— Дык і пачнем з пацярпелага ад «тэрору». Аляксей, што ўсё-ткі то быў за «тэрор» і ці не крыўдуеце вы за яго на сябра?
Аляксей:
— Гэта перабольшванне, канечне, але дзесьці і праўда. Сябар прывёў мяне першы раз на Імшу і потым вельмі пільна сачыў за тым, каб не здаралася збояў у наведванні мною нядзельнай Імшы, за што я сёння не толькі не крыўдую на яго, а, наадварот, шчыра ўдзячны. Наогул, я лічу, што да Бога прыйшоў найперш дзякуючы самому Богу. Не было б у Яго патрэбы ўва мне — і дзе б і з кім я сёння быў?
— Што значыць для вас жыць з Богам і ці наведваюць вас часам сумненні ў Яго існаванні?
Віталь:
— Для мяне жыць з Богам — значыць перажываць з Ім усё, што здараецца (і добрае, і благое), а яшчэ — рабіць добрыя справы. Сумненні? Былі калі-нікалі, але так здаралася, што пасля кожнага вера мая дзякуючы наступным падзеям толькі ўмацоўвалася. Цяпер ніякіх сумненняў няма.
Аляксей:
— На першую частку пытання адкажу словамі святара са сваёй парафіі: жыць з Богам — гэта значыць пусціць Яго ва ўсе сферы свайго жыцця. Наконт сумненняў... Не, не наведваюць. А вось пытанне, наколькі Бог і вера ўплываюць на маё жыццё (у станоўчым, канечне, сэнсе) часам мяне хвалюе. Але згадзіцеся, што гэта ўжо не Яго, а найперш мая праблема.
Алеся:
— Адносна першай часткі пытання я цалкам згодная з хлопцамі. Адносна другой так скажу: ніякіх сумненняў! Бог заўжды побач з намі, нават тады, калі мы і не памятаем пра Яго.
— Усе вы абралі ў якасці галоўнай, прафесійнай справы жыцця тэалогію. Чаму?
Кацярына:
— Я абрала тэалогію даволі выпадкова, але ўжо падчас вучобы паспела зразумець: нічога выпадковага на свеце не бывае. Спадзяюся, што веды па тэалогіі дапамогуць мне стаць сапраўдным чалавекам. Думаю, гэтае спадзяванне таксама падсвядома паўплывала на мой выбар.
Святлана:
— А я, наадварот — абрала тэалогію невыпадкова, бо змалку цікавілася рэлігіямі свету і сакральнымі традыцыямі розных народаў. Хоць, па праўдзе, да хрысціянства напачатку вялікай прыхільнасці не адчувала, а ў выніку — навяртанне і Першая Камунія пасля першага курса.
Алеся:
— Тэалогію я абрала не толькі невыпадкова, а, наадварот, — мэтанакіравана. Так шмат гадоў з дзяцінства было прысвечана ў маім жыцці Касцёлу і Богу, што не выкарыстаць магчымасці паглыбіць свае веды ў гэтай сферы жыцця, а праз тое памагчы іншым людзям наблізіцца да Яго я проста не магла.
Аляксей:
— Напачатку маёю мараю было паступленне ў тэхнічную навучальную ўстанову, але ўсё змянілася пасля хросту. Такі вось нечаканы і цудоўны паварот у жыцці...
— Якія вашы ўражанні ад вучобы?
Святлана:
— Асабіста мне крыху нестае духу экуменічнасці і хацелася б бачыць больш выкладчыкаў-католікаў.
Віталь:
— Пакуль што цяжка меркаваць, бо я правучыўся зусім няшмат. Даволі цікава. Спадзяюся, што і надалей будзе гэтак жа.
Кацярына:
— Пакуль што — самыя найлепшыя. Ды і як можа быць інакш, калі я займаюся справаю, якая мяне найбольш цікавіць.
Аляксей:
— Тэалогія — гэта навука, якую трэба вывучаць усё жыццё, а калі ўсведамляеш яе значнасць, то і веды здабываць цікава. Так што я задаволены.
— Як вы лічыце — ці павінен быць тэолаг веруючым чалавекам?
Алеся:
— Я лічу — павінен абавязкова. Як можна даводзіць людзям з пашанаю пра Бога, не маючы да Яго належнага піетэту?
Віталь:
— Абавязкова!
Святлана:
— Я спачуваю тым студэнтам, якія спадзяюцца быць толькі свецкімі тэолагамі і праца якіх не будзе падмацаваная іх асабістаю верай.
Аляксей:
— Цудоўна, калі і прафесія, і патрэба душы — у адной плыні. Таму я лічу, што веруючы тэолаг — гэта нашмат лепш, чым тэолаг-атэіст.
— Святлана, вы сказалі, што вам нестае ў працэсе вучобы духу экуменічнасці. Цікава, а ці будзе для вас асабіста і для ўсіх астатніх мець значэнне веравызнанне будучага абранніка ці абранніцы?
Святлана:
— Для мяне — не будзе.
Аляксей:
— Абсалютна не!
Віталь:
— А для мяне — будзе. Добры прыклад маіх бацькоў тут для мяне шмат значыць.
Алеся:
— Напэўна, будзе. Аднаверцам, што ні кажыце, лягчэй разам ісці па жыцці.
Кацярына:
— Праваслаўны ён будзе ці католік — не мае для мяне значэння, а вось каб быў хрысціянінам і добрым чалавекам — важна.
— Вы — вернікі. А ці заўсёды, да прыкладу, захоўваеце патрабаванні посту?
Аляксей:
— Не заўсёды, хоць і стараюся сябе кантраляваць.
Алеся:
— Заўсёды. Ачышчэнне душы і розуму немагчымае без ачышчэння цела. Я гэта ведаю і заўжды памятаю.
Святлана:
— Цяжкое пытанне. Адно магу сказаць: часам не «есці» бліжняга для мяне нашмат складаней і нашмат больш значыць, чым не ўжываць мяса.
— Як вы ставіцеся да пазашлюбных сувязяў і грамадзянскіх сужэнстваў?
Кацярына:
— Я — супраць і аднаго, і другога. Сапраўднае каханне — гэта не толькі чысціня пачуцця, але і чысціня цела.
Алеся:
— Жыццё ў сужэнстве — гэта паяднанне жанчыны і мужчыны праз Бога, благаслаўлёнае і пацверджанае Ім. Таму я супраць такіх праяваў, якія вы назвалі.
Аляксей:
— Думаю, што і тое, і тое — рэчы непажаданыя.
— Напэўна, кожны з вас неаднойчы разважаў пра сябе як пра асобу і пра ўплыў на яе фармаванне вашай веры... Як бы вы гэты ўплыў акрэслілі?
Алеся:
— Як цалкам станоўчы. Прычым і ў інтэлектуальным плане, і ў плане зносінаў з людзьмі. Колькі цікавых людзей сустрэла я ў касцёле, колькі яшчэ, напэўна, сустрэну! Усё гэта — дарунак Пана Бога.
Аляксей:
— Я балюча перажываю ўсялякія расколы між людзьмі. І мая Грэка-каталіцкая Царква якраз дапамагае мне ў пераадоленні такіх перажыванняў. А значыць — умацоўвае, спрыяе захаванню, канцэнтрацыі сіл на здзяйсненне добрых спраў.
Кацярына:
— Я проста адчуваю, што пад уплывам веры, малітвы кожнага разу мяняюся да лепшага. Хіба гэта мала?
Віталь:
— Вера дае мне спакой. А яшчэ — веды, без якіх сёння ніяк не абыдзешся.
Святлана:
— Не ведаю, як наконт уплыву, а вось што вера дапамагае мне жыць у гармоніі са сваёй чалавечай прыродай, сутнасцю, — дакладна. А яшчэ — надае ўпэўненасці, дапамагае ў пераадоленні цяжкасцяў.
— То няхай і надалей гэтак будзе. Поспехаў вам усім у авалоданні азамі прафесіі, шчаслівай будучыні!