«Бачылі мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» (пар. Мц 2, 2) — гэтыя словы прамовілі ў Ерузалеме тры каралі больш за дзве тысячы гадоў таму. Але сёлета яны набылі новы глыбокі сэнс падчас Сусветных дзён моладзі ў Кёльне. У гэты горад яшчэ з даўніх часоў праклалі сабе шляхі пілігрымы з розных краінаў свету. Сярэднявечны Кёльн стаяў у адным шэрагу з Рымам і Сант’яга-дэ-Кампастэла. Былая веліч напоўніцу вярнулася ў гэты край сёлета. Тысячы маладых людзей ужо не толькі з Еўропы, але і з усяго свету прыбылі да рэліквій Трох Каралёў, каб па іх прыкладзе аддаць пашану і хвалу Езусу Хрысту. Некалькі гэтых жнівеньскіх дзён сталіся сапраўдным святам, цэлебрацыяй веры, днямі еднасці і ўзаемаразумення паміж народамі. Плён гэтых сустрэч, Божыя ласкі, што спадарожнічалі сумесным сустрэчам, малітве, чуванням, словам Папы, яшчэ доўгі час будуць жыць у сэрцах моладзі. Як і тром Мудрацам патрэбен быў пэўны час падарожжа ў Бэтлеем, каб падрыхтавацца да сустрэчы з Панам, так і нам, удзельнікам сустрэчы, напачатку быў дадзены час для знаёмства з краінай і яе народам для таго, каб зрабіць нешта добрае для іншых ды падрыхтаваць свае сэрцы для найглыбейшага перажывання Сусветных дзён моладзі.

Але пра ўсё па чарзе. Мінская група пілігрымаў на пачатку сваёй вандроўкі ў Кёльн спынілася ў дзвюх вельмі гасцінных парафіях Лімбургскай дыяцэзіі. Размясціліся парафіяльныя вёсачкі сярод высокіх лясістых пагоркаў і маляўнічых зялёных далінаў. Краявіды быццам заклікалі да сузірання гэткай прыгажосці і праслаўлення Бога за такі цудоўна створаны свет. Адчуванне пасля гэтых трох з невялікім дзён засталося як ад казачнага сну, салодкі прысмак якога спадарожнічаў нам не толькі ў Кёльне, але і на радзіме. Стваралі яго не толькі дзівосная цеплыня і добразычлівасць тутэйшых парафіянаў, але і самі мястэчкі, бо іх выгляд нагадваў малюнкі дзіцячай кніжкі з казкамі. Кожны дзень быў асобнай рознакаляровай старонкай, перагортваючы якую было радасна ад таго, што яна пакінула столькі прыемных уражанняў, і разам з тым сумна, бо гэты дзень ужо стаўся частачкай мінулага. Штодня адбывалася святая Імша па-нямецку, таму мы мелі цудоўную магчымасць прызвычаіцца да гэтай мовы, а таксама паразважаць, дзякуючы перакладчыцы, над казаннямі мясцовых святароў.

Вельмі карысным і цікавым стаў дзень сацыяльных праектаў. Кожны абіраў для сябе па душы нейкі занятак і рабіў яго на хвалу Пану Богу і на карысць пэўнаму мястэчку ды яго жыхарам. Догляд хворых і нямоглых людзей, спевы і забавы для псіхічна хворых, частаванне пацыентаў печывам уласнага вырабу ў шпіталі, будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі, першая дапамога і шмат чаго іншага — у кожным месце былі свае цікавыя праекты. А ў вечары ўсе з захапленнем дзяліліся ўражаннямі ад зробленага. Нават розныя мовы не перашкаджалі ў агульнай працы. Мова знакаў і ўсмешак аказалася куды больш дасканалай! Наступны дзень рыхтаваў новыя заняткі: экскурсіі ў вільбургскі замак і мясцовы музей, а таксама наведванне пячоры. Увечары быў мясцовы фэст у гонар гадавіны пабудовы і кансэкрацыі касцёла ў Хершбаху, адной з парафіяльных вёсачак. Столькі ўражанняў, столькі новага мы ўбачылі! Таму пад вечар нам падавалася, што прамінуў не дзень, а як мінімум тыдзень! Нядзеля, апошні наш дзень перад ад’ездам у Лімбург і Кёльн, запомніўся ўрачыстай святой Імшой, сумесным абедам, а таксама вячэрай у сем’ях, якія за некалькі дзён сталі нам роднымі. І як ні цяжка было развітвацца з гасціннымі парафіянамі, вецер Сусветнага дня моладзі настойліва кіраваў нас у свой горад — Кёльн.Нас яшчэ чакала Імша пад адкрытым небам на вялікай пляцоўцы ў Лімбургу, якую цэлебраваў мясцовы біскуп. Столькі розных народаў, якія жылі побач з намі ў парафіях дыяцэзіі і з якімі мы ўпершыню сустрэліся! Напачатку гэта нагадвала вавілонскае стоўпатварэнне! Безліч людзей, якія размаўляюць на розных мовах, маюць розныя менталітэты, звычкі, традыцыі! Але разам з намі быў Той, Хто яднаў нас, Хто тлумачыў нам Сваё слова вуснамі імправізаваных перакладчыкаў, Хто любіў нас незалежна ад расы ці нацыянальнасці. Усе мы пры жаданні добра разумелі адзін аднаго, бо размаўлялі на адной мове — мове хрысціянскай любові. Гэта было цудоўна! Як сімвал нашых супольных малітваў пад канец Імшы ў неба ўзнялося мноства рознакаляровых паветраных шароў. Так, мы ўсе розныя, але ўсе мы імкнемся да неба, дзе ўжо не будзе ніякага непаразумення, але запануюць супакой і еднасць...

Узмоцненыя Езусам Хрыстом у Эўхарыстыі, мы выправіліся да мэты нашай вандроўкі — Кёльна. Там нас ужо чакалі адны з лепшых пілігрымаў чалавецтва, якія сваім прыкладам натхнялі ў гэтыя дні моладзь з усяго свету да пошуку Езуса Хрыста і пакланення Яму ў Духу і Праўдзе. Падчас свайго шляху да Бэтлеема Тры Каралі сталі сапраўднымі сведкамі веры ў тое, што Езус Хрыстус — Пан Бог. Тое ж павінны былі здзейсніць і мы: сведчыць пра тое, што мы хрысціяне не словамі, але ўчынкамі. І, напэўна, найбольш гэтай ласкі прасілі ў Мудрацоў шматлікія пілігрымы, калі кленчылі ў кёльнскай катэдры.

Увечары першага дня ў Кёльне, пад дахам RheinEnergieStadion, адбылася святая Імша. Шанец трапіць туды, безумоўна, мелі не ўсе, бо нас было нашмат болей, чым мог змясціць стадыён, і ці не вялікая гэта ласка Пана Бога, што ўся наша група змагла прымаць удзел у малітве ў той час, калі так шмат пілігрымаў засталося звонку? Безліч сцягоў, транспарантаў, прадстаўнікі самых розных краін. Заўважылі нават сцяг Кітая! Пасля Імшы, калі да Пана Бога адначасова ўзносіліся малітвы на толькі Яму аднаму аднолькава блізкіх і зразумелых мовах, была музычная праграма. Ніколі не забудуся пра шчасце танчыць у сапраўды міжнародным карагодзе! Усе пілігрымы з цікавасцю далучаліся да забаваў і гульняў адзін аднаго. Калі беларусы пачалі «ручаёк», да нас хутка далучыліся расіяне, немцы, італьянцы... Гэта было проста цудоўна! Нават дарога дадому спрыяла лепшаму знаёмству, бо з-за вялікай колькасці народу транспарт рухаўся вельмі павольна і проста немагчыма было не пагутарыць з суседзямі па вагоне.

17 жніўня, а палове пятай, пачыналася ўрачыстае прыбыццё Папы Бэнэдыкта ХVІ у Кёльн. Мы вырашылі назіраць за тым, як Папа на вялізным караблі паплыве да катэдры, з высокага берагу Рэйна. І, мне падаецца, не прагадалі! Так блізка я больш не бачыла ў гэтыя дні Папу не ўласныя вочы! Можна было нават заўважыць яго позірк і рукі, скіраваныя менавіта да нас, групкі моладзі з Беларусі! Папа цяпер тут, у Кёльне, сярод нас! Горад, падавалася, пачаў выглядаць зусім па-іншаму. Радасныя воклічы «Benedetto! Benedetto!» не сціхалі над ваколіцамі аж да позняй ночы...

Пятніца, дзень мучаніцкай смерці Езуса Хрыста, запомнілася пранікнёным крыжовым шляхам увечары. Праводзіўся ён па ўсім горадзе: у цэнтры — з удзелам пілігрымаў з усяго свету, і ў асобных парафіях, што прымалі пілігрымаў толькі з некалькіх краінаў. У крыжовым шляху нашай парафіі ішлі немцы, італьянцы, іракцы, ліванцы, беларусы. Не заўсёды былі зразумелыя словы разважанняў на чужой мове, але ж Езус да кожнага прамаўляў у сэрцы, трэба было толькі крыху цішы і жадання пачуць Яго лагодны голас... Гэты крыжовы шлях быў вельмі важным перад нялёгкім вандроўніцтвам да Марыенфілда, важным таксама і для развітвання з Кёльнам. У сваім пасланні на ХХ Сусветны дзень моладзі Ян Павел ІІ пісаў: «Ён прыйшоў да нас і стаўся бедным для таго, каб адкрыць нам Сваю Боскую славу, якую мы будзем сузіраць напоўніцу толькі ў небе, нашай благаславёнай айчыне. Ён прыйшоў у жабрацтве, каб даць збаўленне грэшнікам». Таму тыя цяжкасці, нязручнасці, што чакалі нас наперадзе, былі нечым зусім мізэрным у параўнанні з тымі ласкамі, якія Пан Бог рыхтаваў для нас на вялікім полі, дзе павінна было сабрацца каля мільёна чалавек...

Гісторыя гэтага месца заслугоўвае ўвагі і дае разуменне таго, чаму гэта, а не іншае поле было абранае для сумеснага чування і святой Імшы з Папам. У 1150 годзе тут быў пабудаваны кляштар цэстэрцыянак, які пазней занялі браты цэстэрцыянцы. 500 гадоў таму гэты кляштар стаў месцам паломніцтва да каменнай фігуры Маці Божай, якая трымае на руках спакутаванага і забітага на крыжы Езуса. Але каля 1950 года касцёл і рэшткі кляштара павінны былі саступіць сваё месца адкрытай вугальнай шахце. Таму, сабраныя разам у гэтым адзначаным з даўніх часоў Панам Богам месцы, мы былі пакліканыя да пабудовы «катэдры на адзін дзень», да таго, каб вярнуць гэтаму месцу моц супольнай малітвы. І зусім невыпадковым выглядае ў свеце веры той факт, што акрамя фігуры Марыі, адзінай часткай Марыенфілдскага абацтва, што засталася да нашых дзён, стаў алебастравы рэльеф, на якім адлюстраваны Тры Каралі ў паклоне нованароджанаму Езусу! Мы таксама ў гэтыя дні маглі пакланіцца Яму, прысутнаму сярод нас у сакрамэнце Эўхарыстыі.

Суботнім вечарам Бэнэдыкт ХVІ прыбыў на Марыенфілд, каб разам з намі чуваць і маліцца. З надыходам цемры поле расквітнела агнямі. 27 зробленых са свечак калонаў з захаду аднадзённай катэдры сімвалізавалі 27 нямецкіх дыяцэзій. Больш за 12 тысяч знічоў упрыгожвалі пагорак. Так, як і Езус стаў святлом для свету, гэтыя свечкі асвятлялі нам навакольную цемру ў чаканні першых промняў сонца. Першай часткай чування была працэсія Крыжа і абраза Маці Божай, а потым была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас працэсіі мы разважалі над пілігрымкай жыцця Марыі ад Звеставання да Уваскрасення, мы яшчэ раз узгадвалі сабе тое, што Езус, паміраючы на крыжы, даў нам сваю Маці як нашу Маці. Хор спяваў Акафіст, гімн Усходняй Царквы, які першы раз прагучаў у 626 годзе ў Канстанцінопалі. Гэты спеў падкрэсліваў экуменічны характар нашай малітвы і асабліва быў дарагі для вернікаў з усходу...

Нядзельная раніца хоць парадавала нас добрым надвор’ем і цёплым сонейкам, напэўна, заклікала да таго, каб шукаць цяпла і святла ў тым, што мелася хутка адбыцца. Святая Імша, якую будзе цэлебраваць Святы Айцец! «Дзіця, якое Марыя паклала ў яслі, гэта Бог і Чалавек, якога мы ўбачым прыбітага да крыжа. Падобнага Адкупіцеля мы бачым і ў сакрамэнце Эўхарыстыі. (...) Імша становіцца праўдзівай сустрэчай любові з Тым, хто даў нам усяго Сябе. Не сумнявайцеся, мае дарагія маладыя сябры, адгукніцеся на Яго покліч, калі Ён запросіць вас на „вясельную вячэру Ягняці“ (пар. Ап 19, 9)». Гэтыя словы Яна Паўла ІІ з паслання на ХХ Сусветны дзень моладзі да болю нагадваюць заклік, што прагучаў на пачатку яго пантыфікату: «Не бойцеся!» Скіраваныя да кожнага з удзельнікаў сустрэчы, яны зноў клічуць па прыкладзе мудрацоў, што ішлі за зоркай, гэтак жа мужна, без страху, ісці за Крыжам Езуса Хрыста, што паказвае нам праўдзівы шлях да Бога.

Словы Евангелля нагадвалі нам пра сустрэчу Трох Каралёў са Збаўцам. Асабліва чамусьці кранулі словы: «І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну» (пар. Мц 2, 11). Здавалася б, што можам каштоўнага прынесці Пану Богу мы, бедныя пілігрымы, якія толькі прагнем самі насыціцца Божымі ласкамі? Але Папа нагадаў нам пра тое, што яго Папярэднік на троне Пятровым атаясамліваў золата з чалавечым жыццём, ладан — з нашымі малітвамі, смірну — з хвалою, якую мы можам узносіць Пану. Бэнэдыкт ХVІ заклікаў моладзь да прысвячэння свайго жыцця пошукам Пана Бога, больш глыбокаму разуменню Яго таямніцы, а тым, што Пан дае нам спазнаць, шчодра дзяліцца з іншымі, весці нашых бліжніх да Хрыста — сапраўднай крыніцы жыцця і святасці.

На заканчэнне святой Імшы Папа растлумачыў кожную частку сімвала ХХ Сусветных дзён моладзі, каб мы ўзялі яго з сабою ў наша зваротнае падарожжа. «Зорка – заклік да таго, каб вы дазволілі Езусу, як святлу сусвету, весці вас за сабой. Ідзіце і станьце прыкладам Яго святла, асабліва там, дзе людзі пакутуюць і перажываюць цяжкія часіны. Літара С — Бог стаў чалавека у асобе Езуса Хрыста. Вазьміце Яго з сабой у свет і дазвольце Яму стаць Чалавекам у сваім жыцці. Тыя, хто вас сустрэне, павінны ўбачыць, што „Хрыстус жыве ў вас“. Вада — вы атрымалі Езуса Хрыста як жывую ваду. Будзьце жывыя і дазвольце сабе развівацца. Ніколі не стамляйцеся ад працы на карысць абароны стварэнняў. Будзьце свежай крыніцай паўсюль, дзе б ні высахла жыццё. Вежы — вежы кёльнскай катэдры з’яўляюцца сведкамі таго, што людзі шукалі Езуса Хрыста стагоддзямі. Як гэтыя вежы, сімвалы ў сусвеце, так і вы таксама ёсць сімваламі гэтых поўных жыцця камянёў. Крыж — ідзіце за крыжам, які Езус Хрыстус узяў на Сябе. Няхай ён будзе доказам і сімвалам Яго любові ва ўсе часы. Няхай гэты крыж стане святлом, за якім вы будзеце ісці, прымаючы ўласны крыж і дапамагаючы іншым несці іх цяжар».

Хочацца спадзявацца, што гэтыя словы апошняга настаўлення на зваротны шлях будуць жыць у нашых сэрцах да наступных Дзён моладзі, якія маюць адбыцца праз тры гады ў далёкай Аўстраліі. Пан Бог дае тым, хто ў Яго просіць, таму ёсць нагода маліцца, каб група пілігрымаў з Беларусі была не меншая, а нават і большая, чым сёлета — было ж нас у гэтым годзе каля тысячы чалавек.

Вельмі хутка прабеглі нашы амаль два тыдні ў гасціннай Нямеччыне. Нас чакала Радзіма. А перад вачыма стаялі словы нядзельнага Евангелля: «Іншай дарогай адышлі ў краіну сваю» (пар. Мц 2, 12). Таму, каб дакладна наследаваць прыклад трох Мудрацоў з Усходу, мы вярталіся дадому іншым шляхам не толькі духоўна, але і фізічна. Як пад крыжам, так і ў вяртанні да нашых штодзённых спраў і абавязкаў Хрыстус даў нам Марыю, каб з Яе дапамогай мы не змарнавалі атрыманых ад Яго ласкаў. На ноч мы спыніліся ў семінарыі шчодрых і добразычлівых айцоў салезіянцаў, а зранку выправіліся да недалёкага адтуль санктуарыя Маці Божай Ліхэньскай. Яе заступніцтва, безумоўна, было патрэбна нам, стомленым, але такім шчаслівым пілігрымам. Святая Імша і некалькі гадзін, што мы там прабылі, далі вельмі шмат для душы. Цяпер дарога дахаты сапраўды стала іншай...

...Вось за вакном і краявіды роднай Бацькаўшчыны! Колькі ўражанняў вязуць з сабою твае дзеці! З якой цеплынёй і ўдзячнасцю быдуць успамінаць яны ў сваіх парафіях Імшы з удзелам беларускіх пілігрымаў, што праводзіліся ў кёльнскім касцёле святога Юзафа, развітванне з гасціннымі кёльнскімі парафіянамі і замежнымі пілігрымамі, калі ў касцёле мы, як адзін хор, пранікнёна спявалі «Купалінку». Напэўна, не раз давядзецца ўзгадаць словы біскупа Антонія Дзям’янкі, які самаахвярна дзяліў з намі ўсе цяжкасці падарожжа. Да кожнага Пан Бог прамаўляў у гэтыя дні па-рознаму. Безумоўна, у Нямеччыне мы пачулі не ўсё, што Ён хацеў сказаць, таму, разгарнуўшы напрыканцы падарожжа літургічную кнігу пілігрыма, якую раздалі кожнаму ўдзельніку, я выпадкова (але ці бываюць у Бога выпадковасці?) прачытала словы Слугі Божага Яна Паўла ІІ з Апостальскага ліста «Mane nobiscum Domine»: «Я моцна спадзяюся на вас, маладыя людзі, калі чакаю нашага спаткання на наступных Сусветных днях моладзі ў Кёльне. Тэма нашай сустрэчы — „Мы прыйшлі пакланіцца Яму“ — прапануе нам найлепшае перажыванне гэтага году Эўхарыстыі. Прынясіце тым, хто вас спатыкае, разам з Езусам Эўхарыстычным увесь энтузіязм вашага ўзросту, усю вашую надзею, усё ваша жаданне любіць!» Углядаючыся ў абраз Маці Божай Ліхэньскай, я толькі змагла ціха прашаптаць: «Я пастараюся апраўдаць твае надзеі, Яне Паўле! Марыя, калі ласка, дапамагай нам усім у гэтым...»

Ларыса Дарашэнка.
Фота біскупа А. Дзям’янкі і Т. Мухляды.