Паплылі ўспаміны. У далёкім дзяцінстве (пачатак 1950-х гадоў) мама вучыла шанаваць Бога. Я ведала, што як вязуць ксяндза да хворага, трэба стаць на калені, бо ксёндз вязе Бога. Толькі маё дзіцячае сэрца не хацела мірыцца з тым, што вязуць Бога. Я ж Яго не бачыла. Для мяне Богам быў ксёндз.
Памятаю, як кожны вечар прасіла маму, каб пайсці да суседкі — цёткі Гілены. Ёй родныя з Варшавы прыслалі здымкі, на якіх былі дзеці з ксяндзом у Першай Святой Камуніі. Як я зайздросціла тым дзеткам! Як мне хацелася быць на месцы адной з дзяўчынак, якую прыхінуў да сябе ксёндз! Даўно памерла цётка Гілена. Яшчэ раней загінулі ў пажары тыя здымкі, а я і сёння бачу твары тых шчаслівых дзяцей, твар ксяндза, колер стулы, комжу...
У мяне няма здымка са сваёй Першай Камуніі. Ёсць памяць пра вельмі прыгожы сонечны дзень. Высока ў небе спяваў жаўрук. На мне — новая паркалёвая сукенка, новыя чаравікі. Трымалася за маміну руку. Усю дарогу (6 кіламетраў) паўтарала катэхізм. Вельмі хацелася, каб пахваліў ксёндз. Так і здарылася. У той дзень не было нікога шчаслівейшага за мяне.
У хуткім часе касцёл наш зачынілі, а ў школе сказалі, што Бога няма.Толькі мама, мая мудрая разважлівая мама, працягвала быць для мяне добрай катэхеткай.Спакойна, але настойліва тлумачыла, што без Бога няма жыцця, да споведзі вадзіла ў далёкі Будслаў, разам мовілі Ружанец. Аднойчы яна ўзяла мяне з сабой на сход у клуб. Да трыбуны падыходзілі па чарзе нейкія начальнікі, штосьці чыталі з паперак. Ідучы дадому, я спытала ў мамы: «Чаму ксёндз кажа навуку доўга без паперкі, а яны коратка, ды чыталі?» Ні секунды не раздумваючы, яна адказала: «Ксёндз гаворыць праўду, а праўда ўсё жыццё адна, а яны маняць, а мана кожны дзень новая».
Касцёл наш перастаў быць Божым Домам у 1963 г. Ператварылі яго ў склад, бо цесна зрабілася ў тых складах, якія меліся на тэрыторыі спіртзавода. Унутры касцёла ездзілі на трактарах, на машынах, а на дзіравым даху раслі бярозкі. Адна расла каля званоў. Ніхто яе не паліваў, ніхто не падсыпаў зямлі пад карані, толькі моцны вецер ірваў з яе жоўтае лісце ды гайдаў так, нібы хацеў вывернуць з каранямі, скінуць уніз. А яна, схіленая долу, як маці над труной памерлага сына, расла, набіралася моцы, як доказ, што ніякая сіла не можа знішчыць тое, што жыве на падмурку, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.
У 1989 годзе бярозка развіталася са сваім жыццём. Развіталася з радасцю, дачакаўшыся перамены ў жыцці святыні. 2 лютага ксёндз Уладзіслаў Завальнюк урачыста расчыніў дзверы Божага Дома ў Параф’янаве, перадаў ключы ксяндзу Пятру Ясевічу з Ваўкалатаў. Амаль два гады вяртаў нас да жыцця з Богам усімі любімы, усімі паважаны ксёндз Пётр. На пачатку кастрычніка 1991 года да алтара выйшлі два ксяндзы. Ксёндз Пётр сказаў: «Гэта ваш каплан. Будзе ў вас працаваць». У той дзень ксёндз Тадэвуш адправіў сваю першую Святую Імшу ў нас. Я глядзела на яго і думала: «Зусім малады. Што ён будзе рабіць з нашымі скалечанымі душамі, у нашым скалечаным касцёле? Ці дасць якой рады?» Праз некалькі дзён з Гродзеншчыны, дзе раней працаваў ксёндз Тадэвуш, прыехалі парафіяне павіншаваць яго з Днём Анёла. Я бачыла шчырыя слёзы ў вачах гэтых людзей. Яны вельмі добра ведалі, каго страцілі...
Ішоў час. З кожным днём прыгажэў наш Дом Божы.Сёння нельга схаваць усё тое, што зроблена за гэты час. Апісаць усё нельга. Трэба ўбачыць. У кожным куточку касцёла, на кожнай пядзі зямлі вакол яго можна ўбачыць працу нашага любага ў Хрысце Пану айца Тадэвуша, зразумець яго душу. Мы вельмі ўдзячныя Пану Езусу за тое, што паклікаў за сабой айца Тадэвуша, удзячныя яго бацькам, што падаравалі яму жыццё, а нам каплана.
Будзем шанаваць святароў, бо яны нам дадзены Богам, а Бог на гэтую працу бярэ толькі таго, у каго вельмі прыгожая душа, у каго вельмі добрае сэрца, хто сапраўды любіць Бога і свайго бліжняга.
в. Сітцы Докшыцкага раёна.