У нядзелю 2 кастрычніка 2005 г. урачыстай святой Імшою, якую цэлебраваў у Ватыканскай базыліцы святога Пятра Папа Бэнэдыкт XVI, у Рыме адкрыўся ХІ Звычайны Сход Сіноду Біскупаў. Дэвізам Сіноду, які завяршае абвешчаны Слугою Божым Янам Паўлам ІІ Год Эўхарыстыі, з’яўляюцца словы: «Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла».

Адкрываючы Сінод, Бэнэдыкт XVI сказаў: «Адной з мэтаў калегіяльнасці ў Касцёле з’яўляецца ўзаемная дапамога ў адкрыцці асабістых недахопаў, якія не ўдаецца ўбачыць самому». Папа назваў гэтую дапамогу «братэрскім павучаннем», якое служыць таму, «каб мы былі адкрытымі». Дзеля гэтага патрэбная «пакора, каб не ставіць сябе вышэй за іншых, а каб дапамагаць адно аднаму». Бэнэдыкт XVI заахвоціў айцоў Сіноду, каб яны былі «прыладаю Хрыста», мелі «агульныя з Хрыстом пачуцці, спасцігалі думкі і пачуцці Хрыста».

За першыя два тыдні працы было заслухана каля 230 выступленняў айцоў Сіноду, у якіх закраналіся тэмы выхавання вернікаў у эўхарыстычнай веры ва ўмовах глабалізацыі і лаіцызацыі, забеспячэння цэласнага бачання ўсіх вымярэнняў Эўхарыстыі, а таксама праблема рэгулярнага ўдзелу ў Эўхарыстыі перад абліччам вострага недахопу святароў у некаторых краінах. Біскупы адзначылі неабходнасць паказаць вернікам непарыўную сувязь, якая існуе паміж Эўхарыстыяй і сакрамэнтам пакаяння. 17 кастрычніка былі падсумаваны вынікі працы 12 моўных груп, у якіх працуюць айцы Сіноду.

Ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў працы Сіноду бярэ ўдзел біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.