Марцін Якімовіч: «Радуйцеся» — заклікала літургія дня, калі адышоў у вечнасць Папа. Ён таксама сам заклікаў нас радавацца. А як можна радавацца праз слёзы?
Яцэк Салій: О-о-о, гэта вялікая таямніца нашай веры. Кожны ж з нас ідзе ў жыццё вечнае, а гэтыя некалькі дзесяткаў гадоў, якія нам дадзены, — толькі час нашага падарожжа. А ў выпадку Яна Паўла ІІ, вялікага хрысціяніна, калі сэрца не дазваляе нам хоць крыху сумнявацца ў тым, што ён проста пайшоў да Бога, — як можна не радавацца? А калі чалавек пры гэтым заплача, то гэта нармальна. Гэта зусім іншае вымярэнне, бо сітуацыя падобная да смерці роднага бацькі. Зразумела, мы адчуваем пустку і ведаем, што калі паедзем у Рым, то не сустрэнемся ўжо там з Янам Паўлам ІІ. Сумна. Але за нашымі слязьмі тоіцца сапраўдная радасць: Папа трапіў у рукі Айца.
— Пан Езус таксама плакаў каля грабніцы Лазара, а крыху пазней ўваскрасіў яго...
— Тэалагічная традыцыя вельмі моцна ставіць акцэнт на гэтым плачы Езуса як на галашэнні па чалавечай смерці. Гэта плач па тым, што людзі паміраюць, а Пан Бог не меў такога намеру, каб людзі мусілі праходзіць праз смерць. Аднак уся горыч смерці ёсць пладом граху...
— Ці можна ўжо маліцца да Папы? Ці можна праз яго пасрэдніцтва прасіць Бога?
— Гэта далікатная матэрыя, але хутчэй за ўсё я не раіў бы. Пачакаем, паслухаем Касцёл. Трэба захаваць меру і ва ўсім нашым захапленні і ўдзячнасці, каб убачыць: праз Яна Паўла ІІ дзейнічаў сам Бог! Вельмі многае здарылася за час яго пантыфікату, але ж гэта дзейнічаў сам Пан. А веліч Папы заключаецца ў тым, што гэтаму ўздзеянню ён цалкам падпарадкоўваўся. За сваё жыццё ён неймаверна напрацаваўся. Сапраўды, ён цалкам паглыбляўся ў працу, не шкадаваў сябе, быў увесь для Бога і для людзей...
— На смерць Папы людзі адрэагавалі не эмоцыямі, але толькі малітваю. Перад канфесіяналамі стаялі вялікія чэргі. Адбылося шмат навяртанняў, вяртанняў...
— Я гэта бачыў з самага пачатку яго пантыфікату. Адбываліся вялікія цуды. Якія? Напрыклад, такія, што розныя народы і грамадствы пад улывам яго пілігрымак усведамлялі сваю глыбокую хрысціянскасць, пра якую нават ніхто не здагадваўся...
— Сустрэча з моладдзю ў Дэнверы стала правалам сродкаў масавай інфармацыі. Хто ў Амерыцы прыйдзе на сустрэчу з кансерватыўным, патрабавальным Папам? Аказалася, што прыйшлі вялікія натоўпы людзей. Падобнае было ў Парыжы і Таронта...
— А палякі выразна засведчылі гэта падчас яго першага прыезду ў 1979 годзе. Аказалася, наперакор таму, што нам даводзілі і што паказвала тэлебачанне, наша прывязанасць да Хрыста была вельмі моцная. І такія цуды здараліся не раз.
— Езус на працягу трыццаці гадоў знаходзіўся ва ўкрыцці, толькі тры гады Ён навучаў і дзейнічаў, але збавіў свет, калі бездапаможны тры гадзіны вісеў на крыжы і як чалавек нічога не мог зрабіць. Папа таксама ляжаў бездапаможны на сваім ложку...
— Так! І гэта цудоўнае сведчанне, а таксама адказ на пытанне, чаму ён не адмовіўся ад папскай пасады, нягледзячы на сваю немач. Людзі ў той час выказвалі такія меркаванні. А я думаю, што ён пачуў сур’ёзны загад на малітве. Маліўся і пачуў: «Застанься. Ідзі да канца». І паслухаўся.
І той час, калі знямоглы чалавек успрымаецца як пятае кола ў возе, непатрэбная мэбля і нават адкід грамадства, калі гаворыцца пра бессэнсоўнасць цярпення, Папа даў сведчанне таго, што чалавек, які моцна церпіць і знясілены хваробаю, з’яўляецца не толькі раўнапраўным побач са здаровымі, але калі яшчэ моцна трымаецца Пана Езуса, то гэта чалавек проста прыгожы! За гэты складаны ўрок і сведчанне мы павінны па-сапраўднаму падзякаваць Пану Богу!
У хвіліны цярпення і адыходу з гэтага свету Папа не рабіў нічога, апроч таго, што выконваў неймаверна вялікую і складаную справу адыходу з гэтага свету: цярпеў агонію. І што выяўляецца? Што пад уплывам гэтага сведчання мы знаходзім сваё хрысціянскае прызначэнне. Складаем рукі для малітвы.
Аднак мне вельмі хацелася б падкрэсліць: адыход Яна Паўла ІІ выклікаў такое вялікае ўражанне і так моцна паўплываў на людзей, якія адчулі сябе зусім асірацелымі, што з нашага боку было б сапраўды вялікім ашуканствам, калі цяпер, пасля вяртання да нармальнага жыцця, сярод нас зноў было б столькі нявольнікаў цывілізацыі смерці, абортаў, эўтаназіі ці легальных гомасексуальных саюзаў. Гэта было б проста ашуканствам.
Пераклад з польскай мовы
І. Ламакі