Замосцік, родная сястра святара Марыя Більша. Ні ў каго з іх суд не палічыў патрэбным нічога пытацца. Праўда, дырэктар мясцовай школы, як сцвярджае Марыя Высоўская, сказаў на судзе пра тое, што дзеці, якія наведвалі касцёл, былі больш выхаваныя, больш культурныя. Але гэта не дапамагло. Разам з ксяндзамі Юзафам Інгялевічам з Новага Пагосту і ксяндзом Лявонам Лаўцэвічам з Лявомпалю ксёндз Францішак атрымаў суровы вырак.

Пацягнуліся доўгія гады разлукі. У наступным годзе, 17.02.1950 г., ужо з пасёлка Чорная Рэчка на станцыі Верхатур'е Свярдлоўскай вобласці ён пісаў сваёй маці:

Віншую цябе, дарагая і любімая Мама, з днём нараджэння і жадаю ўсяго найлепшага ў будучым. Не ведаю, ці атрымала ты маю паштоўку, якую я табе пісаў 25.01. і ў якой я табе паведамляў, што 13.01. я выбыў з Арла, а 25.01. прыбыў на Паўночны Урал, дзе цяпер і знаходжуся. Мясціны тут ціхія і спакойныя, сярод лясоў, якія і сталі нашай працай. З дня прыезду і да сённяшняга працую днявальным, клапачуся аб парадку і чысціні ў сваім памяшканні і ў памяшканні маіх таварышаў. Ты ведаеш, як я любіў чысціню. Таму падмятаць падлогу, выціраць пыл, расчышчаць дарожкі ад снегу мне нават падабаецца. Працую, як умею. Бяда толькі, што старасць ды хваробы накладваюць свой адбітак. Працуем удвух. Маразы тут даходзяць да 56о. Але вытрываць гэткія маразы яшчэ можна, бо няма ветру. [...]

Скажы Тату, што ўсе духоўныя практыкі я выконваю. Заўсёды памятаю ўсіх у вітаннях да Марыі. Не забываю і ніколі не забуду сваіх дзяцей. Глыбока ў сэрцы ляжыць лёс хворых і толькі што народжаных, як і ўсіх, што сумуюць па Божым Хлебе. Не кажу ўжо пра цябе, мая няшчасная сірата! Беражы сваё здароўе. Будзь поўнай мужнасці і цярплівасці. Не сумуй, не журыся. Заўсёды жыві надзеяй. Шмат сілы надаюць вымаўленыя словы: «Няхай будзе воля Твая!», альбо роздум аб сцэне ў Садзе Аліўным. Набліжаецца Вялікі Пост. Добра не ведаю, калі сёлета Вялікдзень. Напішы, калі ласка. Як толькі дазволіць час - пішы. Я ж магу пісаць толькі два разы на месяц. Стараюся гэта скарыстаць. Калі будзеш высылаць грошы, то не больш за сто рублёў - гэткую суму мне дазваляюць траціць. А калі раптам пашлеш пасылку, то не забудзь пра цыбулю, часнок, хлебныя сухары... Прывітанне ўсім, усім, усім. Усіх вас бласлаўляю і застаюся з надзеяй.

Ваш айцец, які вельмі любіць вас.

А праз месяц у лісце ксяндза Францішка да сваёй маці той жа сум і боль, той жа клопат пра тых, хто застаўся без святарскае паслугі.

Свярдлоўская вобл., Чорная Рэчка,
ст. Верхатур'е, п/с Л-К 239/1

12.ІІІ.1950 г.
Дарагая і любімая мама!
Нужда, печаль, тоска и скука,
Нет воли сердцу и уму.
И для чего вся эта мука,
Известно Богу одному.

Гэтак пісаў у ХVІІІ стагоддзі Нікіцін. Не ведаю, чаму гэты верш прыйшоў на памяць, калі я пачаў пісаць трэці ліст да цябе. Напэўна, гэта дыктоўка майго сумнага і журботнага сэрца. Вось ужо два з паловай месяцы ад цябе няма ніякіх вестачак. Гэта вялікае мучэнне, якое перавышае маю цярплівасць. Што здарылася? Ці не захварэла ты? А можа, змяніла месца жыхарства? Як цяжка пра гэта думаць, а яшчэ цяжэй перажываць. Веру, што гэта не твая віна, і ўсё ж цяжка. Пішу ў надзеі, што гэты ліст дойдзе да тваіх рук. [...] напішы, хто са знаёмых памёр і як. Штодня прашу, каб ніхто не памёр без апошняга суцяшэння. [...] Пра мяне не думай, не сумуй. Ты павінна жыць, каб распавесці людзям, што я быў нявіннай ахвярай чалавечай подласці і чорнай няўдзячнасці. Заўсёды ганарыўся і ганаруся тым, што не стаў здраднікам майго Айца, чый партрэт з майго пакоя штодня маю перад сваімі вачыма...

Чорная Рэчка 24.ІІІ.50 г.

Мая дарагая мама! Дзве пасылкі атрымаў, за якія дзякую ўсім сваім шчырым сэрцам. Колькі смачных і патрэбных для мяне рэчаў! Тлушч, сала, бачок, чай, цукар, сушаныя яблыкі, штаны, белы шалік, рукавіцы, а ў рукавіцах найкаштоўнешы для мяне скарб, які мяне вельмі і вельмі ўсцешыў. Прыціскаю яго да сэрца і шчыра дзякую тым, хто яго паслаў. Атрымаў я і ліст, якога чакаў, як чакае хворы выздараўлення. На жаль, прызнаюся, ён мяне засмуціў, бо ў ім я нічога не прачытаў пра тваё жыццё і здароўе. Чаму так змяніўся твой почырк? Ці не хварэеш ты часам? Альбо, можа, здарылася якое няшчасце? Пішаце, каб я бярог сваё здароўе, ні пра што не думаў. Памятайце ж: сэрца, якое поўніцца любоўю, не прыслуга, яго не прымусіш змоўкнуць. Таму прашу: пішыце мне ўсю праўду, не шкадуйце мяне. Я гатовы выпіць любы горкі келіх. Дык застаюся зноў у чаканні.

Віншую ўсіх вас са святам і жадаю вясёлых святаў, Божага блаславення, суцяшэння і ўваскрашэння ўзаемнай любові. Любіце, дзеці, адзін аднаго. Памятайце: зрабіць шкоду вельмі лёгка, цяжка потым гэта выправіць. У гэты дзень у думках я буду разам з вамі. Я жывы і здаровы. Падмацаваны пасылкамі. Прашу вас устрымацца і гэтак часта не пасылаць іх. Бялізны, адзення не прысылайце - няма сэнсу. Толькі дрэннае адзенне не прыцягвае ўвагі дрэнных людзей, якіх, на вялікі жаль, хапае. Вельмі шкада, што мы не спаткаліся з вамі ў Арле. Шкада перанесеных вамі цяжараў. Але тое, што вы мне туды прывозілі, я ўсё адно не скарыстаў бы. Дзякую вам за ўсе вашы пакуты, якія вы зведалі ў дарозе. Гэтых вашых дарог - у Полацк, у Арол - я ніколі не забуду. Запісаў іх глыбока ў сваім сэрцы, ніхто і нічым не высячэ гэтага адтуль. Цяжка словамі выказаць усю маю ўдзячнасць вам. Заўсёды ахвярую за вас маю Кальварыю. Чую моц вашых малітваў. Бацькоўская апека Усемагутнага падтрымлівае мяне. Не забывайце мяне і надалей у малітвах, а я вас таксама не забуду. Дарагая мама! Напішы хоць бы некалькі слоў пра сябе. Гэта будзе для мяне найлепшым падарункам.

Заставайцеся з Прыяцелем.
Ваш айцец.

У кожным лісце сын непакоіцца аб здароўі маці. Ягонае сэрца прадчувае нядобрае, прадчувае, што матчына сэрца можа перапоўніцца болем і не вытрываць гэткіх непасільных выпрабаванняў, што выпалі на яе долю ў старасці. І яно не вытрывала... Напачатку парафіяне, якія пісалі яму лісты і апекаваліся ягонай маці ў часе хваробы, не адважыліся напісаць яму праўду, бо ведалі, які гэта будзе для яго ўдар. Але ж такое доўга не ўтоіш, і ў Плюсы паляцелі напоўненыя горыччу лісты.

Дарагая сястра, мая дарагая мама! (Мамай кс. Францішак часам называў сваю сястру Марысю. - І.Ж.) Ужо трэці месяц, як я мучаюся з прычыны смерці маёй дарагой мамы. Цяпер я сапраўды сірата на зямлі. Не магу ацаніць і апісаць, чым я абавязаны ёй. Толькі ты, дарагая сястра, сумееш гэта ацаніць і адчуць. Бо вашыя сэрцы былі вельмі падобныя. Узгадваю, як у шчаслівы час дарагі тата згаджаўся са мною, што менавіта гэткія сэрцы, якія маеце вы з мамай, нам так неабходныя ў жыцці. Цяпер кошт гэткіх сэрцаў бясконца вырас. Калі чалавек вымушаны жыць на адзіноце, то ён пачынае разумець, як шмат ён абавязаны гэткім сэрцам. А як цяжка перажываць недахоп іх! Сам чалавек не перажыў бы і не вынес бы ўсяго, калі б не падтрымка з Вышыні.

Дарагая сястра! Як жа я спачуваю вам у вашай бядзе! І як бы я хацеў чымсьці дапамагчы, супакоіць. Ведаю тваё ранімае сэрца і прадчуваю, як часта яно заліваецца слязьмі. Ведаю таксама з уласнага вопыту, што сэрца - не слуга і не падначалены, якому можна загадаць. І ўсё ж, дарагая сястра, беражы сябе. [...] Сястрыца мая дарагая! Жадаю табе мужнасці і цярплівасці нашай найдаражэйшай Матухны! Углядайся ў Яе жыццё і ў жыццё Яе Сына, ахвяруй свае пакуты Прыяцелю праз Яе прачыстыя рукі і май надзею, што гэтак, як Яна цешылася прысутнасцю свайго Сына, гэтак жа і ты некалі суцешышся прысутнасцю свайго брата.

Дарагія апякункі! Пасля адыходу ў вечнасць маёй любімай мамы, апрача вялікай раны, у маім сэрцы ёсць яшчэ і пачуццё вялікай удзячнасці вам за тое, што атачалі маму апекай у часе яе хваробы. Ведаю, колькі вам гэта каштавала клопату і турботаў. З майго боку варта было б зрабіць для вас хоць бы якую маленькую матэрыяльную падзяку. Ды, на жаль, вы ведаеце мае магчымасці. Мне і сорамна за іх, за сваё бяссілле. Таму ў мяне вялікая просьба: усё, што мае дарагія дзеці будуць ахвяроўваць мне, затрымайце, калі ласка, для сябе. Няхай гэта будзе маёй маленькай адплатай вам за вашыя добрыя сэрцы. І не пярэчце мне. Я ведаю, што вы самі церпіце і недахопы, і розныя цяжкасці.

Дарагія дзеці! Набліжаецца вялікае свята, і я прагну павіншаваць вас усіх з ім. Няхай гэтае свята не будзе для вас толькі сімвалічным. Няхай наш любімы Прыяцель удыхае не паветра грабніцы, а прыемнае, цёплае паветра любові і адданасці вашых сэрцаў да Яго. Не каменная грабніца, але вашыя палкія сэрцы няхай будуць заўсёдным месцам жыхарства для Яго. Тады вы адчуеце сапраўдную моц велікоднае радасці. Гэтага я жадаю ўсім: старым і малым, толькі што народжаным і тым, што набліжаюцца да замагільнага жыцця.

Ваш айцец.

Жывучы далёка ад сваіх парафіянаў, святар не пераставаў быць для іх і надалей духоўным настаўнікам. Як і раней, ён навучае іх, асцерагае, папярэджвае, просіць, умольвае заставацца вернымі Хрысту. Вось ліст невядома якога года, толькі прастаўлена на ім дата: 5.ХІІ. Напярэдадні Божага Нараджэння святар звяртаўся да парафіянаў:

Дарагія дзеці і мае апякункі! Не чакаю адказу на мае лісты, але хачу напісаць вам ліст з віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі. Як ужо неаднойчы падкрэсліваў, і цяпер кажу тое ж: я заўсёды з вамі і пры вас, заўсёды памятаю і ніколі, дарагія дзеці, не забуду вас. Набліжаюцца святы, і маё сэрца, поўнае любові і адданасці, дыктуе мне словы самых найлепшых віншаванняў і пажаданняў. Дзялюся з вамі аплаткам і жадаю вам, дарагія дзеці, здароўя, доўгіх гадоў жыцця ў спакоі і цішыні. Няхай далёка будуць ад вас смутак і горыч, адчай і жыццёвыя нягоды. Як бы я хацеў суцешыць вас, прытуліць да свайго бацькоўскага сэрца і ўласнаручна выцерці сірочыя слёзы! Не плачце, дарагія мае дзеці, не сумуйце. Памятайце, што Найвышэйшы наш Бацька захацеў выпрабаваць нашую вернасць, адданасць і любоў да Яго. Думайце пра маленькае Дзіцятка. Ён прагне мець вас каля сябе. Вашыя слёзы, што спадаюць у Яго маленькія ручкі, ператвараюцца ў каштоўныя перліны для Яго і Маці. Бачу вас, як ідзяце да Яго. Няхай вашыя цяжкія крокі, вашу стомленасць Ён прыме як доказ вашае шчырае любові да Яго. Няхай вас Бог узнагародзіць! А ўсім дзецям, якіх няма пры вас у гэтыя дні, жадаю як найхутчэй вярнуцца і дзяліць радасць сустрэчы з блізкімі. Няхай спакой ясляў разліваецца ў сэрцы кожнага Божага Дзіцяці...

У яшчэ адзін год напярэдадні гэтага ж свята ён пісаў:

[...] Хоць вашыя вочы мяне не бачаць, вушы не чуюць мяне, але спадзяюся, што вашыя сэрцы адчуваюць, што хоць я і далёка ад вас, але я ўсё ж разам з вамі. Дзялюся з вамі аплаткам, як рабіў гэта ў шчаслівы час, калі быў з вамі пры вас. Усім хворым і тым, хто церпіць пакуты, жадаю мужнасці і згоды з Божаю воляй. Памятайце: пакуты набліжаюць нас да Божага Дзіцяці, даюць шмат ласкаў і спакою. Спадзявайцеся на Прыяцеля, і Ён не пакіне вас у вашых хваробах і выпрабаваннях. Усім сіротам жадаю, каб Ён і Яго Маці прытулілі вас і супакоілі вашыя напоўненыя трывогаю сэрцы. Маладым, дзецям, усім бацькам жадаю багаславення і шмат ласкаў. Серафіцкім дзецям жадаю, каб яны заўсёды былі прыкладам мужнасці, вытрымкі і згоды з Божай воляй. Усім, хто цярпеў у смутку і трывозе, жадаю суцяшэння. Усім маім дабрачынцам, якія не забываюць пра мяне, жадаю, каб усе іхнія жаданні выканаліся, каб Прыяцель суцешыў іх у іхніх выпрабаваннях так, як яны суцяшаюць мяне на маім крыжовым шляху. [...]

А вось радкі з ліста, датаванага 6.ІІ.52г.

[...] Не магу выказаць пачуцця ўдзячнасці і радасці, якое ахапіла мяне, калі даведаўся, што вы, мае дарагія, узнавілі і ўзмацнілі свае гарачыя просьбы праз пасрэдніцтва святой Тэрэсы. Як я ўдзячны вам за гэта і абавязаны! І за ўсе набажэнствы таксама. Гэта ўжо не толькі вялікая падтрымка, але й сіла. Як бы мне хацелася бачыць вас і прыціснуць да свайго бацькоўскага сэрца! Аднаго толькі баюся; каб вашыя просьбы не былі загадам. Памятайце, што Прыяцель вельмі любіць нас і вельмі адданы нам. А таму, каго любяць і хто любіць нас, ніколі не загадваюць, ад таго толькі чакаюць выканання просьбаў. І час тут не мае ніякага значэння. Вызначэнне ж часу і з'яўляецца загадам. Я таксама не хачу адстаць ад вас, як умею, так штодня і ахвяруюся за вас і прашу за вас. Калі я жыў сярод вас, то вельмі добра ведаў усё добрае і благое, што адбывалася з вамі. Я жыў з вамі і ўсё вашае таксама перажываў. Цяпер жа сэрца таксама не змянілася, але наадварот, яшчэ мацней любіць вас і смуткуе па вас. Не турбуйцеся, што ўсё перажытае адаб'ецца на здароўі. Вялікая любоў не адчувае пакутаў. Гэтаксама, як не адчуваў гэтага наш Прыяцель альбо нашыя мацеры. Той, хто любіць, ведае, што ягоныя пакуты і мукі пойдуць на карысць таму, каго ён любіць. Памятайце: няма любові без ахвяраў. Жыццё ж слугаў Прыяцеля і ёсць ахвяра. Варта толькі добра прыгледзецца да тых, хто жыве побач...

Вялікая і пяшчотная братняя любоў да сястры Марысі вылівалася часам у такія шчымлівыя, напоўненыя высокім пачуццём радкі, што нельга іх чытаць без хвалявання.

[...] Што тычыцца майго сучаснага жыцця, то нічога надзвычайнага не здарылася. У нас цудоўнае надвор'е. Пахне вясною. Сонца прыпякае. Прыгожыя зорныя ночы, не вельмі халодныя. Вакол лес, прыгажосць цудоўная. У вольны час, пад вечар, стаю каля дзвярэй свайго барака і гляджу, як заходзіць сонца, і ўяўляю мясціны, дзе ты жывеш. І пытаю тады ў сябе, як жыве там мая бедная сірата? Ці ёсць там хтосьці, хто б заняў месца анёла суцяшальніка, калі ты сумуеш і тужыш? Не сумняваюся, што свет не без добрых людзей... Як ты жывеш? Ці хапае ў цябе мужнасці, каб разам са мною, без ваганняў спакойна сказаць у любой сітуацыі: «Няхай будзе воля Твая»? Калі ёсць нейкія ваганні, то паглядзі на ўсё з майго пункту гледжання і маіх сяброў (Гаворка ідзе пра святароў. - І.Ж.), якіх ты часта слухаеш. Усё тады зробіцца ясным і на ваганні не застанецца месца. Не ведаю чаму, але на памяць узбег верш Пушкіна:

Если жизнь тебя обманет,
Не печалься, не сердись...

З Пушкіным я пазнаёміўся ў Арле, і яшчэ некалькі ягоных вершаў вывучыў напамяць. Як цудоўна, калі памяць яшчэ служыць чалавеку!..

Ксёндз Францішак як мог падтрымліваў словам сваю дарагую сястру Марысю, а яна цяжка хварэла. Цяпер ужо ніхто не раскажа, ці здагадваўся ён, наколькі цяжкая і небяспечная яе хвароба, якая пачалася ў дзень суда над ім, ейным любімым братам. Тады, у Полацку, Марыся Більша атрымала такі моцны нервовы ўдар, што так і не змагла ад яго адысці. Аднаго разу яна выбежыць з дому ды кінецца ў воды возера і назаўсёды панясе з сабою вялікую таямніцу чалавечага гора... Гэта здарыцца тады, калі брату не так ужо і доўга застанецца пакутваць на чужыне. Брат жа прыме гэты чарговы ўдар, гэтую вялікую страту роднага і вельмі дарагога для яго чалавека ўсё з той жа хрысціянскай мужнасцю: «Няхай будзе воля Твая». Гэтыя словы Хрыста, вымаўленыя Ім у Садзе Аліўным, сталі галоўным зместам жыцця ксяндза Францішка Більшы. Пра іх ён часта нагадваў сваёй маці, сваёй сястры, парафіянам, якіх на працягу ўсяго часу свайго выгнання не пераставаў навучаць.

Парафіяне ж плацілі свайму духоўнаму настаўніку ўзаемнай любоўю і вернасцю. Ад іх ён атрымліваў шмат лістоў, пасылак. Амаль у кожным лісце ён стрымліваў «сваіх дзяцей», прасіў не адрываць ад сябе і сваіх сем'яў так патрэбны ім кавалак хлеба. Ён вельмі мала прасіў у іх матэрыяльнай дапамогі, найбольш турбаваўся, калі не было лістоў, альбо, калі ў лістах адчуваў недасказанасць, адчуваў, што, шануючы яго, аберагаючы ад празмерных непамыслотаў, парафіяне ўтойвалі ад яго штосьці балючае. Ён заўсёды прасіў казаць праўду - якой бы яна ні была балючай. А яшчэ ён заўсёды прасіў у іх - быць вернымі Богу і ўсёй душой любіць Яго. І гэта былі не проста словы. Парафіяне памяталі, як і сам ён, іхні святар, умеў любіць Бога, як умеў бачыць Яго ў кожным чалавеку. Памяталі, як не шкадаваў ён сіл і часу для навяртання грэшнікаў, як мог пайсці да кожнага з іх праз ноч, сцюжу і непагадзь. І цяпер, калі сам ён апынуўся ўдалечыні ад іх, калі сам цярпеў суровыя выпрабаванні, ягонае слова гэтаксама прабівалася да іх - праз тысячы кіламетраў. У адным са сваіх шматлікіх лістоў (без даты) ён усклікаў:

[...] Дарагія дзеці! Мне патрэбна ваша любоў да майго любімага Прыяцеля, да Айца і Брата. Трэба выкананне абавязкаў, якіх патрабуе ад вас наш Айцец, да якога вы штодня з гэткай надзеяй звяртаецеся. Адчуваю, што многія з маладых у сувязі з ненармальным жыццём ударылі тварам у гразь. Яны і іхнія бацькі, забылі дарогу да Дома Айца і Прыяцеля. Дарагія дзеці! На каленях прашу вас: любіце Айца і Прыяцеля. Любіце ўсёй сваёй істотай, любіце не толькі словамі, але і ўсім сваім жыццём. [...]

Ягоныя гарачыя, умольныя просьбы не заставаліся непачутымі. Нягледзячы на тое, што быў зачынены касцёл і ператвораны спачатку ў свіран, потым у млын, не было святара, нягледзячы на тое, што збірацца на супольныя малітвы было проста небяспечна, яны ўсё ж аднавілі супольную малітву. Часам збіраліся невялікай групай на могілках і маліліся там, часам - у кагосьці ў хаце, а часам і ў лесе.

...Месяц май. Самы прыгожы і песенны касцельны месяц. А песні захрасаюць у горле, з вачэй сыплюцца слёзы. Тым больш, што з далёкай станцыі Верхатур'е да іх прыляцеў чарговы ліст (24.04, без пазначанага года напісання. - І.Ж.).

[...] Жыву як і раней... Прыгожыя веснавыя дні толькі ўзмацняюць мой сум па вас. Надыходзіць прыгожы месяц май, калі вашыя сэрцы пачнуць біцца асаблівым пульсам любові да нашай дарагой Матухны. Выява Яе твару жыва паўстане і перад маімі вачыма. Як на яве ўбачу тады побач і вас з вашай адданай да Яе любоўю. Скажыце Ёй, што я як Яе Сын і адданы сябар Яе Сына, люблю Яе ўсім сваім сірочым сэрцам, люблю і ніколі не забуду Яе. Калі вы будзеце знаходзіцца прад Яе местам, памятайце, што і я таксама духам буду разам з вамі. Як і ў шчаслівыя часы, буду прысутнічаць душою разам з вамі і прымаць удзел у вашых гарачых, напоўненых любоўю і дзіцячай надзеяй просьбах і песнях.

Памятайце: Яна - Маці поўнай Міласэрнасці і поўнай Любові. Ратуй вас Божа, каб з глыбіні вашых змучаных сэрцаў выплылі якія-небудзь папрокі ў Яе бок. Яна гэтага не заслугоўвае. За ўсю Яе любоў да нас, за клапатлівую апеку перад Айцом і Сынам, які справядліва можа крыўдаваць на нас, за ўсё гэта - толькі ўдзячнасць Ёй. Сіла нашых просьбаў залежыць ад чысціні і прыгажосці нашага штодзённага жыцця. Каму прыемныя будуць нашыя размовы і нашыя дзіцячыя просьбы, калі ў іх не будзе дзіцячае чысціні, надзеі і шчырасці? У размове з Маці не шукайце прыгожых слоў, кажыце Ёй усё, што ляжыць на сэрцы. Калі хтосьці штосьці просіць, то не сумняваецца, што ягоныя просьбы будуць пачутыя. Не сумнявайцеся і вы, што любімая Маці пачуе вашыя словы. Рабіце ўсё, як тое робіць добрае дзіця ў адносінах да сваёй маці. І вынік будзе цудоўны. [...]

Памятайце: дзіця павінна любіць сваю Маці не толькі тады, калі Яна яго галубіць, але і тады, калі трохі карае. Бо апошняе заўсёды ідзе на карысць. [...]

Яны любілі сваю нябесную Маці высокаю і адважнаю любоўю. Нягледзячы на ўсе забароны, яны збіраліся на маёвае набажэнства ў... лесе. Там яны ладзілі алтар Маці Божай. Ён вырастаў сярод стройных бяроз ды задумлівых елак, як нейкае дзіва дваццатага стагоддзя. Усё гэта адбывалася не ў часы якога-небудзь Дыяклецыяна, калі жорстка пераследвалася хрысціянства, але гэта адбывалася ў Еўропе, у краіне, «где так вольно дышит человек». У лесе паветра сапраўды хапала. Дзяўчаты прыносілі з дому белыя абрусы, прыгожыя вышыванкі, саматканыя дываны і ладзілі прыгожы алтар. Крыж займаў месца ў цэнтры, побач - абраз Маці Божай. І ўзляталі проста ў неба заклікі-просьбы: «Святая Марыя, маліся за нас... Святая Багародзіца, маліся за нас...» Не раз і не два з гэтымі дзяўчатамі маліўся хтосьці і з заезджых святароў. Цяпер ужо толькі Бог ведае, як яны знаходзілі адзін аднаго: змучаныя, самотныя вернікі і святар, які неспадзявана з'яўляўся да іх, каб разам памаліцца, адправіць Святую Імшу, удзяліць святыя сакрамэнты. Яны не жадалі змірыцца з тым, што павінны жыць без Бога толькі таму, што так вырашыла за іх улада. Яны не змірыліся з тым, што іхні касцёл цяпер служыў калгасу ў якасці падсобнага памяшкання. І кожная, праходзячы паўз яго, як і раней жагналася. Яны ўпарта не прызнавалі таго, што тут гаспадаром ужо быў нібыта не Пан Бог, і ці не кожная са страхам праходзіла паўз хату, гаспадар якой выкарыстаў табернакулюм з разрабаванага касцёла і зрабіў з яго... сабачую будку.

Невядома, ці напісалі яны пра штосьці падобнае свайму святару Францішку Більшу. Ён жа, нібы прадчуваючы нядобрае, усклікаў у адным з лістоў: ...жадаю ўсім, каб ніхто з вас не памёр пры жыцці, каб усе вы жылі ў найлепшых адносінах з Прыяцелем». А ў другім лісце: «Усіх вас вельмі люблю, і любоў мая з кожным днём не змяншаецца, але павялічваецца. Не думайце, што з майго сэрца вырваны тыя, што забыліся пра сваю годнасць і адлучыліся ад Прыяцеля. Іх я таксама люблю, бо яны, бедныя, заблудзіліся, яны хворыя і няшчасныя. [...] А вы перадайце маю шчырую падзяку майму дарагому суседу, які не забывае вас у вашых духоўных патрэбах (Гаворка ідзе, відаць, пра кагосьці з ксяндзоў. - І.Ж.). Як я яму ўдзячны. Гэтак жа, як і Прыяцелю, які вас, сіротаў, не пакінуў без дапамогі.

Як мог, святар суцяшаў сваіх парафіянаў, падбадзёрваў іх, выказваў надзею, што іхні «Дом» ацалее і яшчэ будзе служыць Богу і людзям. Але не-не, дый вырывалася ў яго бясконца балючае, як, напрыклад, такое: Што б я аддаў за адзін пацалунак алтара! Я гэты пацалунак заўсёды вельмі цаніў, а цяпер - да бясконцасці... Але былі і ў ягоным жыцці выгнанніка хвіліны суцяшэння: Пішу ліст, апрануты па-святочнаму - у сутану. Яе я апранаю ў самыя вялікія святы. Як у ёй добра і прыемна! Гэта мой неразлучны сябар тут. У адным з апошніх лістоў выгнання ксёндз Більша пісаў сваім парафіянам: Дзякуючы майму Прыяцелю, я да сённяшняга дня быў верны сваім абавязкам. Нягледзячы на вядомыя вам цяжкасці, ніводнага дня я не прапусціў пацеры, якія трыма часткамі ружанца кожны дзень ад трэцяга памятнага жніўня (Дзень суда. - І.Ж.) прамаўляў. З разважаннямі трохі горай, бо для іх трэба засяроджанасць, а тут з гэтым вельмі цяжка. Так-сяк намагаюся выконваць гэты хвалебны абавязак перад сном, але гэта вельмі непрактычны спосаб, бо часта ў часе разважання засынаю. Карысць з гэтага невялікая. [...] Споведзь адбываю рэгулярна, штомесяц - перад братам (неразборл. - І.Ж.) усходняга абраду.

А яшчэ ў адным з апошніх лістоў ён паведаміў радасную навіну, напісаў дробнымі літарамі на самым краі аркуша: У нядзелю другі раз ад пачатку Кальварыі адправіў (неразборл. - І.Ж.) Св. Імшу. Паведаміў гэта як вялікую радасць, ведаючы, што «апякункі» зразумеюць яго. Напачатку выгнання ён таксама зрабіў маленькую незаўважную прыпіску ў лісце, дзе навучаў, як трэба давяраць сябе і маліцца да Маці Божай у месяцы маі, а прыпіска выглядала так: Не прысылайце wi. Бессэнсоўна. Коратка і горка. І яны зразумелі: іхні святар не мае магчымасці адпраўляць Святую Імшу. Што магло быць горай за гэта для яго? Але за ўвесь час выгнання больш на гэтую тэму ён не пісаў. І вось: ...другі раз ад пачатку Кальварыі адправіў Святую Імшу. Перамога. І ўзнагарода за бясконцую цярплівасць, вернасць, надзею.

...Пройдзе яшчэ пэўны час, і ксёндз Францішак Більша вернецца ў свае Плюсы. Касцёл для яго не адчыняць. Апякункі не сустрэнуць хлебам-соллю свайго духоўнага настаўніка, не ўшануюць яго прынародна, як таго ён заслужыў. Не прыйшоў яшчэ час для адкрытага выказвання сваіх думак і пачуццяў. Сваю першую Святую Імшу пасля выгнання ксёндз Францішак Більша адправіў у хаце адной са сваіх парафіянак - Марыі Высоўскай, якая і зберагла ўсе лісты, працытаваныя ў гэтым артыкуле. Шчыры дзякуй ёй за гэта, як і за тое, што шмат цяжкіх гадоў пераследу хрысціянства ў нашай краіне яе хата была прытулкам для святароў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY