Вольга КАРАНЕЎСКАЯ

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»

З гісторыі развіцця перыядычнага друку ў міжваеннай Заходняй Беларусі

У выніку падпісання 18 сакавіка 1921 года ў Рызе мірнай дамовы паміж савецкай Расіяй і Польшчай быў вырашаны лёс Заходняй Беларусі. Да 1939 года яе землі з'яўляліся часткай Другой Рэчы Паспалітай і складалі чатыры ваяводствы (Беластоцкае, Віленскае, Наваградскае і Палескае). Афіцыйна яны называліся «крэсамі ўходнімі» альбо Віленскай зямлёй. Апошняя назва як бы замацоўвала перавагу Вільні ў гэтым рэгіёне.

Польшча ў цэлым і яе нацыянальныя ўскраіны ў прыватнасці ў перыяд міжваеннага дваццацігоддзя перажывалі рэнесанс як у галіне права, палітыкі, так і ў культуры. Вобразна кажучы, польскі нацыяналізм адкрыў вочы беларусам. Адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці, якое суправаджалася з'яўленнем новых партый і арганізацый розных арыентацый, зрабіла вялікі ўплыў на развіццё выдавецкай дзейнасці і друку1.

Каталіцызм на тэрыторыі Заходняй Беларусі меў даволі трывалыя пазіцыі. Яшчэ ў 1897 годзе 3,8 мільёна беларусаў лічылі сябе католікамі2. Больш за палову насельніцтва Браслаўскага, Лідскага, Валожынскага паветаў і 25% усіх беларусаў «усходніх крэсаў» у міжваенны перыяд належалі да рыма-каталіцкай канфесіі3. У Віленскім ваяводстве ў 1929 годзе католікаў было каля 58%4. Сімвалам Вільні, неафіцыйнай сталіцы Заходняй Беларусі, з'яўляўся менавіта каталіцкі абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

Польская дзяржава з новымі межамі першапачаткова будавалася як дзяржава з перавагаю каталіцкай ідэалогіі. «Як ведама, у Польшчы каталіцкае духавенства аказвае ад самага пачатку існаваньня ўваскрашонае Польшчы, як і сотні гадоў назад, вялізарны ўплыў на ўсё дзяржаўнае жыцьцё», - пісала газета Беларускага Польскага Клуба5 «Беларуская доля»6.

Нягледзячы на унікальную сітуацыю поліканфесійнасці, што склалася ў Віленскім краі, дзе былі таксама даволі распаўсюджаны юдаізм і мусульманства, большая частка насельніцтва ўсё ж такі вызнавала хрысціянства.

Адсюль - папулярнасць хрысціянскіх партый і арганізацый у міжваеннай Польшчы. Пяць найбуйнейшых партый ІІ Рэчы Паспалітай скіроўваліся ў сваёй дзейнасці да каталіцызму. Але хрысціянская дэмакратыя нават у межах адной дзяржавы не была аднароднай. Гэта было звязана галоўным чынам з эвалюцыяй касцёльнай пазіцыі: ад поўнай апалітычнасці да актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным і культурным жыцці грамадства7. Акрамя таго, калі ў цэлым хрысціянская дэмакратыя ўспрымалася як частка прапагандысцкага апарата Касцёла8, дык заходнебеларуская хадэцыя ўспрымалася хутчэй як сіла, якая падрывала пазіцыі польскага Касцёла на «крэсах».

Хрысціянская дэмакратыя Заходняй Беларусі ўтварыла самастойную палітычную партыю (БХД) і неўзабаве стала адной з самых уплывовых арганізацый, а на пачатку 30-х гадоў нават заняла лідэрскае становішча сярод іншых партый і груп беларускага нацыянальнага лагера, даказаўшы на прыкладзе асабістага поспеху, што сялянства, якое складала асноўную частку насельніцтва Беларусі, «глыбока рэлігійнае»9.

БХД (з 1936 года - Беларускае Нацыянальнае Аб'яднанне)* падкрэслівала ў сваіх палітычных праграмах свецкі характар партыі. Але, зважаючы на глыбокую рэлігійнасць беларускага народа, БХД бачыла сваю галоўную апору ў веруючых хрысціянах. «Мы нікога не адкідваем, ні католікаў, ні праваслаўных беларусаў, і ўсіх прымаем пад свой дэмакратычны сцяг»10. Заклік да аб'яднання праваслаўных і католікаў беларусаў гучаў неаднаразова, у тым ліку і на з'ездзе БХД у 1928 годзе11.

Галоўным патрабаваннем партыі з'яўлялася незалежнасць беларускага народа ў яго этнаграфічных землях. «...Ідэалам маім ёсць незалежная Беларусь», - казаў адзін з выдатных дзеячаў хадэкаў, пасол Сейма, выдавец і публіцыст А.Стаповіч12. Праграмныя ўстаноўкі партыі выклікалі незадавальненне як «левых», так і «правых»: «Палякі нас назвалі бальшавікамі, а «Наша праўда» прыпісала нам «буржуазнасць»13.

Хрысціянская дэмакратыя пакінула даволі прыкметны след у гісторыі Заходняй Беларусі. На сённяшні дзень найбольш вядомы падрабязнасці дзейнасці ў адраджэнскім руху ксяндзоў К.Сваяка, А.Станкевіча, В.Гадлеўскага, С.Глякоўскага, Я.Семашкевіча, Ф.Абрантовіча, Я.Германовіча, А.Цікоты, П.Татарыновіча, А.Астрамовіча і інш.14.

Большасць тых, хто актыўна ўдзельнічаў у беларускім адраджэнні, звязвалі гады сяброўства і сумеснай вучобы ў сценах духоўнай семінарыі ў Вільні, якая знаходзілася тады пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Эдварда фон дэр Роппа, вядомага прыхільніка беларускай мовы ў касцёлах. У прыяцельскіх, нават сяброўскіх, адносінах былі паміж сабой Язэп Германовіч15, Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Казімір Сваяк, Цыпрыян Лазоўскі, Міхал Бобрык і інш.16.

На думку А.Стаповіча, беларускае адраджэнне ішло двума напрамкамі: без уліку і з улікам рэлігійных ідэалаў17.

У другім выпадку менавіта беларускія ксяндзы былі асноўнай рухальнай сілай працэсаў адраджэння. «Каталіцкая частка, якою кіравалі беларускія ксяндзы, моцна трымалася арыентацыі на саміх сябе» (В.Рагуля)18. Блізкасць каталіцкага беларускага духавенства да грамадскіх памкненняў беларускага народа «прыводзіла да радыкалізацыі гэтага кліру і да рэпрэсіяў з боку дзяржавы і касцёльных уладаў» (Мыслек В.)19.

Перыядычны друк хрысціянскай дэмакратыі меў даўнія традыцыі: яшчэ ў 1917 годзе ў Петраградзе выйшаў першы нумар штотыднёвай газеты «Krynica». У 1918 годзе яе рэдакцыя размяшчалася ў Мінску. Але найбольш працяглым і плённым быў віленскі перыяд (1919-1937, 1939-1940 гг.)

Віленская штотыднёвая газета «Krynica» (а з 1925 года «Bialoruskaja Krynica») мела выразную грамадска-палітычную скіраванасць. Газета перажыла рэвалюцыі, войны, перыяды безуладдзя і разрухі, але да апошняга нумара «ніколі не пераставала трымаць сваёй рукі на пульсе нашага нацыянальнага жыцця»20.

Каля яе вытокаў стаялі людзі вядомыя і таленавітыя, сапраўдныя патрыёты Беларусі: М.Грачанік, Л.Хвіецкі, С.Станкевіч і А.Станкевіч, якога праз дзесяткі гадоў актыўны дзеяч міжваеннага нацыянальна-вызваленчага руху В.Рагуля ахарактарызаваў як аднаго з «самых сумленных людзей з сялянскай псыхалёгіяй»21. Доўгі час Станкевіч Адам Вікенцевіч (1891-1949)22 з'яўляўся натхніцелем і выдаўцом газеты. Па яго ініцыятыве была створана друкарня імя Ф.Скарыны, а затым і Беларускае Каталіцкае Выдавецтва23, дзе выходзіла друкаваная прадукцыя партыі.

Рэдакцыйная калегія фактычна кіравала газетай, вызначала яе змест, стыль і афармленне («твар»), а таксама рэгулявала фінансавую дзейнасць. Яна выбіралася і зацвярджалася Цэнтральным Камітэтам БХД. Вядома, што з красавіка 1927 года рэдакцыйная калегія працавала ў складзе Альбіна Стаповіча (ён жа стаў выдаўцом), Паўла Карузы, Я.Шутовіча24.

Альбін Стаповіч, выпускнік Казанскага універсітэта, быў чалавекам рознабаковых здольнасцяў. Яго пяру належаць не толькі цудоўныя публіцыстычныя артыкулы, але і тэксты некалькіх песняў; пісаў ён таксама свецкую і рэлігійную музыку, арганізаваў беларускі хор. У 1930 годзе ідэолаг хадэцыі А.Стаповіч выйшаў са складу БХД і адмовіўся ад выдання «БК». Прычынай разрыву паслужылі ўнутрыпартыйныя супярэчнасці, якія паглыбіліся ў перыяд падрыхтоўкі да выбараў у Сейм25. А падставай - націск на ЦК партыі з мэтаю забараніць Стаповічу балатавацца на выбарах26. Гэты інцыдэнт ставіць пад сумненне выказванне В.Калесніка аб тым, што партыя не ведала расколаў, здрадніцтва27.

У разглядаемы перыяд (з сакавіка 1921 да верасня 1936 года) галоўнымі рэдактарамі газеты былі А.Васілеўскі, В.Грыневіч (з 15 траўня 1921 года), Уладзіслаў Знамяроўскі (з 30 кастрычніка 1921 года), Браніслаў Туронак (з 10 снежня 1923 года), Т.Вайцяховіч (з 20 верасня 1925 года), П.Каруза (увесь 1926 год і да 6 сакавіка 1928 года), затым Янка Пазьняк, Адам Дасюкевіч (з 27 верасня 1936 года)28.

Як і большасць заходнебеларускіх газет, «Крыніца» выдавалася ў Вільні, якая ў той час была буйнейшым беларускім выдавецкім цэнтрам. Тут выходзіла 221 з 233 найменняў беларускамоўнай перыёдыкі міжваеннага перыяду29.

Рэдакцыя і адміністрацыя газеты размяшчаліся ў Вільні на вул. Свянскай, 27-3, пасля - на вул. Полацкай, 4-10, а з 1 верасня 1927 года - на вул. Людвісарскай, 1-1930. У будынку на Людвісарскай таксама праводзіліся з'езды БХД, на двары размяшчалася друкарня імя Ф.Скарыны. У 1930 годзе друкарня пераехала на вул. Завальную, 6-10, а ў 1936 годзе - на Завальную, 1. Сюды ж перамясціліся рэдакцыі газет «БК», органа Беларускага Студэнцкага Саюза «Шлях моладзі», літаратурна-навуковага квартальніка «Калосьсе»31.

«Крыніца» друкавалася лацінкай. Гэта абгрунтоўвалася тым фактам, што пасля заканчэння польскіх школ «моладзь ведала толькі лацінку»32. З 26 кастрычніка 1929 года (№ 30) у газеце разам з лацінкай пачалі выкарыстоўваць кірыліцу - «гражданку».

Разавыя наклады беларускіх газет таго часу рэдка перавышалі тысячу асобнікаў. Дарэчы, наклады нават агульнапольскіх газет рэдка перавышалі некалькі тысяч. А «мутацыі»33 на тэрыторыі Заходняй Беларусі мелі наклад усяго 500-1600 асобнікаў34.

Па падліках польскага гісторыка А.Пачкоўскага ў другой палове 1928 года агульны наклад 16 беларускіх газет склаў 41 600 асобнікаў35. Г.зн. у сярэднім 2,6 тысячы экзэмпляраў.

На працягу гісторыі газеты яе фармат не заставаўся нязменным. У 1927 годзе «БК» пад рэдакцыяй Т.Вайцяховіча выходзіла на чатырох, радзей - на шасці старонках. У 1928 годзе трохі паменшыўся фармат газеты, і яе аб'ём не перавышаў 4-х старонак.

На прыкладзе беларускіх газет нацыянальных меншасцяў наўрад ці можна праілюстраваць значнасць эканамічных паказчыкаў у выдавецкай справе. Беларускай камерцыйнай прэсы36 ў той час не было37, а нешматлікія рэкламныя аб'явы ў газетах наўрад ці маглі быць добрай матэрыяльнай падтрымкай. Да таго ж, беларускія выданні практычна цалкам былі пазбаўлены высокааплатных дзяржаўных і камерцыйных аб'яў. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў пасляваеннай Польшчы не хапала газетнай паперы. Для рэдакцый газет урад выдзяляў спецыяльныя субсідыі і паперу ў доўг, аднак беларускія газеты не мелі магчымасці выкарыстаць дзяржаўную дапамогу. Цэны на газеты ў краіне пачалі змяншацца ў 1923 годзе38, але затым зноў «пайшлі ўверх» з-за эканамічных крызісаў, з якіх Польшча ледзь паспявала выбрацца. Адсюль: адсутнасць на працягу ўсяго разглядаемага перыяда штодзённай беларускай газеты; толькі некаторыя газеты маглі дазволіць сабе выходзіць 2-4 разы на тыдзень.

Кошты нумароў у розныя гады, безумоўна, не былі пастаяннымі. Рэдакцыя газеты праводзіла гнуткую цэнавую палітыку. Так, у 1927 годзе падпіска на адзін месяц каштавала 1 злоты, на 3 месяцы - 2 злотых, на паўгода - 5 злотых, а на год усяго 8 злотых39. Гэта значыць, што за доўгатэрміновую падпіску рабілася скідка. Кошт на газету быў не вельмі высокі, калі параўноўваць з коштам прадуктаў харчавання ў Вільні:

100 кг жыта = 42 злотых,
1 кг яблыкаў = 1,2-1,7 злотых,
1кг цяляціны = 2-2,1 злотых40.

У такіх умовах сістэма дэмпінга цэнаў была, можа, адзіна магчымай і дзейснай. Бо газета, у сілу яе спецыфікі, не карысталася папулярнасцю сярод рэкламадаўцаў і не магла разлічваць на грашовыя паступленні за камерцыйныя дзяржаўныя аб'явы. Між тым, рэкламныя аб'явы маглі стаць важкай матэрыяльнай падмогай. Так, у газеце «Przeglad Wilenski» ў тым жа 1927 годзе кошт рэкламнага модуля ў залежнасці ад плошчы хістаўся ад 10 да 80 злотых41.

У шэрагу пастаянных рубрык, такіх, як: «Са свету», «З Польшчы», «З Вільні», «Наша пошта» (ці «Нам пішуць»), шырока асвятлялася эканамічнае, сацыяльна-палітычнае становішча краю і часта змяшчаліся карэспандэнцыі з месцаў, што было наогул вельмі характэрным для міжваеннай заходнебеларускай перыёдыкі. Выданне актыўна адстойвала правы беларускага народа, змагалася за незалежнасць Беларусі, інфармавала аб жыцці беларускай эміграцыі.

На староках «Krynic»y была адлюстравана літаратурная творчасць А.Гурло, Х.Ільяшэвіча, Я.Быліны, Ф.Грыцкевіча, С.Станкевіча, К.Сваяка і іншых.

Канстанцін Стаповіч (сапраўднае імя ксяндза К.Сваяка42) пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі адным з першых пачаў прапаведваць па-беларуску. Ён быў таленавітым паэтам, публіцыстам, літаратуразнаўцам і «глыбокім хрысціянінам»43. Вершы Сваяка падабаліся моладзі, у тым ліку і камуністычнай44. У 20-я гады ў «БК» быў надрукаваны фрагмент трактата Казіміра Сваяка (пад псеўданімам К.Станкевіч) «Унія на Беларусі».

Другім частым госцем на старонках газеты быў Янка Быліна (псеўданім Івана Семашкевіча). Я.Быліна (1883 - 1955) нарадзіўся ў вёсцы Лакцяны Астравецкага раёна, скончыў Віленскую духоўную семінарыю, служыў ксяндзом на Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. У Вільні ў яго выйшлі 2 зборнікі вершаў. У аснове яго твораў ляжала народная традыцыя, народны гумар, народная гутарковая мова45...

Праводзячы набажэнствы ў касцёлах на беларускай мове, ксяндзы ўнеслі велізарны ўклад у працэс фармавання нацыі, размяжоўваючы вякамі тоесныя паняцці «паляк» і «католік»46. Шмат каму стала зразумела, што не ўсё каталіцкае насельніцтва Віленшчыны - палякі. У вачах многіх палітыкаў гэта выглядала пагрозай цэласнасці нацыі, а значыць і дзяржавы.

Становішча католікаў-беларусаў заўважна пагоршылася ў выніку заключэння 10 сакавіка 1925 года паміж Польшчай і Святым прастолам Канкардату47, які датычыў католіках-непалякаў. Згодна з артыкуламі Канкардату, пытанне аб выкарыстанні ў касцёле беларускай мовы ў кожным канкрэтным выпадку павінна было вырашацца канферэнцыяй біскупаў48. У хуткім часе новы рэжым Пілсудскага забараніў не толькі радыкальныя ТБШ, але і клерыкальна-ліберальны Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. «У нашым краі каталіцызм хварэе на польскі пануючы нацыяналізм», - пісала ў сваім перадавым артыкуле «Крыніца» (магчыма, аўтарам гэтых радкоў быў тагачасны галоўны рэдактар газеты Павел Каруза)49.

Паланізацыйная палітыка ўладаў найбольш ярка выявілася і ў пытаннях, якія датычылі перыядычнага друку. У перыяд са снежня 1922 года да 15 лістапада 1925 года (г.зн. амаль за тры гады) газета канфіскоўвалася 8 разоў50. З 1925 па 1936 год, па падліках аўтара, яна канфіскоўвалася не менш чым 24 разы51. Частыя канфіскацыі былі тыповай з'явай для таго часу і яскрава адлюстроўвалі сапраўднае стаўленне ўрада да выданняў нацыянальных меншасцяў.

Прычынай канфіскацый газет і арыштаў дзеячаў друку былі артыкулы і рэпартажы, у якіх раскрывалася праўдзівае стаўленне мясцовых органаў кіравання і ўрада ў цэлым да праблемаў беларусізацыі Касцёла і Царквы: «Праўда пра Жодзішкі», «Царква»...52. 14 красавіка 1926 года былы рэдактар «Крыніцы» Б.Туронак атрымаў абвінаваўчы акт за публікацыю ў газеце артыкула «Званіца ў Жодзішках» (аўтар - К.Сваяк)53. Праз месяц зняволення ў Лукішскай турме ён быў вызвалены пад заклад у адну тысячу злотых пад нагляд паліцыі.

Газета неаднаразова выказвала свой пратэст супраць дыскрымінацыі ксяндзоў-беларусаў. Між тым, з моманту прыходу ў 1925 годзе да кіраўніцтва Віленскай дыяцэзіяй біскупа Рамуальда Яблжыкоўскага54 стала звыклай практыка «перакідкі» актыўных барацьбітоў за беларусізацыю Касцёла ў Польшчу, за мяжу, у гарады з пераважна польскім насельніцтвам. Так былі высланы кс. У.Талочка, у Слонім - кс. А.Станкевіч, кс. Фр.Чарняўскі - у Парыж55, за мяжу вымушаны быў з'ехаць кс. доктар Я.Тарасевіч. Ціск з боку ўлады на ксяндзоў, якія размаўлялі па-беларуску, асабліва ўзмацніўся ў другой палове 30-х гадоў, калі за справу ўзяўся Корпус аховы граніцы56. У 1938 годзе былі высланы з Друі ксяндзы-марыяне Я.Германовіч, А.Цікота і інш.

«Крыніца» актыўна выступіла ў абарону ксяндзоў-беларусаў, як гэта было, напрыклад, з кс. В.Шутовічам, якога пазбавілі парафіі ў Браслаўскім павеце і перавялі вікарыем у Ліду. За афіцыйную прычыну гэтага рашэння выдавалася нібыта нянавісць да яго парафіянаў, кепская рэпутацыя сярод паважных людзей і суседніх ксяндзоў і, галоўнае, дзейнасць ва ўрон касцёла ў Ёдках. Але, на думку газеты, менавіта страх перад гучаннем беларускай мовы вымусіў арцыбіскупа прыняць жорсткія меры ў адносінах да чалавека «вельмі добрага», сапраўднага патрыёта зямлі беларускай. Бо нават у цяжкія ваенныя і рэвалюцыйныя гады, калі гарэлі двары, калі панавалі разбой і грабяжы, калі ксяндзы пакідалі свае парафіі, ксёндз Шутовіч заставаўся са сваім народам. «Які бедны ваш поп!» - казалі пра яго салдаты Чырвонай Арміі57.

За матэрыял аб жыцці і дзейнасці кс. Гадлеўскага58 ўвесь тыраж газеты быў канфіскаваны. Артыкул «Каталіцкі ксёндз у польскім астрозе» (без подпісу), які быў размешчаны на першай старонцы, красамоўна пацвярджаў факты злоўжывання ўлады ў адносінах да беларускіх ксяндзоў. Арышт і вынясенне прысуду (два гады турмы) кс. Гадлеўскаму суправаджаліся парушэннем многіх юрыдычных нормаў. Толькі біскуп меў права арыштаваць духоўную асобу. Пратэсты, накіраваныя на адрас арцыбіскупа і Сейма, не мелі поспеху59.

На старонках друкаванага органа хадэцыі змяшчалася таксама інфармацыя аб дзейнасці Беларускага Сеймавага Клуба, пасольскія інтэрпеляцыі і матэрыялы з судоў над удзельнікамі нацыянальна-вызваленчага руху, у тым ліку і Грамады60. У канцы 1928 г. Яблжыкоўскі асудзіў палітычную пазіцыю хрысціянскай дэмакратыі і забараніў беларусам-католікам уступаць у рады БХД і нават чытаць яе газету61. Сваё рашэнне ён матываваў «рэлігійным індыферэнтызмам і бальшавізмам»62 партыі.

Спробы барацьбы з незаконнымі дзеяннямі мясцовай улады законнымі метадамі былі неаднаразовымі. Так, толькі з 1922 па 1926 год беларускія паслы Сейма накіравалі 6 запытаў, якія непасрэдна датычылі «Крыніцы».

Па распараджэнні Урадавага Камісара г. Вільні быў канфіскаваны № 14 «Крыніцы» (1924 год) за карэспандэнцыю з месцаў Дукшты і Свір Свянцянскага павету. Дэпутаты Беларускага клуба адразу ж накіравалі запыт на імя Міністра Унутраных Спраў, дзе ў прыватнасці гаварылася, што становіцца небяспечным нават пісаць лісты сваякам па-беларуску, а жыць з прычыны вялізнай колькасці падаткаў і росту адміністрацыйнага апарату стала горш, чым «пры прыгонным рабстве»63.

Наступны запыт паслоў датычыў канфіскацыі № 28 ад 18 кастрычніка 1924 года за фельетон Янкі Маланкі «Пра што кажуць людзі»64.

Запыт аб канфіскацыі № 33 ад 16 лістапада 1924 года за артыкул «Яшчэ пра школу» заканчваўся пытаннем да Міністра Унутраных Спраў: «Ці мае ён намер загадаць Урадаваму Камісару ў г. Вільні спыніць рэпрэсіі ў адносінах да беларускіх выданняў?»65.

24 лютага 1925 года дэпутаты склалі запыт з прычыны «недастаўкі паштовымі ўстановамі беларускіх газет адрасатам». Сярод іншых прыводзіўся факты злоўжыванняў, якія датычылі «Крыніцы»66.

16 мая 1925 года быў канфіскаваны чарговы нумар газеты, і зноў мела месца рэакцыя беларускіх паслоў.

Але, напэўна, самым грунтоўным быў Запыт паслоў Клуба Сялянска-Рабочай Грамады па справе аб узрастаючым пераследзе беларускага друку. У ім адзначалася, што «ні ў адным выпадку з усіх (...) канфіскаваных нумароў газет і аднадневак (...) рашэнне ўрадавага камісара не было аб'яўлена ў час, указаны ў афіцыйных «Przepisach prasowych», і аб тым, што ўстанаўліваецца слежка за падпісчыкамі67. У Запыце таксама прыводзіліся канкрэтныя лічбы па канфіскацыі газет: са снежня 1922 года па 15 лістапада 1925 года было канфіскавана 49 нумароў пятнаццаці назваў заходнебеларускіх газет68.

Актыўную пазіцыю дэманстравалі ксяндзы і на сеймавай трыбуне. Выступаючы супраць ганенняў беларускіх ксяндзоў Шутовіча, Гадлеўскага і Рамейкі, А.Стаповіч заявіў наступнае: «Выглядае, што быццам мы жывем у Гонолюлю, а не ў дзяржаве канстытуцыйнай»69.

На жаль, канстытуцыйныя метады барацьбы за незалежны друк былі малаэфектыўнымі. Часта выдаўцы беларускіх газет нават не спрабавалі даведацца аб фармальнай прычыне прыпынення ці закрыцця газеты і пачыналі выдаваць газету пад новай назвай. Аналагічна зрабілі выдаўцы «Крыніцы», якая была закрыта ўладамі і ў верасні 1925 года пачала выходзіць пад новай назвай.

15 красавіка 1937 года рашэннем Віленскага акруговага суда «Беларуская крыніца» была ліквідавана.

Вынікі барацьбы за магчымасць рэалізаваць свабоду слова парламенцкімі метадамі даказалі іх неэфектыўнасць. Дэманстрацыя добрых намераў правячых кабінетаў Другой Рэчы Паспалітай ў вырашэнні нацыянальнага пытання так і засталася толькі дэманстрацыяй.

Надзеі на развіццё нацыянальнага руху, магчымасці актыўнага ўдзелу беларусаў праз дзяржаўныя структуры і Сейм у будаўніцтве дэмакратычнай дзяржавы пацярпелі фіяска. Да таго ж, з цягам часу, асабліва пасля майскага перавароту 1926 года, усё больш абвостранымі станавіліся метады барацьбы з праявамі беларускага Адраджэння, у тым ліку, у перыядычным друку. Так, А.Стаповіч, гаворачы, што Канстытуцыю 1921 года рабілі «навырост», але ў значнай частцы сваёй наадварот яшчэ далей адышлі ад прынцыпаў народаўладдзя, меў на ўвазе, у першую чаргу, усё больш частыя выпадкі прыгнёту і ўціску беларусаў70.

На прыкладзе «БК» відаць не толькі грубыя парушэнні свабоды друку, які быў неад'емнай рысай дэмакратычнай дзяржавы, але і тое, як з дапамогай газеты можна абараняць свае канстытуцыйныя заваяванні.

Асаблівай увагі заслугоўвае вывучэнне вопыту работы рэдакцыі з чытачамі. Уважлівыя, чулыя адносіны да чытачоў дапамаглі ў кароткі тэрмін заваяваць сваю нішу на рынку інфармацыйных паслуг і прадвызначылі поспех газеты. У якасці заахвочвання пазаштатных карэспандэнтаў ім бясплатна высылаліся нумары «Крыніцы». Рэгулярна друкаваліся спісы тых, хто ахвяраваў газеце грашовыя сродкі. Паступова вакол друкаванага органа сфармавалася ядро адзінадумцаў. На матэрыялах газеты было выхавана цэлае пакаленне беларусаў. Унікальнасць заходнебеларускага адраджэння якраз і заключаецца ў тым, што яму ўдалося ўцягнуць у сваю арбіту велізарную колькасць людзей з «нізоў», з сельскай мясцовасці.

Нягледзячы на тое, што кола падпісчыкаў і чытачоў газет было даволі абмежаваным, нельга недаацэньваць уплыў перыёдыкі на працэсы фармавання нацыянальнай самасвядомасці. А «Крыніца» па сваёй значнасці выходзіла далёка за рамкі друкаванага органа адной асобна ўзятай партыі. Яна была здабыткам усяго беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Асаблівую ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула аўтар выказвае доктару філалагічных навук Арсену Лісу.


  1. Sadowski A. Problematyka historyczna na łamach Białostockiego "Przeglądu Kresowego" / W środowiska historyczne II Rzeczypospolitej. W-wa. 1987. Cz. II. S. 211.
  2. Сідарэвіч А. З Айчынай і Богам у сэрцы. / В.: Вяртанне маўклівая споведзь. Мн. 1994. С. 210.
  3. Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. W-wa. 1994. S. 62; Станкевіч А. Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Бел. Гіст. Часопіс. 1995. № 2. С. 110.
  4. Łopalewski T. Między Niemnem a Dzwiną. Poznań. S. 46.
  5. Пасольскі клуб быў створаны ў 1922 годзе пасламі і сенатарамі Cойма ад беларускіх партый.
  6. // Беларуская доля. 25 сакавіка 1925 г. С. 2.
  7. Мальчарек Т. Пресса в политической системе общества (на примере Польши 1918-1938 гг.). М., 1991. С. 46, 48.
  8. Mysłek W. Kościół katolicki w Polsce w latach 1918-1939. W-wa. 1966. S. 447.
  9. Аўтарам гэтых радкоў, магчыма, з'яўляецца Альбін Стаповіч (Стэповіч), які падпісваўся ініцыяламі Al.S.: Al.S. B.Ch.D. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 36.
  10. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 40.
  11. // Białoruskaja Krynica. 1928. № 54.
  12. Прадмова дэп. кс. А.Стаповіча ў Сойме дня 28.ІV. // Беларуская доля. 1925. 6 траўня.
  13. Al.S. B.Ch.D. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 36.
  14. Рагуля В. Успаміны. Менск. 1993. С. 29; Туронак Ю. Трагізм і загадкавасць лёсаў // Наша вера. 1996. № 1. С. 24-31.
  15. Падрабязней пра яго гл.: Туронак Ю., Язэп Германовіч - сьвятар і пісьменьнік // Наша вера. 1996. № 1. С. 49-50.
  16. Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2. С. 194.
  17. Al.S. B.Ch.D. // BK. 1927. № 36.
  18. Рагуля В. Успаміны. С. 40.
  19. Мыслек В. Беларускае пытанне ў каталіцкай публіцыстыцы ІІ Рэчы Паспалітай // Беларусіка. Кн. 3. Мн. 1994. С. 255.
  20. Al.S. // BK. 1927. № 46.
  21. Рагуля В. Успаміны. С. 22.
  22. У артыкуле Вабішчэвіча А. памылкова ўказаны год нараджэння 1892. Гл.: Вабішчэвіч А. «...Беларусы маюць законы толькі на паперы...» // Бел. Гіст. Часопіс. 1995. № 2. С. 107.
  23. Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej (1918-1939). W-wa. 1990. S. 118-119.
  24. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 17, 20.
  25. Пазней А.С. супрацоўнічаў з органам беларускіх народных сацыялістаў «Новы шлях», шмат друкаваўся ў «Pzreglądzie Wileńskim». Гл.: Глакоўская А. Кар'еру пачынаў у Цеханоўцы // Спадчына. 1994. № 6. С. 13-18.
  26. Аб гэтым падрабязней гл.: Sprawy Narodowościowe. 1931. № 1. S. 103.
  27. Залог единения - правда (беседа с В.Колесником) // Неман. 1992. № 9. С. 161-162.
  28. У працы польскага прафесара Е.Трачука прапушчаны прозвішчы двух першых рэдактараў, гл.: Traczuk J. Prasa białoruska w II Rzeczypospolitej (1918-1939). // Studia polono-slavica-orientalia. Acta litteraria XIII. W-wa. 1992. S. 283.
  29. Traczuk J. Opus cyt. S. 257-313.
  30. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 36.
  31. Луцкевіч Л. Вільня // Неман. 1992. № 2. С. 151.
  32. // Савецкая Беларусь. 1925. № 59. С. 2.
  33. Мутацыі - мясцовыя, відазмененыя выданні сталічных газет, якія з'явіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля 1927 года.
  34. Notkowski A/ Polska prasa prowincjonalna Drugiej Rzeczypospolitej (1918-1939). W-wa. Łodz. 1982. S. 280, 307, 327.
  35. Paczkowski A. Prasa Polska w latach 1918-1939. W-wa. 1980. S. 360.
  36. Маюцца на ўвазе выданні самаакупныя, фінансава незалежныя ад дзяржавы і грамадска-палітычных арганізацый, якія дзейнічалі з мэтаю атрымання прыбытку ад рэaлізацыі накладу.
  37. Mironowicz E. Prasa białoruska pod okiem rosyjskiej i polskiej cenzury // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1996. № 1. S. 72.
  38. Notkowski A. Opus cyt. S. 445.
  39. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 1. S. 4.
  40. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 7. S. 5.
  41. // Przegląd Wileński. 1927. № 8. S. 1.
  42. Падрабязней пра яго гл.: Stankiewic Ad. Kazimir Swajak // Białoruskaja Krynica. 1926. № 6. S. 1-3.; Swietazar K. Swajak, jak paet relihijny // Białoruskaja Krynica. 1926. № 20. S. 2-7.
  43. Б.п. Да першай гадавіны смерці верш К.Сваяка // Б.К. 1927. № 19. S. 1.
  44. Залог единения - правда... С. 162.
  45. Беларускі каляндар. 1993. Мн. 1992. С. 103.
  46. Гэтая думка выказвалася таксама ў: Łopalewski T. Opus cyt. S. 46.
  47. У перакладзеным А.Вабішчэвічам дакладзе А.Станкевіча памылкова ўказваецца 1924 год. Гл.: Станкевіч А. Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Бел. Гіст. Часопіс. 1995. № 2. С. 115.
  48. Gomólka K. Opus tvt. S. 127.
  49. // Białoruskaja Krynica. 1927. № 14. 1 krasowika. S. 1.
  50. Запыты беларускіх паслоў у польскі Сейм 1922-1926 гг. Мінск. 1927. С. 353.
  51. Падставай для падлікаў паслужыла публікацыя С.Жынкінай і змяненні, унесеныя супрацоўнікам НАРБа А.Н.Гусь. Гл.: Жынкіна С. Зводны каталог віленскіх беларускіх газет, выдадзеных у 1917-1940 і выяўленых у бібліятэках, архівах, музеях і прыватных калекцыях г. Мінска // Вяртанне-2. Мн. 1994. С. 193-207.
  52. // Савецкая Беларусь. 1925. 26 чэрвеня, 12 жніўня, 3 сьнежня.
  53. Тамсама. 1926. 23 красавіка.
  54. Б.п. Pierszy arcybiskup i biełarusy // Б.K. 1926. № 30. S. 1.
  55. Чарняўскі У. Беларусаў не спыталі // ЛіМ. 27.10.1998. С. 15.
  56. Навіцкі У.І. Канфесіянальная палітыка ў Заходняй Беларусі / У кн.: Канфесіі на Беларусі. Мн., 1998. С. 203.
  57. Б.п. Krycacaja niesprawiadliwaśc // Б.K. 1927. № 4. S. 1.
  58. Аўтабіяграфічны нарыс аб жыцці і дзейнасці кс. В.Гадлеўскага быў апублікаваны ў 13, 14 і, магчыма, 15 нумарах «Беларускай Крыніцы» ў 1928 годзе.
  59. Białoruskaja Krynica. 1927. № 14.
  60. Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада - найбуйнейшая партыя міжваеннай Заходняй Беларусі (1924-1928), рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару.
  61. Мыслек В. Беларускае пытанне ў каталіцкай публіцыстыцы ІІ Рэчы Паспалітай // Беларусіка. Кн. 3. Мн. 1994. С. 256; Сидоревич А., Антон Луцкевич // Неман. 1990. № 7. С. 56.
  62. Прамова Альбіна Стаповіча ў Сойме // Спадчына. 1994. № 6. С. 22.
  63. Запыты... С. 96-97.
  64. Тамсама. С. 154-157.
  65. Тамсама. С. 171-173.
  66. Тамсама. С. 240-242.
  67. Тамсама. С. 354-355.
  68. Тамсама. С. 353.
  69. Прадмова дэп. кс. А.Стаповіча ў Сойме дня 28.ІV. // Беларуская доля. 6 траўня 1925 г.
  70. Stepowic Al. Kala zmieny Kanstytucji // BK 1928. № 42. S. 1.

    *Аб прычыне перайменавання партыі ёсць некалькі меркаванняў. На думку В.Ладысева, «для таго, каб падкрэсліць свецкі характар партыі, прэтэнзію на аднаасобнае прадстаўніцтва беларускага народа, БХД была перайменавана ў Беларускае нацыянальнае аб'яднанне». (Ладысев В. В те трудные годы... // Советская Белоруссия. 1990. 5 сентября.) Віленскі часопіс «Sprawy Narodowościowe» звязаў перайменаванне газеты з працэсам «пошукаў дарог да папулярнасці ў масах». (// Sprawy narodowościowe. 1931. # 1. S. 103.) Але аўтару бліжэй выснова пра тое, што гэта адбылося ў выніку нармальнай эвалюцыі партыі ад хрысціянскай да радыкальнай народнай. (Holzer J. Mozaika polityczna Drugiej Rzeczypospolitiej. W-wa. 1974. S. 552.)