Марыя Гербедзь
БУКЕТ ДЛЯ НЯБЕСНАЙ МАЦІ

Букет для Нябеснай Маці
Складу я з кветкаў найлепшых.
У ім будзе блакіт нябёсаў
І зелень лугоў, лясоў.
Букет для Нябеснай Маці
Складу я з песняў і вершаў,
Складу я з пачуццяў узнёслых,
Са шчырых ад сэрца слоў.

У букет для Нябеснай Маці
Вазьму чысціню лілеі,
Вазьму я рамонак белы
І кветачкі васількоў.
Букет для Нябеснай Маці
Складу я з сваёй надзеі,
Складу я з адданай веры,
Дадам да ўсяго любоў.

Прыйду да Марыі, укленчу,
Схілю галаву і плечы —
Мой сціплы букет прымі,
Дзяцей сваіх абдымі.

Марыя Гербедзь
ДА МАЦІ БОЖАЙ БАЛЕСНАЙ

Як Ты вытрывала, скажы,
Калі Сын Твой канаў на крыжы?
І аплёваны, і скалечаны,
Паміраў за грахі чалавечыя.
Як жа сэрца Тваё балела,
Калі ўсклалі на рукі Цела.
Цела Сына Твайго адзінага,
Найчысцейшага і нявіннага.

Як жа веры ў Табе было многа
У магутнага, добрага Бога.
Як жа многа было пакоры,
Каб прыняць волю Божую ў горы.
Як жа многа любові было,
Калі сэрца яшчэ ўсё жыло,
Калі Сына Свайго пахавала,
А забойцам Яго даравала.

Марыя Гербедзь
ЦАРЫЦЫ НЕБА І ЗЯМЛІ

Узношу твар да неба
Я ў захапленні.
Адчуваю дотык
Сонечных праменняў.
Недзе там далёка,
Пасярод аблокаў,
Ты сядзіш на троне
Ў залатой кароне.

Ты Царыца Свету:
Зямлі і Нябёсаў.
Да Цябе і Сына
Молімся мы ўзнёсла.
Ты усім нам Маці,
Добрая Матуля.
Ты заўжды сагрэеш,
Да грудзей прытуліш.

Ты дзяцей люляеш
На сваіх рамёнах.
Творцу памагаеш
Працаваць Ты плённа.

Дзякуй Табе, Маці,
Любая Матуля,
Што даеш мне ўведаць,
Хто я і адкуль я,
Што дзіцём я Божым
Сябе адчуваю,
Дзякуй Табе, Маці,
Я Цябе ўслаўляю!

Станіслаў Шыманоўскі
У БЕЛУЮ НОЧ

У Будславе ўражвае вельмі глыбока
Працэсіі чын сярод лёгкага змроку...
Дрыготкіх агеньчыкаў бляск незлічоных
Расквеціць прастор прад абліччам Мадонны.
І вобраз, адметны сваім супакоем,
З Алтара сыходзіць на поле святое.
Жывое, агністае мора ўрачыста
За вобразам услед пацячэ прамяністым,
Утворыць ланцуг зіхатлівы, вясёлы,
Нарэшце замкнецца ў шырокае кола,
Жывая рака тут паволі ўпадае
У мора людское — адкуль выцякае...
А потым і месца, дзе вобраз той Чысты,
Аздобіць вянок з аганькоў залацістых,
Бо кожны святар пры Цудоўным Алтары
Агеньчык не гасіць і ў часе Ахвяры.
Пялёсткі святла зберагуць святары
Пры сэрцах сваіх, да новай зары.
Дзівосная ноч, пры запаленых свечках,
Найлепшы для ўсіх напамінак аб вечным!

Ала Петрушкевіч
ТРЫЯЛЕТЫ

Пякнейшы за лілеі цвет
ці створыць чалавек узор?
Не быў шыкоўны царскі строй
пякнейшы за лілеі цвет.
Уздымешся да самых зор —
як на далоні белы свет.
Пякнейшы за лілеі цвет
ці створыць чалавек узор?

Ала Петрушкевіч
***
Стаць дрэвам з добрымі пладамі,
зямлёю-маці для зярнят —
у сэрцы шчырае жаданне.
Стаць дрэвам з добрымі пладамі.
Па веры нашай — нам вяртанне,
пачутае Тварцом літанне:
стаць дрэвам з добрымі пладамі,
зямлёю-маці для зярнят.

Аркадзь НАФРАНОВІЧ
НАШ БОЖЫ ХРАМ
Да 400-годдзя камайскага касцёла
св. Яна Хрысціцеля

На ўзгорку вясёлым камайскі касцёл
Чатыры стагоддзі красуе.
І сонца, галактыкі слаўны пасол,
Святло яму шчодра даруе.

Чатыры вякі... столькі бур-завірух
Мінула і канула ў Лету.
А Храм наш жыве, яго звон не заглух,
Ён звоніць – і чутны ён свету.

Капліца, на хорах арган, алтары
Ды фрэскавы роспіс скляпенняў.
Святлеюць ад іх і малы, і стары,
Тут нельга не быць у здзіўленні.

І готыкі, і рэнесансу тут дух,
Усё змайстравана так гожа!
Нібы ганаровая варта – наўкруг
Рады пышных дрэў з ласкі Божай.

Сівой даўніны на усім тут пячаць,
Нат шведскія ядры у сценах.
Храм кожнага з нас будзе век узрушаць –
Любоў да яго ў нашых генах.

Імша – і малітвы імкнуць да нябёс,
І чуюцца спевы анёлаў.
У душах людзей ажывае Хрыстос –
І дужым становіцца кволы.

Храм Божы на нашай прыгожай зямлі
У неба крыжы узнімае.
Праз іх і ў далёкім мінулым былі
Вядомыя свету Камаі.

І як нам не помніць і ў дні перамог,
І ў час нашых дум невясёлых:
Да Бога вядзе вечна тая з дарог,
Пачатак якой ля касцёла.