Велічнасць постаці Папы Яна Паўла ІІ, на маю думку, найбольш выявілася ў яго вялікай адданасці справе апостальства, уменні праз асабісты прыклад навучаць свет дабрыні і праўдзе, умець іх заўсёды абараніць. Дзякуючы гэтаму Ян Павел ІІ і змог стаць прарокам нашага часу.

Святы Айцец вельмі шмат увагі аддаваў пытанням каталіцкага разумення маральнасці жыцця. Ён паказаў, што свабоду можна разумець толькі ў супастаўленні з маральнымі праўдамі. «Усе мы, – пісаў Святы Айцец, – свабодныя. А наша свабода заўсёды павінна быць умоваю сапраўднай маральнасці грамадства». Складаны стан грамадства напрыканцы XX стагоддзя, як вядома, патрабаваў тлумачэння шмат якіх учынкаў чалавека. Тое, што адны лічылі актам міласэрнасці, іншыя трактавалі як забойства. Часта, калі даходзіла да спрэчак па пытаннях маралі, сучасны чалавек па-майстэрску надзяваў маску цыніка, па прыкладзе Понція Пілата, пытаючыся: «Што ёсць праўда?» (Ян 18, 38). Некаторыя лічылі, што гэта пытанне само па сабе з’яўляецца заканчэннем дадзенай дыскусіі. Ян Павел ІІ паказаў свету, што яно якраз наадварот павінна быць пачаткам кожнай дыскусіі. «Ідэя пра тое, што кожны можа мець сваю праўду, вядзе толькі да маральнага хаосу».

Перад Касцёлам і грамадствам паўставала шмат актуальных на той час пытанняў. Напрыклад, наколькі маральнасць якога-небудзь дзеяння павінна ацэньвацца на падставе характару самаго дзеяння альбо яе можна ацаніць таксама на падставе інтэнцыі ці атрыманага выніку? Найбольш грунтоўным адказам на ўсе гэтыя пытанні стала энцыкліка Яна Паўла ІІ «Veritatis splendor» як адзін з самых важных дакументаў для маральнай тэалогіі. Ян Павел ІІ сцвярджае, што чалавек ніколі не павінен рабіць зла, каб асягнуць дабро. І таму забойствы, няволя, гандаль людзьмі, аборты заўсёды з’яўляюцца злом, калечаць і ахвяру, і віноўніка.

На пытанне, чаму людзі не маюць роўнасці, асабліва ў фізічным, інтэлектуальным і эстэтычным узроўнях і як гэта спалучыць з Божай любоўю, Святы Айцец адказаў, што роўнасць якраз і заключаецца менавіта ў аднолькавай маральнай адказнасці кожнага.

Энцыклікай «Veritatis splendor» Святы Айцец імкнуўся змусіць свет задумацца над тэмай асобы чалавека і мэтай яго свабоды.

Другім дакументам Святога Айца, які зрабіў на мяне вялікае ўражанне, стала энцыкліка «Fides et ratio» («Вера і розум»). У ёй Папа абгрунтаваў сувязь паміж верай і розумам, тым, што ёсць шчасцем для чалавека, а што толькі падманам, што дабром, а што злом. Ян Павел ІІ выразна паказаў, што калі вера і розум не будуць ісці побач, ажыўленне веры не стане падмуркам годнасці, якая дае магчымасць чалавеку пазнаваць праўду, трываць у ёй і жыць згодна з ёю. «Вера і розум, – пісаў Ян Павел ІІ, – як два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да сузірання праўды».

Праз дваццаць гадоў ад пачатку пантыфікату ў энцыкліцы зноў прагучаў заклік Папы: «Не бойцеся!». Святы Айцец навучаў Евангеллю адвагі: не бойцеся розуму, не бойцеся праўды, бо яны руйнуюць ілюзіі, вызваляюць чалавека для свабоды.

Ян Павел ІІ стаў для мяне менавіта Папам свабоды, Папам новага гуманізму. Ён застаўся верны свайму бачанню Бога на працягу ўсяго жыцця. Менавіта дзякуючы Яну Паўлу ІІ Каталіцкі Касцёл стаў у наш час галоўнаю ўстановаю, якая абараняе годнасць і правы чалавека, а тым самым, я лічу, ён стварыў перспектыву лепшай будучыні, стаўшы Прарокам новага тысячагоддзя.

Ксёндз Юры Быкаў