Вось ужо 70 гадоў сястра Апалонія належыць да законнай супольнасці Дачок Беззаганнай Марыі, якая заснавана 21 лістапада 1891 г. благаславёным Ганаратам Казьмінскім. Пашырэнне пашаны да Беззаганнай Марыі праз адданне сябе ў няволю любові паводле св. Людвіка Грыньён дэ Манфорт і праца над паглыбленнем рэлігійнага і маральнага жыцця людзей — такая асноўная мэта гэтай манаскай супольнасці. Сястра Поля, як яе ласкава называюць у Свіры, усім сваім жыццём і нястомнаю працаю рэалізавала францішканскі харызмат, самаахвярна служачы Богу і людзям.
Уручаючы папскую ўзнагароду «За заслугі», кардынал Казімір Свёнтэк сказаў: «З узрушаным сэрцам — і як святар, і як біскуп, і як кардынал я сёння ўдзельнічаю ў гэтай узнёслай урачыстасці. 70 гадоў пасвячэння жыцця Богу, Касцёлу і манаскай супольнасці... Нават сама колькасць 70 — уражвае. Але якасць гэтых гадоў, беручы пад увагу тое, дзе яны пражытыя і як пражытыя, памнажаюць лічбу 70 на вялікую бясконцасць Божай Ласкі, Божай Міласэрнасці і адначасова на заслугі перад Богам. Розныя былі гэтыя гады для сястры Полі. Першыя былі, магчыма, вельмі цудоўныя, узнёслыя, радасныя, а потым прыйшлі крыжы, прыйшлі выпрабаванні, пераследванні, настаў момант для таго, каб засведчыць, што з’яўляешся служабніцай Пана Езуса, што з’яўляешся Яго абранніцаю, што таксама з’яўляешся служабніцай Яго Маці, Беззаганна Зачатай. І споўнілася гэтая прысяга законных шлюбаў. І сёння ты, шаноўная сястра, — перад алтаром у гэтый святыні, у гэтай мясцовасці, дзе столькі гадоў аддавала сваё жыццё і манаскую паслугу Касцёлу і люду вернаму.
Дазвольце мне ад імя ўсяго паўсюднага Касцёла скласці самыя шчырыя віншаванні і словы падзякі за гэтыя 70 гадоў манаскага служэння. Дзякую табе, шаноўная сястра, што прысвяціла сваё жыццё Богу і прысвяціла яго самаахвярна, не звяртаючы ўвагі ні на што і ні на кога... Дзякую ўсёй Супольнасці Дачок Беззаганнай Марыі за тое, што маеце такую дачку. І няхай «Bene merenti» будзе адначасова ўзнагародаю для ўсёй Супольнасці, бо гэтая ўзнагарода — першая, атрыманая ад Папы».
Падчас Святой Імшы сястра Апалонія аднавіла законныя шлюбы, чарговы раз прысягнуўшы жыць у чыстасці, убостве і паслухмянасці.
«Божа, у Святой Тройцы Адзіны, дзякую Табе за ласку паклікання да святой веры і выключна да Твае службы. Перапрашаю Цябе пакорна за ўсе занядбанні і нявернасці ў службе Тваёй, за недахоп клопату пра хвалу Тваю і святасць мае душы. Даўца ўсялякіх ласкаў, умацуй мяне, каб я магла верна наследаваць Цябе, чаго ўсім сэрцам прагну і пастанаўляю. У еднасці з Найсвяцейшаю Ахвяраю Хрыста аднаўляю мае законныя шлюбы чыстасці, убоства і паслухмянасці...» — голас сястры Апалоніі гучаў асабліва ўзнёсла і ўзрушана.
Яе пакліканне распачалося яшчэ ў дзяцінстве, калі яна, пасучы кароў, зрабіла з гліны фігуркі Маці Божай і анёлаў, каб разам з дзецьмі маліцца на палявым «алтарыку». Асноўная роля, безумоўна, належыць той глыбокай рэлігійнасці, якая існавала ў бацькоўскім доме. Сястра Поля з удзячнасцю ўспамінае свайго бацьку, які вучыў дзяцей (а іх з дзесяці народжаных засталося пяцёра) маліцца.
На працягу ўсяго манаскага жыцця яна была вернаю свайму пакліканню. Калі была магчымасць выехаць у Польшчу, яна не паехала, а разам з некалькімі сёстрамі засталася на Беларусі, каб, як яна піша ў сваім жыццярысе, «у духу аддзячыць Пану Езусу, каб ратаваць веру сярод людзей, з якімі мы засталіся». У цяжкія гады барацьбы з вераю, калі зачынілі касцёл, кс. Адам Вайцяхоўскі з Гудагаю перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт у дом сясцёр, дзе адзін з пакояў ператварыўся ў капліцу. Тут у сясцёр непакалянак Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце заставаўся ўтоены амаль 30 гадоў. Сястра Поля служыла своеасаблівым «кур’ерам» Пана Езуса: яна часта перавозіла Найсвяцейшы Сакрамэнт з Вільна альбо з суседніх парафій — Шэметава ці Канстанцінава — у дом, дзе яны жылі.
Пробашч свірскага касцёла кс. Багуслаў Маджэеўскі падкрэсліў не толькі ахвярнасць сястры Полі на кожнай пляцоўцы, дзе яна працавала, але і назваў яе «вартаўніцаю харызмы сясцёр непакалянак». «Сястра Поля была таксама і вартаўніцай Эўхарыстыі, — сказаў ксёндз пробашч. — Хацеў бы сёння ад імя нашай парафіі глыбока падзякаваць Маці генеральнай за тое, што дом сясцёр стаў для Хрыста святыняю, калі закрылі касцёл. Вас выгналі з касцёла. Але вы ўратавалі жывое сэрца гэтага касцёла — Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Хрыстус выйшаў разам з вамі з гэтай святыні да ўбогай хаткі сясцёр непакалянак, каб там, у цукерніцы, перачакаць 30 гадоў. І за гэта вялікае дзякуй сёстрам — сястры Полі, сястры Бэаце, сястры Алене — за тое, што пасля гэтых 30 гадоў Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце вярнуўся ў нашу святыню.
Распачаўся год Эўхарыстыі. Няхай жа гэтая цудоўная падзея, якую перажываем у нашай парафіі, будзе для ўсіх нас заахвочваннем для ўдзячнасці Хрысту, укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, за тое, што Ён ніколі нас не пакінуў, а сёстрам за тое, што Яго гасцілі. Няхай гадзіны адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту будуць адным вялікім гімнам удзячнасці за тое, што наш Пан Бог, укрыты ў Эўхарыстыі, чакае нас, ёсць заўсёды з намі».
Рэдакцыя нашага часопіса шчыра віншуе сястру Апалонію Сянкевіч з гэтым цудоўным юбілеем манаскага служэння і з папскай узнагародай «Bene merenti». Няхай Беззаганная Панна Марыя і надалей магутнаю апекаю атуляе сваю адданую і верную дачку, каб яна сваім прыкладам натхняла нас быць вернымі Хрысту і Касцёлу.