– Калі ласка, колькі слоў пра сваю сям’ю...
– Вікенцій: Сям’я як сям’я. Абое паходзім з каталіцкіх сем’яў. Абое гадаваліся ў Докшыцкім раёне, там і пазнаёміліся. Ажаніліся ў 1976 годзе. Па шлюбе пачалі працаваць, хоць Вікторыя і сувязіст паводле адукацыі, абпальшчыкамі цэглы на віцебскім камбінаце будматэрыялаў, дзе працуем побач і па сённяшні дзень.
– Шлюб ваш быў касцёльны?
– Вікторыя: Не. Час быў, як кажуць, не той. Якая ў тыя гады магла быць у нас верніцкая практыка? Я атрымала Першую Камунію ў ваўкалацкім касцёле ў 1969 годзе, і на тым, можна сказаць, усё і скончылася. Дырэктар школы не адыходзіў ад касцёла, пільнаваў, каб хто з вучняў не ўвайшоў ды не памаліўся.
– Але ж і касцёльны шлюб вы пазней усё-ткі ўзялі...
— Вікторыя: У 1981 годзе. Яшчэ ўпотайкі, усё ў тым жа ваўкалацкім касцёле. Хрысцілі дачку Олю, якой было 4 гады, а разам Вікенцій прыняў Першую Камунію, тады мы і павянчаліся. Оля ўжо сёе-тое разумела, дык пыталася: што гэта вы, маўляў, тата і мама, другі раз жэніцеся.
– Той дзень можна лічыць пачаткам вашай актыўнай рэлігійнай практыкі?
– Вікенцій: Наўрад. Касцёл у Віцебску быў зачынены, ды і гады атэізму давалі аб сабе знаць.
– Вікторыя: Я ўзнавіла сваю рэлігійную практыку, як толькі адчыніўся касцёл святой Барбары. Пачала хадзіць на святую Імшу, запісалася ў «Жывы ружанец». Агітавала мужа, каб хадзіў, але ён упіраўся...
– Чаму?
– Вікенцій: Напэўна, адчуваў, што не гатовы. А можа, баяўся не адпавядаць тым высокім патрабаванням, якія прад’яўляе вера да чалавека. Адпавядаць – гэта заўжды было для мяне важна. Але ж, бачыце, Бог не пакінуў. Цяпер я ў касцёле, і гэта для мяне – шчасце.
– Вы з’яўляецеся аніматарамі «Хатняга касцёла». Раскажыце крыху пра гэта.
– Вікторыя: Пры нашай парафіі «Хатні касцёл» існуе з 2002 года. Уваходзяць у яго чатыры сям’і. Сустракаемся раз на месяц у каго-небудзь на кватэры, запрашаем пробашча. Чытаем супольна Евангелле, тлумачым асобныя яго месцы, часам дыскутуем. Молімся, вядома. – Вікенцій: Такія практыкаванні вельмі шмат даюць у плане духоўнага развіцця, да таго ж адчуваеш іх непасрэднае станоўчае ўздзеянне на сямейныя справы. Ды і знаёмства з ладам жыцця іншых сем’яў, абмен досведам вельмі карысныя. Заўжды цікава даведацца пра тое, чым жывуць браты католікі ў іншых мясцінах. У тых жа Баранавічах, напрыклад, дзе мы пабывалі, ці ў Шаркаўшчыне...
– Я ведаю, спадар Вікенцій, што вы многа часу аддаяце гаспадарчым працам у касцёле, парафіі...
– Вікенцій: Гэта праўда. Здараецца, што і ўсе выхадныя дні (яны ў нас на прадпрыемстве не заўсёды супадаюць са святочнымі). Займаюся ўсім, у чым надзяліў умельствам Пан Бог: рамантую, майструю, прыбіраю.
– А яшчэ ж і ў спектаклях бераце ўдзел...
– Вікторыя (жартаўліва): Гэта наша артыстычная зорка! Мы з дочкамі таксама ўдзельнічаем у пастаноўках, але куды нам да бацькі! Талент!
– Раз ужо згадалі пра дачок, дамо ім слова. Дзяўчаты, трохі правакацыйнае пытанне: якімі бачацца вам вашы бацькі ў сэнсе адпаведнасці іх рэлігійнай практыкі паводзінам у штодзённым жыцці?
– Вольга: Думаю, з гэтым усё ў парадку. Я не сумняваюся, што паказнога тут няма ні каліва. Усё, што спавядаюць яны як вернікі, пацвярджаецца іх паводзінамі. Яны для нас – прыклад. Мы бачым, як прагнуць яны самаўдасканалення, і імкнемся быць падобнымі да іх.
– Аляксандра: Для мяне сам факт, што ёсць блізкія мне людзі, якія стараюцца жыць паводле Божых запаведзяў, вельмі важны. Асабліва востра адчуваеш гэта, калі вяртаешся ўвечары дадому, адстаяўшы дзень на рынку. Амаль у гэткай жа ступені, як і тады, калі пераступаеш парог касцёла і апынаешся ў атмасферы, што здымае і кепскі настрой, і ўсё тое негатыўнае, чаго, на жаль, яшчэ шмат паўсюдна ў нашым жыцці.
Напрыканцы размовы я звярнуўся да ўсіх чатырох з просьбаю агучыць пажаданні самім сабе. Найбольш цікавым мне падалося пажаданне Аляксандры: каб дабрыня і ўзаемаразуменне, што спадарожнічаюць сям’і сёння, працягваліся як найдаўжэй і наогул ніколі не пакідалі. Далучымся да яго.
Фота з сямейнага альбома Букатаў