Cумна, але ў наш час хуткага прагрэсу і ўрбанізацыі людзі, асабліва ў буйных гарадах, забываюцца пра старыя беларускія традыцыі. Асабліва гэта датычыцца калядавання. Не так часта, як таго хацелася б, бачыш, як у вёсках людзі, калядуючы, ходзяць па хатах. Што ўжо, здаецца, гаварыць пра вялікія гарады. Але, на шчасце, нават у Мінску моладзь актыўна падтрымлівае і развівае гэты цудоўны хрысціянскі звычай. Ці думалі нашы продкі ў далёкую даўніну, што іх нашчадкі будуць калядаваць на шматлюдных вуліцах у цэнтры горада і спяваць калядкі ў метро? Мабыць, не. Парафіяльная моладзь архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі штогод выходзіць на вуліцы Мінска, каб сваімі спевамі абвяшчаць людзям пра тое, што нарадзіўся Хрыстус. Не забываюцца таксама і адпаведна пераапрануцца, каб мець выгляд сапраўдных калядоўшчыкаў. Касцюмы ж у моладзі, трэба зазначыць, вельмі разнастайныя! Хлопцы і дзяўчаты перапранаюцца ў біскупа, Марыю, Юзафа, анёлаў. Але, безумоўна, сярод вялікай пярэстай грамады вылучаецца прыгожая калядная зорачка. Няцяжка здагадацца, якія разнастайныя пачуцці ўзнікаюць у людзей на вуліцах, калі яны бачаць калядную моладзь у такіх касцюмах!

Калядуюць, зазвычай, два дні: у першы ходзяць па касцёлах, а на другі дзень наведваюць законных сясцёр. Куды б ні прыйшлі калядоўшчыкі, яны паказваюць цікавую, смешную, але адначасова павучальную сцэнку, спяваюць песні і складаюць свае самыя шчырыя віншаванні і пажаданні. Гаспадары ж, у сваю чаргу, вельмі цёпла прымаюць гасцей: частуюць смачнымі стравамі, а часам самі спяваюць песні і праводзяць конкурсы!

Каб патрапіць да кагосьці, трэба праехаць на грамадскім транспарце. А як падчас калядавання не скарыстаць магчымасць і не праехаць у метро за добра спетую калядную песню? Дзякуючы дабрыні і шчырасці кандуктараў гэта стала магчымым. У спевах моладзі заўсёды дапамагаюць кіраўнік парафіяльнага хора «Gloria» Зося Голуб і святар – яны таксама прымаюць актыўны ўдзел у калядзе. Адчуваеш сябе сапраўдным пастушком, спяваючы песні сярод шматлікіх людзей у метро ці тралейбусе! Заўсёды спадзяешся, што, можа, менавіта праз гэтыя спевы, шчырыя ўсмешкі і шчаслівыя вочы калядоўшчыкаў людзі адкрыюць сэрцы для Божай Любові, інакш зірнуць на сваё жыццё.

Бясспрэчна, рэакцыя на такую з’яву бывае вельмі розная. Хтосьці глядзіць з захапленнем і ўдзячнасцю, а хтосьці з непаразуменнем і нават варожасцю. Але я цвёрда ведаю адно: гэта цудоўна, што ў наш час моладзь падтрымлівае беларускія хрысціянскія традыцыі, нясе людзем згадку пра Божае Нараджэнне. Спадзяюся, што калісьці гэта традыцыя, як і вера, цалкам адродзяцца на нашай зямлі. Вясёлае калядаванне прыносіць шмат радасці і прыемных успамінаў яго ўдзельнікам, бо іх сэрцы палымнеюць вялікай любоўю, што не дае ім замерзнуць нават у халодныя зімовыя дні. Ці ж гэта не адзін з калядных цудаў?

Ларыса Дарашэнка.