Вялікія дасягненні Яна Паўла ІІ яшчэ больш выразна выявіліся ў хвіліну яго смерці. Увесь свет прызнае яго Папам Вялікім і Святым, сведкам веры, надзеі і любові, сведкам святасці, Айцом Касцёла і духоўным Айцом усяго свету.

Калі мы глядзім на яго гераічнае жыццё, нараджаецца пытанне: адкуль ішла гэтая моц праўды і любові, дзе крыніца тых надзвычайных справаў (у тым ліку — цудоўных аздараўленняў), якія ён здзяйсняў?

Адказ напрошваецца сам сабою: крыніцаю яго гераізму святасці і яго велічы з’яўляецца сам Бог, у Якога ён глыбока верыў, Якога шчыра любіў і з Якім быў з’яднаны праз глыбокае жыццё малітвы.

Мне пашчасціла асабіста ведаць Яна Паўла ІІ на працягу 50 гадоў. Ён быў маім прафесарам у Каталіцкім люблінскім універсітэце, я мела магчымасць асабістага кантакту з ім, калі ён стаў Папам. Мяне заўсёды здзіўляла тое, што чалавек, настолькі заняты працаю для іншых, душпастырствам і апостальствам, столькі часу прысвячае малітве. Ён шмат маліўся ўжо ў маладосці, маліўся, калі быў святаром, прафесарам, і вельмі шмат маліўся тады, калі стаў Папам. Ён маліўся шмат разоў на працягу дня, маліўся гадзінамі. Ян Павел ІІ быў сузіральнаю натураю: унутрана засяроджаны, ён сузіраў Аблічча Хрыста, паглыбляўся ў малітоўную кантэмпляцыю нават падчас сустрэчаў з людзьмі. Гэтай з’яднанасцю з Богам — з’яднанасцю, можна сказаць, містычнай — прамянілася яго асоба. І пры гэтым ён быў такі чалавечны, такі адкрыты на людзей, так любіў усіх.

Прыкладам свайго малітоўнага жыцця і сваім навучаннем Ян Павел ІІ усіх нас вучыў малітве. Ён падкрэсліваў, што хрысціянства павінна адрознівацца «мастацтвам малітвы», якому трэба вучыцца ад Боскага Настаўніка. Святы Айцец вучыў нас больш поўнаму перажыванню Эўхарыстыі — крыніцы і вяршыні хрысціянскага жыцця — і жыццю Эўхарыстыяй. Ён вучыў слухаць Божае Слова і паглыбляцца ў малітву Ружанца. Папа паміраў падчас Эўхарыстыі, сваім свядомым «амэн» ён скончыў гераічнае жыццё і перайшоў у Дом Айца.

Рэакцыя на яго смерць мільёнаў людзей ва ўсім свеце стала доказам таго, што яго намаганні на карысць паяднання чалавека з Богам праз малітву не аказаліся марнымі. Я была ў Рыме адразу пасля смерці Яна Паўла ІІ, прымала ўдзел у пахаванні. Я бачыла мільёны людзей, асабліва маладых, якія ў слязах і малітоўнай засяроджанасці развітваліся са сваім духоўным Айцом і Настаўнікам малітвы. Яны маліліся за яго і праз яго заступніцтва, упэўненыя, што ў Доме Айца ён моліцца за нас усіх, як рабіў гэта на працягу ўсяго свайго жыцця.

Сястра Зоф’я Здыбіцка USJK