21 снежня ў Саляных складах у Віцебску прайшло адкрыццё выставы мастака Ігара Шкуратава, а на наступны дзень у гарадской музычнай гасцёўні свае працы, аб’яднаныя назвай «Таямніцы святла», паказалі студэнты прафесійна-тэхнічнага каледжа. З прамоваю звярнуўся да гасцей вернісажу пробашч катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч, змястоўныя гутаркі з моладдзю правялі ксяндзы Аляксандр Амяльчэня, Адам Дынак, Алег Буткевіч. Чароўнымі гукамі саксафона ўпрыгожыў мерапрыемства студэнт Берлінскай кансерваторыі Андрэй Лакісаў, спеўнае ўмельства прадэманстравалі ўдзельнікі ансамбля народнай музыкі «Жалейка».
Не менш багатымі на цікавыя ўражанні выдаліся і калядныя дні. 25 снежня ў катэдральным касцёле святой Барбары адчынілася выстава ўжытковага мастацтва гарадскога цэнтра дзіцячай творчасці. Навы святыні ўпрыгожылі папяровая пластыка, скураныя, ткацкія вырабы. Адкрыццё выставы суправаджаў каляднымі спевамі хор «Гасанна». 26 снежня біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін цэлебраваў святую Імшу ў віцебскай парафіі святога Антонія, а ў парафіі Святога Духа пасля святой Імшы выступілі дзіцячы батлеечны калектыў і ансамбль «Жалейка» пад кіраўніцтвам Веры Козак.
На трэці дзень новага года Дні культуры прыйшлі ў абласны шпіталь, дзе была адчынена выстава працаў на рэлігійную тэматыку. Перад пацыентамі і супрацоўнікамі ўстановы выступілі з каляднаю пастаноўкаю юныя католікі з парафіі Святога Духа.
Потым на два дні цэнтрам асноўных мерапрыемстваў сталі Мёры, дзе ўжо трэці год запар праводзіцца дыяцэзіяльны конкурс калядных спеваў «Зорка Бэтлеему».
8 студзеня пасля святой Імшы ў капліцы Святога Духа ў будынку Віцебскага дзяржуніверсітэта моваю спектакля распавядалі пра цуд Божага Нараджэння ўдзельнікі дыяцэзіяльнага конкурсу парафіяльных тэатральных калектываў.
Завяршылі Дні хрысціянскай культуры на Віцебшчыне два канцэрты: гала-канцэрт з удзелам харавых калектываў з Мінска, Баранавічаў і Віцебска і супольны канцэрт мінскага хору «Паланэз» і хору «Гасанна» катэдральнага касцёла святой Барбары.
На працягу ўсяго гэтага часу ў парафіях дыяцэзіі праводзілася шмат змястоўных і цікавых мерапрыемстваў, найбольш важныя з якіх асвятляліся праз мясцовыя сродкі масавай інфармацыі.
Францішак Дубраўскі.
Фота С. Сіпайлы