– Ксёндз Казімір, наколькі вялікі Ваш вопыт капеланскага служэння?
– Усяго два гады як я капелан гродзенскай турмы строгага рэжыму. Працую па прызначэнні і з благаславення біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча. Праца цікавая і вельмі патрэбная. Турма мае камерную сістэму, дзе знаходзіцца каля 1200 чалавек, пачынаючы з 14 гадоў. Ёсць тут мужчынскае і жаночае аддзяленні.
– Як часта Вы наведваецеся ў турму?
– Бываю я там кожны дзень. Асноўная мая праца – катэхізацыя, г. зн. падрыхтоўка людзей да святых сакрамантаў: хросту, споведзі, Святой Камуніі, шлюбу.
– У турме – шлюб?
– Так. У мінулым годзе, напрыклад, быў у нас шлюб: хлопец і дзяўчына, вязні гэтай турмы, вырашылі стварыць сям’ю.
– Шмат працы ў капелана?
– Дзякуй Богу, многія з гэтых няшчасных ідуць да Бога, прагнуць Бога. У 2002 годзе, напрыклад, сакрамант хросту атрымалі 29 чалавек і каля 200 паспавядаліся. У гэтым годзе ахрысціў ужо больш за 30 вязняў, а паспавядаў намнога болей, чым у мінулым годзе. Бываюць чэргі на споведзь такія, што не паспяваю ўсіх прыняць. Думаю, хутка будзем адпраўляць там і Святую Імшу – чакаем Імшала на рускай мове. Распаўсюджваем таксама хрысціянскую літаратуру, паказваем відэафільмы. Жыхарам гэтых мясцін хапае часу, каб нешта пачытаць і задумацца аб вечных каштоўнасцях.
– Хто яны, у большасці сваёй, гэтыя навернутыя да Бога?
– У большасці сваёй гэта непаўналетняя моладзь. Як правіла, усе яны з дрэнных сем’яў – бедныя заблукалыя авечкі. А вось тыя, хто сядзіць там па 10–20 гадоў, вельмі рэдка навяртаюцца. Гэта ў асноўным людзі з хворай псіхікай і вельмі жорсткай душой. На жаль, і такіх шмат.
– Задумваючыся над асобай укрыжаванага на Кальварыі разам з Езусам злачынцы, які потым навярнуўся і раскаяўся, разумееш, што адбылося гэта не без удзелу Духа Божага. У той грэшнай натуры засталося месца для дзейнасці гэтага Духа. Напэўна, у душах большасці з сённяшніх злачынцаў таксама ёсць месца для справаў Духа Святога. Але з імі трэба весці спецыяльную працу...
– Адразу дадам: павінна быць малітва. Ім яна патрэбная як нікому. Таму я вельмі прасіў бы ўсіх вернікаў, каб памяталі ў сваіх малітвах пра гэтых няшчасных, за якіх наш Збаўца Езус Хрыстус таксама пайшоў на Крыж. Што тычыцца асабістай працы з імі, гэта было б цудоўна. Раней хадзілі ў гэту турму дзве законніцы, але цяпер не ходзяць. Сюды б яшчэ двух ці трох капеланаў...
– А можа б і свецкіх людзей, напрыклад, з Легіёну Марыі?
– Чаму не? Вельмі было б добра.
– Ксёндз Казімір, наколькі сёння складана трапіць у турму ў якасці капелана альбо прапаведніка?
- Мая праца капелана пачыналася з наведвання турмы раз на тыдзень. Адразу зразумеў, што гэтага недастаткова. Пачаў весці перамовы з кіраўніцтвам гэтай установы аб пашырэнні нашай сумеснай працы. Звярнулі мы ўвагу і на матэрыяльныя праблемы. Дзякуючы дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Renovabis» купілі сюды тэлевізар, відэабібліятэку, электраарган, дрэваапрацоўчыя станкі. Карацей кажучы, хто стукае, таму адчыняюць, хто просіць, таму даюць...
– Можаце прыпомніць з Вашай капеланскай практыкі навяртанне, падобнае да прыкладу добрага злачынцы з Евангелля?
– Думаю, што гэта параўнанне як найлепей падыходзіць да таго, што я нядаўна ўбачыў і перажыў. Некалькі гадоў таму ў Ашмянскім раёне рабаўнікі закатавалі двух старых людзей. Вымагаючы грошы, яны прыбілі няшчасных да сцяны. Бандытаў хутка знайшлі і пасадзілі. Аднаго з іх я потым спавядаў. Гэта непаўналетні юнак, цыган. Ён вельмі шчыра шкадаваў за ўчыненае злачынства. Думаю, гэты жаль пройдзе з ім праз усё жыццё.
– Нядаўна па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра пажылога чалавека, які раней ужо быў асуджаны. Ён ударыў іншага па галаве абухом сякеры, каб зноў сесці ў турму. На пытанне, навошта яму гэта, ён адказаў, што там цёпла і есці даюць. На жаль, гэта горкая праўда жыцця і, напэўна, Вы таксама сустракаеце такіх людзей?
Безумоўна. Ёсць нямала тых бедакоў, каму няма куды пасля турмы ісці – не маюць родных, як, напрыклад, выхаванцы дзіцячых дамоў, альбо родныя памерлі, пакуль ён сядзеў, ці нават адмовіліся ад «зэка». Я з такімі часта падоўгу размаўляю, вучу, настройваю на добрае. У адказ нярэдка чую: «Добра ксяндзу разважаць, калі ўсё добра ў жыцці, а каму я патрэбны?! Хоць з турмы не выходзь...»
– Дзе тут выйсце?
– Вельмі патрэбны дамы апекі, каб чалавек мог хаця б крыху адаптавацца на свабодзе. Трэба дапамагчы яму не толькі матэрыяльна, але маральна і духоўна, скіраваць на добрую дарогу.
– Застаецца толькі марыць...
- А таксама спадзявацца і не губляць надзеі.
–Ксёндз Казімір, я ведаю, што Вы з’яўляецеся капеланам не толькі ў гродзенскай турме, але і ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, ці, як яго па-руску называюць, ЛТП. Раскажыце і пра гэтую працу.
– Раз на тыдзень я езджу ва ўстанову для п’яніцаў і алкаголікаў пад Наваградкам. Цяпер там сядзяць 1150 чалавек. Менавіта сядзяць, бо працы для іх няма. Адпраўляю Святую Імшу, на якую прыходзіць не больш за 40–50 чалавек. Шчыра скажу, што з гэтымі людзьмі працаваць нашмат цяжэй, чым з вязнямі ў турме. Алкаголь страшна псуе душы.
Раз на тыдзень езджу ў такую ж установу ў Іўі. Там знаходзіцца 1100 чалавек. Карціна амаль што аднолькавая, але не безнадзейная. Гэтым людзям патрэбна пастаянная духоўная падтрымка, і вядома ж, прыезд ксяндза раз на тыдзень – гэта што кропля ў моры...
- Спрадвечная праблема – працы многа, а працаўнікоў мала...
– Але яшчэ раз нагадваю, што кожны вернік можа дапамагчы гэтай справе сваёй малітвай. Галоўнае – не быць абыякавымі да нашай агульнай бяды.
– Вялікі Вам дзякуй за размову. Няхай міласэрны Бог і Найсвяцейшая Панна Марыя дапамагаюць Вам у гэтай нялёгкай, але вельмі патрэбнай справе.