Усё сваё жыццё кс. пралат няспынна паглыбляў асабістую сувязь з Езусам Эўхарыстычным і заахвочваў да гэтага сваіх парафіянаў. Заўсёды, за некалькі гадзін да набажэнства, можна было сустрэць у святыні ксяндза Люцыяна на асабістай адарацыі, з якой ён чэрпаў сілы для штодзённай паслугі вернікам у нялёгкія часы ваяўнічага атэізму.
У гаміліях кс. Люцыян часта падкрэсліваў, што менавіта Бог праз Хрыста прыходзіць да чалавека, каб застацца ў ім назаўсёды. Таму Эўхарыстыя ёсць спаўненнем абяцанняў Хрыста, якія Збаўца аб’явіў, развітваючыся з апосталамі перад сваім Ушэсцем на неба: «Я ёсць з вамі праз усе дні, аж да сканчэння свету» (Мц 28, 20).
Эўхарыстыя – гэта крыніца і вяршыня нашага жыцця, з яе мы чэрпаем сілы для штодзённага жыцця. Сёння можна пачуць шмат нараканняў на нешчаслівае жыццё, але дзе мы шукаем гэтага шчасця? Св. памяці кс. Люцыян казаў: «Шчасце трэба шукаць там, дзе яно сапраўды ёсць, а ёсць яно ў любові Бога, у любові Езуса Эўхарыстычнага. Зямное шчасце часта засланяе нам сапраўднае шчасце, да якога мы павінны імкнуцца. Калі часцей будзем наведваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, прымаць удзел у святой Імшы, імкнуцца да паяднання нашых сэрцаў у святой Камуніі з Езусам, тады і нашы сэрцы запалымнеюць любоўю Хрыста, якая і адновіць наша жыццё. Менавіта тады на многія справы будзем глядзець па-Божаму, менш будзе ў нашым жыцці непаразуменняў, спрэчак, абразаў, а больш сапраўднай любові.
Гэтаму і вучыў сваіх вернікаў св. памяці кс. Люцыян, заахвочваў да штодзённага наведвання Езуса ў табэрнакулюме, да частай адарацыі, у парафіі падтрымліваў традыцыю саракагадзіннага набажэнства. Калісьці ў адной з размоваў ён сказаў: «Чуванне перад Езусам – гэта мая сіла на дарозе да Неба». Шаноўны кс. пралат Люцыян, як жа актуальныя вашы словы сёння для кожнага хрысціяніна, а тым больш для асобаў духоўных! Дзякуй Вам за тое, што Вы не толькі самі ішлі да неба, але прыкладам свайго жыцця паказвалі гэту дарогу кожнаму чалавеку. Богу, укрытаму ў Белай Гостыі, няхай будзе падзяка за прыклад сапраўднага святарскага жыцця св. памяці кс. пралата Люцыяна Хмялёўца, генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.