Мар’ян Дукса
***
Выйшла з-за небасхілу сонца.І ўсё ўстрапянулася жаданнем жыць і радавацца. Шпак засвістаў-зайграў, як на скрыпцы, каб світальны сон дзіцяці быў салодкім і музыкальным. Раскрыліся бутоны кветак, запрашаючы пчол на сняданак. Дружна з’явілася раса, абяцаючы касе палёгку. Усміхнуўся сусед суседу... Ранішні свет мае моцную схільнасць да добрых учынкаў. |
***
О, святы Антоній!Мы любім цябе за дабрыню, якая з’яўляецца тваёй візіткай для нас і ў вечнасці. Твая лагоднасць – гэта жыватворная крыніца, да якой мы прыпадаем зашорхлымі вуснамі і сасмяглай душой. Млосныя подыхі самалюбства, зайздрасці і насцярожанасці высушваюць нашы грудзі. Але праз тваю падпітку вышэюць думкі, прамяняцца светлыя пачуцці, раствараюцца камяні ў сэрцы.
P.S. О, святы Антоній! |
***
О, святы Францішак!Ты нам бязмежна дарагі сваёй шматаблічнай любоўю – да Бога, людзей, жывёлаў, птушак. Ішоў крок у крок за Езусам – не карыстаўся ні картай, ні компасам і не збіваўся з дарогі. Боль ад стыгматаў прыносіў свежыя сілы, робячы веру крылатай. Кожная хвіліна твайго слугавання ахвяравалася нябёсам і людству. Ты дзіўна ўвасобіў і спалучыў у сваім сэрцы ўсе нашы лепшыя жаданні. І ты навучыў нас і радасць, і боль, і клопат заўсёды аздабляць песняй. |
***
О, святыя сёстры-назарэтанкіз Наваградка! Планка, узнятая вамі, для нас непамерна высокая. Мы ходзім пад ёю, спрабуем дастаць яе вокам і сэрцам. Разганяйся ці не разганяйся – не кожнаму пад сілу яе адолець. Ці можна ўзляцець над немагчымым? Як жа трэба даверыцца Богу, каб цуд гэты здзейсніць! Страх вышыні бездапаможны перад палётам любові. |
***
Дзесяць Божых запаведзяўахопліваюць цэлае жыццё з яго ўскладнёным клопатам, хістаннямі і раздарожжамі. Базавы рэгламент паводзін, які прадугледжвае тысячу сітуацый і мільён стасункаў. І ўсё-ткі дзесяць Божых запаведзяў, набраных нават выразным шрыфтам, змесцяцца на экране тэлевізара. А вось паспрабуй іх парушыць – усё ўтрапенне і пакаянне, што ўвасобяцца ў словы і думкі, не змесціць не толькі тэлеэкран, але й велізарны над намі блакітны экран нябёсаў. |
***
Стамлёны Езусад грахоў людскіх. Цяжкая ноша цісне непамерна. Звярэджаныя раны ўсе смыляць. І сэрца аж заходзіцца ад болю. Крыжовы шлях не скончыцца ніяк... Падставім плечы пад цяжар Ягоны – на міг хай зведае палёгку Збаўца. Маліцца будзем шчыра і няспешна за грэшнікаў адрынутых усіх, за кожную самотную душу, што ў поцемках пакутліва блукае. Ах, колькі непрыкаяных тых душ чакаюць малітоўнай успамогі і цёплых слоў, што звернуты да Пана. Лёс тых, хто ў джунглі кінуты цярпенняў, залежыць ад вялікай Божай ласкі... Маліцеся – і ў нашых ён руках. |
***
Паламаная душа,не раз пабітая і пакалечаная, не аднойчы клееная і сшываная, цыраваная і надточаная... Яна лёгка прадзімаецца штодзённымі скразнякамі. Але яна – не сіта, праз якое пралятае Божая ласка без затрымкі. |
***
Усё нішто, апроч любові.Апроч яе, ёсць толькі марнасць. Яна адна – выратаванне. Яна – ў бядзе найлепшы посах. Яна – ўсіх мукаў апраўданне. Яна – зямная ўзнагарода. Яна – нябеснае збаўленне. Яна – адзіны сэнс быцця. Яна працяг бясконцы мае і ззяе ў вечнасці – яна. Бог добры, любячы, стварыў нас. І без яе ці змог адбыцца б той геніяльны акт Тварэння планет, і зорак, і сусветаў, і цёплай музыкі святла. |
***
Напаўняюся смуткамад немагчымасці спыніць час, адкруціць яго назад хаця б адзін раз і падраўняць, падмесці сваю дарогу. Як хочацца быць карэктарам свайго найвялікшага твора з таямнічай назвай «Жыццё». Зрэшты, Ты мяне і спыняў, і падказваў, якія словы мне гаварыць, якую справу чыніць з рання да вечара. Я не ведаю аб Тваіх намерах, але абсалютна ўпэўнены, што яны – добрыя. Але Тваю дабрыню я – сляпы і глухі – не заўсёды бачу, чую, разумею. Адна душа ўсё адчувае. Але яна ў целе за сямю дзвярыма і за сямю замкамі. Яе самотныя пошапты глушыць утрапёны голас тых, хто працягвае будаваць Вавілонскую вежу. |
***
Мой страх перад жыццёмне раз ішоў за мною. Калі ж спяшаўся я – навыперадкі бег ён. Свайго дабіцца мог, умеў перамагчы – і сцяцца я хацеў, згарнуць парыў і крылы, замкнуць святло душы, схавацца ў кокан цела... Халаднаваты страх – ён вынік кволай веры і знак, што Дух Святы пакліканы не вельмі. О, шчодры, добры Езу, пашлі нам годнай моцы – кусцістай той любові, што радасна цвіце у слове і ва ўчынку. Калі любоў цвіце – страх хутка засыхае. |