У 2000 годзе сотні тысяч пілігрымаў наведалі Рым, каб у базыліках і касцёлах Вечнага горада атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў у Юбілейным годзе хрысціянства. Так адбываецца ўжо 700 гадоў з таго часу, як Папа Баніфацый VIII (1294–1303) у 1300 г. зацвердзіў Першы Сусветны Юбілейны год. Але наведаць Рым, нават за цэлы год, усім католікам свету было б даволі складана, таму каталіцкія касцёлы зацвярджаюць на тэрыторыі сваіх краін тыя касцёлы і базылікі, дзе можна атрымаць адпуст. І ўсё ж вернікі імкнуцца ў цэнтр хрысціянства. Некалькі тысяч пілігрымаў з Беларусі наведалі славутыя рымскія святыні. У гэтым нумары мы пачнем аповед пра рымскія юбілейныя базылікі.

Арганізатарам афіцыйных пілігрымак па сямі юбілейных рымскіх базыліках у 1534 г. быў будучы святы Філіп Нэры. Яму належыць хрысціянская ініцыятыва наведваць базылікі святога Пятра, святога Паўла за гарадскімі мурамі, святога Яна Хрысціцеля на Латэранскім узгорку, святой Марыі Вялікай, святога Себасцьяна, святога Лаўрэнція ў Верана і святога Крыжа Ерузалемскага. Калі нейкія абставіны, напрыклад, рэстаўрацыйныя работы, не дазвалялі наведаць адну з гэтых святыняў, яна замянялася базылікай меншай Святой Марыі за Тыбрам.

З нагоды Юбілею 1350 года знакаміты італьянскі паэт Франчэско Петрарка натхнёна апісаў этапы пілігрымкі ў Святым горадзе.: «Калі нарэшце прыбудзеш у Рым, наўрад ці палюбіш іншы горад... Пілігрым наведае грабніцы апосталаў, пройдзе па зямлі, напоўненай святою крывёю мучанікаў, убачыць выяву ліка Хрыста Пана, захаванага на пакрывале або адлюстраванага на сценах базылікі маці ўсіх храмаў (маецца на ўвазе базыліка святога Яна Хрысціцеля на Латэранскім узгорку),разгледзіць там выяву адсечанай галавы Яна Хрысціцеля, увойдзе ў Святое Святых, невялікае месца, поўнае нябеснай ласкі; наведае Ватыкан і могілкі Калікста, напоўненыя блаславёнымі касцямі; задумаецца над месцам, дзе быў укрыжаваны Пётр і дзе пралілася кроў Паўла, і месцам, дзе знакам летняга снегу было адзначана заснаванне цудоўнага храма і ў ім (у базыліцы Святой Марыі Вялікай) убачыць выяву Збавіцеля».

Адзначым, што за 13 гадоў да гэтага Петрарка аплакваў спусташэнне і страчаную веліч Рыма, бо гэта быў так званы «перыяд Авіньёнскага знявольвання» рымскіх першасвятароў, і Рым прыйшоў у заняпад. Знешні выгляд горада быў варты жалю. Агароды, вінаграднікі і хаткі мясціліся сярод руінаў; яны былі паселішчам сярод пусташы і ніяк не абліччам горада. З вяртаннем Рымскага Папы і адраджэннем Двара Рымскага Першасвятара пачалося поўнае і сапраўднае адраджэнне горада.

Як вядома з гісторыі хрысціянства, месцам пропаведзі Езуса і малітвы першых хрысціянаў быў старажытны храм у Ерузалеме. Хрыстовы паслядоўнікі і апосталы маліліся ў бабінцы Саламона, паказваючы гэтым непарыўнасць і пераймальнасць старазапаветнай і новазапаветнай традыцый. Аднак хрысціяне збіраліся і ў іншых месцах – у першую чаргу, у дамах сваіх багатых сабратоў па веры для адпраўлення асаблівых, новазапаветных набажэнстваў.

Звычайна выкарыстоўваўся найбольш ціхі пакой – ікас (бібліятэка). З пачаткам пераследу для набажэнстваў пачалі выбіраць больш адасобленыя месцы – катакомбы, падземныя могілкі (напрыклад, у Рыме). Катакомбавыя службы адыгралі вялікую ролю ў фармаванні сучаснага набажэнства. Супаставім, напрыклад, звычай маліцца па начах, калі была меншая верагоднасць з’яўлення варты, і сучасныя Калядныя набажэнствы; сімвалічныя насценныя роспісы першых хрысціянаў і сучасныя фрэскі, абразы, дзе галоўным ёсць менавіта сімвал, вобраз; і галоўнае – богаслужэнне каля трунаў пакутнікаў, каля іх святых парэшткаў, што вельмі трывала ўвайшло ў рэлігійную традыцыю. У паганскім разуменні замагільнага свету душы мёртвых заставаліся непадалёку ад месца свайго пахавання і ўсяляк шкодзілі жывым, і таму могілкі рабілі як мага далей ад людскога паселішча або глыбока ў зямлі – так з’явіліся катакомбы. А вось першыя хрысціяне ў служэнні падкрэслівалі сваё адзінства з памерлымі, верылі, што яны нябачна прысутнічаюць на сходзе, удзельнічаюць у агульнай малітве, стаяць перад Богам. Адсюль і ідэя Хрысціянскай Царквы не проста як сходу жывых, але і памёрлых святых папярэднікаў, таму што «Бог не ёсць Бог памёрлых, але жывых» (Мц 22, 32), гэта значыць, што для Бога ўсе жывыя.

На пачатку IV ст. імператар Канстанцін Вялікі спыніў пераслед хрысціянаў, і для служэння Богу яны выбралі найбольш прыстасаваны тып пабудовы, якім была базыліка. Слова гэтае азначае «царскі дом». У пярэдняй частцы базыліка мела апсіду – паўкруглы выступ, дзе знаходзіўся пасад валадара. На гэтым месцы хрысціяне ўзвялі Пасад Валадара Нябеснага, знак Яго ўлады. Па традыцыі ў аснаванні пасаду або зверху змяшчалася частка святых рэліквій. Гэтая ўзвышаная частка храма атрымала назву алтар, што азначае ўзвышаны ахвярнік. Падобна да таго, як у старазапаветным Храме Святая Святых аддзялялася ад свяцілішча завесай, так і ў хрысціянскіх храмах з самых першых часоў існавала алтарная перагародка, якая часта мела невялікую занавеску ў так званай царскай браме. Першай рымскай базылікай і катэдрай рымскіх папаў стаў храм святога Яна Хрысціцеля на Латэранскім узгорку, або, па-італьянску, San Giovanni in Laterano.

Гэтую базыліку называюць «маці касцёлаў хрысціянскага свету», бо яна была першай катэдрай рымскіх першасвятароў. Заснаваў яе ў 315 г. ад Нараджэння Хрыстова Папа Сільвестр І (314–335), які атрымаў у дар ад імператара Канстанціна землі і пабудовы знатнага роду Латэранаў. На гэтых землях і была ўзведзена базыліка. У той час гэта месца знаходзілася далёка ад цэнтра горада, бо імператар Канстанцін, падтрымліваючы хрысціянскую рэлігію, павінен быў лічыцца з моцнай гарадской арыстакратыяй, якая яшчэ шмат гадоў пакланялася мясцовым паганскім выявам. Першая хрысціянская базыліка мела 98 метраў у даўжыню і 56 метраў у шырыню, ад яе светлай прасторнай цэнтральнай часткі адыходзілі яшчэ чатыры залы, падзеленыя калонамі. Убранне храма было вельмі багатым: лямпы – з золата і срэбра, срэбрам былі ўпрыгожаныя сем алтароў і балдахін базылікі, які знік пасля абрабавання святыні вестготамі ў 410 годзе. Пасля заваявання Рыма вандаламі ў 455 г. базыліка святога Яна Хрысціцеля была цалкам раскрадзена, але Папа Леў Вялікі (440–461) паклапаціўся пра рэстаўрацыю убрання.

Нягледзячы на нашэсці варвараў, першая рымская катэдра заставалася ў добрым стане. Трэба сказаць, што і назва гэтага храма нярэдка змянялася: спачатку яго называлі базылікай Канстанціна, пасля – Збавіцеля, Папа Рыгор Вялікі называў базыліку «залатой» з-за яе багацця; ад мясцовасці пайшла назва «базыліка Латэранская». Тут на Пасху 744 года Папа Сільвестр хрысціў імператара Карла Вялікага – манарха, які змяніў аблічча Еўропы. У 896 годзе ад землятрусу абваліўся дах цэнтральнай навы базылікі. Аднаўлячы храм, Папа Сяргей ІІІ (904–911) загадаў назваць яго імем святога Яна Хрысціцеля ў Латэране, паводле імя сумежнага са святыняй кляштара. У 1308 годзе, калі рымскія першасвятары былі вымушаны жыць у французскім горадзе Авіньён, велічны храм згарэў. Папа Клімент V з дапамогаю рымлянаў аднавіў яго, але новы пажар у 1361 г. зноў знішчыў святыню. Вось тады паэт Франчэско Петрарка пісаў Папу Урбану V (1362–1370): «Латэранум – руіна, маці касцёлаў не мае даху, і стаіць яна адкрытая для ветру і дажджу». Пасля вяртання з Авіньёна ў Рым Папа Рыгор ХІ пасяліўся ў Ватыкане, але з дапамогаю пабожных хрысціянаў аднавіў першапачатковую катэдру «Per anima» – дзеля душы. З тае пары амаль кожны Папа аднаўляў і ўпрыгожваў базыліку святога Яна Хрысціцеля на працягу трох стагоддзяў, і паступова ад старажытнай Латэранскай катэдры, адноўленай і адбудаванай знутры і звонку, захаваўся толькі алтар з мазаікай і так званы ход Льва за алтаром.

У базыліку вядуць пяць брамаў, з іх сярэдняя, антычная, – медная. Справа ад яе – Porta Sancta (Святая брама), якая адчыняецца толькі ў Юбілейны год. Пачынаючы ад падлогі, высланай прыгожымі плітамі ў XV ст., усё тут уражвае веліччу і прыгажосцю. Нельга не заглядзецца на вялікія статуі апосталаў, а над імі – медальёны прарокаў, намаляваныя алейнымі фарбамі. У бакавых бабінцах – выдатныя мазаічныя абразы Маці Божай, святога Андрэя і Укрыжаванне. Апрача гэтых статуй і абразоў, ёсць таксама карціны некаторых рымскіх першасвятароў. Захоўваецца ў базыліцы прынесены сюды з катакомбаў драўляны стол, на якім, згодна з паданнем, адпраўляў літургію святы апостал Пётр, а цяпер служыць толькі Папа.

Вялікае ўражанне пакідае старажытная мазаічная выява Хрыста над алтаром, якая датуецца 1290 годам. Уверсе, на залацістых румяных аблоках, – паясны вобраз Збаўцы, пад якім змешчаны крыж, аздоблены каштоўнымі каменнямі. Яшчэ адна выдатная мазаіка паказвае хрост Езуса ад Яна Хрысціцеля. Над імі ляціць голуб – сімвал Святога Духа. З яго дзюбы цячэ вада, і ўнізе яна разліваецца на чатыры руслы, з якіх п’юць алені і авечкі – гэта значыць, што яны паверылі ў Бога. Усе мазаікі створаны ў візантыйскім стылі. За алтаром велічнага храма ёсць паўкруглы ход з бакавымі памяшканнямі, дзе захоўваюцца рэшткі святога Вінчэнца Паўло, кроў святога Караля Барамэя, сасуд, у якім была пададзена атрута святому Яну Багаслову, ланцуг, на якім яго вялі ў Рым, і рэшткі адзення Хрыста. Веліч храма дапаўняе фасад, пабудаваны ў 1731 годзе па праекце архітэктара Алесандро Галілеі, пры Папе Клеменце ХІІ (1730–1740). Побач з Латэранскай базылікай знаходзіцца Святая Лесвіца – Scala Santa, якую прывезла з Ерузалема маці імператара Канстанціна Вялікага. Лесвіца стаяла пры доме Понція Пілата, і па ёй Збаўца ўзыходзіў наверх, калі Понцій Пілат паказваў Яго народу. Лесвіца мае 28 прыступак, яна мармуровая, але пакрытая дрэвам, і па ёй пілігрымы падымаюцца на каленях. Наверсе знаходзіцца былая хатняя бажніца рымскіх папаў, якая завецца Capella Sancta Sanctorum – Капліца Святая Святых з мазаічным абразом Збаўцы. Ёсць тут і яшчэ адна ікона з выявай Хрыста на кедравай дошцы, пісаная, па мясцовым паданні, евангелістам Лукою і завершаная нібыта анёламі. Тут таксама захоўваліся рэшткі знакамітых святых, адпраўляліся ўрачыстыя набажэнствы, прымеркаваныя да пераходу папаў у Ватыкан. Там цяпер і знаходзіцца галоўная святыня каталіцкага свету – базыліка святога Пятра ў Ватыкане –San Pietro in Vaticano. Пра яе – у наступным нумары.

Сяргей КІРЫК.
Працяг у №2-3(105-106) >>

БАЗЫЛІКА СВЯТОГА ЯНА НА ЛАТЭРАНЕ




Св. Ян Евангеліст
і св. апостал Андрэй
(скульптар Камілло Русконі)
Гатычны балдахін над алтаром,
упрыгожаны фрэскамі мастака Барнэ (?) з Сіены.