Кожны раз, рыхтуючыся да чарговага наведвання якой-небудзь парафіі, імкнешся як мага больш даведацца з друкаваных крыніц пра яе мінулае, гісторыю святыняў, а калі пашанцуе, то і пра лёс людзей, што калісьці імі апекаваліся. Не заўжды тое ўдаецца: звесткі часта як след не сістэматызаваныя, абрывістыя, а то і сфальсіфікаваныя звышпільнымі ідэолагамі ці перакручаныя нядбайнымі даследчыкамі.

Выбіраючыся ў Чашнікі, прачытаў наступнае ў кнізе «Каталіцкія храмы на Беларусі» пра касцёл, які там некалі існаваў: «Пабудаваны ... па фундацыі літоўскага харунжага Зыгмунта Слушкі ў 1674 годзе. Існаваў да 1832 года. Вядомы па малюнку Н. Орды. Уяўляў твор архітэктуры барока – 2-вежавы храм з трансептам». У кнізе «Памяць. Чашніцкі раён» – амаль тое самае, толькі з «варыяцыямі»: фундатарам названы Адам Служка, пра лёс – адным сказам: «На жаль... не захаваўся».

Але жыхары Чашнікаў дакладна ведаюць, што «великолепный», паводле той жа «Памяці», будынак касцёла быў узарваны ў 1961 годзе пры падрыхтоўцы пляцоўкі пад будоўлю школы. У выніку рэгіён, даволі густа населены людам каталіцкага веравызнання, на доўгія гады застаўся без святыні.

Адраджэнне парафіі ў Чашніках пачалося ў снежні Юбілейнага 2000 года, калі на сустрэчу з тутэйшымі католікамі завітаў з Лепеля ксёндз Мечыслаў Янчышын. Першую Святую Імшу правялі ў хаце 93-гадовай бабулі Ядзі Дзяткоўскай, пазней перайшлі ў іншую, дзе і ладзілі набажэнствы аж да пабудовы капліцы.

Месца, у якім распачалі будоўлю капліцы пасля рэгістрацыі парафіі пад тытулам Перамянення Пана, адметнае, бо знаходзіцца якраз на адной з традыцыйных каталіцкіх вуліц горада, насупраць колішніх (таксама зруйнаваных) каталіцкіх могілак. Дарэчы, на вуліцы і па сёння жыве шмат католікаў, так што ў пэўным сэнсе можна сцвярджаць, што справядлівасць перамагла.

«Безумоўна, – кажа старшыня парафіяльнага камітэта, былы інжынер-будаўнік Тамара Сідаровіч, – гэта не тое, што колішні касцёл, але мы і капліцы рады, ды яшчэ ў такім сімвалічным і дарагім для нас месцы».

Узводзілі капліцу самі парафіяне пад кіраўніцтвам маладога пробашча Яцэка Маркоўскага. Шмат паклалі сіл, затое і паглядзець ёсць на што, і годна памаліцца, падзякаваць Богу за Ягоныя ласкі. Усё густоўна, прыгожа, і не дасі веры, што колісь гэта была звычайная вясковая хата.

Прадмет асаблівага гонару парафіянаў у перадкалядныя дні – шопка, збудаваная і адмыслова асветленая перад уваходам у святыню. На свае вочы бачыў, як кожны, хто б ні ішоў паўз капліцу за пару гадзін да Пастэркі, спыняўся, каб падзівіцца на невыказнае хараство.

Да пабудовы ўласнае капліцы і яшчэ раней, да рэгістрацыі парафіі, чашніцкія католікі ездзілі маліцца ў Лепель. Здаралася – і далей, дзе быў касцёл, дзе можна было пахрысціць дзяцей, узяць шлюб. Напрыклад, Т. Сідаровіч згадвае, як яе ў чацвёртым класе хрысцілі ў літоўскім Швенчонісе, а Першую Камунію ксёндз удзяліў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Цяпер жа і хрост, і шлюб, і бежмаванне – усё адбываецца на месцы. Штодня – Святая Імша, урачыстыя набажэнствы па святах, катэхізацыя дзяцей. Тройчы наведваў парафію біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Парафіяне даволі шмат вандруюць і з мэтаю пераймання досведу працы, і дзеля наладжвання кантактаў з католікамі іншых рэгіёнаў Беларусі, іншых краін. Наведалі Кіеў падчас візіту туды Папы Яна Паўла ІІ, Будслаў, Мёры, Друю. Дзеці адпачываюць улетку ў Польшчы. Надта ўпадабалі чашніцкія вернікі Мосар, мараць, што калі-небудзь з ласкі Божай здолеюць, як ксёндз Булька з парафіянамі, стварыць наўкола сваёй капліцы гэткае ж хараство, якое хоць у нейкай ступені кампенсуе страту адмысловай аздобы італьянскіх майстроў, што ўпрыгожвала дзвесце і трыста год таму велічны тутэйшы касцёл. На ўсё воля Божая.

Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва парафіі