Два гады таму ў нашым часопісе (№ 11 (90), 2002 г.) быў надрукаваны матэрыял аб рыма-каталіцкай парафіі ў г. Горлаўка Данецкай вобласці, што на Украіне. Мы атрымалі водгукі чытачоў з просьбай расказаць і пра касцёл у Данецку. Гэтым летам нашаму аўтару давялося пабываць у данецкім касцёле св. Юзафа. І вось некаторыя назіранні.

Адраджэнне каталіцкай веры ва ўсходняй постсавецкай Украіне пачалося на пачатку 90-х гадоў. Да гэтага ў Данецкай вобласці, адной з самых буйных у рэспубліцы, не было ніводнага касцёла, ніводнай рыма-каталіцкай парафіі — вынік камуністычнай ідэалогіі. Адраджэнне пачалося з Данецка, і значную ролю ў гэтым адыграў ксёндз Яраслаў Гежыцкі, які прыехаў сюды з Польшчы. У 1992 г. група католікаў з благаславення святара пачала працу па рэгістрацыі парафіі, і праз год яна была зарэгістраваная. Пастаяннага прытулку вернікі не мелі. Туляліся па хатах, арандавалі памяшканні ў музеях, на заводах і настойліва дабіваліся зямлі пад будаўніцтва касцёла. І ў 1994 г. яно распачалося.

Асноўны цяжар па ўзвядзенні святыні лёг на плечы айца Уладзіміра Дзідуха, таксама паляка з ордэна хрыстусоўцаў, які замяніў кс. Яраслава, што ад’ехаў на радзіму. І толькі ў 1999 г. на дапамогу а. Уладзіміру прыйшоў ксёндз, пасвечаны ўжо на Украіне, Мікалай Пілецкі.

Цаглінка да цаглінкі — паступова рос і ўзвышаўся будынак касцёла. Вернік да верніка — пашыраецца і мацнее жывы Касцёл, бо, вядома, што без людзей ён існаваць не можа.

Жывы Касцёл і яго «цаглінкі»

Людміла Слепчанка — адна з тых «жывых цаглінак», якія складаюць Касцёл у Данецку. Родам яна з Заходняй Украіны, з Вінніцкай вобласці, паходзіць з каталіцкай сям’і. Пасля інстытуцкага размеркавання трапіла ў Данецк, тут і засталася. Выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Прывучаная з дзяцінства да веры, сумавала без касцёла, а бываць там даводзілася толькі тады, калі прыязджала ў адпачынак да бабулі пад Вінніцу.

Аднойчы пачула, што каля Данецка, хутчэй за ўсё, у Харцыску, ёсць рыма-каталіцкая парафія. Угаварыла мужа і паехалі шукаць. Аб’ездзілі гэты гарадок уздоўж і ўпоперак, але, на жаль, не знайшлі — такой парафіі там не было.

Падчас чарговага наведвання бабулі і, вядома ж, касцёла, ксёндз на споведзі запытаў жанчыну, адкуль яна. Даведаўшыся, сказаў, што ў Данецку ёсць каталіцкая парафія. Адрасу і тэлефону пры сабе не меў, таму прапанаваў прыйсці заўтра.

— А нам назаўтра трэба было ад’язджаць, — гаворыць Людміла. — Збіраемся, госці прыйшлі, каб праводзіць. Я, нікому не кажучы, паляцела да касцёла. Ісці туды хвілін 40, я даімчалася напалову хутчэй. Усё не магла паверыць, што нарэшце будзе магчымасць пастаянна бываць у касцёле.

Пасля вяртання ў Данецк Людміла выправілася на пошукі святыні. На той час парафія мясцілася ўжо ў сваёй уласнай капліцы (цяпер, калі пабудаваны касцёл, у ёй жывуць сёстры з ордэна Сэрца Езуса канаючага – уршулянкі). З першых дзён Людміла і яе сям’я сталі актыўнымі парафіянамі. Сёння яна, пакінуўшы дзяржаўную службу, працуе пры касцёле: выконвае бухгалтарскія, сакратарскія і іншыя абавязкі.

«Збаўся сам, і ўсе навокал збавяцца», — гэтую ісціну ўсе хрысціяне добра ведаюць. Агонь жывой веры хутка распальвае іншых, і калі яго не гасіць у сваёй душы, ён дасць навокал шмат цяпла і святла.

Даючы сведчанне аб веры і аб Езусе Хрысце, Людміла Слепчанка неяк расказала ў сябе на працы, што ў днепрадзяржынскім касцёле будзе адбывацца моладзевае спатканне «Ноч Святога Духа». Гэтым зацікавілася адна з яе маладых калег — Наталля Чэркес. Жаданне і натхненне былі вельмі моцныя, таму, нягледзячы на тое, што група моладзі з Данецка ўжо ад’ехала, яна вырашыла дабірацца самастойна. Гэта паездка вызначыла лёс маладой дзяўчыны. «Я знайшла тое, чаго мая душа даўно шукала», — скажа потым Наташа. Яна прыйшла ў касцёл. Пасябравала з сёстрамі уршулянкамі, якія падрыхтавалі дзяўчыну да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі. «Як рыба ў вадзе, так добра яна адчувала сябе ў касцёле», — гавораць пра яе парафіяне. Цяпер Наталля знаходзіцца ў законе св. Уршулы. Ужо двойчы складала часовыя шлюбы.

За сабой у касцёл яна прывяла сваю маму Святлану Аляксандраўну і дзвюх родных сясцёр, Таццяну і Марыну, якія да гэтага былі вельмі далёкія ад Бога.

— Я памятаю той дзень, калі ўпершыню з дачкой пайшла ў касцёл, — успамінае Святлана Аляксандраўна. — Наташа амаль сілком цягнула мяне туды. Я нічога не разумела, нічога не чула і не бачыла. Адно толькі было ў галаве — хутчэй адсюль пайсці. Сёння я ўжо жыць не магу без касцёла. Нядзельнай Імшы мне недастаткова. Стараюся бываць амаль штодня.

Цяпер Святлана Аляксандраўна працуе пры касцёле. Плябаніі яшчэ няма, таму ксяндзы Уладзімір і Мікалай жывуць пры святыні. Святлана Аляксандраўна ў іх — за гаспадыню.

— Як Вы аднесліся да таго, што дачка пайшла ў закон? — пытаюся ў гэтай жанчыны.

— Спачатку шмат плакала, — адказвае Святлана. Я пра кляштары мела вельмі слабое ўяўленне. Здавалася, што дачку згубіла назаўсёды. Ксёндз шмат са мной размаўляў. Пераконваў, кажучы, што гэта вялікая ласка і асаблівая абранасць Панам Богам. Цяпер я і сама гэта адчуваю. Калі Наташа прыязджае дадому, яна нясе з сабой столькі святла, цеплыні і радасці! Я б вельмі хацела, каб і другая мая дачка Таня пайшла ў закон. А трэцяя наша, Марынка, ужо замужам.

Трэба сказаць, што дзве родныя сястры Святланы Аляксандраўны раней былі ў секце «Сведкі Еговы». Адна з іх нядаўна прыйшла ў касцёл. Другая пакуль не, але і ў секту ўжо не ходзіць. Святлана верыць, што вымаліць і яе.

Аб гэтым толькі марылі

Вось так паціху расце і развіваецца данецкая парафія касцёла св. Юзафа. Сёння ў ёй налічваецца каля 30 вернікаў. Ёсць ужо нават свой ксёндз, былы парафіянін, айцец Віталій. У мінулым годзе, калі касцёл толькі адчыніў свае дзверы, ён адпраўляў тут прыміцыйную Святую Імшу. Тры дзяўчыны з гэтай парафіі цяпер у манаскіх ордэнах.

Акрамя данецкай, кс. Уладзімір і кс. Мікалай апякуюцца яшчэ чатырма парафіямі ў гарадах Пралетарску, Пятроўскім, Краматорску і Краснаармейску. Там, магчыма, з часам таксама будуць будавацца касцёлы, а пакуль што вернікі моляцца ў невялікіх капліцах, але і за гэта яны вельмі ўдзячныя Богу. Яшчэ некалькі гадоў таму аб гэтым можна было толькі марыць.

Як ужо было сказана, без вернікаў няма Касцёла. І гэта сапраўды так. Падобную сітуацыю, на жаль, можна назіраць у многіх краінах Захаду. Вось у Данецку з вялікімі цяжкасцямі ўжо 10 гадоў будуецца каталіцкая святыня, а ў нямецкім горадзе Бохуме прыгожы касцёл святых Пятра і Паўла дэмантуюць, бо няма вернікаў. Абсталяванне з гэтага касцёла — лаўкі, канфесіяналы, арган і іншае — перавезены ў данецкі касцёл. Парафіяне, вядома ж, вельмі ўдзячныя сваім нямецкім сябрам, аднак у многіх трохі сумна на душы...

Вось ужо год як католікі Данецка моляцца ў новым касцёле. Да гэтага нейкі час службы адбываліся ў дольным памяшканні святыні. І хаця яшчэ нямала працы па абсталяванні і ўпрыгожванні храма, вернікі бязмерна шчаслівыя, што, нарэшце, маюць свой доўгачаканы і такі прыгожы касцёл. Запаветная мара многіх з іх здзейснілася.

Галіна Калевіч,
Мінск – Данецк