— Эльвіра Генрыхаўна, як бы вы акрэслілі асноўныя кірункі сваёй дзейнасці?
— Наогул, самая галоўная задача, якую мы вырашаем, — гэта найперш выхаванне і сцвярджэнне ў людзях любові і павагі адзін да аднаго на падставе адвечных прынцыпаў хрысціянскай маралі. На побытавым узроўні гэтыя паняцці ўключаюць у сябе і аказанне дапамогі састарэлым людзям, і дзейсную ўвагу да патрэбаў інвалідаў, хворых, сіротаў, проста бедных людзей, якія з той ці іншай прычыны не могуць сябе забяспечыць матэрыяльна. Не застаемся мы ўбаку і ад такой актуальнай на сённяшні дзень справы, як арганізацыя аздараўлення дзяцей на тэрыторыі Беларусі ці за яе межамі. Пра ўсё гэта можна шмат гаварыць, але найлепш, напэўна, скажа лічба: сёння наша аддзяленне працуе над ажыццяўленнем больш як 15 праектаў.
— Раскажыце, калі ласка, пра некаторыя з іх.
— Адзін з пастаянных, так бы мовіць, заўсёдных — атрыманне і размеркаванне дабрачынных грузаў. Мы атрымліваем іх 6 разоў на год і кожны раз бачым сваю задачу ў іх справядлівым мэтавым размеркаванні паміж парафіямі, арганізацыямі, установамі. Надаем мы належную ўвагу і супрацоўніцтву ў гэтым плане з дзяржаўнымі сацыяльнымі структурамі, грамадскімі арганізацыямі, медыцынскімі ўстановамі. Яшчэ адзін важны (асабліва ў летні перыяд) кірунак нашай працы — арганізацыя дзіцячага адпачынку. Штогод ад 30 да 70 дзяцей з нашай дыяцэзіі выязджаюць у Аўстрыю, дзе маюць магчымасць не толькі палепшыць сваё здароўе, але і пазнаёміцца з традыцыямі, культурай гэтай еўрапейскай краіны, наладзіць асабістыя кантакты з равеснікамі. Сёлета плануем выправіць таксама 20 дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў на адпачынак у Чэхію.
— Наколькі мне вядома, вы працуеце і над праектамі, звязанымі з вытворчасцю...
— Так, з вытворчасцю хлебапрадуктаў. Гэта ўжо цалкам ажыццёўлены праект. Прадукцыю нашай міні-хлебапякарні (галоўным чынам гэта булкі) добра ведаюць у дыяцэзіі. Асноўнымі ж спажыўцамі яе з’яўляюцца хворыя Сялюцкага псіханеўралагічнага інтэрната і Віцебскага дзіцячага дома для дзяцей з адхіленнямі псіхафізічнага развіцця.
— А як рэалізоўваецца праект «Дабрачынная сталоўка»?
— Над рэалізацыяй гэтага праекту мы працуем больш за 3 гады. Дзякуючы дапамозе спонсараў узноўлена праца такіх сталовак у Глыбокім і Наваполацку, дзе адпаведна 30 і 40 чалавек з катэгорыі малазабяспечаных, шматдзетных, няпоўных сем’яў, а таксама людзі састарэлыя ці інваліды маюць магчымасць 20 разоў на месяц атрымаць паўнавартасны бясплатны абед. У верасні адновіць працу аналагічная сталоўка ў Віцебску на 40 чалавек.
— Хлеб надзённы — безумоўна, важная справа. А ці працуеце вы ў сферы арганізацыі мацавання кантактаў паміж згаданымі катэгорымі людзей?
— Працуем. З 2004 года на базе нашага аддзялення рэгулярна праводзяцца сустрэчы маладых інвалідаў з псіханеўралагічнымі захворваннямі і парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Другая такая група дзейнічае ў абласным цэнтры пры парафіі кафедральнага касцёла святой Барбары. Арганізавана гэткая ж група — сумесна з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання — у Глыбокім.
— Я ведаю, што вы з’яўляецеся самымі непасрэднымі апекунамі як мінімум дзвюх лячэбных установаў. Што гэта за ўстановы?
— Па-першае, згаданы Сялюцкі псіханеўралагічны інтэрнат. Хворыя гэтай установы рэгулярна атрымліваюць ад нас абутак, сродкі для мыцця, лекі. Мяркуем, што ўдасца неўзабаве рэалізаваць і праект, звязаны з набыццём для хворых ложкаў і матрацаў. Па-другое, мы апякуемся Багушэўскім дзіцячым домам-інтэрнатам для псіханеўралагічных хворых. Супрацоўніцтва з ім доўжыцца ўжо 4 гады. Туды мы не толькі пастаўляем адзенне, абутак, лекі, але і дапамагаем з рамонтам абсталявання, набыццём музычных інструментаў і інш.
— Жыццё, як вядома, не стаіць на месцы. Як адгукаецца ваша арганізацыя на павевы часу ў выглядзе неабходнасці авалодання, скажам, камп’ютэрам?
— Імкнемся крочыць упоравень з часам. Са снежня 2004 года для ўсё тых жа інвалідаў і малазабяспечаных, сіротаў адкрылі курсы камп’ютэрнай графікі, дзе 4 разы на тыдзень праводзім 4-гадзінныя заняткі. Дзякуючы ім за мінулы навучальны год авалодалі першапачатковымі навыкамі працы з камп’ютэрам 16 дзяцей гэтай катэгорыі.
— Ладзіце, напэўна, і маштабныя акцыі?
— З найбольш маштабных магу назваць Калядную, падчас якой камплектуем і раздаем праз грамадскія арганізацыі ці непасрэдна адрасатам больш за 400 падарункаў.
— Над распрацоўкаю якіх праектаў працуе віцебскае аддзяленне «Карытаса» цяпер? Якія маеце планы?
— Адзін з сённяшніх нашых клопатаў — арганізацыя цэнтра «Дзённае прабыванне». Яго задача — дапамога дзецям з цяжкімі формамі псіханеўралагічных хваробаў. Сутнасць гэтага праекту заключаецца ў тым, каб некалькі разоў на тыдзень збіраць, скажам, гадзін на 12 такіх дзяцей у цэнтры, забяспечыўшы ім больш-менш камфортныя ўмовы і магчымасць заняткаў са спецыялістамі. Праект важны і для нас, і для бацькоў дзяцей-інвалідаў, бо ў пэўнай ступені «разгрузіць» іх дзеля больш поўнай рэалізацыі на рынку працы, і для дзяржавы ў цэлым. Праект не мае аналагаў у Беларусі, так што ў сувязі з яго рэалізацыяй нас, напэўна, чакае шмат цікавага і разам з тым цяжкага. Але мы спадзяемся, што ў партнёрстве з Віцебскім гарадскім цэнтрам карэкцыйна-разіваючага навучання і рэабілітацыі (дырэктар Валянціна Стацэнка) і «Карытас-Лінц» (Аўстрыя) у нас усё атрымаецца належным чынам. Не менш займае нас і ідэя ўдасканалення працы па прафесійным навучанні і працаўладкаванні маладых інвалідаў. Мяркуем таксама распачаць дзейнасць па адкрыцці на тэрыторыі дыяцэзіі цэнтраў сацыяльнай дапамогі. Так шмат людзей, якія чакаюць дапамогі, і так хочацца ўсім ім дапамагчы...
— То няхай Пан Бог спрыяе вам у ажыццяўленні ўсіх задумаў. Поспехаў вам і плёну ў працы!
Фота з архіва «Карытаса».