Пачатак глядзі ў нумары №9(125) 2005 >>>

Мы працягваем размову з бас-гітарыстам гурта «Тэзаўрус» Паўлам Сучынскім і лідэрам гурта «Рэха» Андрусём Такіндангам (абодва — практыкуючыя каталікі) пра сучасную моладзевую музыку.

— Хлопцы, давайце на хвілінку вернемся да цяжкога рока. Як вы лічыце, ці з’яўляецца гэтая музыка антыхрысціянскай па сваёй сутнасці? Магчыма, гэта проста выраз пратэсту ў адносінах да старэйшага пакалення або няўменне адрозніць форму ад зместу? Ці можа цяжкі рок быць хрысціянскім або прынамсі хоць нейкім чынам спалучацца з рэлігійнымі перакананнямі хрысціяніна?

П. С. — Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце зазірнем у гісторыю рока. У ХІХ ст. у Амерыцы шырокую папулярнасць набыў спірычуэл (ад ангельскага spiritual – духоўны). Сама назва кажа, што гэта былі рэлігійныя спевы, на мой погляд, у чымсьці сугучныя старазапаветным псальмам. Менавіта са спірычуэлсаў на пачатку ХХ ст. з’явіўся спярша блюз, з блюза — джаз, і разам яны ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя далі рок-н-рол, з якога і нарадзіўся цяжкі рок. У спявацкай манеры караля рок-н-рола Элвіса Прэслі шмат чаго было ўзята са спеваў пратэстанцкіх цэркваў. І ўвогуле, рок-музыка вельмі шмат узяла менавіта з рэлігійных спеваў, якія праслаўлялі Бога. Таму карані яе ніякім чынам нельга назваць дэструктыўнымі і антыхрысціянскімі, хутчэй, наадварот. Але потым, дзесьці напрыканцы 60-х гадоў, з’явіліся такія кірункі, як цяжкі рок, «хэві метал»... І тут вельмі красамоўным з’яўляецца падыход родапачынальнікаў гэтай музыкі з гурта «Black Sabbath». Яны пачалі іграць цяжкую музыку з пачварнымі тэкстамі не таму, што ім гэта было цікава. Проста яны лічылі, што, калі людзі ходзяць на фільмы жахаў і плацяць за гэта грошы, дык чаму б не спяваць песні жахаў і таксама атрымліваць за гэта грошы. Так пачалася мода на гэтую музыку і на тое, што з ёю звязана. І цяпер вельмі шмат падлеткаў «самавыяўляюцца», носячы майкі з адпаведнай сімволікай: чарапамі, сатанінскімі знакамі, пачварамі. Большасць да гэтага ставіцца проста як да чагосьці незвычайнага і цікавага, а д’яблу толькі таго і трэба, каб яго лічылі не страшнай істотай, а нейкім казачным ліхадзеем, мужычком такім чырвоным, як быццам яго і не існуе. А калі яго не існуе, значыць, не існуе ні Бога і нічога. Можна рабіць усё, што хочаш. А гэта і ёсць самае страшнае, бо гэта ўжо ідэалогія сатаны. Адносна ж адмоўнага ўплыву гэтай музыкі на псіхічным і нават на фізіялагічным узроўні напісана вельмі шмат, і ўсё гэта — на падставе сур’ёзных доследаў і эксперыментаў...

— Але ж вы іграеце ў сваім гурце цяжкі рок?

П. С. — Так. Гэта нашая музыка... У нас шмат хто пытаўся і мы самі сабе доўгі час спрабавалі адказаць, як гэта можа быць. Але мы маліліся, і не самі сабе лагічна даказалі, што гэта магчыма, але спачатку прыйшла вера ў тое, што мы на правільным шляху. І паступова Бог пачаў адкрываць нам больш і больш, даючы ўсё новыя пацверджанні таго, што так можа быць. А адзін святар нам увогуле сказаў, што няма розніцы, які стыль і якія рытмы, але самае галоўнае, для каго гэта ўсё спяваецца і на чыю хвалу. Я на сваім вопыце пераканаўся ў тым, што на большасць людзей гэтыя рытмы ўздзейнічаюць нядобра. Але мы гэта граем з разлікам на тую моладзь, якая ўспрымае толькі такую музыку. Мы спяваем для іх такіх, якімі яны ёсць, часта адурманеных наркотыкамі ці алкаголем, і імкнемся размаўляць з імі на іх мове. Спачатку толькі такім спосабам можна іх «зачапіць».

А. Т. — Напэўна, сама па сабе музыка па вызначэнні не можа быць добрай ці дрэннай. Галоўнае не ствараць для сябе з музыкі другога Бога. А другога Бога можна стварыць і з рэлігійнай музыкі: любіць адну толькі музыку і не больш, забываючыся, для каго яна і дзеля чаго існуе. Самае галоўнае — не парушаць першую запаведзь і не ствараць сабе «куміра» ні з «хэві метала», ні з класікі, ні з джаза. А цяжкая музыка, напэўна, патрэбная, таму што ў пэўным узросце, на пэўным этапе развіцця яна абсалютна не рэжа вушы. У 16–17 гадоў я таксама не адчуваў ніякай напругі, калі слухаў цяжкія кампазіцыі. Але з цягам часу, калі чалавек сталее, ён проста ад гэтага адыходзіць; гэта натуральна і нармальна. Згадзіцеся, дзіўна выглядае сталы ўжо чалавек, які па-юнацку працягвае захапляецца нейкім музычным стылем, бегае на канцэрты, трасе галавой, як хлопчык... А падлеткамі цяжкая музыка цалкам арганічна ўспрымаецца, і таму я б не казаў, што гэта музыка толькі наркаманаў і п’яніцаў. Яе слухаюць і звычайныя людзі, якія, магчыма, хочуць такім чынам супраць чагосьці пратэставаць, самасцвярджацца, як гэта робіць моладзь. І гэта звязана, хутчэй за ўсё, з узроставымі асаблівасцямі, а не з чымсьці дрэнным.

П. С. — Так, і вельмі часта ў канфлікце пакаленняў адным з аргументаў моладзі, які супрацьпастаўляецца старэйшым, з’яўляецца музыка. Сёння гэта цяжкая музыка або «тэхна», але нашым бабулям і дзядулям музыка маладосці нашых бацькоў, «Бітлз», скажам, таксама здавалася чымсьці жахлівым. Але часта старэйшыя людзі ўвогуле схільныя шальмаваць любую музыку, якой захапляецца моладзь, нават вельмі добрую. Скажам, на нашай прасторы ёсць такі стыль, які прынята называць «рускі рок»: чагосьці такога амаль не існуе на Захадзе, гэта можна параўнаць, хіба што, толькі з Бобам Дзіланам. У гэтай музыцы вялікае мастацкае значэнне маюць словы. І хоць нельга сказаць, што гэты кірунак мае выразныя хрысціянскія рысы, але тут ёсць вельмі глыбокія творы, у якіх спяваецца пра нармальныя агульначалавечыя каштоўнасці. Таму мне асабіста вельмі прыемна, што з цягам часу ў моладзі не губляецца інтарэс да Цоя, Бутусава, «ДДТ», «Акварыума», бо гэтая музыка дапамагае юнаку ці дзяўчыне сфармаваць нармальны светапогляд.

А. Т. — Для нашага айчыннага беларускага рока напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х гадоў была таксама характэрная такая агульначалавечая і нават хрысціянская накіраванасць. Я маю на ўвазе музыку, якая стваралася на добрай паэзіі, на вершы Анатоля Сыса, Адама Глобуса. Дарэчы, калі на Захадзе «рокеры» хацелі пратэставаць супраць хрысціянства, то ў нас яны пратэставалі супраць атэізму, і для нашых людзей гэта цалкам зразумела і натуральна. Таму я лічу, што карані нашага рока — хрысціянскія. Калі паслухаць такія гурты, як «Новае неба», «Уліс», «Мроя», «Крама», асабліва іх раннія альбомы, гэта проста, па-першае, добрая паэзія, а па-другое, у пэўным сэнсе, «катэхізіс» для гэтых кірункаў.

— А як вы ставіцеся да таго, што шмат папулярных рок-кампазіцый з пераробленымі на рэлігійны манер тэкстамі цяпер шырока выкарыстоўваюцца ў Касцёле?

П. С. — Я размаўляў пра гэта з Пітам Паўлавым, гітарыстам «NRM», бо ў нас існуе нават некалькі варыянтаў пераробленых тэкстаў іх песні «Тры чарапахі». Мне была цікавая рэакцыя чалавека, які стварыў гэтую музыку. І ведаеце, ён вельмі ўзрадаваўся такой папулярнасці і сказаў: «Рабіце, стварайце і дайце паслухаць, як гэта атрымліваецца». А пасля дадаў: «Я заўсёды быў упэўнены, што наша музыка трошкі хрысціянская». Мне гэта таксама падабаецца. І шмат замежных рок-кампазіцыяў «пераклалі» такім чынам, выкарыстаўшы папулярныя мелодыі. Такая практыка заўсёды існавала, бо гэта найбольш надзейны спосаб зацікавіць шырокія колы і асабліва моладзь. Праўда, каб такое «мастацкае запазычванне» не лічылася плагіятам, трэба выразна казаць, што гэтая музыка створана тым ці іншым чалавекам або гуртом. А ўвогуле, калі разгарнуць наш спеўнік, там амаль усе песні перакладныя: з польскай, італьянскай, нямецкай, французскай моваў, і вельмі мала сваіх, мясцовых. А мне асабіста, ды, напэўна, і не аднаму мне, хочацца, каб усё больш і больш цікавых кампазіцый стваралася ў нашай краіне, нашымі аўтарамі. Напрыклад, я вельмі рады за Міколу Крышнёва, гэта вельмі таленавіты хлопец, міністрант з катэдры. Яго песні мы ўсе разам спявалі ў сёлетняй пілігрымцы, і менавіта пад адзін з ягоных спеваў мінскія пілігрымы ўваходзілі ў Будслаў. Тыя, хто хадзіў у пешую пілігрымку, ведаюць, наколькі гэта важны момант. Так, у яго музыцы пакуль адчуваюцца пэўныя ўплывы, але ён зрабіў гэта сам, гэта яго творчасць. І мне было вельмі прыемна спяваць песні, якія напісаў мой знаёмы хлопец Мікола, міністрант з катэдры.

А. Т. — У адрозненне ад Пашы, я супраць выкарыстання папулярнай музыкі ў касцёле. Цяпер нават узнік такі тэрмін — «касцёльны поп». Гэта калі ў рэлігійных спевах выкарыстоўваюцца прыёмы папулярнай музыкі, якія мусяць прывабіць масы, уздзейнічаць на эмоцыі. Я лічу, што трэба больш прытрымлівацца касцёльнай традыцыі ў сакральнай музыцы, жывапісе, мастацтве, таму што тут вельмі лёгка пайсці па няправільным шляху. Папулярная музыка добрая для свецкай абстаноўкі, па-за касцёлам, бо не могуць быць аднолькавымі пачуцці, якія я перажываю на рок-канцэрце і, скажам, у дарозе да Маці Божай Будслаўскай. Лірыка ёсць лірыка, паэзія ёсць паэзія, а там, дзе закранаюцца нейкія тэалагічныя пытанні, трэба быць вельмі асцярожным, каб не трапіць увогуле ў ерась. А што датычыцца традыцый, то мы можам звяртацца да народных кантаў, рэлігійных песняў, ужо правераных часам, старажытных спеваў, якія пражылі доўгае жыццё, як бы «адшліфаваліся», нават калі іх тэксты часам наіўныя і «несучасныя». Я лічу, мы можам і павінны на іх абапірацца ў нашым Касцёле.

— Паколькі вернікі Касцёла ў Беларусі ва ўмовах рэлігійнага пераследу доўгі час не маглі адкрыта вызнаваць веру сваіх продкаў, у нас аб’ектыўна існуе вялікая прывязанасць да традыцыі і непрыхільныя адносіны да любых новаўвядзенняў. А як моладзь успрымае іншыя музычныя інструменты ў касцёле, апрача традыцыйных арганаў, і ці не хацела б іх шырэйшага выкарыстання, скажам, у літургіі?

П. С. — Гэта дастаткова складанае пытанне, і для яго вырашэння патрэбны час. Я асабіста хацеў бы, каб усё больш інструментаў выкарыстоўвалася ў касцёле: гітары, перкусія, але ў рамках лагічных і нармальных. Перш за ўсё гэта павінна быць зроблена на адпаведным якасным узроўні. Я ведаю, што некаторыя пробашчы самі прапануюць моладзі ў сваіх парафіях набыць добрыя інструменты, прыходзіць рэпетаваць і дасягнуць такога ўзроўню, каб пасля спяваць у касцёле падчас Імшы для моладзі. У суседняй Польшчы гэта ўжо шырока распаўсюджаная практыка, якая цалкам нармальна ўспрымаецца, а ў нас, на жаль, гэта пакуль што толькі адзінкавыя выпадкі. Моладзі ж гэта патрэбна: узгадайце, хаця б, з якім энтузіязмам удзельнічае яна ў начных выступленнях касцёльных гуртоў, што сталі ўжо добрай традыцыяй у Будславе. Галоўнае, каб гэта было на хвалу Божую.

А. Т. — А я лічу, што музыка не павінна перашкаджаць маліцца. Музыцы дзеля музыкі не месца ў касцёле, з гісторыі мы ведаем, да чаго прыводзіла бясконцае ўзбагачэнне музычных сродкаў падчас літургіі. Магчыма, мая пазіцыя занадта кансерватыўная, але я пакуль не гатовы бачыць у касцёле рок-гурт. Нават добры мастак, які піша цудоўныя карціны, не заўсёды можа стварыць абраз, ікону, перад якою хочацца маліцца і якая спрыяе малітве, а не перашкаджае. Гэтак жа і з музыкай: мне здаецца, не трэба адцягваць увагу вернікаў на разнастайнасць інструментаў, рытмаў... Вядома, з дапамогаю музыкі можна закрануць пачуцці чалавека, уздзейнічаць на яго эмоцыі, але духоўнасць — гэта не толькі і не столькі пачуцці, гэта нешта непараўнальна больш глыбокае, і таму, на мой погляд, тут трэба пазбягаць любых перабольшванняў і злоўжыванняў. Увага падчас Імшы павінна быць скіраваная на келіх з патэнаю, на Эўхарыстыю, каб наша вера няспынна паглыблялася, а не зводзілася толькі да нейкіх знешніх праяваў. Музыка — гэта толькі інструмент, які павінен дапамагаць чалавеку праслаўляць Бога, і з гэтым, на мой погляд, някепска спраўляюцца арганіст і хор.

П. С. — А чаму замест аргана ці хору не можа быць, напрыклад, гітары ці таго ж рок-гурта? Галоўнае, каб яны належным чынам уздзейнічалі на чалавека, адкрывалі яго душу, дапамагалі ўключыцца ў малітву. А таму вельмі важна, каб касцёльныя музыканты былі не проста прафесіяналамі, а найперш людзьмі духоўнымі, каб не толькі сваімі спевамі маглі весці за сабою братоў, але і прыкладам свайго жыцця. Мы ў сваім гурце цвёрда трымаемся гэтага правіла, інакш нам проста не павераць. А мастацтва — гэта вельмі магутная зброя, і не варта адмаўляцца выкарыстоўваць яе, як кажуць, «па поўнай». Таму, магчыма, прыйдзе час, калі мы будзем у касцёле праслаўляць Бога з электрагітарамі. У любым выпадку, гэта будзе залежаць толькі ад Яго. Мы ж павінны імкнуцца зразумець, спасцігнуць Яго волю, а пасля аддана працаваць, каб яе выканаць.

— Дзякуй вялікі, хлопцы, за цікавую размову. Спадзяюся, мы яшчэ не раз вернемся да гэтай тэмы, бо яна, хоць і складаная, але вельмі актуальная. Дазвольце вам пажадаць Божага благаслаўлення ва ўсіх справах і плённага развіцця вашай творчасці.

Размаўляў Мікола Гракаў.