3 верасня:
святога Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла.

Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы. Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

 
4 верасня:
благаслаўлёных Марыі Стэлы і паплечніц,
паннаў і мучаніц.

Сёстры Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта з’явіліся ў Наваградку ў 1929 годзе па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб апекавацца касцёлам Перамянення Пана — так званай Белай Фарай — і каб прысвяціць сябе выхаванню і адукацыі дзяцей і моладзі. Падчас Другой сусветнай вайны на чале супольнасці сясцёр у Наваградку была сястра Марыя Стэла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту (Адэля Мардасевіч), па адукацыі — настаўніца. Нягледзячы на забарону акупацыйных нямецкіх уладаў, сёстры працягвалі сваю дзейнасць і нават патаемна навучалі дзяцей. Летам 1943 г. у выніку карнай аперацыі ў вязніцы апынулася 120 жыхароў горада, якія былі асуджаныя на расстрэл. Пад пагрозаю было і жыццё ксяндза Аляксандра Зянкевіча, адзінага на той час наваградскага святара. Сястра Марыя Стэла разам з іншымі сёстрамі так малілася ў тыя жахлівыя дні: «Мой Божа, святар больш неабходны, чым мы, на гэтым свеце, дык молімся цяпер, каб Бог забраў лепей нас, чым ксяндза, калі ёсць патрэба ў новай ахвяры. Няхай лепш нас расстраляюць, а не тых, хто мае сем’і». 1 жніўня 1943 года ў лесе паблізу Наваградка 11 сясцёр з супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляныя фашыстамі. Ахвяра сясцёр змяніла ход зямных падзеяў: выратавала і вязняў — усе перажылі вайну, — і ксяндза. Целы сясцёр-мучаніц спачываюць у фарным касцёле Наваградка.

 
13 верасня:
святога Яна Залатавуснага (Хрызастома),
біскупа і доктара Касцёла.

Нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны». У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 4007 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.

 
18 верасня:
святога Станіслава Косткі, законніка.

Нарадзіўся 28 кастрычніка 1550 г. у Расткове (Польшча). У чатырнаццацігадовым узросце разам з братам пераехаў у Вену, каб вучыцца там у імператарскай гімназіі, якой займаліся езуіты. Там ён вырашыў сам уступіць у Таварыства Езуса, але бацькі не далі на гэта згоды, паколькі лічылі, што іх сын павінен зрабіць бліскучую свецкую кар’еру. Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, Станіслаў праявіў незвычайную паслядоўнасць і рашучасць. Не маючы яшчэ і семнаццаці гадоў, ён патаемна ўцёк з Вены ў Баварыю, разлічваючы, што яго прыме ў ордэн правінцыял нямецкіх езуітаў Пётр Канізій. Аднак там яго чакаў адмоўны адказ. Не губляючы надзеі, Станіслаў кіруецца ў Рым, і там нарэшце яго жаданне здзяйсняецца: у кастрычніку 1567 г. яго прымаюць у навіцыят. Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня 1568 г. Станіслаў Костка памірае ў арэоле святасці. Ён быў пахаваны ў рымскім касцёле святога Андрэя і ў 1726 г. кананізаваны. У Польшчы святы Станіслаў Костка лічыцца апекуном моладзі.

21 верасня:
святога Мацвея, апостала і евангеліста.

У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове. Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму.

 
23 верасня:
святога Піо з П’етрэльчыны, святара.

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца. Айцец Піо вядомы таксама як містык: ён меў дар білакацыі (адначасовага знаходжання ў двух месцах), дары моваў, чытання ў сумленні, прадказання будучыні. Акрамя таго, ён заснаваў Дом палёгкі ў цярпенні — сучасную медыцынскую ўстанову, якая разам з тым з’яўляецца месцам малітвы і навукі, а таксама міжнародны малітоўны рух, што ахоплівае сотні груп вернікаў па ўсім свеце. Падрэ Піо памёр 23 верасня 1968 г. у Сан Джаванні Ратондо, дзе і быў пахаваны. Праз трыццаць гадоў пасля смерці ён быў беатыфікаваны, а ў 2002 г. кананізаваны. У дзень кананізацыі Папа Ян Павел ІІ назваў падрэ Піо дарам для нашага часу, поўнага пакутаў. Праз яго заступніцтва здзяйсняецца шмат цудаў і аздараўленняў.

 
29 верасня:
святых Міхала, Габрыэля і Рафала, Арханёлаў.

Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны. У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.

 
30 верасня:
святога Гераніма, святара і доктара Касцёла.

Нарадзіўся каля 347 г. у Стрыдоне (Далмацыя). Вучыўся ў Рыме і там прыняў хрост, а пазней далучыўся да кола сяброў, якія вялі аскетычнае жыццё. Некалькі разоў здзяйсняў паломніцтвы на Усход і пэўны час жыў у поўным адасабленні ў адной манаскай супольнасці ў Сірыі. Маючы каля трыццаці гадоў, Геранім прыняў у Антыёхіі святарскае пасвячэнне і накіраваўся ў Канстанцінопаль, дзе пазнаёміўся са св. Грыгорыем Назіянзскім і перакладаў тэксты касцёльных пісьменнікаў першых стагоддзяў. Пазней ён вярнуўся ў Рым і пэўны час быў сакратаром Папы Дамаса І. Пасля смерці Папы Геранім наведаў Егіпет і нарэшце пасяліўся ў Бэтлееме. Там ён заснаваў шмат мужчынскіх і жаночых кляштараў, а затым цалкам прысвяціў сябе тэалогіі, пісьменніцкай і перакладчыцкай дзейнасці. Геранім з’яўляецца аўтарам перакладу Святога Пісання — Вульгаты — агульнапрынятага ў Касцёле перакладу Бібліі на лацінскую мову, а таксама біблейскіх каментараў, нарысаў гісторыі старажытнахрысціянскай літаратуры і жыццяпісаў святых. Геранім памёр у Бэтлееме 30 верасня 419 або 420 г. Яго рэліквіі спачываюць у базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў і перакладчыкаў.