Пакута, боль, няшчасце набліжаюць чалавека да Бога. Бывае, вядома ж, і наадварот. Але мы сёння хочам расказаць пра людзей, якія, перажыўшы найвялікшую трагедыю свайго жыцця, смерць дачкі, прыйшлі да глыбокай веры і шчырай любові да Пана Бога.

Пра такіх сужэнцаў, як Станіслава і Аляксей Каралевічы, гавораць: дзве палавінкі, якія паяднаў сам Пан Бог. Такое цяпер у нашым жыцці, на жаль, сустрэнеш нячаста. А вось у народных казках — калі ласка: «Нарадзіліся ў адзін дзень і жылі душа ў душу...» Станіслава і Аляксей сапраўды нарадзіліся ў адзін дзень — 1 студзеня. І жывуць душа ў душу.

У гэтых людзей нямала агульнага. Абое паходзяць з каталіцкіх сем’яў, карані якіх мацуюцца на Ашмяншчыне. Калісьці маладымі прыехалі ў Мінск, дарэчы, тут і пазнаёміліся. Працавалі тады на трактарным заводзе ў прэсавым цэху. Актыўныя камсамольцы, веру сваю яны не практыкавалі. У 1981 годзе Аляксея забралі ў войска. Для сябе ён тады вырашыў: калі Стася дачакаецца, абавязкова ажанюся.

Дзяўчына дачакалася. Згулялі вяселле. І вось яны ўжо маці і бацька — у іх нарадзілася дачушка Волечка. Праз два гады другая дачка Таня пацешыла бацькоў сваім прыйсцем на свет. У той час Аляксей скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У гэты ж час маладая сям’я атрымала кватэру. Жылі, як кажуць, не тужылі.

Стасіны бацькі, іншыя сваякі ўсё часцей сталі нагадваць маладым пра тое, што пара б і дзяцей ахрысціць. Цесць нават заявіў, што дзеці лічацца байструкамі, калі іх бацькі не маюць шлюбу. Аляксея гэта балюча кранула за сэрца, і ён пагадзіўся ўзяць шлюб. Памятае, як старанна вучыў на польскай мове тры асноўныя каталіцкія малітвы, якія яму напісаў беларускімі літарамі Стасін бацька. Гэтым і абмежавалася тады яго знаёмства з традыцыяй Каталіцкага Касцёла.

Шлюб сужэнцаў, хрост дачок, першая споведзь і Першая Камунія Аляксея — усё гэта адбылося ў адзін дзень у касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны, дзе, дарэчы, знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай Барунскай. Быў гэта 1986 год. Да сапраўднага навяртання гэтай сям’і пройдзе яшчэ 12 гадоў. Нельга казаць, што ўвесь гэты час Станіслава і Аляксей былі абыякавымі да сваёй веры. Зрэдку, прынамсі, раз у год, бывалі ў касцёле, нават прыступалі да сакрамэнту споведзі і святой Камуніі. Стася вечарамі малілася на ружанцы за мужа, калі той ад’язджаў у далёкую камандзіроўку. У той час ён ужо працаваў у прыватным бізнесе — на заводах амаль што не плацілі.

Прайшло 12 гадоў...

І Аляксей, і Станіслава ўспамінаюць, што за 8 месяцаў да смерці старэйшай дачкі іх непераадольна стала цягнуць у касцёл. Памятаюць, як не адрываючыся прачыталі кнігу пра Езуса Хрыста, якую прынесла дахаты Вольга. Яшчэ адзін вельмі адметны момант у той перыяд адбыўся ў духоўным жыцці гэтай сям’і. Стаяў канец мая. Касцёл святкаваў урачыстасць Цела і Крыві Езуса Хрыста. Сям’я Каралевічаў пра гэта не ведала. У той дзень яны ўсе паехалі адпачываць у парк. Потым вырашылі схадзіць у Чырвоны касцёл, каб даць ахвяру на святую Імшу аб здароўі для хваравітай Олі. І вось калі яны ішлі да касцёла, трапілі ў працэсію, прысвечаную святу Божага Цела. Як жа гэта было велічна і прыгожа! Радасць і незямны супакой перапаўнялі сэрцы не толькі Аляксея і Станіславы, але і іх дзяцей. Дачка Таня, якой тады было каля 12 гадоў, і цяпер не можа забыць тых уражанняў. Оля таксама была ў незвычайным захапленні. Якім жа важным для яе аказалася гэта свята Божага Цела — першае і апошняе. Увосень Вольга ў чарговы раз прастудзілася і захварэла.

Дактары нічога сур’ёзнага не знаходзілі, але пасля смерці далі заключэнне: гнойны менінгіт. Оля памерла ў лістападзе 1998 года, маючы ўсяго 14 з паловай гадоў. Як няпроста пісаць гэтыя радкі... А як жа цяжка было перажыць гэта бацькам. Усім вядома, што няма гора большага за тое, калі бацькі хаваюць сваіх дзяцей...

Цярпенні. Цярпенні нявінных дзяцей. Пра іх сутнасць шмат разважаюць тэолагі. Але простым вернікам ясна адно: калі так здараецца, калі Бог дапускае гэта, значыць, так трэба. Каму і навошта, пакажа вечнасць. Аднак і цяпер ахвяра жыцця прыгожай дзяўчынкі Вольгі Каралевіч прынесла яе родным вялікі духоўны плён.

Ужо на пахавальнай Імшы бацькі вырашылі, што будуць абавязкова кожную нядзелю хадзіць да касцёла. У першую ж нядзелю пачулі з амбоны просьбу ксяндза ўзяць на начлег прыезджых клерыкаў. Узялі да сябе дваіх, цяпер гэта святары Андрэй Зайчык і Павел Самсонаў. Праз некалькі месяцаў клерык Андрэй прыслаў Каралевічам пасылку з каталіцкай літаратурай. Яна была вельмі дарэчы: у той час ужо актыўна пачалі чытаць Біблію. Разам з малодшай дачкой, якая рыхтавалася да Першай Камуніі, наведвалі катэхезу — цікава было паслухаць, бо раней яны не мелі такой магчымасці.

«Святло — жыццё»

У канцы мая 1999 года сям’я Каралевічаў сапраўдным цудам апынулася ў Шэметаве на 15-дзённых рэкалекцыях «Хатняга касцёла» руху «Святло — жыццё», пра які яны наогул нічога не чулі. Хацелі адправіць дачку Таню ў духоўны летнік, але спазніліся. Прынялі прапанову дыякана (на той час) Аляксандра Барылы паехаць усёй сям’ёй у вёску Шэметава. Гэтыя рэкалекцыі, без перабольшвання, змянілі жыццё Каралевічаў. Забягаючы наперад, скажам, што цяпер гэтыя людзі з’яўляюцца адказнымі за рух «Хатняга касцёла» ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

А тады яны адчувалі сябе першакласнікамі, якія трапілі на ўрок да старэйшых вучняў. Але гэты ўрок даў вельмі шмат, у тым ліку, новых сяброў, дзякуючы якім яны пабывалі ў Чэнстахове, іншых святых месцах Польшчы.

На наступнае лета сям’я Каралевічаў зноў паехала на рэкалекцыі «Хатняга касцёла» ў вёску Дунілавічы. І ўжо пасля гэтых рэкалекцый у мінскай архікатэдры, з благаславення пробашча Антонія Клімантовіча, паўстаў «Хатні касцёл» руху «Святло — жыццё». Спачатку ў ім было 8 сем’яў, цяпер — два сямейныя колы, па 6 і 5 сем’яў адпаведна.

Ахвяра Богу — гэта не тое, што табе не патрэбна

Рух «Святло — жыццё» мае адзін з вельмі важных кірункаў — Круцыяту вызвалення чалавека. Гэта ахвяра за тое, каб выратаваць чалавека, залежнага ад алкаголю і даць іншым убачыць сапраўднае святло. Тыя, хто хоча належаць да Круцыяты, даюць абяцанне ўстрымлівацца ад алкаголю, і гэта іх ахвяра на алтар Пану Богу за кагосьці ці штосьці.

— Калі на рэкалекцыях у Шэметаве гаварылася пра Круцыяту вызвалення чалавека, я быў вельмі далёкі ад таго, каб зразумець гэта і падтрымаць, — гаворыць Аляксей Каралевіч. — Мы ў сям’і не злоўжывалі алкаголем, але любілі выпіць віна, асабліва ў выхадныя дні і святы. Пляшка гарэлкі заўсёды была ў запасе, а тут трэба было нават ад піва адмовіцца — гэта ўжо занадта... Вось жонка мая, малайчына, падпісала абяцанне адразу.

Станіслава Сяргееўна, усміхнуўшыся, адказала: «Як я магла не падпісаць, калі мяне аб гэтым папрасіла Оля». Пытаюся: «У сне?» «Не», — быў адказ. Расказала, але, на маё здзіўленне, папрасіла пра гэта не пісаць, бо не кожны можа зразумець. І дадала: «Вось калі я толькі зразумела, што такое “еднасць святых”, якую мы вызнаем у малітве «Веру...».

Духоўную прысутнасць памерлай дачкі бацькі адчуваюць у сваім жыцці пастаянна і гавораць пра яе як пра тую, якой толькі часова няма побач.

Усяго паўгода прайшло ў жыцці Аляксея ад катэгарычнага «не» Круцыяце да ўпэўненага «так».

— Я раптам зразумеў, — гаворыць Аляксей, — што ахвяра Богу — гэта не тое, што табе не патрэбна, але тое, што на дадзены момант самае важнае і каштоўнае.

На рэкалекцыях у Дунілавічах ён даў абяцанне ўстрымлівацца ад алкаголю 1 год. На дзіва для сябе, перажыў гэта лёгка. Складаней было тады, калі ездзілі ў госці да родных на вёску. Падумвалі аб тым, каб пазбягаць усялякіх застолляў, але потым як апраменіла: «Мы павінны не толькі не ўжываць спіртнога, але яшчэ і сведчыць аб цвярозасці».

Праз год на рэкалекцыях у Польшчы Аляксей зноў хацеў даць абяцанне на такі ж тэрмін — ці мала што. Але перад тым як несці паперу на алтар, пачуў сведчанне аднаго чалавека, якое перавярнула ўсё ўнутры. Мужчына расказаў, што ў яго паміраў адзіны доўгачаканы сын, і калі надзеі ўжо не было, ён склаў Богу ахвяру не ўжываць алкаголю. Дзіця выжыла.

Аляксей хутка пачаў шукаць чысты бланк і падпісаўся пад абяцаннем не ўжываць спіртнога да канца свайго жыцця. З 2002 года ён належыць да сталай Круцыяты.

Найвышэйшая адзнака...

— Калі дзеці пасля 18 гадоў звяртаюцца па параду да бацькоў, тыя могуць лічыць, што яны добра выхавалі сваіх дзяцей, — так па-філасофску разважае дачка Каралевічаў — 18-гадовая Таццяна. Яна вельмі ганарыцца сваімі бацькамі, якія для яе былі і застаюцца галоўнымі дарадцамі, узорам сапраўднай хрысціянскай сям’і, прыкладам сужэнскай любові. І не толькі для яе адной.

Аднойчы суседка Каралевічаў запытала Станіславу: «Вы, напэўна, ніколі з мужам не сварыцеся, як так можна?»

— Вось яна, найвышэйшая адзнака для нас, — гаворыць Станіслава Сяргееўна. — Сведчыць сваім жыццём аб Езусе Хрысце — галоўная мэта кожнага хрысціяніна, а тым больш удзельніка руху «Святло — жыццё».

Аляксей Аляксеевіч дадае: «„Хатні касцёл” перамяніў нашае жыццё цалкам, ён даў магчымасць адшукаць саміх сябе. Я ўпэўнены, што без гэтага руху мы не сталі б такімі актыўнымі католікамі.

Са сваім меркаваннем да размовы далучаецца Таня:

— Мама з татам пачынаюць кожны свой дзень са святой Імшы, і для мяне гэта вялікі прыклад. Я шчаслівая, што ў нашым жыцці ёсць гэты цудоўны рух «Святло — жыццё». Дзякуючы яму я пабывала са сваімі бацькамі на рэкалекцыях, шмат паездзіла па Беларусі, а гэта дало магчымасць больш шчыра палюбіць Пана Бога, палюбіць маю Бацькаўшчыну, якую я лічу адной з самых прыгожых краінаў Еўропы.

У сучасным свеце, дзе мэтанакіравана знішчаецца інстытут сям’і, як паветра патрэбны станоўчыя прыклады, патрэбны тыя маякі, што моцна і далёка свецяць. Дзякуй жа сям’і Каралевічаў, дзякуй усім сем’ям руху «Святло — жыццё» за цудоўнае сведчанне сапраўднай любові да Бога і бліжняга свайго.

Галіна Калевіч