* * *
чаму так добра
ўгары і ўдоле,
у сэрцы з болем,
над борам, полем –
святлом святлеем,
слязой імглеем,
аплатку дзелім,
Бэтлеем...
калядная зорка
калядная зорка – то Божанькі вочы,
Ён знак падае – на зямельку вярнуўся,
спаткай Яго ціха, малая Франуся,
як тата і мама спаткалі аднойчы,
сама прабярыся праз роспач і кленчы,
знайдзі немаўлятка між зграяў з ваўкамі,
аддай сваё сэрца бяздольнай малечы,
а рукі і ногі прабіты цвікамі.
хор анёлаў
каб змяніўся свет усенькі,
каб людцы збаўленне мелі, –
нарадзіўся Сын маленькі,
Божы Сын у людскім целе.
ўсе краіны, звязы, роды
без грызні і перашкоды –
каб не выбралі нікога,
акрамя жывога Бога...
дзе кароўкі сенца елі,
нарадзіўся ў людскім целе...
ты ж, цар Ірад, маеш трон
у цёмнай цемры цёмных дзён!
вослік
як лілея, ноч бялее...
– скуль ты, вослік?
– з Галілеі...
– дзе ж такая ёсць зямліца?
– памаліся – і прысніцца...
– на якім жа гэта свеце?
– у высокім Назарэце...
мне па вушках ходзяць весці –
мне туды Дзіцятка везці.
гэты Хлопчык будзе дужы,
падрасце – адкупіць душы...
коні
вогнішча тлела, коні не спалі,
дождж лугавінай прабегся і сціх,
коні ў Дзіцяці Бога пазналі
і пастушкоў разбудзілі малых...
хлопцы-начлежнікі не зразумелі:
зорка яснее – які гэта знак?
кленчаць прад Дзіцем пярэсты і белы,
гнеды і ў яблыкі конік-сівак.
зорнымі промнямі луг вышываны,
спіць Немаўлятка ў святой цішыні,
кленчаць прад Дзіцем
мышасты, буланы,
буры, каштанавы і вараны...
...зорка ўзышла,
а наш домік замкнёны,
ночка калядная, студня, зіма...
паразмаўляй са мной, конік зялёны...
луг не пакошаны, сенца няма.
хор пастушкоў
дрэва любові з трох атожыл-галін:
Юзаф, Марыя і Божы Сын.
Божанька добры так свет узлюбіў
так Божым Сынам грэх адкупіў,
так пасяродку цемры, зімы,
так пасяродку забранай зямлі,
так у разбуранай грэхам сям’і –
так Божым Сынам адкуплены мы.
павучок
ліхтарык, сноў светлячок,
тускнее ў празрыстым змроку,
пад стрэшкай ткач-павучок
снуе Дзіцяці пялёнку...
кудзелі тонкае прадзіва
сплятае ў духмяны сон,
а Маці кужаль пагладзіла,
спавіла – і сагрэўся Сын...
божая кароўка
спі, Дзіця, пад зоркай залатою,
Маці божую кароўку доіць,
піце, піце сырадой салодкі,
дзеткі-птушкі-пастушкі-сіроткі...
божая кароўка проста з небка
дасць сіроткам малачка і хлебка,
зімка нам надоіць сырадою...
спі, Дзіця, пад зоркай залатою.
коцік
холад ноччу ўсюды бяздомных знаходзіць,
нават як цяпельца таемнае ёсць...
спіць у стаенцы шэры пакрыўджаны коцік –
носік, лапкі хавае ў шаўковую поўсць...
коцік грэе стамлёныя ножанькі Маці,
цёпла іх закручвае ў цёплы свой сон,
коцік муркае – думаў, што муркі патраціў...
Маці з Дзіцем прытулку не маюць – як ён.
Тры Каралі
Тры Каралі,
кожны з іншай зямлі
па зорцы каляднай ішлі...
вярблюдаў гарбы
ды праз горы-гарбы
незлічоныя неслі дары...
золата, мірру, кадзіла-бальсан
да яселькаў склалі святых...
горныя сцежкі вялі іх назад,
Ірад цар не злавіў Траіх!
прадаўцамі Бога яны не былі –
святыя Тры Каралі –
Каспер, Мельхіар і Бальтасар,
прыходзяць між ясных зор...
хор людзей
праслаўлялі Сына Божага роднаю мовай,
выйдзі ў свет, пакуль ты малады...
Божы Сын нарадзіўся ў гэткіх умовах,
у якіх ёсць народ наш заўжды...
праслаўляй Сына Божага роднаю песняй,
люд маўклівы, чаму ты маўчыш?
– дык устаньце, хадзем! – кліча Божы Намеснік.
Слухай голас, нясі Яго Крыж.
крыху слёзаў
Божа,
бачу зорку над зямлёю,
на зямлі – няпраўду і нястачу,
я хацела б цешыцца з Табою,
але плачу...
безбалесна не прыходзіць гібель,
грэх клясці, гнявіць блюзнерствам Бога,
час ісці з Бэтлеем праз Егіпет
на Галгофу...
Ягнятка Божае
упершыню над яслямі-ложачкам
калыханка была прапета:
– Дзіцятка, Ягнятка Божае,
бярэ на сябе грахі свету...
авечкі, казулькі, козачкі
калыханку спявалі гэту:
– Дзіцятка, Ягнятка Божае,
бярэ на сябе грахі свету...
галубкі ў нябёсах памножылі
на стагоддзі ўсе, на планету:
– Дзіцятка, Ягнятка Божае,
бярэ на сябе грахі свету...
ноч
святую батлейку святы Францішак
выразае з аблокаў-латкаў,
кліча бяздомных звяркоў і птушак
на ламанне аплатка...
свяціць стамляюцца нават зоркі,
дрэмле неба стамлёнага колеру,
чорны хохлік за Дзіцем цікуе з норкі,
але не вылазіць з-пад кораня...
пахне сенца ў стозе, рабая свіначка
рохкае мовай людской,
Бурык з цёмнага бору нясе баравіначку,
прыбраную зорнай луской...
Апякун святы Юзаф знайшоў каморку,
вядзе гаспадыньку вавёрку –
з арэшкамі ладкі пячэ на алеі
і корміць Божы Бэтлеем...
так добра спыніцца ў малітве-сне
у Святой Сям’і, у радні...
добры Божа мой, прытулі мяне
да любові, да дабрыні...